www.bel-knight.com

Дударскі Фэст

      4 мая Клуб "Рэактар" 18-00

4 мая ў клубе "Реактор" адбудзецца "Дударскі фэст" (фестиваль волынки). У праграме выступ лепшых і новых беларускіх дудароў: Тодара Кашкурэвіча, гуртоў "Стары Ольса", "Літвін троль", "Келіх кола", "Вайдэлот", "Ліцьвінскі хмель" і шмат іншых. У праграме таксама сярэднявечныя танцы, конкурсы і шмат іншага. Пачатак 18:00. Кошт 8000 (танцпляц), 12 000 (столік+кампакт-дыск ў падарунак). Даведкі па тэл. 6490888, 7662425

У Беларусі імкліва набірае вагу рух па адраджэнню аднаго з самых старажытных і містычных беларускіх інструментаў - дуды (волынки). Цікавасць да дуды кола майстроў і музыкаў ініцыявала правядзенне ў 1992 і 1993 гадах І і ІІ міжнародных "Балтыцкіх дударскіх фэстаў". Канцэрты і мерапрыемствы дударскіх фэстаў выклікалі рэзананс сярод шырокага кола этнографаў, фалькларыстаў, гісторыкаў і шматлікіх аматараў. Ініцыятарамі і арганізатарамі І і ІІ дударскіх фэстаў былі Цэнтр этнакасмалогіі "Крыўя", фірма "Ваўкалака" і Фонд развіцця традыцыйнай этнічнай культуры.Прайшло 13 гадоў пасля апошняга дударскага фэста. За гэты час вырасла новая генерацыя майстроў і музыкантаў.

Стыхійна ў парках Мінска адбываюцца сустрэчы дудароў (волынщиков), дзе гучаць адначасова 4-5 беларускіх дудаў і праходзяць імправізаваныя конкурсы-спаборніцтвы.Прыйшоў час адрадзіць дударскія фэсты - штогод ладзіць вялікую сустрэчу музыкаў і аматараў дуды (волынки). Абмен вопытам музыкантаў, спатканні майстроў і даследчыкаў фальклора, дэманстрацыя інструментаў і манераў грання, нязмушаная атмасфера клуба і магчымасць параўнаць інструменты розных краінаў - усё гэта дазволіць аднавіць ідэі дударскіх фэстаў. Удзел у фэсце дудаў розных краін дазволіць асэнсаваць месца традыцыйнай беларускай дударскай культуры, адметнасць беларускай дударскай традыцыі ў агульнаеўрапейскім кантэксце і балтыйскім культурным рэгіёне.

4 мая ў клубе "Рэактар" адбудзецца новае спатканне беларускіх дудароў. Гэта працяг справы дударскага адраджэння і спроба вярнуць Дударскія фэсты ў беларускае грамадства. 4 мая 2006 г., пасля 13 гадовага перапынку, адбудзецца фэст, які ставіць на мэце ў далейшай перспектыве адрадзіць канцэпцыю "Балтыцкіх" (балтыйскіх) дударскіх фэстаў, якія падкрэслівалі многія ідэнтычныя рысы беларускай, літоўскай і латышскай традыцыйных інструментальных культур.

Беларускія, галісійскія, шатландскія і латышскія дуды (волынки). Лепшыя і новыя беларускія дудары (волынщики) і гурты - Тодар Кашкурэвіч, "Стары Ольса", "Літвін троль", "Келіх кола", "Вайдэлот", "Ліцьвінскі хмель" і шмат інш. Фестываль падзелены на тры часткі: Неа-фольк, Беларуская Традыцыя і Медыеваль. Адпаведна гэтаму падзелены і ўдзельнікі, якія прадставяць слухачам тры розныя погляды на дударскую музыку. Пры ўсіх магчымых трактоўках, прыярытэтным з'яўляецца для фестываля дударская музычная традыцыя Беларусі і краін Балтыі.

Па падрабязную інфармацыю звяртацца: 649 08 88, 7662425

HA DYJARYUSH, 28.04.2006 г.

Распечатано 23.4.2017 г.