www.bel-knight.com

Канцэрт гусельнай музыкi

      

23 сакавіка праект "Старажытная зямля" прадстаўляе канцэртную праграму "Гуслі. Адраджэнне традыцыі". Выканаўцы: Алесь Чумакоў (гурт "Стары Ольса"), Анна Кавалева (г. Віцебск), Ірына Мазюк (гурт "Кудмень"), Святлана Клепікава (гурт "Дэсань"), Вячаслаў Калацэй (гурт "Ветах"), Кася Радзівілава (гурт "Вайдэлот"), Алеся Чумакова (гурт "Келіх кола") і інш.

У канцэрце гледачы могуць пабачыць такі рэдкі для сучаснай Беларусі іструмент як "гуслі". Можна будзе пазнаёміцца з гісторыяй традыцыі гусельнага майстэрства, пабачыць як выглядаюць латгальскія, рускія і літоўскія гуслі.

З гісторыі гусляў на Беларусі. Гэты інструмент выклікае інтарэс не проста, бо гісторыя яго пачынаецца яшчэ з дахрэсціянскіх часоў. Пад гэтай назвай мы сустракаем розныя інструменты ў розныя часы. Пры тым, што знешні выгляд інструмента эвалюцыянуе, назва "гуслі" застаецца нязменнай. У старажытнасці гуслі і гудкі - інструменты скамарохаў і вулічных музыкаў. У XIV-XV стагоддзях выцеснены псалтырам, потым, у XVII-XVIII стагоддзях зноў цалкам змяняюць знешні выгляд на так званы "этнаграфічны", у XIX-XX стагоддзях рэшткі гусельнай традыцыі выцесняюцца традыцыяй цытравай, але гэтая апошняя змена датычыцца на нашых землях ужо толькі Віленскага краю, дзе яшчэ да пачатку XX стагоддзя гусельная традыцыя праіснавала безспынна. Па іншых жа частках Беларусі гуслі паступова знікалі ў розныя перыяды гісторыі, пакуль канчаткова не былі заменены цымбаламі і гармонікамі. Апошінія экзэмпляры беларускіх этнаграфічных гусляў былі зафіксаваныя ў Віцебскай губерніі на пачатку XX стагоддзя.

За аднаўленне гусельнай традыцыі ўзяліся адносна недаўна, толькі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. Першыя на Беларусі інструменты адноўленай традыцыі зрабілі Максім Такушэвіч (цытравы выгляд) і Алесь Жура (старажытны лірападобны выгляд і этнаграфічны выгляд). Іх інструменты засталіся ў гурта "Госіціца" і некаторых сольных выканаўцаў.

На сённяшні дзень у Беларусі можна налічыць каля дзесятка майстроў і выканаўцаў на гэтым містычным старажытным інструменце, які зараз паступова вяртае сабе мінулую папулярнаць. У нас атрымалася сабраць большасць гэтых людзей разам і 23 сакавіка вы убачыце іх на адной сцэне ў канцэртнай праграме "Гуслі. Адраджэнне традыцыі".

Маладзёжны тэатр эстрады (вул. Маскоўская, 18а)

Тэлефоны для даведак: 2229296, 2131949, 2228203, (029) 6168490, (029) 5736746.

Тэл. (029) 6168490 (Арына)

http://staryolsa.com, 15.03.2006 г.

Распечатано 18.8.2017 г.