www.bel-knight.com

Сумесны канцэрт гуртоў "Стары Ольса" i "OSIMIRA"

      27 красавіка ў Доме Літаратара (пл. Перамогі, вул. Фрунзэ, 5) адбудзецца сумесны канцэрт гурта СТАРЫ ОЛЬСА (Мінск) і OSIMIRA (прэзентацыя альбома "Прошча", Магілёў).

Пачатак 19:00. Кошт квітка 9 000 - 12 000 руб. Даведкі па тэл.: 6490888, 7662425, 4006774.

Гурт "Стары Ольса" - лідэр беларускай медыевальнай музыкі - працягвае павялічваць сваю калекцыю унікальных інструментаў. На канцэрце 27 красавіка гледачоў чакаюць не толькі новыя кампазіцыі з плануемага ўжо сёмага альбома, але і нечуванае раней гучанне: больш дудаў (новыя тыпы дуды), новыя барабаны і бубны, смычковыя інструменты. Над гэтым новым рэлізам гурт "Стары Ольса" працуе ўжо некалькі месяцаў. Як ніколі раней музыкі мусяць сядзець над старадаўнімі кнігамі і вышукваць невыдаваныя раней творы беларускага сярэднявечча для гэтага праекту. Будучы альбом будзе зноў больш канцэптуальны і прысвечаны беларускаму гераічнаму эпасу - спевам і паданням пра нашых знакамітых князеў, ваяводаў і рыцараў з часоў 11-17 стагоддзяў. Варта дадаць, што канцэрт 27 красавіка будзе адзін з апошніх выступаў гурта "Стары Ольса" ў Беларусі перад шматлікімі замежнымі канцэртамі ў гастрольным сензоне 2005 года.

У першай частцы канцэрту выступіць магілёўскі гурт "OSIMIRA", які прадставіць яшчэ адзін арыгінальны погляд на беларускі фальклор. Пераможца знакамітага еўрапейскага фестывалю музыкі dark wave "Этнасфера" магілёўскі гурт "OSIMIRA" таксама падпісаў кантракт на 2 гады з мэнеджэрам у краінах Скандынавіі ды Эстоніі. Праца ў гэтым праекце пачнецца з красавіка гэтага году. Акрамя запланаванага канцэрту ды фэсту, менавіта ў Скандынавіі плануецца выданьне другога альбома гурта "OSIMIRA", які будзе называцца "Druva", а таксама перавыданьне дэбютнага альбома "Прошча", які прапанавала беларускаму рынку ў 2004 годзе кампанія "БМАgroup". Так што і для "OSIMIRA" канцэрт 27 красавіка будзе апошняй справаздачай перад доўгім развітаннем з радзімай. У складзе гурта з'явілася новая скрыпачка - Ларыса Прэабражэнская. Яна заменіць Кацярыну Донда ў музычных вандроўках, а таксама будзе граць у асноўным складзе на вялікіх пляцоўках. Варта дадаць, што і польскія гледачы, якія запомнілі і палюбілі "OSIMIRA" з фэсту "Этнасфера", будуць мець магчымасць убачыць гурт з 22 па 30 травеня, у час гастрольнай вандроўкі па Польшчы. Асноўнымі пунктамі на мапе гэтага гастрольнага тура будуць гарады Гданьск, Кракаў , Варшава ды Ўроцлаў. Зараз йдуць плёныя рэпетыцыі.

Сувязь з гуртом Стары Ольса:
6636879, 2893194. Зьміцер

Сувязь з гуртом OSIMIRA:
4200568, Андрэй

Вітаўт Мартыненка, 16.04.2005 г.

Распечатано 24.5.2017 г.