Княжы гуф
Княжы гуф

Галоўная/Навiны/Дударскі Фэст

Апошнiя навiны...   Архиў навiнаў...   Рэйтынг праглядаў...   Дадаць навiну...

Дударскі Фэст

4 мая Клуб "Рэактар" 18-00

4 мая ў клубе "Реактор" адбудзецца "Дударскі фэст" (фестиваль волынки). У праграме выступ лепшых і новых беларускіх дудароў: Тодара Кашкурэвіча, гуртоў "Стары Ольса", "Літвін троль", "Келіх кола", "Вайдэлот", "Ліцьвінскі хмель" і шмат іншых. У праграме таксама сярэднявечныя танцы, конкурсы і шмат іншага. Пачатак 18:00. Кошт 8000 (танцпляц), 12 000 (столік+кампакт-дыск ў падарунак). Даведкі па тэл. 6490888, 7662425

У Беларусі імкліва набірае вагу рух па адраджэнню аднаго з самых старажытных і містычных беларускіх інструментаў - дуды (волынки). Цікавасць да дуды кола майстроў і музыкаў ініцыявала правядзенне ў 1992 і 1993 гадах І і ІІ міжнародных "Балтыцкіх дударскіх фэстаў". Канцэрты і мерапрыемствы дударскіх фэстаў выклікалі рэзананс сярод шырокага кола этнографаў, фалькларыстаў, гісторыкаў і шматлікіх аматараў. Ініцыятарамі і арганізатарамі І і ІІ дударскіх фэстаў былі Цэнтр этнакасмалогіі "Крыўя", фірма "Ваўкалака" і Фонд развіцця традыцыйнай этнічнай культуры.Прайшло 13 гадоў пасля апошняга дударскага фэста. За гэты час вырасла новая генерацыя майстроў і музыкантаў.

Стыхійна ў парках Мінска адбываюцца сустрэчы дудароў (волынщиков), дзе гучаць адначасова 4-5 беларускіх дудаў і праходзяць імправізаваныя конкурсы-спаборніцтвы.Прыйшоў час адрадзіць дударскія фэсты - штогод ладзіць вялікую сустрэчу музыкаў і аматараў дуды (волынки). Абмен вопытам музыкантаў, спатканні майстроў і даследчыкаў фальклора, дэманстрацыя інструментаў і манераў грання, нязмушаная атмасфера клуба і магчымасць параўнаць інструменты розных краінаў - усё гэта дазволіць аднавіць ідэі дударскіх фэстаў. Удзел у фэсце дудаў розных краін дазволіць асэнсаваць месца традыцыйнай беларускай дударскай культуры, адметнасць беларускай дударскай традыцыі ў агульнаеўрапейскім кантэксце і балтыйскім культурным рэгіёне.

4 мая ў клубе "Рэактар" адбудзецца новае спатканне беларускіх дудароў. Гэта працяг справы дударскага адраджэння і спроба вярнуць Дударскія фэсты ў беларускае грамадства. 4 мая 2006 г., пасля 13 гадовага перапынку, адбудзецца фэст, які ставіць на мэце ў далейшай перспектыве адрадзіць канцэпцыю "Балтыцкіх" (балтыйскіх) дударскіх фэстаў, якія падкрэслівалі многія ідэнтычныя рысы беларускай, літоўскай і латышскай традыцыйных інструментальных культур.

Беларускія, галісійскія, шатландскія і латышскія дуды (волынки). Лепшыя і новыя беларускія дудары (волынщики) і гурты - Тодар Кашкурэвіч, "Стары Ольса", "Літвін троль", "Келіх кола", "Вайдэлот", "Ліцьвінскі хмель" і шмат інш. Фестываль падзелены на тры часткі: Неа-фольк, Беларуская Традыцыя і Медыеваль. Адпаведна гэтаму падзелены і ўдзельнікі, якія прадставяць слухачам тры розныя погляды на дударскую музыку. Пры ўсіх магчымых трактоўках, прыярытэтным з'яўляецца для фестываля дударская музычная традыцыя Беларусі і краін Балтыі.

Па падрабязную інфармацыю звяртацца: 649 08 88, 7662425

HA DYJARYUSH, 28.04.2006 г., праглядаў - 9641.   Версiя для друку...

Прэзентацыя новага альбома гурта "Стары Ольса"



Назва альбома "Гераiчны эпас. Спевы рыцараў і шляхты Вялікай Літвы".

Прэзентацыя новага альбома, складзенага паводле невядомых твораў гераічнай тэматыкі ВКЛ. Гэта плён паўтарагадовай навуковай і творчай працы ўдзельнікаў гурта і навуковых кансультантаў. Абсалютна ўсе песні прысвечаны славутым героям і пераможным бітвам літвінаў-беларусаў XV-XVII стст.

"Гераічны эпас" — восьмы альбом гурта "Стары Ольса". Гэта першы выключна песенны альбом гурта. Сюды ўвайшлі творы гераічнай тэматыкі часоў Вялікага Княства Літоўскага. Тут сабраны толькі арыгінальныя старадаўнія мелодыі і спяваюцца толькі арыгінальныя старадаўнія песні.

Усе без выключэння прэзентаваныя песні грунтуюцца на гістарычных крыніцах — пісьмовых творах 14-17 стст. і нотных матэрыялах 16-19 стст. Падрабязная інфармацыя — у дадатку “Тэксты песняў і каментары”. Усе аранжыроўкі, музычныя адаптацыі гістарычных тэкстаў, трактаванне старадаўняй і народнай музыкі выкананы гуртом “Стары Ольса”.

Навуковыя кансультанты — А.Дзітрых, Э.Зайкоўскі, А.Глушко, С.Акінчыц. Арганізацыйная падтрымка МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Гераічны эпас” — плён паўтарагадовай навуковай і творчай працы ўдзельнікаў гурта і навуковых кансультантаў. Усе песні прысвечаны славутым героям і пераможным бітвам літвінаў-беларусаў 13-17 стст. У альбом увайшлі народныя песні, духоўныя творы, а таксама песні на тэксты такіх славутых паэтаў і рыцараў ВКЛ як Мацей Стрыйкоўскі (1547 — 1593), Ян Козак (16 ст.), Саламон Рысінскі (17 ст.), Андрэй Рымша (16 ст.). Тэксты пакладзены на музыку ВКЛ з “Астрамечаўскага рукапіса”(“Полацкі сшытак”, 16-17 ст.), з нотнага зборніка “Piesni Chwal Boskich” Яна Зарэмбы 1558 г. і на народныя мелодыі. Для кожнай песні падабраны адпаведны па часе набор інструментаў: дуды, жалейкі, лютні, гуслі, ліра, дудка, барабаны.

На думку некаторых даследчыкаў, народная балада “Падымалісь чорны хмары” магла быць створана ў 13 ст. падчас мангола-татарскага нашэсця.

“Песнь о велебной девици панне Марии” (Багародзіца), духоўны гімн. Словы і музыка невядомага аўтара 13-15 стст. Словы беларускага варыянта запісаны ў Статуце ВКЛ 1529 г.. Першыя апісанні песні адносяцца да Грунвальда — на пачатку бітвы ўсё войска Літоўскае і Польскае заспявала “Багародзіцу”, а потым патрасаючы дзідамі рушыла ў бітву (Хроніка Яна Длугаша).

“Грунвальдская бітва” — словы Мацея Стрыйкоўскага (1582), музыка народная. У Хроніцы М.Стрыйкоўскага назва гучыць так: “Пра слаўную вайну і слаўную бітву Ягайлы і Вітаўта з прускімі крыжакамі і князямі Нямецкага рэйху ў 1410 годзе.”

Панегірычны твор 1430 г. “Пахвала Вітаўту”. Словы ананімнага аўтара, тэкст паводле летапісу Рачынскага (“Полное собрание русских летописей”, Т. 35), музыка народная. У творы ўслаўляецца князь Вітаўт як мудры, усемагутны, з вялікім міжнародным аўтарытэтам валадар, сцвярджаецца погляд на ВКЛ як на галоўны цэнтр аб’яднання ўсходнееўрапейскіх земляў.

“Клецкая бітва 1506 г.” — словы Мацея Стрыйкоўскага (1582), музыка народная. Песня апявадае пра слаўную бітву з татарамі пад Клецкам.

“Рыцарства ўсё сышлося” — урывак з рыцарскай паэмы 1585 г. Андрэя Рымшы (назва аповесці — “Dziesięćroczna powieść wojennych spraw… Krysztofa Radziwiła…”) Гэтая паэма прысвечана дыверсійна-экспедыцыйнай выправе войска ВКЛ углыб Масковіі ў 1580 г.

“Песнь Монаршэ Вечнэму” — баявы псальм войска ВКЛ. Словы Андрэя Рымшы, музыка з нотнага зборніка “Piesni Chwal Boskich” Яна Зарэмбы 1558 г. Псальм “Песнь Монаршэ Вечнэму” спяваўся войскам ВКЛ на баявым маршы ў 1580 г.

“Ў каралеўскім войску” — народная беларуская песня. Паслужыла першакрыніцай для песні ў гонар караля Стэфана Баторыя. У змененым выглядзе вядома пад назвай “Стэфан-ваявода” і распаўсюдзілася на Украіне, Малдавіі і Чэхіі.

“Прысвячэнне рыцару А.Рымшу” — панегірычны твор 1585 г. Гэты верш-прысвячэнне Я.Козака надрукаваны сярод тытулаў “Дзесяцігадовай аповесці” А.Рымшы (1585 г.) з подпісам “Аўтару шчыры сябра”.

“Рэвель” — панегірычны твор 1614 г. Словы Саламона Рысінскага са зборніка паэзіі “Epitome”. Верш “Рэвель” апісвае сустрэчу ў Таліне (Рэвель — старая назва Таліна) караля швецкага Карла, цара маскоўскага Івана, караля польскага Жыгімонта (Сігізмундуса) і літоўскага князя Радзівіла.

“Песнь а Будзіне” — вайсковая песня 1686 г. Будзінская бітва адбылася ў Венгрыі ў 1676 г. Будзін — беларуская назва адной з частак сучаснага Будапешта, які раней складаўся з 2 гарадоў — Буда і Пешт. У паходзе ўдзельнічалі аўстрыйскія, чэшскія, польскія войскі і войска ВКЛ.

“Спявалі ўланы” — народная балада 17-18 ст. Фальклорным метадам кантамінацыі ў тэксце складзены сюжэты і вобразы песняў “Спявалі ўланы”, “Як па нашых палях”, “Сын на вайну сабіраўся”, “У чыстым полі”, “Эх ты поле маё”.

“Рыцар Байда” — беларуская балада 16 ст. Фалькларыст А.Рыпінскі ў 19 ст. і сучасныя даследчыкі лічаць, што прататыпам рыцара Байды паслужыў гетман ВКЛ Дзмітры Вішнявецкі.

Кантакт з гуртом: 6636879
Кантакт з выдаўцом: 6490888

Палац Прафсаюзаў (ст.метро "Кастрычніцкая"), 18.00.Квіткі: пераход ст.метро "Я. Коласа" і іншыя кропкі грамадскіх распаўсюднікаў.

Арганізатар – Віталь Супрановіч. Дадатковая інфармацыя: +375 29 6490888, +375 29 7662425.

Алесь Чумакоў, 04.04.2006 г., праглядаў - 9851.   Версiя для друку...

Лiрнiкi

Лірніцкія песьні, развагі пра лірнікаў і пра колавую ліру можна пачуць у выкананьні:

Аляксандра Жукоўскага
Тодара Кашкурэвіча
Алеся Чумакова

Прагучаць псальмы, сіроцкія і гістарычныя песьні беларускіх лірнікаў "Юрья і Цмок", "Дарожка"," Цекла рэчка праз мястэчка", "Maryjo, Wilna obrono", "Рыцар збройны", "Рыцар Байда", "Шла да сірацінка", "Piesn do Matki Boskiej Ostrobramskiej", "Сьпявалі уланы" і іншыя.

Уваход вольны.

Лірнікі, старцы -- так называліся музыкі, якія вандравалі з ліраю і сьпявалі па весках, мястэчках, і гарадах Беларусі.Традыцыя старчаства бярэ пачатак яшчэ у дахрысьціянскія часы. Некалі старцамі і дзядамі называлі сьвятароў культаў, што ухвалялі гармонію зямлі і неба, чалавека і ягоны род. Такая традыцыя жыла доўга і лірнікі былі вельмі паважанымі гасьцямі.У кожнай хаце, нават самай беднай, заўседы быў запас ежы "на старцаву дольку". Пазьней, ужо з пашырэньнем хрысьціянства ні адзін вялікі духоўны пост, альбо царкоўнае сьвята, незалежна ад канфесіі не абыходзілася без лірніцкіх спеваў. Лірнікі як правіла сьпявалі пераважна духоўныя вершы ў пост, альбо гістарычныя балады,альбо сіроцкія песьні, часам сьпявалі жартоўныя песьні, гралі танцавальныя мелодыі.. Народ лічыў лірнікаў носьбітамі дабра і справядлівасьці. Граць на ліры навучаліся у спрактыкаваных майстроў-"дзядоў", альбо непасрэдна падчас вандраваньняў. Лірнікі былі асобнай прафесійнай групай музыкаў, пра што сьведчаць дакументы 17 стагодзьдзя, якія апісваюць нават цэлыя карпарацыі лірнікаў, такія вядомыя як, напрыклад, у Магілеве і Слуцку. Але сам інструмент, колавая ліра, альбо арганіструм, альбо лера, быў вядомыва Усходней Эўропе з 11 стагодзьдзя. І ня толькі ў вясковым асяродку, але і ў манастырах і ў магнацкіх палацах. Такія вядомыя кампазітары, як В.А.Моцарт, І.Гайдн, складалі адмыслова для гэтага інструмента творы. На Беларусі лірніцкая традыцыя не была перапынена і яшчэ ў 1945-46 гадах можна было сустрэць сапраўднага лірніка. Ліра сфармавала вельмі цікавы жанр. Які неадемна зьвязаны з нашае нацыянальнае музычнае культурай.

Алесь Чумакоў, 04.04.2006 г., праглядаў - 13669.   Версiя для друку...

Концерт "Мельницы"

19 апреля, в Минском клубе "Стэп" состоится концерт группы "Мельница".

Предварительная продажа билетов осуществляется по цене 12500 руб. На следующей недели билеты будут уже по 15000 руб.

Тел. для справок и заказа билетов: (029) 505-16-89, (029) 559-17-60

Любарт, 03.04.2006 г., праглядаў - 4671.   Версiя для друку...

Канцэрт гусельнай музыкi



23 сакавіка праект "Старажытная зямля" прадстаўляе канцэртную праграму "Гуслі. Адраджэнне традыцыі". Выканаўцы: Алесь Чумакоў (гурт "Стары Ольса"), Анна Кавалева (г. Віцебск), Ірына Мазюк (гурт "Кудмень"), Святлана Клепікава (гурт "Дэсань"), Вячаслаў Калацэй (гурт "Ветах"), Кася Радзівілава (гурт "Вайдэлот"), Алеся Чумакова (гурт "Келіх кола") і інш.

У канцэрце гледачы могуць пабачыць такі рэдкі для сучаснай Беларусі іструмент як "гуслі". Можна будзе пазнаёміцца з гісторыяй традыцыі гусельнага майстэрства, пабачыць як выглядаюць латгальскія, рускія і літоўскія гуслі.

З гісторыі гусляў на Беларусі. Гэты інструмент выклікае інтарэс не проста, бо гісторыя яго пачынаецца яшчэ з дахрэсціянскіх часоў. Пад гэтай назвай мы сустракаем розныя інструменты ў розныя часы. Пры тым, што знешні выгляд інструмента эвалюцыянуе, назва "гуслі" застаецца нязменнай. У старажытнасці гуслі і гудкі - інструменты скамарохаў і вулічных музыкаў. У XIV-XV стагоддзях выцеснены псалтырам, потым, у XVII-XVIII стагоддзях зноў цалкам змяняюць знешні выгляд на так званы "этнаграфічны", у XIX-XX стагоддзях рэшткі гусельнай традыцыі выцесняюцца традыцыяй цытравай, але гэтая апошняя змена датычыцца на нашых землях ужо толькі Віленскага краю, дзе яшчэ да пачатку XX стагоддзя гусельная традыцыя праіснавала безспынна. Па іншых жа частках Беларусі гуслі паступова знікалі ў розныя перыяды гісторыі, пакуль канчаткова не былі заменены цымбаламі і гармонікамі. Апошінія экзэмпляры беларускіх этнаграфічных гусляў былі зафіксаваныя ў Віцебскай губерніі на пачатку XX стагоддзя.

За аднаўленне гусельнай традыцыі ўзяліся адносна недаўна, толькі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. Першыя на Беларусі інструменты адноўленай традыцыі зрабілі Максім Такушэвіч (цытравы выгляд) і Алесь Жура (старажытны лірападобны выгляд і этнаграфічны выгляд). Іх інструменты засталіся ў гурта "Госіціца" і некаторых сольных выканаўцаў.

На сённяшні дзень у Беларусі можна налічыць каля дзесятка майстроў і выканаўцаў на гэтым містычным старажытным інструменце, які зараз паступова вяртае сабе мінулую папулярнаць. У нас атрымалася сабраць большасць гэтых людзей разам і 23 сакавіка вы убачыце іх на адной сцэне ў канцэртнай праграме "Гуслі. Адраджэнне традыцыі".

Маладзёжны тэатр эстрады (вул. Маскоўская, 18а)

Тэлефоны для даведак: 2229296, 2131949, 2228203, (029) 6168490, (029) 5736746.

Тэл. (029) 6168490 (Арына)

http://staryolsa.com, 15.03.2006 г., праглядаў - 2683.   Версiя для друку...
Мапа сайту...
Уверх...
Усе правы абаронены © 2004, 2005, Княжы гуф
Вашы заўвагi i прапановы: knight.by@mail.ru
Дызайн i праграмiраванiе Dionisiy, хостынг Extmedia