Княжы гуф
Княжы гуф

Галоўная/Бiблiятэка/Артыкулы/Сферы выкарыстання наёмных жаўнераў у Вялікім княстве Літоўскім у ХVІ ст.

Сферы выкарыстання наёмных жаўнераў у Вялікім княстве Літоўскім у ХVІ ст.

Юрась Бохан

     Фармаванне характару збройных сілаў Вялікага княства Літоўскага ў тым выглядзе, у якім яны пратрывалі да канца ХVІ ст., распачалося прынамсі з канца ХІV ст. Найбольш масавай і, як падаецца, архаічнай формай мабілізацыі з'яўлялася ў тыя часы так званая "Пагоня", узгаданая ў прывілеі Ягайлы, выдадзеным пасля заключэння Крэўскай уніі, у 1387 г. Паводле згаданага прывілея, ў выпадку ўварвання ворага ў межы дзяржавы для яго пераследвання прыцягваліся не толькі рыцарства, але і ўсё мужчынскае насельніцтва, здольнае насіць зброю.

    Акрамя "Пагоні", у Вялікім Княстве меліся уласна вайсковыя фармаванні, менш шматлікія, але складзеныя з прафесійных ваяроў. Яны выступалі на вайну ў складзе феадальнага апалчэння - паспалітага рушэння (expeditio generalis), узгадкі аб якім у дакументах Вялікага княства Літоўскага датуюцца ўжо першай паловай ХV ст. Падставай камплектавання паспалітага рушэння было валоданне ваярамі земскімі маёнткамі з сялянамі.

    Эвалюцыя вайсковай сістэмы Вялікага княства Літоўскага на працягу ХV - ХVІ ст. адбывалася пад моцным заходнім, найперш польскім ўплывам. Аднак у гэты час пазначыўся крызіс традыцыйнай формы фармавання войска, якой з'яўлялася паспалітае рушэнне. Ва ўмовах роста попыту ў найбольш развітых краінах Захаду попыту на сельскагаспадарчую прадукцыю, шляхта ўсё больш увагі звяртала не на свае вайсковыя абавязкі, а на павышэнне рэнтабельнасці маёнткаў і вываз збожжа за мяжу. Гэта абумовіла паступовы зварот у бок найманага войска, не такога шматлікага, як паспалітае рушэнне, але сталага, пастаянна гатовага да вядзення баявых дзеянняў. Сфера выкарыстання наёмных атрадаў у Вялікім княстве Літоўскім на працягу ХV - ХVІ стст. няўхільна пашыралася. Спачатку паслугі платных жаўнераў выкарыстоўваліся пераважна для правядзення кароткатэрміновых ваенных кампаній, хаця ўжо пад час княжання Вітаўта замежныя "госці" змагаліся не толькі ў адкрытым полі, але і баранілі замкі Вялікага Княства, а таксама ўдзельнічалі ў аблогах фартыфікацыйных аб'ектаў праціўніка. Перш за ўсё гэта тычыцца найманых пушкароў, аднак у ходзе рэйдаў ў непрыяцельскія землі да штурмаў варожых гарадоў, якія ляжалі на шляху войска, мусілі прыступаць усе яго ўдзельнікі, у тым ліку і замежныя дабраахвотнікі. Так, напрыклад, пад час выправы Вітаўта на Пскоў у 1426 г. у штурме Апочкі прымалі ўдзел палякі, чэхі валахі і татары.

    Канчаткова накірункі выкарыстання "служэбных" сфармаваліся ў ХVІ ст. Па ранейшаму найбольш значнымі з іх заставаліся дзеянні ў адкрытым полі, аблога фартыфікацыйных аб'ектаў і гарнізонная служба. У выпадку патрэбы наёмныя арады маглі быць пасланы за мяжу для дапамогі саюзнікам. На Берасцейскім сойме 1544 г., напрыклад, Вялікае Княства абяцала паслаць палякам у выпадку небяспекі з боку Турцыі 4000 найманай конніцы на поўгады. Праўда, калі б "служэбныя" былі патрэбныя ў самім Вялікім княстве Літоўскім, яно абавязвалася выслаць замест жаўнераў грошы на іх наём. Апроч барацьбы са знешнім ворагам, наёмнікі маглі выкарыстоўвацца і для ліквідацыі ўнутраных канфліктаў. Так, у 1542 г. жаўнеры кіеўскай роты дапамагалі чаркаскаму старасце Тышкевічу супраць збунтаваўшыхся чаркасцаў.

    Асобае месца сярод сфераў выкарыстання наёмных атрадаў у Вялікім Княстве займала гарнізонная служба. У ХVІ ст. яна паступова робіцца прэрагатывай жаўнераў, бо шляхта, арганізаваная ў паспалітае рушэнне, не жадала надоўга адрывацца ад гаспадарчых праблем ва ўласных маёнтках, ахвяруючы імі для працяглага "ляжання" ў замках. Таму выпадкі звяртанне жыхароў памежных гарадоў Вялікага Княства да вярхоўнай улады з просьбамі аб прысылцы наёмнікаў выглядаюць цалкам зразумелымі. Прыклдам, у 1545 г. жыхары Брацлава (Украіна) прасілі прыслаць "служэбных", матывуючы гэта тым, што ў іх адсутнасць прыходзяць татары і гобяць шкоды. Падобна і ў 1565 г. на Віленскім сойме па просьбе паслоў Віцебскага павета было станоўча вырашана пытанне аб пасылцы грошай на найм 2000 казакаў, верагодна для службы ў Віцебскім замку.

    Больш ці менш працяглае "ляжанне" па замках было звязана з цэлым шэрагам праблем, звязаных з узаемаадносінамі з мясцовай адміністрацыяй, нясеннем каравульнай службы, папаўненнем парадзелага за досыць працяглы час службы склада рот, правядзеннем "служэбнымі" вольнага часу, іх пражываннем і г.д. Усе гэтыя пытанні неабходна было рэгламентаваць, што абілася ў адпаведных інструкцыях, што атрымоўвалі як ротмістры, так і прадстаўнікі мясцовай улады. Так, у 1551 г. Жыгімонт Аўгуст інфармаваў старасту Чаркаскага і Канеўскага Яна Хршчановіча аб прысылцы 100 "коней" Пятра Чапліча і 100 драбаў Пятра Разбіскага, "через которого особливыи листы наши до тебе есмо писати казали, яко ся ты маеш там ку тым лудем нашим пенежным заховати, которые листы кгды там до тебе принесены будуть, ты бы з них вырозумевши во всем ся к ним заховал водле науки и росказанья нашого, на тых листех наших до тебе о то писаных, тобе от нас даное".

    Больш падрабязна абавязкі жаўнераў Пятра Разбіскага ўказаны ў лісце вялікага князя да Яна Хршчановіча за 21 кастрычніка таго ж года. Разбіскаму загадвалася "для лепшого безпеченства с тою ротою его со всими драбы служебными там в Черкасех не на месте, але в замку стояти и мешканье мети". Для гэтага патрабавалася, каб стараста "в том замку нашом домов, светлиц и городень половицу ему поступил, а в другой половицы замку сам мешкал". Замкавая брама мусіла мець два замкі, прычым ключ ад аднаго мусіў захоўвацца ў ротмістра, а другі - у старасты. Замыканне і адмыканне замкоў павінна было адбывацца ў прысутнасці як ротмістра, так і старасты ці яго намесніка. Тое ж самае тычылася і замкавага арсенала ("дел, гаковниц, пороху и свинцу и инших бронных стрельб замковых"), якія захоўваліся за двума замкамі, замыканымі ключамі абодвух асоб. Такім чынам, улада ў замку мусіла знаходзіцца адначасова і ў аднолькавай ступені ў руках старасты і ротмістра.

    Асобны клопат старасты складала забеспячэнне Чаркаскага і Канеўскага замкаў "и городни каменьем и слоны и колодьем и иншими всякими речми, што ку обороне замковой прислушить", якое адбывалася не силами "служебных", а ўскладалася на мясцовых жыхароў.

    Абавязкі чаркаскай роты па нясенню гарнізоннай службы ўдакладняе інвентар Чаркаскага замка за 1552 г. З яго вынікае, што на наёмнікаў ускладалася толькі старожа замку, тады як "старожу польную" выконвалі баяры і мяшчане. У Кіеўскім замку ў 1552 г., дзе таксама меліся дзве брамы, адна - "в моцы воеводиной, другая в ротмистровой, за ключами их", на жаўнераў ускладаліся абавязкі па вартаванню толькі адной з іх, тады як ваяводзіныя вароты вартавалі два вартаўнікі, найманыя за грошы мяшчан.

    Апроч уласна вайсковай службы, "служэбныя" раз-пораз маглі прыцягвацца і да выканання дапаможных функцый. Цікавую інфармацыю пра нетрадыцыйнае выкарыстанне жаўнераў прыносіць інвентар Канеўскага замка за 1552 г. За дзесяць коп гр. яны ўзяліся выконваць земляныя работы - раскопваць вал каля замка.

    Прыцягненне жаўнераў да выканання работ, не звязаных непасрэдна з іх вайсковай службай з'яўлялася справай нетыповай, звязанай хутчэй з надзвычайнымі сітуацыямі, аднак яна не была нечым выключна рэдкім. Прыкладам, сярод распараджэнняў Жыгімонта Аўгуста па мерапрыемствах, звязаных з адбудовай Брацлаўскага замка, накіраваных 30 чэрвеня 1552 г. маршалку зямлі Валынскай Канстанціну Астрожскаму, маецца адпаведнае месца, якое тычыцца "служэбных", якія прыкрывалі ўзвядзенне фартэцыі. "И будешь ли розумети роботников мало, тогды с тых же драбов, хто всхочет найматися ку роботе, платити им вели и к тому людей служебных з земли Волынское ужывай, от себе прозбами докладаючы, же и зиме там лежати будуть, поки аж замок заробиться". Тлумачучы прыцягненне наёмнікаў да будаўнічых работ іх тэрміновасцю, вялікі князь адначасова падкрэсліваў, што гэта не павінна стать нормай службы жаўнераў. А "в чом естли бы ся выстерегали, што бы повинность звыклую не пошло", маршалак мусіў даць "служэбным" адпаведны лист. У той жа час гаспадар спадзяецца, што ў жаўнераў на гэты конт не павінна быць апасенняў, бо каторыя з іх "пры зарубованью Жытомира с князем Янушом, бискупом виленским, были и помоч роботы для него чынили, тым в пошлину и в повинность того не почытано".

    Акрамя таго, з адбудаваннем Брацлаўскага замка звязана яшчэ адна вартая ўвагі інфармацыя аб спецыфічных функцыях наёмнікаў. Маецца на ўвазе прысылка сюды з Кракава пушкара Валька (Валентага) і "теслей, копачов и иншых ремесников и потреб ку той роботе належачых". Усяго было 40 "теслей с ковалями", у тым ліку 4 майстры, а таксама 60 капачоў ("кграбаров"), 2 з якіх мелі статус майстроў. Апроч сваіх непасрэдных прафесійных абавязкаў, за што ім выплочвалася адпаведная заплата, "всим тым стома ремесником теслем и копачом" павінна было выплочвацца "на кождую особу за службу их драбскую, яко иншым драбом, по пяти золотых кусых, каждый золотый по двадцати и осми грошей полских", а яны "за то ручницы, брони повинни мети и варты стерегчы в окопе замку, яко прислуша на драба".

    Яшчэ больш спецыфічныя функцыі ўскладаліся на пушкара, які кіраваў узвядзеннем Брацлаўскага замка ў цэлым. Для гэтага згаданы Валенты меў "науки, которым обычаем и шталтом а на яком местцы замок будовати маеть". Асобна пры Валентым знаходзілася 4 служэбнікі "ку послузе".

    У цэлым жа служба пушкароў у розных замках магла мець свае нюансы. Усе яны мусілі выконваць свае непасрэдныя абавязкі - у выпадку патрэбы страляць з замкавых гармат. Сярод дадатковых функцый пушкароў інвентары сярэдзіны ХVІ ст. узгадваюць нагляд за замкавай зброяй і яе рамонт, выраб гармат, гакаўніц, ручніц і аркабузаў, а таксама пораха і снарадаў для зброі. У шэрагу выпадкаў на пушкароў ускладаліся нетрадыцыйныя задачы - дагляданне за ставамі, "латкамі замкавымі", гадзіннікамі на вежах і г.д. У асобных замках сітуацыя з пушкарамі была яўна незадавальняючай. Так, у 1552 г. у Чаркасах мелася "пушкары два, которым платять, ино один пьяница великий, а другий ничого не умееть".

    Такім чынам, спектр задач, якія закліканы былі вырашаць наймныя жаўнеры, быў у ХVІ ст. даволі шырокі - ад змагання ў адкрытым полі і гарнізоннай службы да выканання паліцэйскіх функцый і правядзення фартыфікацыйных работ. Значная мабільнасць наёмнікаў, іх гатоўнасць, пры ўмове своечасовай аплаты, да доўгатэрміновай службы і выканання "непрэстыжных" функцый з'яўляліся важным станоўчым момантам, які быў належным чынам ацэнены - да канца разглядаемага стагоддзя наёмныя атрады робяцца ў Вялікім княстве Літоўскім галоўнай вайсковай сілай, на якую лёг асноўны цяжар правядзення вайсковых аперацый.
Праглядаў - 6972
Мапа сайту...
Уверх...
Усе правы абаронены © 2004, 2005, Княжы гуф
Вашы заўвагi i прапановы: knight.by@mail.ru
Дызайн i праграмiраванiе Dionisiy, хостынг Extmedia