Княжы гуф
Княжы гуф

Галоўная/Бiблiятэка/Артыкулы/Спецыфіка выдзялення катэгорый вершнікаў у складзе паспалітага рушэння Вялікага княства Літоўскага ў ХVІ ст.

Спецыфіка выдзялення катэгорый вершнікаў у складзе паспалітага рушэння Вялікага княства Літоўскага ў ХVІ ст.

Юрась Бохан

     Першыя крокі ў плане рэгламентацыі ўзбраення ваяроў феадальнага апалчэння Вялікага княства Літоўскага - паспалітага рушэння былі зроблены даволі позна - у пачатку ХVІ ст. Да гэтага часу характар вайсковай службы вызначаўся канкрэтнымі надаўчымі актамі тым ці іншым асобам, хаця на працягу ХV ст. аснову выдзялення катэгорый ваяроў складаў падзел кавалерыі на капійнікаў, якія ў сярэднявечнай Еўропе звыкла ўспрымаліся як цяжкая конніца, і лягчэйшых стральцоў. На Навагрудскім сойме 1502 г. "король его милость Александр с прелаты и паны-радами своими то был установил, иж кождый князь и пан, и дворянин, и земянин мел з именя своего з десяти служоб пахолка у зброи на кони з древцем выправити...". Падобная ж мадэль узбраення была прапанавана ў 1511 г. Жыгімонтам Старым для Віленскага сойма 1512 г., з той толькі розніцай, што нарматыўны вершнік мусіў выстаўляцца не з дзесяці службаў, а з дзесяці дымоў, прычым удакладнялася, што "естли бы то всим вашой милости виделося трудно, ино бы з десяти служоб два молодцы - конно, збройно". Такім чынам, у якасці падставовай мадэлі паўнавартага вершніка быў выбраны цяжкаўзброены капійнік. Падобны выбар, як уяўляецца, з'явіўся вынікам агульнай тэндэнцыі да "манументалізацыі" кавалерыі, якая назіралася на працягу ўсяго папярэдняга стагоддзя. Працэс пашырэння пласцінавага даспеха, які, у прынцыпе, і акрэсляўся тэрмінам "зброя" у вузкім значэнні гэтага слова, праходзіў дастаткова шпаркімі тэмпамі, выцясняючы з ужытку традыцыйныя наборныя канструкцыі. Апошнія ўжо на пачатку ХVІ ст. фігуруюць вельмі рэдка і маюць, верагодна, пераважна ўсходняе паходжанне. Трохі часцей фіксуюцца пісьмовымі крыніцамі таксама арыентальныя цегіляі - ватаваныя кафтаны, шырока ўжываныя ў Маскоўскай дзяржаве, хаця па колькасці ўзгадак яны зноў жа саступаюць пласцінавым даспехам і панцырам.

     Цяжка сказаць, наколькі дакладна вытрымліваліся нормы ўзбраення, вызначаныя на пачатку ХVІ ст., на практыцы. У той жа час "зброя" як вельмі распаўсюджаны від аховы цела фіксуецца ў дачыненні ваяроў самай рознай ступені заможнасці. Найчасцей, відавочна, можна было напаткаць яе ў атрадах багатых феадалаў. Так, у 1521 г. намеснік Троцкага ваяводы Тыкоцінскі Жынка "собравшис в немалом почте людей в зброях, с древци, с трубами" наехаў на маёнтак баярына Ганезскага. Аб узгадненні свайго засцерагальнага ўзбраення з нарматыўным прадстаўнікамі шэраговага рыцарства, але затое ў мэжах цэлых абласцей, сведчыць заява ейшышскіх баяраў Пронкавічаў, Станковічаў, Нарушэвічаў і Якубовічаў у 1515 г.: "на войну ходим во зброи, как и иншии бояре Ейшишски". Прыкладам нарматыўнай службы прадстаўнікоў ніжэйшага пласту ваенна-служылага люду можа служыць просьба кіеўляніна Лаўрына Станкевіча да Жыгімонта Старога ў 1514 г. аб вызваленні ягонага бацькі і братоў ад цягла. У якасці аргумента прыводзілася іх заможнасць і прыдатнасць да вайсковай службы. Вялікі князь задаволіў просьбу свайго васала пры ўмове, што "они мають нам с того службу земскую заступовати у трех зброях, и кони мають мети добрые и брони так достаточные, как и иншим подданым нашим - шляхте росказали есмо к службе нашой достаточне ся мети".

     Разам з тым, пласцінавы даспех не ва ўсіх выпадках выступаў у сваім поўным, капійнічым варыянце. Бытавалі таксама аблегчаныя, некамплектныя ўзоры ў выглядзе т.зв. "зброй стрэльчых", прыстасаваных, як вынікае ўжо з самога тэрміну, для патрэб лягчэйшых стральцоў, ці нават толькі адныя кірасы. Сустракаюцца і выпадкі ўжывання назвы "зброя" ў дачыненні панцыраў, што стварае пэўную блытаніну ў высвятленні рэальнага характару засцерагальнага ўзбраення ў кожным канкрэтным выпадку. Можна са значнай доляй упэўненасці сцвярджаць, што спробы феадалаў Вялікага княства Літоўскага прадставіць у сваіх атрадах не самае дасканалае, а занчыць і дарагое ўзбраенне мелі месца не так ужо рэдка, паколькі назіраліся і больш яўныя парушэнні вайсковай дысцыпліны, калі асобныя рыцары, адзначыўшы пры войску сваю прысутнасць, "кони и зброи отсылають, а сами ся только у малом почте зоставують".

     З улікам даволи шырокага трактавання тэрміна "зброя" на пачатку ХVІ ст. надзвычай цікавай уяўляецца каралеўская і соймавая ўстава за 1528 г. аб абароне земскай. Паводле гэтай уставы кожны феадал Вялікага княства Літоўскага быў павінен "с кождых осми служоб людей ставити пахолка, на добром кони, во зброи, з древом, с прапором, на котором бы был панцер, прылбица, меч або корд, сукня цветная, павеза и остроги две". Кідаецца ў вочы, што першая частка прыведзенай рэгламентацыі цалкам паўтарае рэгламентацыю Навагрудскага сойму 1502 г. Пералічаныя далей асобныя элементы ўзбраення, такія як панцыр, прылбіца, павеза і г.д. мусілі б у такім разе выступаць толькі ў якасці дапаўнення да асноўнага капійнічага рыштунку - поўнага пласцінавага даспеха і "дрэва". Аднак гэтаму супярэчаць нарматыўныя акты ўжо наступнага года, у якіх падобныя элементы разглядаюцца яўна як самадастатковыя. Так, земская ўхвала 1529 г. агаворвала, што "каждый маеть ставити с осми служоб людей своих пахолка доброго у сукни цветной, не в сермязе, на котором бы был панцер добрый, а прылбица, а меч, а павеза, а древцо с прапором цветным, а конь бы был под ним в четыре копы грошей". Аналагічны камплект вайсковага рыштунку падцвердзіў і І Статут Вялікага княства Літоўскага, які абавязваў ўсіх уладальнікаў васьмі сялянскіх службаў ставіць "пахолка на добром кони, штобы конь стоял за чторы копы грошей, а на нём бы, панцэр, прилбица а корд, павезка, а древце с прапорцом". Такім чынам, у канцы другога дзесяцігоддзя ХVІ ст. адбылася карэктыроўка нарматыўнага ўзбраення за кошт яго аблягчэння, хаця ўстава 1528 г. апелявала так ці іначай і да нормаў пачатку стагоддзя, а значыць прадугледжвала, хаця б ускосна, альтэрнатыўную магчымасць выстаўлення ваяроў у цяжкім капійнічым рыштунку.

     Выглядае цалкам верагодным, што аблягчэнне эталоннага ўзбраення за кошт высоўвання на першы план панцыра замест масіўнага капійнічага даспеха было ў пэўнай ступені звязана з перанясеннем цяжара ваенных дзеянняў з захаду на ўсход дзяржавы, дзе ваярам Вялікага Княства давялося мець справу з лёгкім мабільным праціўнікам. У барацьбе з ім цяжкая кавалерыя была эфектыўнай толькі пад час лабавой атакі. Між тым арыентальная тактыка якраз і заключалася ва ўхіленні ад падобных атак пры аддаванні перавагі дыстанцыйнаму бою і вымотванню праціўніка. Цяжкі досвед ужо першых сутычак краінаў Ягелонскай кааліцыі з прадстаўнікамі ўсходняй мілітарнай традыцыі прымусіў звярнуцца да пошуку адэкватных мадэляў узбраення, прыдатных да вайны ў новых абставінах. Лічыцца, што распаўсюджанне ў Вялікім княстве Літоўскім і ў Польшчы кавалерыі, узброенай шчытамі і коп'ямі, вядзе свой пачатак ад сербска-венгерскай традыцыі, дзе ўжо ў другой палове ХV ст. шырока выкарыстоўваліся лёгкія вершнікі - гусары, якія выдатна зарэкамендавалі сябе ў змаганні з туркамі. Гусары, прынамсі на першым этапе свайго існавання, не мелі засцерагальнага ўзбраення, апроч спецыфічнай асіметрычнай тарчы. Галоўнымі элементамі наступальнага ўзбраення гусараў служылі пустацелае кап'ё з "куляй" замест шчытка і шабля.З'яўленне гусарыі ў Літве звычайна датуецца даследчыкамі пачаткам ХVІ ст. У хуткім часе гусарская мадэль узбраення робіцца тут адной з асноўных. Так, пасол германскага імператара Сігізмунд Герберштайн, апісваючы рэаліі першай паловы ХVІ ст., адзначаў, што ліцвіны ўзбройваюцца лукам, як татары, і кап'ём са шчытом, як венгры. У сярэдзіне гэтага стагоддзя тэрмін "гусарыя" ў дачыненні коннікаў, спалучаўшых шчыт і кап'ё, робіцца звычайным у Вялікім княстве Літоўскім.

     Разам з тым, комплекс баявых сродкаў, вызначаны нарматыўнымі актамі 1528 і 1529 гг., можа атаесамляцца з класічным гусарскім толькі са значнай доляй умоўнасці. Так, замест характэрнай венгерскай тарчы ў якасці рэкамендуемага шчыта вызначалася традыцыйная павеза, а замест шаблі - меч альбо корд. Няма ніякіх падстаў, каб пад "дрэвам" разумець менавіта гусарскае кап'ё. Больш таго, у дакументах другой паловы ХVІ ст. гусарскі варыянт падобнай зброі часам акрэсляецца як "кап'ё", тады як сустракаецца інфармацыя аб "бруншвіцкіх дрэвах", відавочна не тоесных гусарскім. Назіраліся і выпадкі спалучэння шчыта з аблегчанай зброяй - рагацінамі і вошчапамі. Такім чынам, можна меркаваць, што мадэль узбраення, замацаваная Статутам 1529 г., выводзіцца не столькі з венгерскай традыцыі, колькі з мясцовых традыцый папярэдняга часу і набліжаецца да аблегчанай капійнічай мадэлі. Яна рэкамендавалася, напрыклад, польскім капійнікам, не меўшым сялян, паводле статута 1474 г. У гэтым сэнсе двусэнсоўнасць уставы 1528 г., дзе былі адлюстраваны ажно дзве мадэлі ўзбраення, выглядае даволі лагічна; у абодвех выпадках мог прадугледжвацца капійнік - цяжкі і лёгкі, прычым рыштунак апошняга ўяўляў мінімум, невытрымліванне якога было раўназначным парушэнню статутных нормаў.

     Аб тым, што нарматыўныя акты Вялікага Княства не азначалі пераходу да поўнай уніфікацыі ўзбраення, сведчыць значная разнастайнасць як наступальных, так і засцерагальных сродкаў, якая мела месца ў рэальным жыцці. Вышэй ужо згадвалася выдзяленне Герберштайнам прынамсі двух мадэляў у ліцвінскім войску, якія ён параўноўвае з венгерскай і татарскай. Адсюль вынікае, што ў Вялікім княстве Літоўскім кавалерыя па-ранейшаму падзялялася на капійнічую і стрэльчую, хаця на першае месца сярод зброі далёкага бою выходзіць лук. Аднак і ўзбраенне рыцарства, забяспечанага дрэўкавай зброяй, было далёка не аднастайным. На гэта ўказваюць попісы ліцвінскіх почтаў у складзе польскіх наёмных рот першай паловы ХVІ ст. Апроч рыштунка, аналагічнага статутнаму, тут прадстаўлены капійнічыя і стрэльчыя даспехі, кірасы, а таксама пласцінкава-колкавыя бехцеры. На жаль, сродкі нападзення фіксуюцца ў гэтых попісах толькі фрагментарна (верагодна гэта даніна традыцыі яшчэ другой паловы ХV ст., паводле якой наяўнасць засцерагальных сродкаў пэўнага тыпу прадугледжвала адпаведнае наступальнае ўзбраенне), таму можна меркаваць, што ўладальнікі аблегчаных варыянтаў аховы цела, калі няма непасрэднага ўказання на забеспячэнне іх коп'ямі, маглі быць узброены зброяй далёкага бою.

     У камплектацыі почтаў выдзяляецца некалькі варыянтаў. У шэрагу выпадкаў яны мелі структуру, набліжаную да класічнага "кап'я" ранейшых часоў і складаліся з аднаго цяжкога капійніка, найчасцей самога даводцы атрада, а таксама некалькіх лягчэйшых вершнікаў, прычым даводца, як правіла, меў яшчэ і запаснога каня. Такую камплектацыю мелі атрады Гераніма Нарбута (1540 г., рота Георгія Язлавецкага, 1 капійнічы даспех і 6 кірас), Петруся Палубінскага (1540 г., рота Якуба Сецыгнёўскага, 1 капійнічы і 2 стрэльчыя даспехі, 4 кірасы), Яна Завішы (1540 г., рота Яна Старахоўскага, 1 капійнічы і 1 стрэльчы даспех, 3 кірасы, прычым адзін з уладальнікаў кірас меў ручніцу) і Мікалая Збаражскага (1543 г., рота Станіслава Нагорскага, 1 капійнічы даспех і 5 кірас). З пэўнай доляй умоўнасці сюды ж можна залічыць почат Станіслава Жалуда (1543 г., рота Пракопа Сеняўскага), дзе на трох вершнікаў, забяспечаных стрэльчымі даспехамі і, верагодна, зброяй далёкага бою, прыпадаў адзін кавалерыст, прычым шэраговы пахолак, узброены панцырам, прылбіцай, тарчай і дрэвам (п.п.т.д.)

     Да наступнай групы належаць почты, складзеныя з кавалерыстаў у прыблізна аднолькавым, лёгкакапійнічым (гусарскім) рыштунку. Гэта атрады Аляксандра Палубенскага (1542 г., рота Яна Мадалянскага, 7 п.п.т.д.), Андрэя Нарбута (1548 г., рота Мацея Влодэка, 1 кіраса т.д., 2 кіраса п.т.д., 2 п.п.т.д.) і Станіслава Нарбута (1549 г., рота Аляксандра Сеняўскага, 4 п.п.т.д., 1 кіраса п.т.д.) Спецыфічную структуру меў почат Херубіна Вайновіча (1531 г., рота Лаўра Цёлка), куды ўваходзіла 5 пахолкаў, узброеных кірасамі, прылбіцамі, тарчамі і дрэвамі, а таксама 3 ваяры, рыштунак якіх упісваўся ў нарматыўную формулу п.п.т.д., тады як сам даводца дапаўняў капійнічы даспех і, як можна меркаваць, дрэва, панцырам і ручніцай.

     Сустракаліся таксама почты, у якіх усе камбатанты належалі да гусарскай мадэлі, апроч самога даводцы, забяспечанага лягчэйшым узбраеннем. У гэтую групу можна залічыць атрады Мікалая Збаражскага (1536 г., рота Пракопа Сеняўскага, 1 бехцер, 1 бехцер п.п.т.д., 4 п.п.т.д., 2 т.д., 1 п.т. рагаціна, ручніца) і нейкага Казачка з Брацлава (1540 г., рота Бернарда Прэтвіча, 1 п.п., 4 п.п.т.д.)

     І, нарэшце, у некаторых атрадах налічвалася па некалькі камбатантаў з розным узбраеннем, у суадносінах якіх цяжка заўважыць якую-небудзь сістэму. У якасці прыклада можна прывесці почты Мікалая Завішы (1528 г., рота Пятра Марціноўскага, 1 стрэльчы даспех, 1панцыр, тарча, ручніца, 1 кіраса, прылбіца, дрэва, 1 п.п.т.д.), Андрэя Збаражскага (1528 г., рота Яна Мялецкага, 1 бехцер, 1 бехцер, шалом, 1 бехцер, шалом, сагайдак, 1 бехцер, тарча, сагайдак, 1 бехцер, шалом, т.д., 1 п.п. сагайдак, 1 п.т.д. сагайдак, 2 п.п.т.д. сагайдак), Георгія Збаражскага (1542 г., рота Венцлава Влодэка, 3 п.п.т.д., 3 кірасы) і Рыгора Кіеўляніна (1542 г., рота Камянецкага, 1 панцыр, 1 бехцер, 3 п.п.т.д.)

     Варта агаварыцца, што мадэлі ўзбраення, прадстаўленыя ў апісаных вышэй почтах, могуць лічыцца тыповымі для войска Вялікага княства Літоўскага толькі з пэўнымі агаворкамі. Па-першае, на іх кшталт маглі аказаць некаторы ўплыў агульныя патрабаванні па арганізацыі і забеспячэнню польскіх наёмных рот, асабліва калі феадалы з'яўляліся прафесійнымі наёмнікамі і іх прысутнасць тут не выступае ў выглядзе разавай акцыі. Па-другое, нават калі дапусціць (а для гэтага ёсць усе падставы), што асобы, не звязаныя са сталым наймам і служыўшыя ў польскім войску не столькі дзеля грашовых выплат, колькі па прычыне авантурных рысаў характару ці жадання дагадзіць манарху, уступалі ў шэрагі наёмнікаў з тымі ж атрадамі і ў тым самым узбраенні, якія яны выстаўлялі ў паспалітае рушэнне, то і тады яны могуць разглядацца як рэпрэзэнтанты толькі эліты ваенна-служылага люду Вялікага княства Літоўскага, здатнай выводзіць на вайну цэлыя падраздзяленні добра экіпіраваных пахолкаў. Між тым існавала значная колькасць феадалаў са значна сціплейшымі магчымасцямі, якія не валодалі нариатыўнымі васмю службамі і таму не маглі прадставіць нават аднаго паўнавартага ваяра, узброенага так, як тое прадугледжваў Статут. У дачыненні падобнага рыцарства ў Статуце мелася агаворка, што яны павінны служыць паводле сваёй магчымасці.

     Рэальны стан узбраення ніжэйшых пластоў ваеннаабавязанага насельніцтва ілюструе попіс шэрагу харугваў паспалітага рушэння, зроблены, праўдападобна, у 1563 г., з якіх найбольшай паўнатой выдзяляюцца рэестры рыцарства Астрынскай, Васілішскай і Медніцкай валасцей. Металічнае пакрыццё цела, пазначанае ў тэксце тэрмінамі "збройна", "у зброі", "у пляхах" і "у панцыры" мелі тут менш за палову ўсіх ваяроў. Апроч таго, некаторыя воі папісаліся ў неметалічных "кабатах". У часткі ваяроў, забяспечаных металічным засцерагальным узбраеннем, не фіксуецца ніякага іншага рыштунку. Гэта, па аналогіі з попісамі польскіх наёмных рот, можна было б трактаваць у тым сэнсе, што наступальнае ўзбраенне разглядалася ў дачыненні такіх камбатантаў як нешта само сабой зразумелае і таму не вартае спецыяльнай анатацыі. Аднак у шэрагу выпадкаў дастаткова падрабязна распісываецца поўная экіпіроўка, якая сведчыць аб рознай ступені яе камплектацыі. Некаторыя ваяры, апроч металічнага засцерагальнага ўзбраення, мелі шчыты, абазначаныя рознымі тэрмінамі і, верагодна, розных тыпаў ("шчыт", "павеза", "тарча"), а таксама коп'і двух відаў (дрэвы альбо рагаціны), што максімальна набліжала іх рыштунак да статутнага. Асобныя ж вершнікі спалучалі панцыры толькі з дрэўкавай зброяй ці нават толькі са шчытом. Таму не выключана, што ў рэальнасці маглі назірацца выпадкі, калі асартымент наступальнай зброі ўладальнікаў металічных ахоўных сродкаў абмяжоўваўся клінковай зброяй альбо ўвогуле раўняўся нулю.

     На гэта ўскосна ўказвае апісанне рыштунку тых асоб, якія не валодалі металічнымі даспехамі. У асяроддзі такіх ваяроў выдзяляюцца тры асноўныя групы, якія можна ўмоўна залічыць да "капійнікаў", "стральцоў" і ўладальнікаў толькі клінковай зброі. "Капійнікі" складалі найбольш шматлікую групу і выступалі ў трох мадыфікацыях. Да гусарскай мадэлі набліжаліся тыя з іх, якія спалучылі "шчыт" альбо павезу з рагацінай ці дрэвам. Вельмі шырока былі прадстаўлены мінімальна ўзброеныя ваяры, забяспечаныя толькі рагацінамі ці дрэвамі. Радзей фіксуюцца ўладальнікі дрэўкавай зброі, меўшыя дадаткова меч альбо корд. Стральцы (лучнікі) мелі сагайдак з мячом ці толькі сагайдак. Асноўнай зброяй камбатантаў, узброеных толькі клінковай зброяй, з'яўляўся меч ці корд; спалучэнне клінковай зброі са шчытом выступае як выключэнне. Апроч таго, у попісе фігуруюць ваяры без ніякіх наступальных сродкаў, узброеныя толькі шчытом альбо нават без яго, г.зн. "нисчим". Асобныя прадстаўнікі такога ўбогага "рыцарства" з'явіліся на попіс пеша.

     Як сведчаць пісьмовыя крыніцы другой паловы ХVІ ст., у Вялікім княстве Літоўскім не толькі існавалі розныя мадэлі ўзбраення кавалерыстаў, але некаторыя з іх нават мелі спецыяльныя акрэсленні. Так, у складзе ліцвінскіх почтаў, якія рушылі з каралём Жыгімонтам 16 ліпеня 1551 г. да Інфлянтаў, ваявода Віленскі выстаўляў 400 гусараў і 200 "бруншвікаў", ваявода Троцкі - 400 гусараў і 250 казакаў і г.д. Падобныя ж катэгорыі ваяроў узгадваюцца і ў попісах паспалітага рушэння 1565 і 1567 гг. Апроч таго, тут фіксуецца яшчэ адна катэгорыя, а менавіта "кашубы". Адметнасць узбраення конникаў, называемых "гусарамі", складала спалучэнне шчыта з дрэвам. Так, на попіс 1567 г. ваявода Менскі Гаўрыла Іванавіч Гарнастай ставіў "коней сорок деветь по-гусарску - пнцри, пр., тар., древца"; таксама "по гусарску - збройно пнц., при., тар., древ," выставіў на попіс 76 пахолкаў князь Леў Сендзюшкавіч Кашырскі. Аналагічны рыштунак пазначаецца як гусарскі ў почтах пана Матуша Нарбута, пана Юрыя Ільініча, графа на Міры, пана Стэфана Роскага, пана Бенедыкта Юрагі, пана Паўла Падарэўскага, пана Аляксандра Багданавіча Сямашкі і інш. Гэты тып кавалерыі непасрэдна звязаны з мадэллю, агаворанай яшчэ ў Статуце 1529 г., якая прадугледжвала, як ужо адзначалася, лёгкага капійніка. Стасаванне ў дачыненні яго тэрміна "гусар" абумоўлівалася, па ўсёй верагоднасці, не толькі набліжанасцю спалучэння шчыта з кап'ём да венгерскай традыцыі, але і паступовай трансфармацыяй узбраення на венгерскі лад. Так, у попісах 1565 і1567 гг. не сустракаюцца характэрныя для папярэдніх часоў павезы (якія, зрэшты, маглі выступаць пад абагульняючым тэрмінам "тарча"), у якасці клінковай зброі ўсё часцей фіксуецца шабля, а тыповыя для сталага этапу венгерскай гусарыі шышакі выходзяць на другое месца па папулярнасці сярод баявых нагалоўяў.

     Падставовай рысай выдзялення ў асобную катэгорыю ваяроў, узброеных "па-казацку", была наяўнасць лука, які мог дапаўняцца дрэўкавай зброяй у выглядзе рагаціны ці вошчапа. Так, у 80-ці конным почце, які выставіў на попіс 1567 г. князь Андрэй Цімафеевіч Капуста, кашталян Браслаўскі, палова пахолкаў была ўзброена па-гусарску, "а половица по козацку - з согайдаки, з рогатинами; вси збройно - пнцри, пр., тарчи". У тым жа годзе пан Ян Гайка, кашталян Берасцейскі, "ставил сто по козацку збройно - пнцри, пр., согай., сабли, рогати.", пан Мікалай Дарагастайскі, стольнік гаспадарскі, -- "по козацку коней осм - з согай., з рогат.", пан Кацэўскі, кухмістр каралеўскі, -- "коней шесть по казацку - пнцр., при., согай., шабля, рогати." і г.д.

     Практыка спалучэння сагайдака з рагацінай парадзіла досыць паспешлівыя высновы асобных аўтараў аб камплекце лука і дрэўкавай зброі як аб абавязковым і нават больш таго, арыгінальным рыштунку казакаў, які нібыта з'явіўся сімбіёзам татарскіх мілітарных традыцый з рускімі (усходнеславянскімі). На самой справе крыніцы не даюць ніякіх падстаў для такіх меркаванняў. Па-першае, той жа попіс 1567 г. прыносіць прыклады акрэслення як "казацкі" і такога рыштунка, у якім дрэўкавая зброя адсутнічае. Так, Юры Васільевіч Тышкевіч, ваявода Берасцейскі, выстаўляў "по козацку з согайдаки збройно коней 12", князь Андрэй Міхайлавіч Курбскі - "по козацку коней сто - з согай. А з саб.". Князь Андрэй Капуста, апроч казакаў з рагацінамі, ставіў на попіс з двух "от пана Ильинича заставленых" сёл у Берасцейскім павеце "коней 5 по казацку - пнцри, пр., сагай., сабли". Такім чынам, казацкая кавалерыя выступае тут у двух мадыфікацыях - як стрэльчая і як універсальная, што можна было заўважыць у татарскай конніцы яшчэ ў ХІV - ХV стст. У сувязі з гэтым можна меркаваць, што казацкі рыштунак быў звязаны менавіта з татарскай традыцыяй, тым больш што і тэрмін "казак", і сама традыцыя "казакавання", ды і першыя казакі на землях Вялікага княства Літоўскага знаходзіліся з татарамі ў самай цеснай сувязі.

     Як ні парадаксальна, самі літоўскія татары ў ХVІ ст. настолькі паспелі ўжыцца ў мясцовыя ўмовы, што не заўсёды былі рэпрэзэнтантамі нацыянальнай мадэлі ўзбраення. Яшчэ ў 1534 г. ваяры харугвы Ахмета Улана мелі даволі тыповы рыштунак, які складаўся з сагайдака і шаблі, але ўжо попіс 1565 г. фіксуе значную стракатасць ва ўзбраенні татараў, якія, апроч камплектаў, аналагічных казацкім, маглі мець толькі ручніцы, вошчапы альбо корды; у гэтым сэнсе яны нічым не адрозніваліся ад іншай шэраговай шляхты Вялікага Княства. Адступленні ад традыцыйнай мадэлі ўзбраення ў асяроддзі татараў фіксуе і попіс 1567 г.

     Відавочна мясцовыя карані мела мадэль узбраення "па-кашубску", якая ў якасці асноўнай наступальнай зброі прадугледжвала рагаціну ці вошчап. Так, на попіс 1567 г. пан Станіслаў Нарушэвіч, цівун Віленскі, выстаўляў "по-гусарску коней сорок с тарчи, з древцы, а по кашубску коней десять з рогати.; вси збройно - пнцри, при.", а пан Станіслаў Мікалаевіч Нарбут, ваявода Падляшскі, -- "коней шестнадцать по кашубску - пнцри, при., рогати." Як сведчыць попіс, ваяры, асноўнай наступальнай прыладай якіх з'яўлялася аблегчаная дрэўкавая зброя, былі прадстаўлены на ўсёй тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, аднак найбольш папулярнай была падобная мадэль у жамойцкіх харугвах. Гэта цалкам стасуецца з інфармацыяй Герберштайна аб тым, што жамойты на вайне карысталіся галоўным чынам кароткімі вошчапамі, якія ён параўноўвае з паляўнічымі. Можна таксама ўзгадаць, што кароткія вошчапы-суліцы лічыліся традыцыйнай зброяй літоўскіх ваяроў і ў больш раннія часы, у ХІV - пачатку ХV ст.

     Цяжэй вызначыць асаблівасці рыштунку рыцарства, узброенага "па-бруншвіцку". Як правіла, крыніцы абмяжоўваюцца ўзгадкамі аб існаванні падобнай мадэлі, не расшыфроўваючы яе. Напрыклад, у попісе 1567 г. узгадваецца жамойцкі пан Мікалай Станкевіч, які "оказал конно, збройно по гусарску коней 17, а по броншвицку коней 10". У польскай літаратуры існуе меркаванне, што "па-бруншвіцку" узбройваліся экіпіраваныя на заходні лад райтары ці аркабузеры, забяспечаныя ручной агняпальнай зброяй. Здавалася б, гэта меркаванне падцвярджаецца апісаннем почту пана Багдана Стэцкевіча, старасты Кокенгаўзенскага, які ў 1567 г. уключаў 12 кавалерыстаў "з аркабузы по немецку". Аднак з ім не стасуецца рэестр атрада князя Андрэя Курбскага, выставіўшага ў тым самым годзе , між іншым, "по гусарску а по немецку коней осмдесят с тар., з древ." Калі ў дадзеным месцы тэксту не мае месца якая-небудзь недакладнасць, то і ваяры, узброеныя па-гусарску, і выршнікі, экіпіраваныя па-нямецку валодалі шчытамі і коп'ямі, хаця, можа быць, розных мадыфікацый. Самае месца нагадаць, што ў Вялікім Княстве ў другой палове ХVІ ст. вылі вядомыя як гусарскія, так і "бруншвіцкія" дрэвы. Нельга таксама цалкам выключыць магчымасці спалучэння ў "нямецкім" рыштунку дрэўкавай зброі з агняпальнай.

     Як бачна, у аснове выдзялення вышэйназваных катэгорый ваяроў ляжаў характар наступальных сродкаў; засцерагальнае ўзбраенне калі і прымалася пад увагу, то мела другараднае значэнне.Прынамсі кожная катэгорыя вершнікаў магла ўжываць розныя віды аховы тулава - "зброі бляхавыя", панцыры, неметалічныя даспехі ці не ўжываць наогул ніякага баявога пакрыцця цела. Гэта выдатна ілюструе ўсё той жа попіс 1567 г. Так, пан Станіслаў Неміра выслаў на яго 48 коннікаў у панцырах, "зброях бляхавых", прылбіцах, з тарчамі і дрэвамі. У той жа час Мікалай Адамовіч, папісаны сярод гедройцкіх князёў, "ставіл кони 2 - один пнцр, а други в кафтане, тр., др." Па-казацку, але ў разнастайным засцерагальным узбраенні выехаў на попіс конны почат пані Мікалаевай Осцікавай Ганны, княжны Любецкай, у якім налічвалася "коней пятнадцать; пнцр. чотыри, зброй блях. сем, в каф. Чотыри; на всих при., согай., рогати." Па-кашубску ўзброіў сваіх пахолкаў каралеўскі сакратар Вацлаў Агрыпа, які "ставил коней пять збройне - зброи блях., штурмгабы а влочни". Менш аднароднае засцерагальнае ўзбраенне назіралася ў сцплым, двухасабовым почце Мацея Станіслававіча Юражыча, які "з дворца Кгедройтского, а з дворца Овилского... ставил кони 2 - один збройно, а други в кафтане з рогати." Вельмі няроўна былі ўзброены ваяры Юрыя Іванавіча, старасціча Пінскага. 13 з іх мелі "зброи бляховые, штурмгабы, аркабузы, секерки, мечи, ощепы, а три их в каф. з още., с прил."

     Розныя фінансавыя магчымасці феадалаў Вялікага княства Літоўскага часам прыводзілі да выстаўлення імі ваяроў, якіх цяжка залічыць да якой-небудзь унармаванай катэгорыі, фіксуемай у крыніцах пад асобным тэрмінам. Побач з почтамі, камбатанты якіх выступалі ўзброенымі літаральна з ног да галавы і маглі спалучаць элементы рыштунку розных катэгорый, трапляліся асобы з вельмі скудным асартыментам баявых сродкаў. Апроч таго, сустракаліся выпадкі адсутнасці ў ваяроў коней і любой зброі ў поўным сэнсе гэтага слова. Так, у 1567 г. сярод рыцараў Навагрудскага павету фігуруе "Стась Неверович з Своротвы, чоловек велми убоги, пеш с посохом". Не менш камічна ўзброіў свайго сына Андрэя, папісанага ў харугве Менскага павету, нехта Валенты Шчалканавіч; згаданы Андрэй з'явіўся на вайну "пешо з вилами". А двума гадамі раней ашмянскі шляхціц Юзаф Янавіч Куцэвіч увогуле выехаў на попіс "на мерыне ни щым". Праўда падобныя выпадкі фіксуюцца ў войску Вялікага Княства не так ужо і часта, аднак яны выдатна ілюструюць каласальную стракатасць ва ўзбраенні ваяроў гэтай дзяржавы.

     Падсумоўваючы, можна адзначыць, што ў структуры кавалерыі паспалітага рушэння Вялікага княства Літоўскага ХVІ ст. назіралася пэўная пераемнасць з папярэднімі часамі. Найбольш яна выявілася ў падзеле войска на капійнікаў і стральцоў, існаваўшым да сярэдзіны ХV ст. "de jure", а ў далейшым - "de facto".
Праглядаў - 10934
Мапа сайту...
Уверх...
Усе правы абаронены © 2004, 2005, Княжы гуф
Вашы заўвагi i прапановы: knight.by@mail.ru
Дызайн i праграмiраванiе Dionisiy, хостынг Extmedia