Княжы гуф
Княжы гуф

Галоўная/Бiблiятэка/Артыкулы/Праблема ўзбраення і арганізацыі войска Вялікага княства Літоўскага ХІV – ХVІ стст. ў гістарыяграфіі

Праблема ўзбраення і арганізацыі войска Вялікага княства Літоўскага ХІV – ХVІ стст. ў гістарыяграфіі

Юрась Бохан

     Прац, прысвечаных комплекснаму вывучэнню ўзбраення войска Вялікага княства Літоўскага ў другой палове XIV - канцы XVI ст., на сёнешні дзень мала. Разам з тым, асобныя аспекты гэтай праблемы закраналіся ў працах як айчынных, так і замежных аўтараў. Беларускія навукоўцы да апошняга часу збольшага звярталі ўвагу толькі на апісанне асобных элементаў баявога рыштунка, знойдзеных пад час археалагічных раскопак, хаця пэўныя захады ў плане даследвання арганізацыі і ўзбраення збройных сілаў Вялікага Княства рабіліся М.А.Ткачовым і Г.М.Сагановічам. Значная колькасць прадметаў узбраення, выяўленых на землях былога Вялікага княства Літоўскага, аналізуецца таксама ў працах расійскіх і асабліва Літоўскіх археолагаў. Калі ж гаварыць пра спробу стварэння цэласнай карціны функцыянавання ліцвінскага войска, прынамсі з ХVІ ст., то найбольш цікавымі ўяўляюцца напрацоўкі польскіх даследчыкаў. Пераходзячы да разгляду польскай літаратуры, мэтазгодна выдзеліць у ёй тры групы. У першую аб'ядноўваюцца працы, прысвечаныя непасрэдна ўзбраенню, ужыванаму на землях Вялікага Княства. Усе яны маюць збольшага апісальніцкі характар і прычвячаюцца ўвядзенню ў навуковы абарот археалагічных здабыткаў ці музейных экспанатаў. Да гэтай групы можна аднесці выдадзеныя ў міжваенны час артыкулы Й.Альштына-Вільчынскага, А.Марыяноўскага, К.Старыконь-Градзецкага, Й.Фіцке, а таксама невялікую па памерах кніжку М.Берсана "Dawna zbrojownia ksiazat Radziwillow w Nieswiezu", што пабачыла свет у 1904 г.

     У другую групу можна залічыць працы, прысвечаныя рыштунку суседніх з Вялікім княствам Літоўскім зямель, галоўным чынам Польшчы, у якіх рэаліі Вялікага Княства не разглядаюцца ці разглядаюцца ў мінімальнай ступені. Разам з тым, яны надзвычай карысныя ў метадычным і параўнаўчым плане. Спіс польскай літаратуры падобнага кшталту надзвычай абшырны, таму варта найперш спыніцца на тых працах, якія ў большай ступені прыдатныя для даследвання войска ВКЛ ХІV - ХVІ стст.. Сярод твораў, у якіх разглядаюцца праблемы арганізацыі польскага войска, у тым ліку часоў позняга сярэднявечча, у першую чаргу хацелася б назваць тры кнігі К.Гурскага, прысвечаныя адпаведна кавалерыі, пяхоце і артылерыі. Выдадзеныя ў канцы XIX і на пачатку XX ст., гэтыя кнігі ўтрымліваюць багаты фактычны матэрыял, у значнай ступені дзякуючы якому яны не страцілі актуальнасці па сёнешні дзень.

     З сучаснай польскай зброязнаўчай літаратуры найбольшую ўвагу прыцягваюць працы, прысвечаныя асобным відам зброі. Клінковая зброя аналізуецца ў класічнай працы А.Надольскага "Polska bron. Bron biala". Толькі мячам прысвечаны кнігі М.Глосэка "Miecze srodkowoeuropejskie z X - XV w." і М.Глосэка і А.Надольскага "Miecze sredniowieczne z ziem polskich.", прычым для сістэматызацыі матэрыяла тут выкарыстоўваецца тыпалогія вядомага брытанскага даследчыка Р.Э.Оўкешота з дапаўненнямі М.Глосэка. Гэта тыпалогія найбольш прыдатная і для класіфікацыі познесярэднявечных мячоў з зямель Вялікага княства Літоўскага. Адна з найцікавейшых прац па шаблях належыць пяру В.Заблоцкага, які, будучы дасведчаным фехтавальшчыкам, звяртае ўвагу не толькі на фармальныя прызнакі асобных варыянтаў гэтага тыпу клінковай зброі, але і на іх баявыя якасці. З публікацый, прысвечаных абуховай зброі, асобна варта выдзеліць кнігу М.Глосэка "Pozniesredniowieczna bron obuchowa w zbiorach polskich", дзе даследчык вайсковасці Вялікага Княства можа знайсці не толькі вельмі ўдалую, як падаецца, тыпалогію сякер, але і абгрунтаваную трактоўку функцыянальнага прызначэння кожнага тыпа. Цікава таксама, што аўтар, аналізуючы польскі матэрыял, апелюе, тым не менш, і да замежных аналагаў, у тым ліку літоўскіх. Тое ж самае можна сказаць пра кнігу В.Свентаслаўскага "Strzemiona sredniowieczne z ziem Polski". Вельмі спецыфічныя праблемы прадукавання ўзбраення ў сярэднявечнай Польшчы разглядае ў манаграфіі "Produkcja i koszty uzbrojenia rycerskiego w Polsce XIII - XV w." Я.Шымчак. І, нарэшце, нельга абмінуць увагай дзве калектыўныя працы, якія носяць апбагульняючы характар і з'яўляюцца плёнам сумесных намаганняў найбольш выбітных польскіх даследчыкаў вайсковасці. Гаворка ідзе пра кнігі "Uzbrojenie w Polsce sredniowiecznej 1350 -- 1450" і "Polska technika wojskowa do 1500 roku". У абодвух працах разглядаецца самы шырокі спектр праблем сярэднявечнага польскага войска - ад аналізу асобных катэгорый узбраення да арганізацыі яго прадукавання і збыту, а таксама пытанняў арганізацыі войска і цэлым.

     Шэраг публікацый польскіх аўтараў, прысвечаных, у прынцыпе, праблемам замежнай вайсковасці, у той ці іншай ступені закранаюць і рэаліі Вялікага княства Літоўскага. Перш за ўсё гэта тычыцца перыяду пачынаючы з XVI ст., тады як вайсковая справа Вялікага Княства другой паловы XIV --XV ст. разглядаецца польскімі даследчыкамі, як правіла, павярхоўна і збольшага грунтуецца на гіпотэзах. Гэта, між іншым, характэрна для ў цэлым грунтоўнейшай манаграфіі А.Надольскага "Grunwald. Problemy wybrane", дзе разглядаюцца самыя розныя аспекты, звязаныя з Вялікай вайной, у тым ліку і ўзровень вайсковай справы кожнага з варагуючых бакоў. Вельмі цікавы аспект мілітарных кантактаў Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст., а менавіта выпадкі службы ліцвінаў, русінаў і літоўскіх татараў у польскіх наёмных ротах закранае ў кнізе "Ludzie Wschodu w wojsku ostatnich Jagellonow" М.Плеўчыньскі. Найбольшая каштоўнасць гэтай працы бачыцца ў тым, што яе аўтар прыцягвае ўвагу да попісаў каронных рот як да крыніцы па вывучэнню літоўскай вайсковасці першай паловы XVI ст. Праблемы забеспячэння войска Вялікага Княства за кошт прадукцыі польскіх майстроў закранаюцца ў манаграфіі А.Сварычэўскага "Platnierze krakowscy", дзе робіцца таксама цікавая спроба інтэрпрэтаваць асноўныя платнерскія тэрміны, бытаваўшыя ў XV - XVI стст. на землях не толькі Кароны, але і яе ўсходняга суседа. Не менш значнай уяўляецца праца З.Жыгульскага "Bron w dawnej Polsce na tle uzbrojenia Europy i Bliskiego Wschodu", у якой разглядаецца польскае ўзбраенне ў кантэксце вайсковай справы на даволі шырокіх абшарах хрысціянскага і мусульманскага свету. У згаданай кнізе, між іншым, змяшчаецца багаты фактычны матэрыял, прысвечаны вайсковаму рыштунку літоўскіх феадалаў, у прыватнасці Радзівілаў. Прадстаўлена амуніцыя, ужываная ў Вялікім княстве Літоўскім, і ў кнізе З.Жыгульскага "Stara bron w polskich zbiorach". Яшчэ далей у аналізе ўзбраення XVI ст., што належала Радзівілам, пайшоў З.Фуіньскі, які ў артыкуле "Garnitur zbroi" на падставе распрацовак венскага зброязнаўцы О.Гамбера, эскізнікаў тагачасных майстроў і захаваных частак даспехаў з музейных і калекцыйных збораў розных краін свету прапанаваў рэканструкцыі шэрагу даспешных гарнітураў прадстаўнікоў гэтага славутага роду.

     З існуючых на сёнешні дзень публікацый, дзе разглядаецца артылерыя Вялікага княства Літоўскага XVI cт., найбольш грунтоўнымі з'яўляюцца працы Т.Новака "Z dziejow techniki wojennej w dawnej Polsce" i "Polska technika wojenna XVI - XVIII w.". Выкарыстоўваючы розныя крыніцы, галоўным чынам інвентар Віленскага арсенала сярэдзіны XVI ст., ён прадставіў асартымент ужыванай тут у гэты час агняпальнай зброі, дынаміку цэнтралізаванага забеспячэння артылерыйскай амуніцыяй розных замкаў дзяржавы, а таксама зрабіў спробу прывесці тэхнічныя характарыстыкі асноўных катэгорый гармат. Нягледзячы на пэўную ўмоўнасць выкладак гэтага аўтара, яго працы пакуль застаюцца для вывучэння артылерыі Вялікага Княства эталоннымі.
Праглядаў - 10628
Мапа сайту...
Уверх...
Усе правы абаронены © 2004, 2005, Княжы гуф
Вашы заўвагi i прапановы: knight.by@mail.ru
Дызайн i праграмiраванiе Dionisiy, хостынг Extmedia