Княжы гуф
Княжы гуф

Галоўная/Бiблiятэка/Артыкулы/Падрыхтоўка да вайны і ваенныя практыкаванні ваяроў Вялікага княства Літоўскага ў ХV – ХVІ стст.

Падрыхтоўка да вайны і ваенныя практыкаванні ваяроў Вялікага княства Літоўскага ў ХV – ХVІ стст.

Юрась Бохан

     Пытанні, звязаныя з мілітарнай гісторыяй Вялікага княства Літоўскага ХV - ХVІ стст., па сёнешні дзень застаюцца аднымі з найменш распрацаваных ў айчыннай гістарыяграфіі. Асабліва гэта тычыцца праблемы падрыхтоўкі ваяроў, выпрацоўкі ў іх навыкаў, неабходных на вайне, якая не была прадметам спецыяльнага даследвання наогул. Гэта абумоўліваецца як надзвычайнай скуднасцю крыніц, так і спецыфікай тэмы, якая на фоне наяўнасці больш глабальных праблем, што чакаюць тэрміновага даследвання, выглядае ці не занадта вузкай.

     Варта падкрэсліць, што лепшым сродкам ваеннай падрыхтоўкі ў часы сярэднявечча з'яўлялася як ні парадаксальна гэта гучыць, сама вайна. Менавіта на войнах адшліфоўваліся баявое майстэрства, уменне валодаць зброяй, тактычныя прыёмы і, што немалаважна, неабходныя якасці характару. Вышэйсказанае ў роўнай меры тычыцца як Вялікага Княства, так і краін Захаду, дзе "мірныя" спосабы выхавання прафесійных воінаў-феадалаў былі, здавалася б, значна больш развітымі. Па прычыне спецыфікі свайго геаграфічнага размяшчэння, Вялікае княства Літоўскае да сярэдзіны ХV ст. не мела недахопу ў вайсковых практыкаваннях непасрэдна на полі бою. Больш таго, працэс фарміравання ваенна-служылага саслоўя быў далёкі ад завяршэння і ў шэрагі рыцарства мог патрапіць просты чалавек, калі ён праявіў сябе на вайне. Такім чынам дзейнічаў своеасаблівы "натуральны адбор" і фактар свядомай падрыхтоўкі воіна-прафесіянала не заўсёды меў рашаючае значэнне.

     Аднак мелі месца і іншыя войны, на якіх вайсковы люд меў магчымасць удасканаліць майстэрства знішчаць сабе падобных, -- гэта сутычкі паміж феадаламі, звесткамі аб якіх перанасычаны дакументы ХVІ ст. Паколькі справа часам ішла аб сур'ёзных матэрыяльных выгодах, падобныя сутычкі нярэдка праходзілі з размахам і нагадвалі сапраўдныя баявыя дзеянні. Так, у 1521 г. намеснік троцкага ваяводы Тыкоцінскі Жынка "собравшис в немалом почте людей в зброях, с древци, с трубами" напаў, прыехаўшы з Мінска, на маёнтак баярына Ганезскага. У адным з наездаў, арганізаваных у 1561 г. князем Канстанцінам, ваяводам Кіеўскім, удзельнічала "колко сот человеков з луки, рогатинами, з ручницами и з иншими многими бронями", а двума гадамі пазней ураднікі князя К.К.Астрожскага наехалі на замак у г. Грыцаве, маючы ў сваім распараджэнні нават гарматы. У наездзе 1564 г. Мікалая Дуброўскага, урадніка ваяводы Троцкага Мікалая Радзівіла, на двор краснасельскага баярына Васіля Барзабагатага Вечын, прымала ўдзел 15000 пехацінцаў і паўтары сотні кавалерыстаў.

     Важнае значэнне для павышэння ваявых якасцяў феадалаў мелі вандроўкі за мяжу, якія ў вялікіх масштабах разгарнуліся з канца ХІV ст., у перыяд дынастычнай барацьбы, калі "пакрыўжаныя" мажнаўладцы шукалі падтрымкі ў Тэўтонскага ордэна.. У сярэдзіне ХV ст. феадалы Вялікага княства Літоўскага атрымалі магчымасць для замежных вандровак на цалкам законных падставах. У 1457 г. кароль і вялікі князь Казімір у жалаванай грамаце літоўскаму, рускаму і жамойцкаму духавенству, дваранству, рыцарству, шляхце, баярам і месцічам абвяшчаў: "Також произволяем, абы княжата, рытеры, шляхтичи, бояре, доброволно имели бы моць выехати з наших земель князьства великого, для лепшего исщастья набытья, а любо учинков рытерских, до каждых земель, сторон, толко выменяючи стороны неприательское". Нельга сказаць, што рыцарства Вялікага Княства не скарыстала гэтую магчымасць. Некаторыя феадалы не толькі здолелі наведаць замежныя краіны, але і дабіліся там пэўнага прызнання. Так, у 1467 - 1469 гг. вялікі поспех пры дварах еўрапейскіх манархаў меў Аляксандр Солтан, які быў узнагароджаны каралём Англіі залатым ланцугом, здолеў набыць высокі чын пры двары бургундскага герцага Карла Смелага і вярнуўся на Радзіму кавалерам надзвычай прэстыжнага ордэна Залатога Руна. У канцы ХV ст. праявіў сябе на службе заходніх манархаў вядомы пераможца татараў у бітве пад Клецкам у 1506 г. Міхал Глінскі. Шукалі славы і багацця на Захадзе і Радзівілы, атрымаўшыя ад германскага імператара княскі тытул. Найбольш даступнай была для феадалаў Вялікага княства Літоўскага служба ў бліжэйшых суседзяў, асабліва ў Польшчы, дзе ў ХVІ ст. наяўнасць атрадаў літоўскіх, беларускіх і украінскіх феадалаў была звычайнай справай.

     Траплялі выхадцы з Вялікага Княства і ў Маскоўскую дзяржаву. Тут яны, паводле інфармацыі германскага пасла Сігізмунда Герберштэйна, карысталіся ў першай палове ХVІ ст. рэпутацыяй спрактыкаваных паядыншчыкаў на своеасаблівых "судах гонару", закліканых да вырашэння судовых спраў. Доўгі час у паядынках паміж падданымі маскоўскага ўладара і немцамі, палякамі або ліцвінамі перамагалі, часцей за ўсё, апошнія, аж пакуль адзін юны ліцвін не сустрэўся з маскоўскім асілкам, пераможцам у больш чым дваццаці такіх сутычак, і забіў яго. Пасля гэтага маскоўскі ўладар падазваў да сябе юнака, паглядзеў на яго, плюнуў на зямлю і забараніў у далейшым прызначаць у якасці супернікаў для сваіх падданых іншаземцаў.

     Тым не менш, служба за мяжой была даступнай далёка не для ўсіх феадалаў, а на вайну пажадана было выяжджаць, маючы хаця б элементарныя навыкі вайсковай справы і пэўную фізічную падрыхтоўку. Аб баявых практыкаваннях, пастаўленых ў часы Вітаўта на дзяржаўны ўзровень, піша славуты паэт-лацініст Мікола Гусоўскі ў сваёй "Песні пра зубра" (выдадзена ў Кракаве ў 1523 г.). Паводле ягоных сведчанняў, баявая падрыхтоўка ўключала конныя гонкі, у тым ліку начныя, фарсіраванне рэк, трапнае паражэнне мішэні на поўным скаку.

     Адным з найбольш дэмакратычных і даступных спосабаў падрыхтоўкі да вайны было паляванне, асабліва на буйных жывёл, такіх як зубр. Арганізаванае адпаведным чынам, яно давала магчымасць удасканаліць навыкі валодання усімі відамі зброі. Бягучая жывёла служыла кавалерыстам мішэнню для стральбы з лука і для кідання коп'яў, прычым стрэлы і коп'і пазначаліся спецыяльнымі меткамі з тым, каб у далейшым вызначыць трапнасць і сілу кідка таго ці іншага ўдзельніка палявання. З параненым і аслабленым зверам распраўляліся пры дапамозе зброі блізкага бою, прынцып валодання якой заключаецца ў тым, каб "трапіць і не быць патрапленым". Дзеля гэтага, паводле апісання Гусоўскага, пешы фехтавальшчык хаваўся за дрэва, якое служыла аховай ад тараннага ўдару жывёлы, і выкарыстоўваў разнастайныя ўхіленні ад рагоў і шурпатага языка зубра, якім той мог падхапіць праціўніка і падцягнуць да сябе, адначасова імкнучыся нанесці клінком трапны і моцны ўдар. Падобную ж манеру развіцця навыкаў фехтавання ваярамі Вялікага княства Літоўскага апісвае і Герберштэйн, з той толькі розніцай, што ў якасці прылады для дабівання зубра ён называе рагаціну.

     Найбольшую магчымасць для мэтанакіраванага вайсковага выхавання мелі заможныя феадалы, якія былі ў стане набываць дзіцячае ўзбраенне, неабходнае для выпрацоўкі навыкаў абыходжання са зброяй з маленства. Паказальным у гэтым сэнсе з'яўляецца рэестр маёмасці, што засталася ў 1582 г. пасля смерці Андрэя Бабраўніцкага ў жамойцкім маёнтку Жэймяны. Тут, сярод іншага ўзбраення і вайсковай амуніцыі, значацца дзіцячае сядло, "кордзік малючкі", "мечык" і "шабелек малых 2", пра якія сказана, што яны аддадзены дзецям (маюцца на ўвазе "недарослыя" дзеці ўладальніка маёнтка). Найбуйнейшыя магнаты, напрыклад Радзівілы, мелі ў сваім распараджэнні дзіцячыя поўныя рыцарскія даспехі.

     Найышэйшым узроўнем вайсковых практыкаванняў у сярэднявеччы былі турніры, якія набылі ранг своеасаблівага рыцарскага рытуала. З якога часу і з якой інтэнсіўнасцю прымала ўдзел у турнірах рыцарства Вялікага княства Літоўскага досыць складана, бо крыніцы, як правіла, досыць скупа апавядаюць пра гэтыя падзеі. Вядома аднак, што ў турніры, арганізаваным у 1412 г. пры двары венгерскага караля Жыгімонта, бралі ўдзел, разам з прадстаўнікамі іншых народнасцяў, ліцвіны і русіны, хаця і не вядома дакладна, пра якіх русінаў ідзе гаворка - пра падданых Вітаўта ці Ягайлы. Можна меркаваць, што ўраджэнцы Вялікага Княства не заставаліся ў баку і ад турніраў, праводзімых у Польшчы, тым больш што пры асобе амаль што ўсіх польскіх каралёў Ягелонскай дынастыі стала знаходзіліся дваране літвіны, а шэраг імпрэз такога кшталту ў Кракаве быў самым непасрэдным чынам звязаны з іх Радзімай. Так, у 1386 г. адбыўся турнір з нагоды шлюбу каралевы Ядзвігі і вялікага князя літоўскага Ягайлы, у 1424 г. - пад час каранацыі Зоф'і Гальшанскай і г.д.

     Крыніцы засведчылі ўдзел у турнірах рыцараў Вялікага княства Літоўскага і ў ХVІ ст., калі падобныя практыкаванні перажывалі росквіт пры ягелонскім двары. Так, пад час зашлюбінаў у 1539 г. Ізабелы Ягелонкі з венгерскім каралём Янам Заполем і князя Ільі Астрожскага з Беатай Касцельскай у Кракаве адбыўся турнір, на якім каралевіч Жыгімонт Аўгуст "сутыкаўся на вастрыё ў гончым даспеху" з князем Ільёй. "З апушчанымі забраламі, у гончых даспехах ляцелі адны насустрач другім, на небяспекі і раны ўзаемныя" ліцвіны і палякі на турніры, арганізаваным у 1553 г. у польскай сталіцы з нагоды зашлюбінаў Жыгімонта Аўгуста з Катарынай Аўстрыйскай. Спачатку адбыліся парныя сутычкі, пасля чаго рыцары, аб'яднаўшыся ў групы, змагаліся з мячамі і шчытамі. Асаблівую ўвагу прыцягнула меўшая месца на другі дзень сутычка "на вастрыё" кракаўскага мечніка Зыгмунта Вольскага і літоўскага пана Станіслава Кежгайлы, прычым паміж палякамі і ліцвінамі ўспыхнула спрэчка, каму прысудзіць перамогу. Бо Вольскі зваліў праціўніка на зямлю разам з канём, але Кежгайла, у сваю чаргу, не толькі скрышыў магутным ударам сваё кап'ё ажно да рукаяці, што лічылася прызнакам вялікага майстэрства, але здолеў у "цяжкім даспеху" саскочыць на зямлю праз галаву падаючага каня. Але ўсе прызналі, што "абодвум няхай будзе слава, за тое што кожны паводле сваіх сіл учыніў". 6 студзеня 1578 г. з нагоды вяселля падканцлера кароннага Яна Замойскага і Крыстыны Радзівіл пад Варшавай адбылася "ганітва да пярсцёнка", якая прадугджвала патраплянне кап'ём на скаку ў падвешанае на шнуры колка, прычым у залежнасці ад месца паражэння мішэні, а таксама дапушчаных удзельнікам памылак (датыканне дрэўкам кап'я да шнура, выпаданне нагі са стрэмені, выпаданне з рук кап'я, датыканне ім зямлі і тым больш яго ламанне аб зямлю і г.д.), ён атрымоўваў пэўную колькасць балаў або пазбаўляўся іх.

     Мелі месца турніры і непасрэдна на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Адно з такіх мерапрыемстваў было арганізавана ў Вільні ў сакавіку 1546 г. з нагоды знаходжання тут прускага князя. Яшчэ больш грандыёзнае відовішча было наладжана ў Вільні 22 лютага 1547 г. Яго праграма ўключала тры пункты: турнір, гусарскія практыкаванні і здабыванне абароннага замку. Наколькі забавы падобнага кшталту паспелі ўжо ўвайсці ў свядомасць грамадства, сведчаць элементы характэрнай для густаў эпохі Рэнесансу сатыры. Маецца на ўвазе адзін пікантны эпізод, выкліканы эратычнай атмасферай, панаваўшай пад час гульняў (што было цалкам натуральным, прымаючы пад увагу фон, на якім разгортваліся падзеі, а менавіта раман Жыгімонта Аўгуста з Барбарай Радзівіл), калі адна прастытутка, Зоф'я Доўгая, за адпаведную плату дала сябе ўзброіць і прыняла ўдзел у паядынках (відавочна імітаваных) з панамі Гербуртам і Лашчам.

     Значныя запасы турнірнага ўзбраення ў арсеналах асобных буйнейшых феадалаў наводзяць на думку, што асяродкамі правядзення турніраў маглі быць двары не толькі манархаў, але і магнатаў, здольных забяспечыць адпаведным рыштункам пэўную колькасць удзельнікаў. У гэтым сэнсе варта спыніцца на нясвіжскім арсенале Радзівілаў, дзе ажно да пачатку ХХ ст. захоўвалася вялікая колькасць турнірнай амуніцыі. Высылалася яна з Нясвіжа і ў іншыя радзівілаўскія маёнткі. Так, сярод рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц, фігуруюць "zbroy kolczych do gonitwy 2". Відавочна, што прадстаўнікі гэтага славутага роду не жадалі пазбаўляць сябе задавальнення папрактыкавацца ў баявых гульнях не толькі ў сваёй асноўнай рэзідэнцыі, але і ў розных частках сваіх абшырных уладанняў.

     На падставе сведчанняў сучаснікаў і апісанняў феадальных арсеналаў, можна засведчыць удзел прадстаўнікоў Вялікага княства Літоўскага ў ХVІ ст. у некалькіх відах турніраў, з якіх больш падрабязна варта спыніцца на турнірах на тупых і вострых коп'ях, а таксама на вольным турніры. Кожны з іх патрабаваў спецыяльнага рыштунку, хаця сутнасць усіх турніраў была прыблізна аднолькавая - выбіць праціўніка з сядла або зламаць кап'ё, што таксама сведчыла аб сіле нанесенага ўдару. "Колчыя" даспехі (ням. Stechzeug ад stechen - калоць) прызначаліся для коннага турніру на тупых, забяспечаных спецыяльнымі каронападобнымі наканечнікамі коп'ях (па нямецку гэты турнір называўся Gestech). Аснову колчага даспеха складала асіметрычная кіраса, выпуклая злева і сплошчаная справа, дзе да яе мацаваўся апорны крук і кранштэйн для фіксацыі задняй часткі кап'я. Да кірасы мацаваўся глухі шлем, прыплюснуты ў цемянной частцы і з вертыкальнымі сценкамі, якія плаўна адгіналіся вонкі, утвараючы на ўзроўні вачэй рабрысты пералом, спераду раскрыты ў зрокавую шчыліну. Дзякуючы свайму аддаленаму падабенству з галавой жабы, шлем атрымаў назву "жабінай морды". Даспех дапаўняўся таксама асіметрычнымі аховамі рук з адносна лёгкімі наплечнікамі і акруглымі падпахавымі шчыткамі, і спаднічкай з навяснымі пласцінамі-ташкамі. Дадатковую ахову цела складалі шчыт і акруглы шчыток кап'я. Апошняе дасягала даўжыні 370 см і дыяметра 9 см.

     Для турніраў "на вастрыё" ужываўся "гончы" даспех (ням. Rennzeug). Турнір на вострых коп'ях (ням. Rennen) ўяўляў сабой серыю атак з поўным разгонам каня і з заменай коп'яў "на хаду". Аснову "гончага" даспеха складала кіраса з прымацаваным апорным круком і кранштэйнам, прычым наспіннік меў глыбокія выразы па баках, ля шыі і паясніцы так, што нагадваў літару Х. Да нагрудніка мацаваўся металічны падбароднік, які ахоўваў ніз твару і спалучаўся са спецыфічным шлемам-саладай. Ахова рук адсутнічала, у той час як ногі бараніліся фартухам з падоўжанымі ташкамі. Левы бок даспеха дадаткова ўзмацняўся спецыяльным шчытом (ням. Renntartsche), які вырабляўся з абцягнутага цялячай скурай дрэва і паўтараў абрысы грудзей і левага пляча вершніка, заходзячы сваім верхнім краем на ніжнюю частку твару. Коп'і для турніраў Rennen мелі даўжыню каля 380 см, дыяметр 7 см і вагу каля 14 кг. Да коп'яў мацаваліся вялікія шчыткі, якія пакрывалі ўсю руку рыцара ад кісці да пляча.

     Вольны турнір ўяўляў сабой групавую сутычку на коп'ях, пасля чаго ўдзельнікі змагаліся на мячах. Пад час турніру ўжываўся звычайны рыцарскі даспех даспех, які мог узмацца дадатковымі ўзмацняльнымі элементамі. Практыка выкарыстання ўзмацняльных і заменных частак прывяла да распаўсюджання т. зв. "даспешных гарнітураў", на аснове якіх можна было манціраваць некалькі відаў даспехаў, у тым ліку турнірных. Даспешныя гарнітуры, у тым ліку вырабленыя вядучымі еўрапейскімі майстрамі, меліся ў распараджэнні Радзівілаў. Самы каштоўны з вядомых радзівілаўскіх гарнітураў, выраблены ў сярэдзіне ХVІ ст. славутым нюрнбергскім платнерам Кунцам Лохнерам, належаў Мікалаю Радзівілу Чорнаму. Ён дазваляў сабраць два баявыя даспехі і два турнірныя - для вольнага турніру і для турніра на вострых коп'ях.

     На сёнешні дзень высветліць, наколькі распаўсюджанай была такая з'ява, як турніры, у Вялікім княстве Літоўскім, немагчыма. Аднак на падставе інфармацыі, якая маецца ў нашым распараджэнні, можна меркаваць, што турніры былі, хутчэй за ўсё, прэрагатывай досыць абмежаванага кола палітычнаі эліты дзяржавы. Уяўляецца таксама, што турніры ў Вялікім Княстве ў ХVІ ст. разглядаліся ўжо не столькі як спосаб падрыхтоўкі да вайны, колькі як своеасаблівы спорт, відовішча, дзе ўпэўнены ў сваіх баявых навыках феадал мог прадэманстраваць сілу, спрыт і ўменне валодаць зброяй.
Праглядаў - 8385
Мапа сайту...
Уверх...
Усе правы абаронены © 2004, 2005, Княжы гуф
Вашы заўвагi i прапановы: knight.by@mail.ru
Дызайн i праграмiраванiе Dionisiy, хостынг Extmedia