Княжы гуф
Княжы гуф

Галоўная/Бiблiятэка/Артыкулы/Палiтычны лад Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст.

Палiтычны лад Полацкага ваяводства ў першай палове XVI ст.

Васiль Варонiн

Вывучэнне палітычнага ладу беларускіх земляў у складзе Вялікага Kняства Літоўскага (ВКЛ) да гэтага часу не страціла сваёй актуальнасці. У айчыннай гістарыяграфіі савецкага перыяду гэтай праблеме, як вядома, аддавалася вельмі сціплая ўвага. Таму яе здабыткі абмяжоўваюцца асобнымі заўвагамі ў досыць нешматлікіх працах, прысвечаных гісторыі Беларусі эпохі ВКЛ. Аднак наўрад ці сёння нехта будзе аспрэчваць важнасць і актуальнасць дадзенага пытання. Гісторыі Полацкай зямлі ў гэтых даследаваннях заўсёды будзе належаць асаблівае месца. Вывучэнне шляхоў трансфармацыі старажытных палітычных інстытутаў незалежнага Полацкага княства ў палітычную сістэму федэратыўнага Вялікага Княства Літоўскага можа даць каштоўны матэрыял для параўнальных даследаван няў не толькі ў нашым рэгіёне, але і для Еўропы ў цэлым.

На своеасаблівасць палітычнай арганізацыі Полацкай і іншых «зямель прыслухаючых» ВКЛ ужо даўно ўказваецца ў літаратуры. У якасці асноўнай крыніцы для вывучэння гэтай арганізацыі выступае, як правіла, устаўная пацвярджальная грамата Полацкай зямлі 1511 г.1 Дадзены прывілей, які У.І. Пічэта называў нават полацкай канстытуцыяй 2, безумоўна, мае велізарнае значэнне для даследавання палітычнага ладу Полацкага ваяводства. Аднак, як будзе паказана ніжэй, ў першай палове XVI ст. не ўсе яго палажэнні адпавядалі сапраўднаму стану рэчаў. Таму, калі ёсць адпаведныя дадзеныя, належыць заўсёды параўноўваць артыкулы прывілея 1511 г., пацверджа ныя ў 1547 г. Жыгімонтам II Аўгустам 3, з той палітычнай рэчаіснасцю, якая можа быць рэканструявана на падставе іншых крыніц.

На чале Полацкага ваяводства стаяў ваявода. Ваяводамі называлі сябе і некаторыя полацкія намеснікі XV ст. (напрыклад, Андрэй Саковіч, Пётр Мантыгірдавіч, Алехна Судзімонтавіч), але стала ваяводскі тытул замацаваўся за імі толькі каля 1504 г.4 На пытанне пра спосаб прызначэння полацкага ваяводы на сённяшні дзень існуе два варыянты адказу.

М.К. Любаўскі, абапіраючыся на згаданы абласны прывілей Полацкай зямлі, прыйшоў да высновы, што полацкі ваявода абіраўся самімі палачанамі 5. Яго падтрымаў У.І. Пічэта6 . Устаўная грамата Полацкай зямлі ад імя вялікага князя літоўскага сапраўды абяцае «давати нам воеводу нашого полочаном по их воли. А которыи будеть воевода наш нелюб, и нам им воеводу нашого дати по их воли»7.

Па-іншаму расставіў акцэнты ў цытаваным палажэнні прывілея І.І. Лапо. На яго думку, права палачан мець свайго ваяводу палягала не столькі ў яго абранні, колькі ў праве патрабаваць яго адклікання ў выпадках, калі ваявода па нейкіх прычынах не будзе задавальняць грамадства. У якасці доказу ён прывёў прывілей на полацкае ваяводства Яну Глябовічу 1532 г., дзе асноўнымі матывамі яго прызначэння названы жаданне гаспадара ўзнагародзіць яго за службу і хадайніцтва каралевы Боны, пра абранне ж Глябовіча палачанамі прывілей нават не згадвае8 . Няма спасылкі на абранне яго насельніцтвам Полацкай зямлі і ў прывілеі Мікалаю Дарагастайска му караля Стэфана Баторыя 1576 г., зыходзячы з чаго І.І. Лапо робіць выснову, што да другой паловы XVI ст. сувязь полацкага ваяводы з зямлёй «страцілася … зусім» і што ён прызначаў ся каралём цалкам незалежна ад думкі насельніцтва 9. Адмаўляе ўдзел палачан у прызначэнні ваяводы і М.Ф. Спірыдонаў. Яго аргументам з'яўляецца той факт, што «ніхто з карэнных полацкіх беларускіх праваслаўных феадалаў ніколі не быў полацкім ваяводам» 10.

На сённяшні дзень вядомыя 2 прывілеі на полацкае ваяводства за першую палову XVI ст.: прывілей Яну Глябовічу 1532 г.11 і прывілей Станіславу Давойну 1542 г.12 Жыгімонт I надае ваяводства Я. Глябовічу: за заслугі яго продкаў перад продкамі Жыгімонта; за заслугі самога Я. Глябовіча перад вялікім князем і каралём і «рэччу паспалітай земскай», якой ён служыў і «втраты знаменитыи прыимовалъ»; імкнучыся ўзнагародзіць яго за старую службу і заахвоціць да новай; на жаданне каралевы Боны. Той самы манарх падараваў ваяводства Ст. Давойну ў якасці ўзнагароды за «паслугі» гаспадару і рэчы паспалітай і «вперед хотячи к послугамъ … охотнеишего его заховати». Абодва прывілеі — стандартныя і нічым не адрозніваюцца ад прывілеяў на іншыя ваяводствы. Як і заўважаў Лапо, факт абрання Глябовіча і Давойны палачанамі ў іх не згадваецца. Наўрад ці гэта можа быць выпадковасцю. Калі ў прывілей Глябовічу ўнесены такі аргумент, як просьба каралевы, дык абранне яго палачанамі, якое прадугледжваў такі важны закон, як устаўная грамата Полацкай зямлі, проста мусіла быць уключаным у пералік асноўных матываў. Слушнымі падаюцца і назіранні Спірыдонава. Сапраўды, калі б палачане на практыцы абіралі сабе ваяводу, яны б, безумоўна, абіралі некага з палачан. Паколькі ў першай палове XVI ст. практычна ўсё насельніцтва Полацкай зямлі было праваслаў нае, яно б абірала адзінаверца. Аднак ніводны з шасці полацкіх ваяводаў гэтага перыяду не быў ні палачанінам, ні праваслаўным.

Права абіраць сабе намесніка надаў палачанам вялікі князь літоўскі Вітаўт. На думку І.Б. Якубоўскага, гэта адбылося паміж 1392 і 1399 г.13 Аднак факты сведчаць, што ў першай палове XVI ст. дадзенае права на практыцы не рэалізоўвалася. Пераважная частка полацкіх намеснікаў XV ст., як і ўсе ваяводы XVI ст., была католікамі і непалачанамі. Хутчэй за ўсё, права, нададзенае палачанам Вітаўтам, страціла сваю сілу з выданнем славутага Гарадзельскага прывілея 1413 г., але па традыцыі адпаведны артыкул устаўной граматы пераходзіў з адной яе рэдакцыі у другую.

Нягледзячы на гэта, думка М.К. Любаўскага пра дваістую прыроду ўлады полацкага ваяводы — ён не толькі прадстаўнік цэнтральнага ўрада на Полаччыне, але таксама галава мясцовага самакіравання і выразнік інтарэсаў «зямлі»14 — не страціла сваёй актуальнасці. Цэнтральная ўлада перадавала ў яго рукі функцыі свайго упаўнаважанага самім актам прызначэння на ваяводства. Пра тое ж, што ваявода выказваў інтарэсы вярхушкі полацкага грамадства на агульнадзяржаўным узроўні, сведчыць наступны факт. 8 студзеня 1534 г. да полацкага ваяводы Яна Глябовіча было паслана запрашэнне на вальны сойм. Аднак з той прычыны, што Полацк з'яўляўся ўскраінным замкам, Жыгімонт загадаў яму заставацца там, а замест сябе прыслаць двух тамтэйшых баяраў15. Важна падкрэсліць, што Глябовіч запрашаецца на сойм не як буйны феадал (а такая практыка існавала ў ВКЛ), а менавіта як полацкі ваявода. Пры гэтым дадзены выпадак з усёй выразнасцю даводзіць, што ваявода на сойме павінен быў выказваць пункт гледжання полацкіх баяраў-шляхты.

Ваявода валодаў шырокім колам паўнамоцтваў. У некаторых выпадках ён меў права дзейнічаць ад імя вялікага князя. Так, ваявода Ян Глябовіч дазволіў полацкаму гараднічаму Івану Корсаку ў яго маёнтку Залессі «место садити, торгъ и корчмы тамъ мети и горелкою шынъковати» і выдаў на гэта свой «дазволены ліст»16. Аднак выдача такіх дазволаў была прэрагатывай манарха17 . Ваявода Ст. Давойна дазволіў Астафію Корсаку па суботах «торгъ мети»18 ў яго маёнтку Забор'і, Глебу Корсаку надаў пустоўшчыну Шавердзіну і дазволіў лавіць рыбу ў возеры Свечыне19 , Васілю Чаркасу даў некалькі пустоўшчын над возерам Свіблам20 , Станіславу Жарчынскаму надаў пустоўшчыну Баркоўскую 21, Войне Епімаху — 5 пустоўшчын на маскоўскай граніцы22 і г.д. Ва ўсіх пералічаных выпадках Давойна рабіў пажалаванні на той самай умове — «да волі і ласкі гаспадарскай» і выдаваў свае «дазволеныя лісты». Тым не менш асобы, якія атрымалі ад яго наданні, заўсёды імкнуліся пацвердзіць іх у гаспадара.

Ваявода даваў дазвол на дамовы куплі-продажу зямлі з удзелам шляхты. Дамовы, заключаныя без дазволу вялікага князя ці ваяводы (рэальна ваяводы), лічыліся несапраўднымі. Так, у 1561 г. сын полацкага харужага Фронцкі Каспаровіча Міхаіл прасіў Жыгімонта II Аўгуста пацвердзіць куплі зямель свайго бацькі ў путных слуг. Аказалася, што яны здзейснены без дазволу манарха і полацкага ваяводы. Таму ў прывілеі было падкрэслена, што Фронцка тыя землі «не мел моцы купити»23 . Дадзеная норма цалкам адпавядае наступнаму палажэнню полацкай устаўной граматы: «всхочет(ь) ли свое именье хто продати или заменити с ким, ино нам [г.зн. вялікаму князю — В.В.] або наместником нашим явивши, продати и заменити» 24.

Полацкі ваявода меў права зносінаў з замежнымі краінамі. Так, у 1510 г. ваявода Станіслаў Глябовіч паслаў уладам горада Рыгі ліст са скаргамі на дзеянні рыжскіх купцоў у Полацку і патрабаваннем пакараць іх25.

Ваявода ўдзельнічаў (магчыма, старшынстваваў) у працы мясцовых соймаў. Калі ў 1533 г. пад час разгляду адной судовай справы ўзнікла спрэчная сітуацыя, ваявода Ян Глябовіч адклаў яе для таго, каб «со всею землею обмовити», а потым «таковые речы на мере постановити» 26.

Суд ваяводы быў найвышэйшай, калі не лічыць мясцовага сойма, судовай інстанцыяй на тэрыторыі ваяводства. На ім разглядаліся самыя разнастайныя справы: зямельныя і іншыя маёмасныя спрэчкі, крымінальныя злачынствы, справы пра сялянскія павіннасці і падаткі і г.д. Аднак ваявода чыніў суд не аднаасобна, на судовых пасяджэннях абавязкова мусілі прысутнічаць полацкія баяры. У суднай грамаце вялікага князя Аляксандра ад 12 ліпеня 1499 г. са спасылкай на старадаўні звычай гаварылася, што спрэчкі паміж баярамі, мяшчанамі і путнымі слугамі мае разглядаць намеснік разам са старшымі баярамі27 . Аднак ёсць усе падставы лічыць, што баяры павінны былі прысутнічаць пры разглядзе ваяводам любых судовых справаў, незалежна ад сацыяльнай прыналежнасці істцоў і адказчыкаў. У судовыя запісы 30-х г. ваяводы Яна Глябовіча заўсёды заносіўся склад сведкаў-баяраў, а калі аднойчы ў верасні 1533 г. пры Глябовічы не аказалася ніводнага з іх, ён на гэтай падставе адклаў разбіральніцтва 28. Спасылкі на тое, што ваявода вынес вырак, «абмовіўшыся з баярамі», нярэдка сустракаюцца ў згаданых запісах. Таму належыць пагадзіцца з думкай, якую выказаў яшчэ М.К. Любаўскі: баяры не былі пасіўнымі сведкамі суда, а з'яўляліся яго членамі, з якімі ваявода раіўся пры прыняцці рашэння29 .

Як вядома, у 1498 г. Полацку было нададзена магдэбург скае права. Яно, між іншым, прадугледжвала ўвядзенне пасады войта — галавы гарадскога самакіравання. Першыя дзесяцігоддзі вялікім князем прызначаўся асобны войт, аднак прыблізна ў 1525 г. полацкі ваявода стаў адначасова і мясцовым войтам і з таго часу выконваў частку функцый, уласцівых гэтай пасадзе. Так, ваявода Станіслаў Давойна прызначаў лентвойта 30.

Пазіцыя ваяводы як выразніка інтарэсаў полацкай шляхты выконвала вялікую ролю пры замяшчэнні пасадаў службовых асобаў мясцовай адміністрацыі і некаторых іншых, прызначэнне якіх знаходзілася ў кампетэнцыі вялікага князя.

Як будзе паказана ніжэй, значнае месца ў палітычнай сістэме Полацкага ваяводства займаў праваслаўны архіепіскап. У прывілеі Жыгімонта I на полацкую архіепіскапію Місаілу (1531) сказана, што перад вялікім князем і каралём за яго прасілі віленскі ваявода, канцлер ВКЛ Альбрэхт Гаштольд, полацкі ваявода Пётр Кішка і «князи, и паны, и бояре земли Полоцкое» 31. У 1535 г. архіепіскапія гаспадарскім прывілеем была пажалавана Сямёну, бо за яго праз каралеву Бону хадайнічалі «некоторые панове врядники … закону греческого» 32. Глеб Корсак у 1558 г. атрымаў прывілей на полацкую архіепіска пію ў якасці ўзнагароды за сваю службу, а таксама «за жаданьемъ воеводы полоцкого … и пановъ бояръ земли Полоцкое» 33. У 1562 г. названая пасада была пажалавана Арсенію Шышку на просьбу таго ж полацкага ваяводы і «за чоломбитьемъ бояръ шляхты, и мещанъ, и всего поспольства земли Полоцъкое» 34. З пералічаных прыкладаў вынікае, што хаця цвёрда вызначанага парадку высоўвання кандыдатуры полацкага ўладыкі і не існавала, аднак вярхушцы полацкага грамадства і мясцоваму ваяводу ў дадзенай працэдуры належала вельмі важкая роля.

Пэўны ўдзел ваявода прымаў і ў прызначэнні мясцовых ураднікаў. Так, пасля смерці паміж 1544 і 1552 г. полацкага гараднічага і цівуна Івана Корсака баярства-шляхта абрала на гэтую пасаду Васіля Корсака, пасля чаго паведаміла пра свой выбар ваяводу Станіславу Давойну. Апошні прадставіў кандыдатуру Жыгімонту-Аўгусту і прасіў зацвердзіць яе, што і было зроблена. У 1552 г. Васіль Корсак звярнуўся да гаспадара з просьбай пацвердзіць гараднічае і надаць да таго цівунства і ключ полацкія, прычым за яго зноў прасіў Давойна. І на гэты раз манарх задаволіў просьбу35 . Такім чынам, ваявода то выступае ў якасці пасярэдніка і выразніка пазіцыі полацкай шляхты перад вялікім князем, то дзейнічае самастойна. Відаць, менавіта дзякуючы намаганням асабіста Давойны ў 1559 г. атрымаў пасаду полацкага харужага Фронцка Каспаровіч. Хоць у жалаванай грамаце ён і названы полацкім баярынам 36, але на самай справе Фронцка быў «служэбнікам» Ст. Давойны і прыехаў у Полацк толькі разам з ім. Пра яго абранне палачанамі ў прывілеі нічога не сказана. У тым самым годзе полацкае гараднічае атрымаў Война Епімах — «за жаданнем і прычынай» аднога толькі Давойны37 .

На час сваёй адсутнасці ў Полацку, а такія выпадкі былі нярэдкія, ваявода прызначаў намесніка, якому перадаваў усю сваю ўладу. Так, у 1546 г. ці незадоўга перад тым намеснік ваяводы Ст. Давойны згаданы ўжо Фронцка Каспаровіч судзіў князёў Цімафея Саколенскага і Юрыя Масальскага па зямельнай спрэчцы38 . У 50-я г. ён жа сабраў з ваеннаслужылых мяшчан грошы і здаў іх у агульнадзяржаўны скарб39. У 1555 г. намеснік Фёдар Корсак быў абавязаны запісаць скаргі жонкі шляхціча Касцюшкі Юр'еўскага на слугу Баркулаба Корсака ў ваяводскія кнігі і даць віжа, але па нейкіх прычынах (магчыма, з-за сваяцкіх сувязяў Баркулаба і Фёдара) адмовіўся гэта зрабіць40 .

У адрозненне ад полацкіх ваяводаў, ніводны з якіх, як адзначалася, не паходзіў з Полаччыны і не быў праваслаўным, сярод ваяводскіх намеснікаў сустракаліся і тыя, і другія. Напрыклад, намеснікамі ваяводы Пятра Кішкі былі Багдан Іванавіч 41 і Кандрат42 — мяркуючы па імёнах, абодва праваслаў ныя, прычым пад першым, магчыма, маецца на ўвазе прадстаўнік малодшай галіны (Зіноўевічаў) магутнага баярскага рода Корсакаў. Адным з намеснікаў ваяводы Яна Глябовіча быў Іван Сумарок43 — таксама, відавочна, праваслаўны. Нарэшце, як ужо указвалася, у сярэдзіне 50-х намеснікам Ст. Давойны быў яшчэ адзін член фаміліі Корсакаў — Фёдар.

Перш чым перайсці да разгляду службовых асобаў мясцовай адміністрацыі, ахарактарызуем месца, якое займаў у палітычнай сістэме ваяводства праваслаўны архіепіскап.

Крыніцы фіксуюць выпадкі, калі полацкія ўладыкі, як духоўныя асобы, стаяць на чале полацкага баярства-шляхты ў зносінах з цэнтральным урадам. Калі ў 1532 г. полацкі ваявода Пётр Кішка быў прызначаны троцкім кашталянам і пакінуў горад, а пасада полацкага ваяводы вакавала, для кіравання ваяводствам быў пасланы гаспадарскі дваранін полацкага паходжання Міхаіл Лавейка. У гэты час узніклі нелады на полацка-пскоўскай граніцы, і тады па інструкцыі да віленскага ваяводы (Жыгімонт I знаходзіўся ў Польшчы) ад архіепіскапа, Лавейкі і «ад усіх баяр полацкіх» быў пасланы прадстаўнік — Дзмітрый Корсак44.

Вельмі важную ролю выконваў архіепіскап і ў судзе. У 1530 г., калі ваяводы Пятра Кішкі не было ў горадзе, судовыя пасяджэнні праводзілі ўладыка Нафанаіл, намеснік Багдан Іванавіч і баяры45. Досыць часта ён прысутнічаў на судзе ў якасці сведкі. Імя архіепіскапа ў такіх выпадках заносілася ў адпаведныя запісы першым46. Час ад часу складваліся і сітуацыі, калі ўладыка з'яўляўся адзіным сведкам на ваяводскім судзе47. Думка архіепіскапа, як і баяраў, мела вельмі істотнае значэнне пры вынясенні выраку. Так, ваявода Ян Глябовіч прымаў рашэнні «объмовивши со архиепискупомъ … и с паны бояры земли Полоцъкое» 48. Роля полацкага ўладыкі як адной з асноўных дзейных асобаў мясцовага судаводства прызнавалася і вялікім князем. На пачатку 50-х г. на гаспадарскім судзе разглядалася скарга полацкіх путных слуг сёлаў Забелля і Руднікаў на князя М. Саколенскага і яго пляменніц. Узнікла спрэчная сітуацыя, і Жыгімонт II Аўгуст даручыў разабрацца ў ёй полацкаму ваяводу разам з архіепіскапам і баярамі і яму «даць справу»49 .Жыгімонт-Аўгуст прымаў такія рашэнні неаднакроць 50. Полацкі ўладыка браў удзел не толькі ў судзе, але і ў заканадаўчай дзейнасці. Так, устаўныя граматы віцебскіх феадалаў пра ўмовы пасялення на іх землях свабодных сялян 153151 і 155152 г. выдадзены ад імя ў першую чаргу архіепіска па Полацкага, Віцебскага і Мсціслаўскага. І хоць ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра Віцебшчыну, няма ніякіх падставаў сумнявацца, што такі парадак выдання заканадаўчых актаў існаваў і на блізкай гістарычна і геаграфічна Полаччыне.

Полацкія ўладыкі, сярод іншых найвышэйшых ерархаў праваслаўнай царквы, запрашаліся для ўдзелу ў агульнадзяр жаўных соймах: так было, напрыклад, у 1552 і 1553 г.53

Такім чынам, архіепіскап выконваў вельмі прыкметную ролю ў палітычным жыцці ваяводства.

Як было паказана, у яго абранні і рэкамендацыі вялікаму князю часта ўдзельнічалі ваявода і вярхушка полацкага грамадства. Дзейнасць і паходжанне полацкіх уладыкаў можа стаць тэмай самастойнага даследавання, але, наколькі гэта ўдалoся высветліць, з 10 архіепіскапаў разгляданага перыяду (Лука, Яўхім, Іосіф, Нафанаіл, Місаіл, Сямён, Герман Хрыбтовіч, Глеб Корсак, Рыгор Валовіч, Арсеній Шышка) толькі пра двух (Іосіфа і Глеба Корсака) можна з упэўненасцю казаць, што яны былі полацкага паходжання. У той жа час чацвёра (Яўхім, Сямён, Герман Хрыбтовіч, Рыгор Валовіч) былі дакладна непалачанамі. Пераважная іх большасць, калі не ўсе, паходзіла з шляхты.

Сістэма мясцовай улады і кіравання ўключала, апрача ваяводы, наступныя пасады.

Гараднічае. Асноўнымі абавязкамі гараднічага былі нагляд за пабудовай і рамонтам замкавых умацаванняў і забеспячэнне крэпасці ўсімі неабходнымі запасамі 54. Полацкімі гараднічымі ў разгляданы перыяд былі мясцовыя баяры Іван Глебавіч Корсак55, Васіль і Фёдар56 Корсакі, Война Епімах.

Гарадскі цівун захаваўся ў Полацку яшчэ з княскіх часоў, калі асноўнай яго функцыяй быў суд на княскім двары. У першай палове XVI ст. цівун ужо быў пазбаўлены яе, а толькі збіраў па валасцях даходы, якія ішлі на дадзеную пасаду здаўна57. Цівунамі былі полацкія баяры Касцюшка Валфрамеевіч Невельскі 58, Іван Глебавіч 59 і Васіль Корсак.

Таксама з княскіх часоў вядзе сваё паходжанне пасада ключніка. Ключнік назіраў за зборам мядовай «даніны» з валасцей 60. Як ужо згадвалася, у 1552 г. гэтую пасаду атрымаў Васіль Корсак.

Такое ж старажытнае паходжанне мае пасада баброўнічага. У першай палове XVI ст. яго галоўным абавязкам быў кантроль за зборам баброўшчыны 61, якая ў названы перыяд выплочвалася ўжо грашыма. Полацкім баброўнічым доўгі час быў мясцовы баярын Яцка Быстрэйскі 62.

Харужы адказваў за своечасовы і поўны збор войска полацкага ваеннаслужылага насельніцтва. Пасада была ўведзена ў першай палове XVI ст. ці незадоўга да гэтага. У разгляданы перыяд яе займалі полацкія баяры Фёдар Епімах63 і Іван Міхайлавіч Корсак64, а з 1559 г. — Фронцка Каспаровіч.

Абавязкам мастаўнічага было падтрыманне ў належным стане мастоў і гацей на тэрыторыі ваяводства 65. У 30-50-я г. пасаду займаў Дзмітрый Корсак. У прывілеі, якім Жыгімонт I ў 1532 г. надаваў яму мастаўнічае, не было спасылкі на дзейнасць і паўнамоцтвы папярэдніх полацкіх мастаўнічых 66, як гэта звычайна рабілася ў такіх дакументах. Мяркуючы па гэтым, пасада мастаўнічага ў Полацкім ваяводстве была ўведзена толькі ў названым годзе.

Цэльнік наглядаў за зборам мыта на тэрыторыі Полаччыны. У 1552 г. полацкім цэльнікам быў Война Епімах67.

Прызначэнне асобаў на пералічаныя пасады належала да ліку выключных правоў вялікага князя. На Віцебшчыне 68 і Смаленшчыне 69 вакансіі пасадаў мясцовай адміністрацыі замяшчаліся, як правіла, мясцовымі баярамі. Ёсць усе падставы лічыць, што гэты парадак дзейнічаў і на Полаччыне. На карысць гэтага сведчыць прыведзены пералік мясцовых полацкіх ураднікаў: практычна ўсе яны былі прадстаўнікамі старых полацкіх баярскіх родаў. Ва ўстаўной грамаце Полацкай зямлі ўтрымліваецца прамая забарона займаць пасаду гарадскога цівуна ваяводскім «служэбнікам» 70. Механізм прызначэння на такія пасады быў апісаны вышэй. З яго вынікае, што ў 40-я г. полацкія ўраднікі сапраўды спачатку абіраліся мясцовым баярствам-шляхтай. Аднак ужо з 50-х г. роля ваяводы ў іх прызначэнні павышаецца, і ў 1559 г., як указвалася, Ст. Давойна дамогся таго, каб полацкім харужым стаў шляхціц няполацка га паходжання, які знаходзіўся ў яго на службе. Адметна, што ў гаспадарскім прывілеі Фронцка Каспаровіч усё ж названы «баярынам зямлі Полацкай»: форма працягвала захоўваць сваё значэнне.

У першай палове XVI ст. адбыліся істотныя змены і ў тэрмінах, на якія манарх прызначаў мясцовых ураднікаў. Калі ў XV ст. яшчэ захоўваўся старажытны звычай надаваць пасады (прынамсі старадаўнія) баярам на 1 год па чарзе71, дык цяпер яны жалаваліся, як правіла, «да волі і ласкі гаспадарс кай» ці «да жывата».

Сярод службовых асобаў мясцовага ўзроўню было некалькі, прызначэнне якіх з'яўлялася прэрагатывай ваяводы. Гэта намеснікі дзяржаўнага замка Дрысы і дзяржаўных гаспадарак (т. зв. «гаспадарскіх двароў») Чарсвята і Бельчыцы.

Замак Дрысу пры ўпадзенні аднайменнай ракі ў Дзвіну заснаваў паміж 1543 і 1546 г. полацкі ваявода Станіслаў Давойна. У некаторых дакументах ён нават тытулуе сябе дзяржаўцам дрыскім72 , хоць на практыцы кіраваў замкам, вядома, не асабіста, а праз намеснікаў 73.

Двор Чарсвят быў найбуйнейшай на тэрыторыі ваяводства дзяржаўнай гаспадаркай, якая існавала яшчэ ў княскія часы. У 30-я г. чарсвяцкім намеснікам быў Ян Лось74, а ў 40—50-я — Арцём Івановіч. Чарсвят, дзе быў і замак75, з'яўляўся не толькі дзяржаўнай гаспадаркай, але і цэнтрам судовай акругі з усімі неабходнімі паўнамоцтвамі і атрыбутамі. У 1557 г. ў Лукомлі князі Андрэй і Барыс Лукомскія са сваімі слугамі збілі князёў Яна і Міхаіла Баратынскіх. Пацярпелыя звярнуліся да чарсвяцкага намесніка згаданага Арцёма Івановіча і «тотъ кгвалтъ и зраненье свое оповедали и вижа на огледанье кгвалту и ранъ брали», запіс пра што быў унесены ў чарсвяцкія судовыя кнігі76.

Ваявода прызначаў намесніка і ў «гаспадарскі двор» Бельчыцу, які таксама належаў яшчэ полацкім князям. Тамтэйшы намеснік згадваецца ў рэвізіі 1552 г.77, але звестак пра яго дзейнасць адшукаць не ўдалoся.

Апрача пералічаных афіцыйных пасадаў, якія існавалі не толькі ў Полацкім, але і ў іншых ваяводствах дзяржавы, у асяроддзі полацкага баярства-шляхты ў першай палове XVI ст. была і прынамсі адна пасада нефармальнага кшталту і вельмі старажытнага паходжання.

Яе існаванне прасочваецца па дакументах яшчэ з княскіх часоў, з другой паловы XIV ст. У леннай грамаце вялікага князя полацкага Андрэя Альгердавіча інфлянцкаму магістру 1385 г. адзначана, што Андрэй аддае княства Ордэну са згоды сваіх спадкаемцаў, а таксама дарадцаў: Вярзілы і яго брата, „старшага з нашых баяр" („nostrorum baronum superioris") Фёдара78. Гэты ж Фёдар і яго сын Дзмітрый атрымалі ад Андрэя Альгердавіча сяло Семянцова 79. Старшы з полацкіх баяр Фёдар — гэта першы вядомы прадстаўнік полацкага баярскага роду, вядомага пазней пад прозвішчам Корсакаў. Не выключана, што гэта ён быў тым Фёдарам, які стаў адным з першых полацкіх намеснікаў вялікага князя літоўскага Вітаўта на мяжы XIV—XV ст.80

Пра дзейнасць Дзмітрыя Фёдаравіча практычна нічога невядома. Затое параўнальна нямала звестак захавалася пра лёс яго сына Васіля.

Васіль Дзмітрыевіч быў першым прадстаўніком роду, які насіў мянушку Корсак. Так ён сам называе сябе ў пасланнях уладам горада Рыгі 30-40 г. XV ст.81 У рускай мове XVI-XVII ст. словам „корсак" называлі адзін з відаў лісы82. У фальклоры асноўнай якасцю лісы, як вядома, лічыцца хітрасць. Вельмі верагодна, што Васіль Дзмітрыевіч атрымаў такую мянушку менавіта за гэтую сваю якасць. Уменне выжываць у любых сітуацыях і супрацоўнічаць з усімі ўладамі выдатна ілюструюць перыпетыі яго пакручастага жыццёвага шляха і палітычнай кар'еры.

Корсак распачаў яе вельмі рана — яшчэ, відаць, пры жыцці дзеда. Хутчэй за ўсё, менавіта ён быў тым Васілём Дзмітрыевічам, які, сярод іншых, паручыўся па Грыдку Канстанцінавічу перад князем Скіргайлам 83. Публікатары па не зусім зразумелых меркаваннях датуюць дакумент часам да 1390 г., аднак ён мог быць складзены і пазней — аж да смерці Скіргайлы ў 1397 г. Калі Васіль Дзмітрыевіч паручнай граматы — гэта Корсак, дык ён мог служыць яшчэ Скіргайлу, а гэта служба тады пачалася ў 1387—1392 г., калі названы князь кіраваў Полацкам. Магчыма, Корсак захаваў яму вернасць і пазней, калі той княжыў у Кіеве.

Васіль Дзмітрыевіч быў адным з полацкіх намеснікаў паміж 1400 і 1407 г.84

У 30-я г. Корсак — у радзе Свідрыгайлы. Там яго фіксуе дакумент 1432 г.85 Акрамя гэтай згадкі, на сённяшні дзень вядомыя яшчэ тры прывілеі вялікага князя Свідрыгайлы, дзе сярод іншых паноў рады фігуруе і „пан Васіль Полацкі" 86, якога, безумоўна, належыць ідэнтыфікаваць з Васілём Корсакам. Аднак выкарыстанне дадзеных грамат для высвятлення паваротаў палітычнай кар'еры Корсака вельмі ўскладняецца блытанай храналогіяй прывілеяў Свідрыгайлы. Цалкам неверагод ныя даты (напрыклад, 1460 і 1461 г., хоць добра вядома, што Свідрыгайла памёр на пачатку 1452 г.) маюць не толькі копіі, дзе магчымыя памылкі, але і арыгіналы грамат гэтага князя. Гэта ў поўнай меры датычыцца і тых з іх, дзе фігуруе Васіль Корсак. Адна з такіх грамат пазначана 9 лістапада 1430 г., другая — 22 верасня 1452 г., а трэцяя — 1461 г. Таму моманты знаходжання Корсака пры двары Свідрыгайлы можна датаваць вельмі шырока — пачынаючы з 30-х гадоў і да 1452 г. Праўда, аморфны, без геаграфічнай часткі тытул князя ў двух з іх („великии князь Швитрыгаило Олькирдовичъ"), склад сведкаў і места выдачы — Луцк, як быццам сведчаць на карысць таго, што яны выдадзены ўжо пасля таго, як Свідрыгайла канчаткова змірыўся з паразай і ўсталяваўся на Валыні, г. зн. у другой палове 40-х—1452 г.

Васіль Корсак займаў абсалютна асаблівае месца ў палітычным жыцці Полацка 30—40-х г.87 Напрыканцы 1435 — ў 1436 г. „от пана Василия Дмитриевича, и от бояръ полоцких, и от местичовъ, и ото всех моужь полочан, всего поспольства" 88 у Рыгу было накіравана пасланне, прысвечанае лёсу палачан, якія прымалі ўдзел у бітве пад Вількамірам (1435). Як бачна з цытаты, Васіль Корсак не займае ніякай афіцыйнай пасады, і тым не менш стаіць на чале ўсяго полацкага грамадства і дзейнічае ад яго імя. У тыя ж 30-я г. Васіль Корсак нейкі час быў і полацкім намеснікам 89 — праўда, цяжка сказаць, ад каго. Не выключана, што ад Свідрыгайлы.

Корсак захаваў свае пазіцыі ў Полацку і пасля ўкняжэння Казіміра, ад якога паміж 1440 і 1447 г. атрымаў 6 чалавек „даннікаў" 90. У сярэдзіне 40-х яго становішча ў Полацку — вельмі моцнае. Пасланне ў Рыгу пра гандаль немцамі спіртнымі напоямі ў Полацку, якое Г.Л. Харашкевіч датуе 1445—1448 г., складзена „от пана Василья Дмитриевича Корсака, и от пана Олехна, наместника пана Ондреева, воеводы полоцкого, и от всих бояръ полоцкых" 91. Адметна, што Корсак пастаўлены ў ім на першае месца — нават перад намеснікам ваяводы Андрэя Саковіча. На дадзеную акалічнасць звярнула увагу Г.Л. Харашкевіч, якая вызначыла ролю пана Васіля ў гэтай грамаце як няпэўную, палічыла яго найбуйнейшым полацкім баярынам і неафіцыйным кіраўніком полацкай знешняй палітыкі 92. Аднак той факт, што пасланне, на першым месцы ў якім стаіць імя Васіля Корсака, дадзена ад усіх полацкіх баяраў, дазваляе і больш дакладна вызначыць месца гэтага дзеяча ў палітычнай сістэме Полаччыны 30—40-х г. XV ст.: ён быў старшым з баяраў.

Некаторыя дадатковыя дадзеныя пра палітычны лад Полаччыны сярэдзіны XV ст. дае судная грамата намесніка Андрэя Саковіча па маёмаснай спрэчцы Яўлашкі Козчыча з Аляксандрам Аскерчынічам 93, якую Г.Л. Харашкевіч датуе 1447—1458 г. Кідаецца ў вочы тое, што ні сярод удзельнікаў папярэдняга разбіральніцтва, ні сярод сведкаў суда — полацкіх баяраў няма прадстаўнікоў роду Корсакаў. А ён, як было паказана, у першай палове XV ст. выконваў, па сутнасці, галоўную ролю сярод іншых полацкіх баярскіх родаў, ды і ў палітычным жыцці рэгіёна ўвогуле. Сярод сведкаў суднай граматы — полацкіх баяраў фігуруюць: князь Фёдар Шах, Яцка Рыгоравіч і яшчэ 5 чалавек. Вядома, па адным дакуменце цяжка рабіць надзейныя высновы (Корсакі маглі, напрыклад, быць у ад'ездзе), аднак усё ж можна выказаць дапушчэнне, што ў другой палове 40-х—50-я г. пазіцыі Корсакаў у Полацку аслабелі. Гэта было звязана, хутчэй за ўсё, з тым, што ў другой палове 40-х — на пачатку 50-х Васіль Корсак і, верагодна, яго сям'я знаходзіліся пры двары Свідрыгайлы ў Луцку. Магчыма, там Васіль Дзмітрыевіч і скончыў сваё жыццё.

Васіль Корсак меў двух сыноў: Астафія і Зіновія. Мяркуючы па тым, што Астафій намнога раней уключыўся ў палітычную дзейнасць, старэйшым быў менавіта ён.

Астафій Корсак вядомы па дакументах з 40-х г. XV ст. У 1440 г. ён атрымаў ад Казіміра 6 чалавек „даннікаў" на Псуі94. Праз нейкі час пасля смерці Свідрыгайлы Корсакі вярнуліся на Полаччыну і паступова занялі сваё ранейшае становішча. У 1458 г. Астафій Васілевіч ужо ездзіў у якасці полацкага пасла ў Рыгу95. У 1465 г. ён разам з сынам яшчэ раз наведаў Рыгу96. Пра вельмі высокае становішча Корсака ў Полацку сведчыць яго ліст, накіраваны ў Рыгу каля 1470 г. У ім Астафій Васілевіч называе рыжскага бургамістра Ганса Зальтрумпа „братам сваім мілым"97. Гэта, на думку Г.Л. Харашкевіч, сведчыць пра тое, што Астафій Корсак займаў у Полацку становішча, блізкае да становішча бургамістра ў Рызе. Паводле яе меркавання, сваю палітычную вагу пан Астафій атрымаў у спадчыну ад бацькі98.

14 сакавіка 1476 г. група з 16 уплывовых праваслаўных духоўных і свецкіх асобаў на чале з абраным мітрапалітам Кіеўскім і ўсёй Русі Місаілам накіравала да папы рымскага Сікста IV „пасольства", у якім выказвалася прызнанне царкоўнай уніі. Сярод тых, хто яго падпісаў, быў і „благородъныи панъ Евъстафіи Василевичъ с Полоцка, преболшыи в боярех"99 . Не спыняючыся адмыслова на пытанні аўтэнтычнасці паслання Місаіла, належыць усё ж адзначыць, што пасля знаходак яго копій у складзе двух рукапісных зборнікаў (адзін з іх — наўгародскага, а другі — смаленскага паходжання) 20-х г. XVI ст.100 пасланне ўжо немагчыма прыпісваць дзейнасці уніяцкага мітрапаліта Іпація Пацея.

Такім чынам, Астафій Васілевіч Корсак быў старшым з полацкіх баяраў і, відаць, у гэтай сваёй якасці ўваходзіў у раду вялікага князя і караля Казіміра 101.

Прыкладна з канца 70-х г. імя Астафія Корсака знікае з дакументаў. Хутчэй за ўсё, у гэты час яго ўжо не было ў жывых. Прынамсі, для заключэння вельмі важнага для палачан дагавора ў Рыгу ў 1478 г. ад баяраў ездзіў прадстаўнік яшчэ аднога старажытнага полацкага баярскага роду — Сенька Радковіч 102. Магчыма, пасля смерці Астафія званне старшага з баяраў перайшло на нейкі час да яго.

З дакумента 1480 г. вядома, што напрыканцы 70-х актыўна ўлючыўся ў гандаль з Рыгай малодшы брат Астафія Корсака Зіновій103 . Як і Астафій, ён вёў асабістую перапіску з рыжскімі гарадскімі ўладамі104 .

У 1482 г. сяляне маханкаўляне заключылі дамову з полацкім архіепіскапам Іёнам. Згодна ёй, яны атрымлівалі борці, а наўзамен абавязваліся даваць на ўладыку штогод 5 пудоў мёду. Акт, якім была афіцыйна аформлена дамова, захаваўся 105. Як і ва ўсіх падобных полацкіх дакументах, у яго ўпісаны сведкі. Першым сярод іх ад баяраў значыцца пан Зіновій Корсак, другім — ужо згаданы Сенька Радковіч. Парадак, у якім занесены ў дакумент сведкі, не мог быць выпадковым. Асобы ставіліся такім чынам, што спіс у агульных рысах адлюстроўваў іх узаемаадносіны ў палітычнай ерархіі Полаччыны. Зразумела, што, як і ў выпадку з суднай граматай Андрэя Саковіча, па адным дакуменце цяжка меркаваць, наколькі рэгулярнай была менавіта такая чарговасць, але вельмі падобна, што к пачатку 80-х гадоў Зіновій Корсак адціснуў на другое месца Сеньку Радковіча і стаў, як і брат, старшым з баяраў. На жаль, з прычыны вострага недахопу крыніц нельга больш нічога сказаць пра палітычную дзейнасць Зіновія Корсака. Нават прыблізны час яго смерці таксама застаецца невядомым.

У сярэдзіне 90-х г. на палітычнай арэне Полаччыны з'явілася новае пакаленне Корсакаў — сыны Астафія Васілевіча Багдан і Глеб. Багдан быў стрэйшым сынам. Пра гэта гавораць наступныя факты. У 1496 г. да вялікага князя Аляксандра звярнуліся Прасялок і Марцін. Яны прасілі пацвердзіць ім наданне Астафія Васілевіча Корсака, якім ён пажалаваў ім зямлю Фалееўшыну пры ўмове службы аднаму з сваіх сыноў. Прасялок і Марцін падалі лісты Багдана і Глеба Астаф'евічаў (менавіта ў такім парадку), якімі Корсакі рабілі распараджэнні наконт далейшага пераходу зямлі106. Для нас у дадзеным выпадку важна, што ў грамаце Аляксандра першым названы ліст Багдана, а другім — Глеба, што, хутчэй за ўсё, адпавядае старэйшынству братоў. Гэтае меркаванне падмацоўваецца указной граматай Аляксандра Астаф'евічам і Зіноўевічам Корсакам 1499 г., у якой зноў Багдан названы першым, а Глеб — другім107. І ў сярэдзіне 90-х Корсакі займалі вельмі высокае месца ў баярскім асяроддзі: двое прадстаўнікоў гэтага роду (магчыма, тыя ж Багдан і Глеб) разам з полацкім намеснікам Янам Забярэзінскім ездзілі напрыканцы 1494 — на пачатку 1495 г. у Маскву па нявесту вялікага князя літоўскага Аляксандра, дачку Івана III Алену108.

Выразныя прыкметы таго, што Глеб Корсак займаў асаблівае месца сярод баяраў Полацкай зямлі, утрымлівае вырак Аляксандра па справе полацкага ўладыкі Лукі супраць баяраў і мяшчанаў наконт прыналежнасці сёлаў Дольцы, Весніцк і Пуцілкавічы 1499 г. У выніку разбіральніцтва сёлы былі прысуджаны клірасу Сафійскага сабора, прычым апекавацца імі вялікі князь даручыў баярыну Глебу Астаф'евічу, а таксама войту, бурмістрам, радцам і ўсім мяшчанам 109. У 1501 г. Аляксандр яшчэ раз пацвердзіў гэтае сваё рашэнне, накіраваўшы асобную грамату Глебу Корсаку і полацкім мяшчанам 110. На падставе двух названых дакументаў Г.Л. Харашкевіч прыйшла да цалкам абгрунтаванай высновы, што Глеб Астаф'евіч мог быць у гэты час старшым з баяраў111.

Такім чынам, пасля смерці Зіновія Корсака пасада старшага з полацкіх баяраў перайшла (адразу ці праз нейкі час) да яго пляменніка, сына колішняга старшага з баяраў Астафія Глеба Астаф'евіча. Чаму яна абмінула старэйшага сына Астафія Багдана — цяжка сказаць. Праўда, не выключана, што ён усё ж нейкі час займаў яе, а дакументальныя сведчанні на гэты конт проста не захаваліся.

Мяркуючы па тым, што ў 1507 г. жонцы Глеба Корсака давялося самастойна, без удзелу мужа судзіцца з сялянамі гарчанамі 112, да гэтага часу Глеб Астаф'евіч ужо памёр. Нягледзячы на гэта, Корсакі захавалі за сабой пасаду старшага з баяраў.

9 лютага 1510 г. полацкі ваявода Станіслаў Глябовіч купіў у Багдана Галаўнініча сяло Дзеранца. Купчая-прадажная грамата захавалася. У якасці сведкаў у ёй выступаюць пан Іван Зіноўевіч Корсак, князь Іван Палубенскі і Мікіфар Карабовіч 113. Першая акалічнасць, якая звяртае на сябе ўвагу, — гэта тое, што першым сведкам пры дамове полацкага ваяводы выступае Іван Корсак. Гэта не можа не гаварыць пра яго надзвычай высокае грамадскае становішча. Па-другое, адметна, што Корсак упісаны нават перад князем Палубенскім, хоць у падобных дакументах якраз тытулаваная знаць звычайна ставілася на першыя месцы. Дарэчы, на думку Г.Л. Харашкевіч, Корсака і Палубенскага запрасіў сам Глябовіч 114. На шчасце, у адрозненне ад двух ужо згаданых выпадкаў, калі даводзілася абапірацца на адзінкавыя акты, на гэты раз склад сведкаў купчай-прадажнай Ст. Глябовіча ёсць з чым параўнаць. 19 лістапада таго ж 1510 г. група сялян прадала полацкаму баярыну Лявону сваю зямлю на Масорыне. Склад сведкаў купчай-пра дажнай наступны: пан Іван Зіноўевіч, князь Іван Палубенскі і пан Федзька Епімахавіч 115. Дадзены дакумент дае магчымасць ужо досыць упэўнена гаварыць пра заканамернасць знаходжання Івана Корсака на першым месцы ў купчых-прадажных і звязваць гэты факт з тым, што менавіта ён у гэты час быў старшым з полацкіх баяраў.

Іван Зіноўевіч меў трох братоў: Міхаіла, Андрэя і Сцяпана116 . Мяркуючы па згаданай ужо ўказной грамаце Аляксандра 1499 г., дзе Міхаіл Зіноўевіч названы першым, а Іван — другім117, Міхаіл быў старэйшым братам. Аднак у 1509 г. яго ўжо не было ў жывых118. Цяжка меркаваць пра парадак старэйшынства трох астатніх братоў-Зіноўевічаў, але не выключана, што найстарэйшым з іх быў якраз Іван. Калі гэта сапраўды так, дык на 1510 г. Іван Зіноўевіч з'яўляўся самым старэйшым у родзе Корсакаў: яго бацька, а таксама дзядзька Астафій памерлі яшчэ ў XV ст., адзін стрыечны брат, Глеб — да 1507 г., а другога, Багдана, хутчэй за ўсё, таксама ўжо не было ў жывых (гл. табл. 1). Год смерці Івана Зіноўевіча невядомы, аднак яна адбылася да 1528 г., бо ў „попісе земскім" названага года фігуруюць ужо толькі яго жонка і сыны119. Адсутнічаюць у попісе і яго браты Сцяпан і Андрэй: іх на момант яго складання, відаць, таксама ўжо не было ў жывых.

Напрыканцы 20-х г. старшым з баяраў быў, відаць, Яцка Багданавіч Быстрэйскі. Ён займае першае месца ў пераліку полацкіх баяраў «попіса земскага» 1528 г.120 Ён жа ўзначальвае баяраў-сведкаў на судовым пасяджэнні, якое праводзілі 2 лістапада 1530 г. архіепіскап Нафанаіл і намеснік ваяводы Пятра Кішкі Багдан Іванавіч 121. Аднак ужо на пачатку 30-х Быстрэйскі губляе першынство.

У адрозненне ад папярэдняга перыяду, калі сустракаліся толькі паасобныя купчыя-прадажныя і судныя граматы, у якіх пазначаны сведкі, за 30-я г. XVI ст. захаваўся цэлы вялікі комплекс полацкіх судовых справаў. Гэта судовыя справы ваяводы Яна Глябовіча, якія ўвайшлі ў склад 16-й кнігі запісаў Метрыкі ВКЛ. Яны апублікаваныя 122. На судзе полацкага ваяводы абавязкова мусілі прысутнічаць полацкія баяры. Таму напрыканцы запісу пра кожнае судовае пасяджэнне змешчаны пералік сведкаў-баяраў. Такіх запісаў налічваецца каля 250, храналагічна яны ахопліваюць 1533—1539 г. Пры гэтым высвятляецца цікавая заканамернасць: сярод полацкіх баяраў на першым месцы заўсёды стаіць Дзмітрый Багданавіч Корсак, а на другім, як правіла, — Яцка Багданавіч Быстрэйскі (зразумела, калі яны прысутнічалі на судзе). Праўда, перад імі могуць быць упісаны князі, але тытулаваныя асобы, як ужо адзначалася, у падобных выпадках часта ставіліся на першыя месцы. Перад усімі імі ў запісах могуць быць унесены і іншыя сведкі: гаспадарскія дваране, цэнтральныя і мясцовыя (няполацкія) ураднікі і некаторыя іншыя, але гэта звязана з тым, што яны з'яўляліся службовымі асобамі агульнадзяржаўнага значэння. У судовых справах ёсць і прамое указанне на тое, што Дзмітрый Корсак быў у гэты час старшым з баяраў. Пад час разгляду ў 1538 г. адной з іх баяры заявілі, што ісцец, Война Епімах, аддаў позвы (судовыя павесткі) „брату нашому старъшому, пану Дмитрею Богдановичу" 123. Цікава, што, у адрозненні ад іншых полацкіх баяраў, якія фігуруюць у судовых запісах з указаннем сваіх афіцыйных пасадаў (гараднічы, баброўнічы і г.д.), Дзмітрый Корсак у іх ніколі не называецца полацкім мастаўнічым, хоць ў 1532 г. ён атрымаў названую пасаду „да волі гаспадарскай" 124, а ў 1538 г. яна была пацверджана яму „да жывата"125 . Відаць, неафіцыйнае званне старшага з баяраў ставілася полацкім баярствам у сваёй унутранай ерархіі вышэй нават за афіцыйныя (прынамсі некаторыя) пасады. Яго замацаванне ў 30-я г. і пазней за сынам Багдана Астаф'евіча Корсака Дзмітрыем звязана з тым, што ў гэты час ён быў найстарэйшым у родзе Корсакаў (гл. табл. 1).

Пра надзвычай высокае становішча Дзмітрыя Корсака ў палітычнай сістэме Полацкага ваяводства сведчаць і наступныя факты. Калі ў 1548 г. ён запісаў сваёй жонцы Фядоры ўсю сваю рухомую маёмасць, у якасці сведкаў у адпаведны дакумент былі ўнесены полацкі ваявода Станіслаў Давойна, архіепіскап Сямён, на трэцім месцы стаіць імя Яцкі Быстрэйскага 126. Сярод сведкаў пры продажы князем Андрэем Гедройцем сялян сяла Весніцка полацкаму баярыну Івану Ігнацьевічу ў 1552 г. Дзмітрый Багданавіч пастаўлены на першае месца — нават перад намеснікам полацкага ваяводы Ст. Давойны Фронцкам Каспаровічам, які ўпісаны толькі другім127. Першымі сярод маёнткаў полацкіх баяраў-шляхты апісаны маёнткі Дзмітрыя Корсака ў полацкай рэвізіі 1552 г.,128 дзе, дарэчы, ён зноў фігуруе без пазначэння сваёй афіцыйнай пасады.

Дзмітрый Корсак як старшы з баяраў не толькі выконваў вельмі прыкметную ролю ва ўнутраным палітычным жыцці Полаччыны, але, прынамсі ў некаторых выпадках, выступаў у якасці пасла ад полацкай кіраўнічай вярхушкі да цэнтральна га ўрада. Як ужо адзначалася, у 1532 г., калі пасада полацкага ваяводы была незанятай, ад архіепіскапа, гаспадарскага двараніна Міхаіла Лавейкі і ад усіх полацкіх баяраў па інструкцыі да віленскага ваяводы ездзіў менавіта Дзмітрый Корсак.

У 10—20-я г. Дзмітрый Корсак служыў гаспадарскім дваранінам 129. Дваранінам называюць яго таксама дакументы 1534130, 1535131, 1538132 г. Ён працягваў заставацца старшым і самым уплывовым з баяраў да самай смерці, якая адбылася, хутчэй за ўсё, у сярэдзіне 50-х: у 1558 г. яго жонцы давялося ўжо самастойна, без дапамогі мужа, судзіцца са сваім братам князем Яраславам Мікіцінічам 133.

Пасля смерці Дзмітрыя Корсака месца першага з баяраў зноў заняў Яцка Багданавіч Быстрэйскі. Корсакі былі адціснуты на другое месца.

Пад час разгляду вялікім князем і каралём Жыгімонтам II Аўгустам у 1558 г. канфлікта паміж ваяводам Ст. Давойнам і полацкімі мяшчанамі свой адказ на адну з мяшчанскіх скаргаў, які палягаў у спасылцы на старажытны звычай, ваявода „подперъ ... созънаньемъ бояръ полоцких: Яцъкомъ Бистрицъкимъ, а Федоромъ Бобыницъким, и иными"134. Яцка Быстрэйскі стаў Быстрыцкім па памылцы перапісчыка, а пад Фёдарам Бабыніцкім разумеецца сын Івана Зіноўевіча Корсака. У 1561 г. для больш дэталёвага вывучэння скаргі полацкіх путных слуг Вугальніцкага стана на ваяводу Ст. Давойну Жыгімонт II Аўгуст адаслаў яе на разгляд таму ж Давойну супольна з полацкім уладыкам і баярамі. Праз нейкі час архіепіскап і баяры паслалі да манарха з вынікамі разгляду „брат(ь)ю свою, бояръ полоцкихъ Яцка Быстреиского а Петра Корсака" 135. Пётр Корсак — гэта сын Дзмітрыя Багданавіча. З двух названых фактаў вынікае, што на мяжы 50—60-х г. пасаду старшага з баяраў займаў Яцка Быстрэйскі. Цяжэй меркаваць пра пазіцыі Корсакаў, але звяртае на сябе ўвагу, што і Фёдар Іванавіч, і Пётр Дзмітрыевіч былі сынамі колішніх старшых з баяраў.

У сувязі з сітуацыяй, калі пасля шматгадовага першынства розных галін роду Корсакаў іх прынамсі двойчы адціскаў на другое месца прадстаўнік іншай сям'і, варта паспрабаваць хаця б у агульных рысах прасачыць лёс роду Быстрэйскіх.

Першым вядомым яго прадстаўніком з'яўляецца Яцка Палачанін, які паміж 1440 і 1455 г. (даціроўка Г.Л. Харашкевіч) атрымаў ад Казіміра дзве зямліцы і 8 чалавек „во Быстрех" 136 — адкуль і родавае прозвішча. На думку згаданай даследчыцы 137, бацькам Яцкі быў Ходар Радковіч, прадстаўнік згаданага ўжо магутнага полацкага баярскага роду Радковічаў. Магчыма, гэта і так, але нельга выключыць, што Яцка Палачанін — гэта тая ж асоба, што і Яцка Рыгоравіч, які, як ужо было адзначана, займаў сярод сведкаў суднай граматы полацкага намесніка Андрэя Саковіча другое пасля князя Фёдара Шаха месца. У 1481 г. сын Яцкі Рыгоравіча Багдан ездзіў ад полацкіх баяраў паслом у Рыгу138. Ва ўвязчай грамаце, якую ў 1508 г. далі князю Фёдару Глінскаму прадстаўнікі („высланнікі") Жыгімонта I князь Іван Заслаўскі і Ціхан Быкоўскі, фігуруюць „люди суседные ... пан Быстреискии з сыном своим Яцком"139. Відавочна, што пана Быстрэйскага звалі Багданам, бо Яцка дадзенай граматы — гэта той самы Яцка Багданавіч Быстрэйскі. Прычым гэтага пана Быстрэйскага можна ідэнтыфікаваць з паслом у Рыгу 1481 г. Багданам Яцковічам. У 1511 г. Жыгімонт I на просьбу Васіля Багданавіча Яцковіча пацвердзіў яго і ягоным братам наданні Аляксандрам путнага чалавека Свяршчка з дзецьмі і іх землямі140 (такім чынам, апрача Яцкі і Васіля, у Багдана Быстрэйскага быў яшчэ найменш адзін сын). У выніку радавод Быстрэйскіх выглядае наступным чынам:

Рыгор
Яцка
Багдан
Яцка Васіль сын

Калі прынятае тут атаясамленне Яцкі Палачаніна, які атрымаў Быстрэю, з Яцкам Рыгоравічам суднай граматы Андрэя Саковіча слушнае, становяцца больш зразумелымі і тое высокае становішча, якое займаў у асяроддзі полацкіх баяраў у першай палове XVI ст. яго меркаваны ўнук — Яцка Багданавіч Быстрэйскі, і той факт, што менавіта ён быў старшым з баяраў напрыканцы 20-х і пасля смерці Дзмітрыя Корсака: суперніцтва родаў Корсакаў і Быстрэйскіх назіраецца яшчэ з сярэдзіны XV ст.

Такім чынам, удалося на працягу каля 175 гадоў прасачыць лёс такога спецыфічнага полацкага палітычнага інстытута, як старшы з баяраў. Аднак ёсць усе падставы лічыць, што ён існаваў задоўга да другой паловы XIV ст., прычым у ранейшую эпоху быў уласцівы не толькі Полаччыне.

Шэраг рускіх летапісаў (Наўгародскі I141, Сафійскі I142, маскоўскі звод 1479 г.143 і некаторыя іншыя) пад 6712 (1204) годам утрымлівае вялікае апавяданне, якое ў Сафійскім I летапісе названа „О взятьи богохранимого Царяграда". Апавяданне выкладае падзеі, звязаныя з заваяваннем крыжакамі Канстанцінопаля. У кароткім выкладанні яны развіваліся наступным чынам. У 1203 г. рыцары ўзвялі на трон Аляксея IV Ангела. Аднак 25 студзеня 1204 г. выбухнула паўстанне гарадскога плебсу, незадаволенага марыянетачнай палітыкай новага імператара, і пад яго ціскам сінкліт і духавенства абралі ў пераемнікі васілеўсу маладога чалавека Міколу Канава. Практычна адначасова, 28 ці 29 студзеня, адбыўся палацавы пераварот, у выніку якога Аляксей IV быў звергнуты, а ўлада перайшла да візантыйскага вяльможы Аляксея Дукі па мянушцы Мурцуфл. У хуткім часе Мурцуфл пасылае да Міколы і яго прыхільнікаў з наступнымі, паводле летапісца, словамі: „Язъ вашь цесарь, а Николе даю п?рвыи въ боярехъ, сложи съ себе вен?ць"144. Зразумела, што ні баяраў, ні „першага ў баярах" у Канстанцінопалі на пачатку XIII ст. не было, і ў дадзеным выпадку мае месца перанос летапісцам палітычных рэалій сваёй радзімы і свайго часу на апісваемыя ім замежныя падзеі. Апавяданне мае наўгародскае паходжанне. На карысць гэтага сведчаць наступныя факты. Апавяданне адсутнічае ў летапісах, напісаных на поўдні (Іпацеўскім) і на паўночным усходзе (Лаўрэнцеўскім, Радзівілаўскім) Русі. У той жа час, апрача пералічаных летапісаў, у скарочанай форме яно ёсць у Наўгародскім IV145 і Наўгародскім V146. Дадзеная кароткая звестка, без усялякага сумнення, узыходзіць да поўнага апавядання Наўгародс кага I летапісу. Апавяданне чытаецца ўжо ў самым раннім (Сінадальным) спісе Наўгародскага I летапісу — прычым на тых яго старонках, якія напісаны почыркам XIII ст.147 Мова і графіка спісу — з яскравымі наўгародскімі рысамі148. Летапісныя артыкулы, якія ідуць да і пасля апавядання — амаль што выключна наўгародскія. А.А. Шахматаў вылучаў тры асноўныя крыніцы Сінадальнага спісу і яго пратографа для падзей XIII ст.: гэта ў першую чаргу Сафійскі ўладычны звод, ізвод сярэдзіны XIII ст. святара наўгародскай царквы Святога Якава Германа Ваяты, а таксама Уладзімірскі Паліхрон пачатку XIV ст.149. Аднак працамі М.Дз. Прысёлкава 150, якога падтрымаў А.М. Насонаў151 , існаванне Паліхрона абвергнута. Такім чынам, апавяданне трапіла ў Сінадальны спіс і яго пратограф ці з Сафійскага ўладычнага зводу, ці з летапісу царквы Св. Якава. Абодва помнікі створаныя ў Ноўгарадзе. У Сафійскі I летапіс апавяданне, верагодней за ўсё, трапіла з таго ж наўгародскага ўладычнага зводу праз наўгародскі звод 1421 г., паліхрон 1423 г. і звод 1448 г.152 Апошні звод (або Сафійскі I летапіс153 ) быў асноўнай крыніцай Маскоўскага зводу 1479 г.154 Зводам жа 1479 г., у сваю чаргу, шырока карысталіся складальнікі летапісаў XVI ст., такіх, як Ніканаўскі і Львоўскі 155, дзе апавяданне таксама можна прачытаць 156. Непасрэднай крыніцай яшчэ аднога летапісу XVI ст., які утрымлівае апавяданне, Васкрасенскага 157, быў Сафійскі I летапіс па спісу І.М. Царскага 158.

Такім чынам, у першай палове XIII ст. ў Ноўгарадзе існаваў палітычны інстытут, аналагічны таму, які ўдаецца прасачыць у Полацку з другой паловы XIV ст. Вельмі верагодна, што і ў Полацкім княстве пасада старшага з баяраў існавала ў XIII ст., а можа, і ў яшчэ ранейшы гістарычны перыяд.

Наколькі гэта дазваляюць прасачыць крыніцы, на працягу прыкладна 170 гадоў, з 80-х г. XIV ст. і да 50-х г. XVI ст., пасаду старшага з баяраў займалі ў асноўным члены роду Корсакаў. Час ад часу іх адціскалі на другое месца прадстаўнікі іншых буйных баярскіх родаў: Радковічаў і Быстрэйскіх. Прычым сярод Корсакаў пасада перадавалася, мяркуючы па ўсім, найстарэйшаму ў родзе (гл. табл. 1).

Фёдар

Дзмітрый

Васіль Корсак

Астафі Зіновій

Багдан Глеб Mіхайла Іван Андрэй Сцяпан

Дзмітры й Васіль Іван Астафій Ян Андрэй Сямён Яцка Васіль Іван Глеб Фёдар Багдан

Пётр Пётр Баркулаб Ёсіф Анікей Касціхна Рыгор Юрый Іван Сцяпан Рыгор

Табл. 1. Радавод Корсакаў XIV—XVI ст. Тлустым шрыфтам вылучаны прадстаўнікі рода, пра якіх вядома, што яны былі старшымі з баяраў.

Блізкія аналогіі такому парадку знаходзяцца ў палітычных сістэмах паўночных суседзяў Полацка: Вялікага Ноўгарада і Пскова. У асяроддзі наўгародскага баярства пасадніцкія дынастыі склаліся ўжо ў XII ст.159 Інстытут пасадніцтва быў спадчынным (ці, прынамсі, пераемным унутры тых самых родаў)160 і ў Пскове.

Пры вывучэнні маёмаснага становішча полацкага баярства-шляхты высвятляецца наступная акалічнасць. Паводле „попіса земскага" 1528 г., Дзмітрый Корсак выстаўляў больш за ўсіх коннікаў — 33161. Згодна з полацкай рэвізіяй 1552 г., ён ставіў зноў больш за ўсіх коннікаў — 26, прычым у яго маёнтках жыло больш, чым у чыіх іншых, „падданых": 494 „дымы" сялян і мяшчан162. Мяркуючы па гэтым, Дзмітрый Корсак быў не толькі першым з баяраў, але і самым багатым з іх. Праўда, не выключана, што гэта — простае супадзенне. Так, Яцка Быстрэйскі, згодна попісу, мусіў выстаўляць 8 коннікаў 163, а паводле рэвізіі — 4, і на яго землях жыло 111 „дымоў" сялян164. Па сваім багацці Яцка нічым не вылучаўся з агульнай масы полацкай шляхты.

Зыходзячы з назвы пасады, а таксама з таго месца, якое старшы з баяраў займаў сярод сведкаў на судовых пасяджэннях і пры заключэнні здзелак з зямлёй, ён быў намінальным галавой полацкага баярства. Вось што ўяўлялі сабой яго практычныя функцыі ў іх эвалюцыі. У княскія часы старшы з баяраў быў адным з галоўных дарадцаў полацкага князя як у знешніх, так і ва ўнутраных справах. Пазіцыі старшага з баяраў у палітычнай сістэме Полаччыны працягвалі заставацца моцнымі, а ўлада — адчувальнай і яшчэ досыць доўгі час пасля скасавання княства. Пры Вітаўту і Свідрыгайлу старшыя з баяраў станавіліся полацкім намеснікамі і кіравалі горадам у моманты, калі вялікакняскага намесніка там не было. Не выкючана, што нейкі час яны абіраліся на намесніцтва самімі палачанамі, а не прызначаліся вялікімі князямі, бо менавіта Вітаўт паміж 1392 і 1399 г. выдаў Полацкай зямлі прывілей, у якім гарантавалася: „давати нам наместника нашого полочаном по их воли". У трэцяй чвэрці XV ст. старшы з полацкіх баяраў уваходзіць у склад гаспадарскай рады і прымае актыўны ўдзел ў рэлігійна-палітычным жыцці на агульнадзяр жаўным узроўні. Аднак паступова значэнне гэтай неафіцыйнай пасады зніжаецца. Старшы з баяраў Дзмітрый Корсак — усяго толькі гаспадарскі дваранін, яго роля — гэта роля ў пэўным сэнсе полацкага баярскага старосты, які старшынствуе сярод баяраў на судовых пасяджэннях полацкага ваяводы і ездзіць як прадстаўнік іх інтарэсаў і выразнік іх пункту гледжання да гаспадара на суд і па іншых справах. Магчыма, ён удзельнічае і ў агульнадзяржаўных вальных соймах, але сведчанняў крыніц на гэты конт не ўдалася знайсці. Калі раней пад час вакавання пасады полацкага ваяводы яго функцыі браў на сябе старшы з баяраў, дык, напрыклад, у 1532 г. для такой дзейнасці ў Полацк быў пасланы гаспадарскі дваранін.

Розныя пласты полацкага грамадства на розных этапах яго развіцця бралі неаднолькавы ўдзел у палітычным жыцці. Найбольш яскрава долю гэтага ўдзелу можна прасачыць па складу ўдзельнікаў мясцовых соймаў.

Мясцовы сойм меў вялікі ўплыў на палітычнае развіццё Полацкага ваяводства. На ім абіраліся мясцовыя ўраднікі, як гэта было ў другой палове 40-х, калі на такім сойме на пасаду гараднічага быў абраны Васіль Корсак. Верагодна, на соймах жа вырашалася, каго высунуць у якасці кандыдатуры на замяшчэнне архіепіскапскай кафедры, пасад настаяцеляў полацкіх манастыроў 165. У 1539 г., напрыклад, Жыгімонт I надаў ігуменства полацкага Спаса-Ефрасінеўскага манастыра Ульяне Падбярэзскай на просьбу ваяводы Яна Глябовіча, уладыкі Сямёна і полацкіх баяраў166. Сойм меў заканадаўчую ўладу. Так, на соймах, якія адбываліся ў 30-я г., было вырашана, за якія сумы грошай мае выкупляцца скаціна, знойдзеная на дарогах пад час ваенных дзеянняў 167, і вызначана, што млынарам з млыноў мусіць ісці дзесяціна з любога збожжа168. Як ужо указвалася, на соймах разглядаліся найбольш складаныя і спрэчныя судовыя выпадкі (рашэнне ваяводы Яна Глябовіча ў 1533 г. «со всею землею обмовити» справу князёў Саколенскіх). Соймы прымалі рашэнні адносна раскладкі агульнадзяржаўных падаткаў сярод мясцовых сацыяльных слаёў169. На іх жа абіраліся дэлегаты і выпрацоўваліся прапановы і просьбы, якія яны мелі падаць на разгляд манарха і сойма ад імя ўсёй Полацкай зямлі170. Так было, напрыклад, на полацкім сойме, які адбыўся напярэдадні вялікага вальнага сойма 1559 г.171

У суднай грамаце вялікага князя і караля Казіміра па скарзе полацкіх мяшчан, дваран і чорных людзей на баяраў, якая можа быць датавана 1456, 1471 ці 1486 г., манарх засцерагае: «а без бояр мещанам, и дворяном городским, и черни соимов не надобе чинить»172 . У літаратуры на цытаваную фразу як на доказ генетычнай сувязі полацкіх соймаў з мясцовымі вечамі ўжо даўно звярталася ўвага173. Сапраўды, з суднай граматы Казіміра вынікае, што ў другой палове XV ст. у соймах, якія адбываліся ў Полацку, істотную ролю адыгрывала не толькі баярства, але і мяшчане, гарадскія дваране і гарадскія нізы. На думку Г.Л. Харашкевіч, якая датуе дадзены дакумент 1486 г., у 80-я гады XV ст. адносіны паміж полацкімі баярамі і мяшчанамі абвастрыліся, з чым і было звязана выданне суднай174.

Гэтыя адносіны сталі яшчэ больш напружанымі пасля надання Полацку магдэбургскага права 4 кастрычніка 1498 г. Самымі канфліктагеннымі былі пытанні юрысдыкцыі мяшчан, якія жылі на баярскіх землях, даходаў ад гарадскога гандлю, парадка рамонту гарадскіх умацаванняў.

Магдэбургскім прывілеем пад прысуд ратушы аддаваліся ўсе жыхары горада Полацка і яго найбліжэйшай акругі незалежна ад таго, на чыёй зямлі яны жылі175. Аднак ужо 12 ліпеня 1499 г. вялікі князь Аляксандр вярнуў баярскіх «падданых» пад юрысдыкцыю баяраў, хоць сярэбшчыну і іншыя падаткі, якія ішлі ў агульнадзяржаўны скарб, яны абавязаны былі плаціць разам з «местам» 176. Жыгімонт I сваёй пацвярджальнай граматай Полацку на магдэбургскае права ад 27 жніўня 1510 (ці 1509) г. зноў перадаў мяшчан, якія жылі на баярскіх землях, пад прысуд магдэбургіі 177, але выдадзеным 23 ліпеня 1511 г. абласным прывілеем Полацкай зямлі ў чарговы раз вярнуў гэта права землеўласнікам 178. Такая супярэчлівая і непаслядоўная ўрадавая палітыка яшчэ больш заблытвала і абвастрала і без таго напружаныя адносіны паміж баярамі і мяшчанамі.

У лютым 1529 г. баяры падалі гаспадару скаргу на магдэбургскія ўлады і ўсіх мяшчан. Першым пунктам ў ёй стаяла пытанне пра даходы з гарадской вагі, якія павінны былі дзяліцца напалам паміж першымі і другімі. Другім буйным блокам праблем быў парадак пабудовы гарадскіх мастоў і ўмацаванняў. У сваёй суднай грамаце Жыгімонт выказаў новы падыход да пытання пра юрысдыкцыю ўладальніцкіх мяшчан: «падданыя» царкоўныя і баярскія «въ присуде мають быти подъ правомъ маиборским або подъ городовымъ [г.зн. ваяводы — В.В.], где будеть ихъ воля»179.

У хуткім часе пасля першага прыезду ў Полацк новапрызначанага ваяводы Яна Глябовіча ў жніўні 1533 г. уладыка і баяры звярнуліся да яго са скаргай на мяшчан, якая датычылася пытанняў рамонту замкавай гары і ўмацаванняў гарадскіх пасадаў. Баяры сцвярджалі, што частка іх людзей, якія жывуць у Полацку і яго наваколлі, не павінна прымаць удзел у названых работах. Мяшчане адмаўлялі гэта. Ваявода не рашыўся вынесці канчатковы вырак і перадаў справу на разгляд Жыгімонта I180. Рашэнне манарха застаецца невядомым.

Пытанне пра юрысдыкцыю мяшчанаў, якія жылі на баярскіх землях, абвастрылася на пачатку 50-х г. Хоць у рэвізіі 1552 г., датаванай 9 сакавіка, недвухсэнсоўна адзначана, што ўсе полацкія мяшчане знаходзяцца пад прысудам магдэбургс кага права181, аднак ужо 28 снежня таго ж 1552 г. віленскі ваявода, канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл вынес часовы (да разгляду справы гаспадаром) вырак па скарзе полацкіх баяраў на мяшчан, згодна якому магдэбургскім уладам забаранялася судзіць мяшчан, што жылі на землях праваслаўнай царквы і баяраў182. Праблема не была канчаткова вырашана яшчэ 11 студзеня 1555 г., калі М. Радзівіл зноў адклаў яе разгляд.

Супрацьстаянне баярства і мяшчанства ў Полацку ўскосна выявілася пад час разгляду Жыгімонтам II Аўгустам 16 красавіка 1558 г. буйнамаштабнага канфлікту паміж ваяводам Ст. Давойнам і полацкімі мяшчанамі. Мяркуючы па тым, што свае контраргументы на мяшчанскія прэтэнзіі Давойна некалькі разоў будаваў на сведчаннях уладыкі і баяраў183, апошнія — відавочна на баку ваяводы ў канфлікце.

Такім чынам, на працягу другой паловы XV — першай паловы XVI ст. у палітычным жыцці горада Полацка выразна прасочваецца зацятая барацьба паміж некалькімі сацыяльнымі групамі. Яшчэ ў 2-й палове XV ст., акрамя баяраў і мяшчан, прыкметную ролю выконвалі ў ёй гарадскія дваране і гарадскія нізы. На пачатку XVI ст. істотнае месца ў палітычнай сістэме ваяводства займалі і путныя слугі. Так, у 1513 г. ці крыху раней, каб давесці, што ён з'яўляецца сялянінам «гаспадарскім», г. зн. дзяржаўным, а не полацкага Спаса-Ефрасінеўскага манастыра, адзін з трох братоў Ярмолічаў (ці Ермаловічаў) «слался на всих бояр полоцких, и мещан, и на путных людеи»184. Аднак паступова гарадскія дваране, «чорныя людзі» і путныя слугі губляюць сваю палітычную вагу, і асноўная барацьба ў першай палове XVI ст. разгортваецца паміж баярствам-шляхтай і мяшчанамі. Для таго, каб высветліць асноўныя яе вынікі, вернемся да пытання пра склад удзельнікаў мясцовых соймаў.

Згодна з сведчаннямі крыніц, ужо ў 30-я г. XVI ст. асноўную долю ўдзельнікаў полацкіх соймаў складалі баяры. Як ужо адзначалася, у другой палове 30-х на мясцовых соймах былі прынятыя рашэнні адносна выкупу скаціны і дзесяціны, якая мае ісці на млынароў. Яны выпрацоўваліся «со всими паны бояры земли Полоцъкое» 185. Абранне Васіля Корсака на пасаду полацкага гараднічага адбывалася ў другой палове 40-х пры ўдзеле адной толькі шляхты: «вси бояре шляхта земли Полоцкое, одностаине ся змовивши …, обрали его на тот урядъ»186. «Просьбы зямлі Полацкай», пададзеныя на разгляд Жыгімонта II Аўгуста на вялікім вальным сойме 1559 г.187 і папярэдне складзеныя на сойме мясцовым, на самай справе былі просьбамі і прапановамі не ўсяго полацкага грамадства, а толькі баярства-шляхты. Такім чынам, на працягу XV — першай паловы XVI ст. адбываецца працэс паступовай трансфармацыі полацкага сойма з інстытуцыі, у працы якога прымалі ўдзел прадстаўнікі самых розных слаёў полацкага грамадства, у аднасаслоўны орган шляхты. На дадзеную тэндэнцыю указваў яшчэ М.В. Доўнар-Запольскі 188. Палітычная барацьба полацкіх баяраў і мяшчан ужо к 30-м г. XVI ст. скончылася перамогай першых.

У абраны для вывучэння перыяд Полацкая зямля працягвала жыць досыць адасобленым сацыяльна-палітычным жыццём з захаваннем многіх архаічных рысаў, ідэалагічным падмуркам якога былі, верагодна, уяўленні пра колішнюю магутнасць Полацка, пра яго «залаты век».

Напрыканцы 1512 г. вялікі князь маскоўскі Васіль III напаў на Вялікае Княства Літоўскае, паслаўшы войскі пад Смаленск, Полацк, Віцебск ды іншыя гарады. У хуткім часе ад паноў рады ВКЛ да магістра Інфлянцкага ордэна быў пасланы ліст, у якім паведамлялася пра агрэсію. Паны рада імкнуцца давесці адрасату, што калі Васіль III захопіць Смаленск, Віцебск ці Полацк, Ордэну не ўдасца захаваць з ім мір, «і найбольш таму, што палачане ёсць той адмысловай думкі, што Полацкая зямля мела свае граніцы з ракі Дзвіны, якая [рака] цягнецца аж да мора, і пераконваюць таксама, што горад Ваш, званы Рыга, размешчаны ў Полацкай зямлі, які выпадкам лёсу сваіх папярэднікаў [зямля] сілай у іх адабраны» 189. Відавочна, мелася на ўвазе, што калі вялікі князь маскоўскі захопіць Полацк, ён будзе прэтэндаваць і на ордэнскія землі, у тым ліку Рыгу. Мэта паслання зразумелая: урадавыя колы ВКЛ хацелі прыцягнуць магістра да вайны з Масквой у якасці свайго саюзніка. Але наўрад ці дзеля гэтага яны пайшлі б на прамую фальсіфікацыю фактаў. Хутчэй за ўсё, пра гэтыя ўяўленні палачан ў Рызе і так добра ведалі, а паны рады толькі яшчэ раз у зручнай сітуацыі нагадалі пра іх магістру.

Цяжка сказаць, на чым грунтаваліся ўспаміны палачан пра тое, што Полацкая зямля некалі даходзіла да Рыжскага заліва. Такія граніцы Полацкае княства магло мець не пазней за XII ст.,190 бо Рыга была заснавана ў 1201 г. Магчыма, яны перадаваліся вусна з пакалення ў пакаленне, аднак не выключана, што гэтыя звесткі браліся з пісьмовых крыніц, у тым ліку летапісаў. Пра іх існаванне ў гарадах Беларускага Падзвіння ў першай палове XVI ст. сведчыць наступны выпадак. 27 чэрвеня 1539 г. на суд віцебскага ваяводы Мацея Яновіча прыйшоў тамтэйшы мяшчанін Пашка Віхроў і выказаў скаргу на віцебскага гараднічага і харужага Рамана Гарасімовіча, згодна з якой за 7 гадоў да таго пан Раман узяў у яго «книгу летописеч о инъшые слова, в неи зъбранъные», і да гэтага часу не вярнуў. Раман прызнаўся, што сапраўды браў у яго кнігу, але адвёз яе ў Полацк, дзе і пакінуў. Ваявода абавязаў гараднічага вярнуць яе не пазней як праз 4 тыдні191. Далейшы ход справы невядомы. Яна, між іншым, даводзіць, што ў XVI ст. сярод жыхароў гарадоў Паўночнай Беларусі (прычым не толькі сярод прывілеяванай шляхты, але і мяшчан: кніга належала мяшчаніну) была досыць шырока распаўсюджана пісьменнасць і што яны цікавіліся гістарычнымі творамі.

Палачане былі вельмі прывязаны да сваёй зямлі. Гэта рыса была ўласцівая самым розным сацыяльным пластам. Так, калі паміж 1519 і 1532 г. полацкія путныя слугі камянчане не здолелі адстаяць свае землі, пажалаваныя князю Васілю Саколенска му, яны звярнуліся з просьбай адвесці ім іншыя ні да каго іншага, як да полацкага ваяводы Пятра Кішкі192. У 1551 г. полацкі баярын Васіль Палупята на той падставе, што яго маёнткі на правым беразе Дзвіны ці моцна спустошаны рускімі войскамі, ці ўвогуле адышлі за мяжу, прасіў Жыгімонта-Аўгуста пажалаваць яму землі ў левабярэжнай частцы ваяводства 193.

Відаць, менавіта з прывязанасцю да радзімы не ў апошнюю чаргу звязаны той факт, што вельмі нямногія з полацкіх шляхціцаў у першай палове XVI ст. зрабілі сабе кар'еру на службе цэнтральнаму ўраду. На пачатку стагоддзя краснасельскім намеснікам (маецца на ўвазе Краснае Сяло паміж Маладзечнам і Радашковічамі) быў Іван Зіноўевіч Корсак194. На мяжы 50—60-х г. аршанскім намеснікам з'яўляўся Пётр Дзмітрыевіч Корсак195. У 20—30-я г. крэўскім намеснікам быў Андрэй Сямёнавіч Епімах196. Самага ж высокага становішча сярод палачан у азначаны перыяд дамогся яго сын Багдан: у 1549—1551 г. ён быў намеснікам спраўцы Віленскага ваяводства Івана Гарнастая. У большасці выпадкаў пад яго кіраўніцтвам разглядаліся судовыя справы, якія склалі кнігу, вядомую сёння як 23 кніга судовых справаў (паводле новай нумарацыі, кніга 238) Метрыкі ВКЛ197. Паспяховая кар'ера Багдана Епімаха тлумачыцца, відаць, не столькі яго рэальнымі заслугамі, колькі сваяцкімі сувязямі: ён даводзіўся Гарнастаю зяцем198. Вось, бадай, і ўсе вядомыя на сённяшні дзень выпадкі ўдалых кар'ер полацкай шляхты на агульнадзяржаўным узроўні. Аднак у вывучаемы перыяд усё больш і больш выразным станавілася яе імкненне да службы пры вялікакняскім двары. Гаспадарскімі дваранамі былі, як ужо згадвалася, Міхаіл Лавейка, многія Корсакі, прадстаўнікі некаторых іншых баярскіх родаў. Доўгі час служыў у гаспадарскай канцылярыі Раман Сямёнавіч Невельскі (у 1558 г. — дзяк199).

Паміж прывязанасцю полацкай шляхты да радзімы і яе імкненнем прайсці службу пры гаспадарскім двары няма вялікай супярэчнасці: у першай палове XVI ст. папярэдняя служба дваранінам стала ўжо, відаць, ледзь не абавязковай умовай далейшага прызначэння на пасады мясцовай полацкай адміністрацыі. Пра пераважную большасць асобаў, якія з'яўляліся ў названы перыяд полацкімі гараднічымі, харужымі, цівунамі і г. д., вядома, што яны раней служылі гаспадарскімі дваранамі.

Устаўная грамата Полацкай зямлі гарантавала палачанам захаванне прынамсі некаторых норм старажытнага полацкага права. Напрыклад, у выпадку, калі палачанін будзе затрыманы з няякасным воскам у Рызе, воск павінен быць вернуты ў Полацк, а адносна далейшага лёсу нешчаслівага махляра вялікі князь абяцаў: «а казнит(ь) полочаном по своему праву, а в то ся нам не въступати» 200. Манарх абяцаў таксама перадаваць скаргі палачаніна на палачаніна, нават калі гэта будзе абвінавачанне ў забойстве, на разгляд полацкага ваяводы. «Ино ему судити по целованью; осудивши его, в Полоцъку ж казнити виноватого по их праву с полочаны по испросу» 201. У пацвярджальным прывілеі Полацку на магдэбургскае права 1509 (1510) г. Жыгімонт I даў мяшчанам дазвол «злодеи имати в месте и около места, … а карати их маеть подлуг их права»202.

Спасылкі на старадаўнія полацкія законы і звычаі сустракаюцца ў судовых справах ваяводы Яна Глябовіча. 14 мая 1535 г. за тое, што адзін полацкі мяшчанін збіў другога, ваявода разам з баярамі абавязалі вінаватага заплаціць пацярпела му, «водле обычая стародавныхъ правъ полоцъкихъ», 6 рублёў грошаў203. Звяртае на сябе ўвагу, што спасылка на старажытны мясцовы закон даецца ўжо пасля ўвядзення ў дзеянне агульнадзяржаўнага кодэкса: Статута ВКЛ 1529 г. Праўда, ёсць пэўныя сумненні наконт таго, што названая сума сапраўды з'яўлялася эквівалентам старадаўняга полацкага права за названае злачынства. Статут 1529 г. за аналагічнае злачынства шляхціча супраць шляхціча прадугледжвае штраф, роўна ў 2 разы большы — 12 рублёў204. Таму не выключана, што, як і ў выпадку з прывілеем Жыгімонта II Аўгуста на полацкае харужае Фронцку Каспаровічу, спасылка на старажытны полацкі закон была ўсяго толькі фармальнасцю, данінай традыцыі.

Аднак пра тое, што ў некаторых сферах нормы старажытнага полацкага права ўсё ж працягвалі дзейнічаць, можна гаварыць з дастатковай упэўненасцю. Асабліва жывучымі яны аказаліся ў вобласці штрафных санкцый па здзелках куплі-продажу зямлі. 1 верасня 1498 г. Васіль Рэдка прадаў Багдану Бардоўскаму сваю зямлю ў Рылковічах за 3 капы грошаў. Для прадаўца і яго сваякоў, якія ў будучым паспрабуюць «поискивати» прададзеную зямлю пад новымі ўладальнікамі і іх сваякамі, быў прадугледжаны штраф: 2 грыўны золата вялікаму князю і 1 грыўна золата полацкаму ваяводу205 . Паміж 1501 і 1513 г. полацкая мяшчанка Настасся прадала гаспадарскаму двараніну Індрыху Ладдзю «вугал зямлі». Штраф за «паісківанне» зямлі складаў 1 грыўну золата полацкаму ваяводу206 . Такая грашовая адзінка, як грыўна золата, была для мяжы XV — XVI ст. ужо яўным анахранізмам 207, у гэты час грошы лічылі на рублі ці копы. І ў гэтай вобласці, аднак, тэндэнцыя да пераходу да агульнадзяржаўных нормаў паступова стала пераважаць. Усё часцей за «паісківанне» ўжо прададзенай зямлі прызначаліся такія ж «віны», як і ў іншых частках ВКЛ. Так, пры продажы ў 1510 г. Багданам Галаўнінічам сяла Дзеранца ваяводу Ст. Глябовічу за названае злачынства быў прадугледжа ны штраф у 100 рублёў грошай на вялікага князя і караля208, пры продажы ў тым жа годзе групай сялян нейкаму Лявону зямлі на возеры Мосары — 100 коп грошаў на манарха і 50 коп на мясцовага ваяводу209 , пры продажы ў 1511 г. групай сялян-адназемцаў баярыну Мітку Пятровічу зямлі ў Хоцевічах — 100 коп грошаў на манарха, 50 коп грошаў на ваяводу і 20 грывен на полацкую ратушу210.

Да ліку вельмі старажытных асаблівасцяў Полацкай зямлі належыць існаванне зямельнага фонду, які лічыўся маёмасцю ўсяго полацкага грамадства.

Устаўная грамата Полацкай зямлі ўтрымлівае наступнае палажэнне: «а в купленины нам полоцкие не въступатися, такъже и в безадшчины их и в отумеръшчыны не вступатися нам»211. Разгледзім другую частку артыкула. Хаця дакладныя адрозненні ў значэнні тэрмінаў «безадшчина» і «отумеръшчына» застаюцца невядомымі, але і адзін, і другі абазначалі вымарачную маёмасць ці маёмасць, правы на якую не здолелі давесці спадкаемцы. Г.Л. Харашкевіч звярнула ўвагу на тое, што першы тэрмін у самых ранніх выпадках яго ўжывання мае дачыненне да царкоўнага землеўладання 212. Другі ў Пскоўскай суднай грамаце абазначае спадчыну, пакінутую без завяшчання 213. Згодна з думкай І.Б. Якубоўскага, дадзены артыкул утрымліваў яшчэ «ряд» палачан з князем, які ён датуе першай паловай XIV ст.214. У адной са сваіх прац У.І. Пічэта выказаў правамернае меркаванне, што «безадшчины» і «отумеръшчы ны», а пад імі разумелася не толькі рухомая, але і зямельная маёмасць, паступалі ў зямельны фонд усёй Полацкай зямлі215. Аднак ён не адказаў на пытанне, якія землі складалі гэты фонд ці, іншымі словамі, якія землі лічыліся агульнаполацкімі.

У першыя гады свайго кіравання Жыгімонт I надаў трох сялян, нядзеленых братоў Ярмолічаў, полацкаму баярыну Касцюшку Валфрамеевічу. Адзін з братоў, не хочучы трапіць у прыватную залежнасць, паскардзіўся гаспадару, што Касцюшка яго «негораздо просил в нас». За нейкі час да Берасцейска га сойма 1511 г. Жыгімонт даручыў разгледзець скаргу Альбрэхту Гаштольду і Богушу Багавіцінавічу. На судзе Ярмоліч заявіў, што ён — чалавек ігуменні полацкай «и на земли полоцкои седит(ь)»216 . Такім чынам, полацкай лічылася зямля Спаса-Ефрасінеўскага манастыра. Аднак, як здаецца, не толькі яго. Першым жа пунктам устаўной граматы Полацкай зямлі значыцца: «в церкви Бож(ь)и и в ыменья церковъные нам не вступатися, в дом Божии Св(е)того Софея, и в дом Бож(ь)и Светого Спаса, и в иные домы церковъные нам не въступати ся»217. На думку І.Б. Якубоўскага 218, якога падтрымала Г.Л. Харашкевіч 219, дадзены артыкул уваходзіў яшчэ ў склад «ряда» першай паловы XIV ст. Хутчэй за ўсё, да «полацкіх зямель» належалі ўладанні не толькі Спаскага манастыра, але і іншых полацкіх царкоўных інстытутаў. У сувязі з гэтым можна лічыць высветленым трэці, пасля прыватных ахвяраванняў і купляў, шлях папаўнення зямельнага фонда праваслаўнай царквы на Полаччыне: туды паступалі вымарачныя землі палачан.

Палітычны лад Полацкага ваяводства і ў першай палове XVI ст. працягваў захоўваць многія архаічныя рысы, якія ўзыходзяць яшчэ да часоў Полацкага княства. Па-ранейшаму існаваў інстытут старшага з баяраў, дзейнічалі некаторыя старажытныя прававыя нормы і г.д. Полаччына жыла досыць адасобленым палітычным жыццём, якое мела сваё юрыдычнае абгрунтаванне ва ўстаўной грамаце Жыгімонта I Старога 1511 г. Яе пацвердзіў у 1547 г. Жыгімонт II Аўгуст. Аднак асноўнай і з цягам часу ўсё больш моцнай тэндэнцыяй яе палітычнага развіцця была уніфікацыя мясцовых парадкаў з агульнадзяр жаўнымі і распаўсюджанне на Полаччыну працэсаў, якія адбываліся ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім.

Крынiцы:

1. Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв. (далей — ПГ). Вып. 3. Москва, 1980. С. 85-91.

2. Пічэта Ў.І. Полацкая зямля ў пачатку XVI сталецьця // Чатырохсот лецьце беларускага друку. 1525-1925. Менск, 1926. С. 81 і далей.

3. Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. 2-е изд. Москва, 1915. С. 381-385.

4. Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego ksiкstwa Litewskiego. Krakуw, 1885. S. 45.

5. Любавский М.К. Литовско-русский сейм. Москва, 1900. С. 160; Его же. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. С. 89-90.

6. Пічэта Ў.І. Ук. сач. С. 82.

7. ПГ. Вып. 3. С. 90.

8. Лаппо И.И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569-1586). Т. 1. С.-Петербург, 1901. С. 582-583.

9. Тамсама. С. 594-595.

10. Спірыдонаў М.Ф. Полаччына: XVI стагоддзе // За передовую науку. 1990. 19 января. С. 7.

11. Малиновский И.А. Сборник материалов, относящихся к истории панов-рады Великого княжества Литовского. Томск, 1901. С. 22—23.

12. Тамсама. С. 30-31.

13. Якубовский И.Б. Земские привилеи Великого княжества Литовского // Журнал Министерства народного просвещения (далей — ЖМНП). 1903. ? 6. С. 298.

14. Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. Москва, 1892. С. 876, 883.

15. Максимейко Н. А. Сеймы Литовско-Русского государства до Люблинской унии 1569 г. Харьков, 1902. С. 86.

16. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей — НГАБ). Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 24. Арк. 138-138адв.

17. Довнар-Запольский М.В. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901. С. 363, 408-411.

18. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп, 1. Адз. зах. 28. Арк. 108адв.-109.

19. Тамсама. Арк. 118адв.

20. Тамсама. Адз. зах. 31. Арк. 31-31адв.

21. Тамсама. Адз. зах. 35. Арк. 297-297адв.

22. Тамсама. Адз. зах. 37. Арк. 205адв.

23. Тамсама. Адз. зах. 41. Арк. 268адв.

24. ПГ. Вып. 3. С. 87.

25. Тамсама. С. 64-65.

26. Беларускі архіў (далей — БА). Т. 2. Менск, 1928. С. 136.

27. ПГ. Вып. 2. С. 162, 163.

28. БА. Т.2. С. 169.

29. Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. С. 867.

30. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 249. Арк. 126, 128.

31. Малиновский И.А. Ук. соч. С. 16.

32. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 17. Арк. 586.

33. Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 3. С.-Петербург, 1848. С. 95.

34. Тамсама. С. 115.

35. Максимейко Н.А. Ук. соч. С. 116-117.

36. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 41. Арк. 143адв.

37. Тамсама. Адз. зах. 37. Арк. 359-359адв.

38. Тамсама. Адз. зах. 29. Арк. 2-2адв.

39. Тамсама. Адз. зах. 249. Арк. 135-135адв.

40. Тамсама. Адз. зах. 247. Арк. 191.

41. БА. Т. 2. С. 128, 137, 138 і інш.

42. Тамсама. С. 200.

43. Тамсама. С. 154, 218, 277.

44. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 226. Арк. 70.

45. БА. Т. 2. С. 137-139.

46. Тамсама. С. 133, 170, 205, 268 і інш.

47. Тамсама. С. 135.

48. Тамсама. С. 279.

49. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 35. Арк. 268адв.

50. Тамсама. Адз. зах. 37. Арк. 468адв.; Адз. зах. 251. Арк. 36 адв.-37; Адз. зах. 254. Арк. 181.

51. БА. Т. 2. С. 47-49.

52. Законодательные памятники Великого княжества Литовского XV — XVI вв. Ленинград, 1936. С. 38-42.

53. Любавский М.К. Литовско-русский сейм. Приложения. С. 66, 70.

54. Его же. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. С. 474.

55. БА. Т. 2. С. 114-288.

56. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 40. Арк. 643.

57. Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. С. 844.

58. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 38. Арк. 96.

59. БА. Т. 2. С. 189-217.

60. Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. С. 844.

61. БА. Т. 2. С. 176.

62. Тамсама. С. 145-246.

63. Тамсама. С. 115-266.

64. Тамсама. С. 272-283.

65. Гл.: Российская национальная библиотека. Отдел рукописей (далей — РНБ. ОР). Ф. 293. Оп. 1. Ед. хр. 67.

66. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз.зах. 17. Арк. 300-300адв.

67. Полоцкая ревизия 1552 года (далей — ПР 1552 года) Москва, 1905. С. 113.

68. Русская историческая библиотека (далей — РИБ). Т. 20. С.-Петербург, 1903. С. 925.

69. Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. С. 267.

70. ПГ. Вып. 3. С. 90.

71. ПГ. Вып. 1. С. 212.

72. Книга посольская Метрики Великого княжества Литовского. [Т. 1] Москва, 1843. С. 107; НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 39. Арк. 520адв.; Тамсама. Адз. зах. 242. Арк. 207адв.

73. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 39. Арк. 520адв.

74. БА. Т. 2. С. 177, 233, 235.

75. Литовская Метрика. Книга записей 11. Вильнюс, 1997. С. 146.

76. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 247. Арк. 801-801 адв.

77. ПР 1552 года. С. 72.

78. ПГ. Вып. 1. С. 45, 46.

79. Тамсама. С. 43, 44.

80. Тамсама. С. 122; Вып. 3. С. 149, 202.

81. Тамсама. Вып. 1. С. 133, 151; Вып. 3. С. 210.

82. Словарь русского языка XI-XVII вв. Вып. 7. Москва, 1980. С. 344.

83. Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России (далей — АЮЗР). Т. 1. С.-Петербург, 1863. С. 2.

84. ПГ. Вып. 1. С. 87.

85. Тамсама. Вып. 3. С. 210.

86. АЮЗР. Т. 1. С. 11, 20—21; Archiwum ksiаэat Sanguszkуw w Sщawucie. T. 3. Lwуw, 1890. S. 7-8.

87. ПГ. Вып. 3. С. 211.

88. Тамсама. Вып. 1. С. 132.

89. Тамсама. С. 133.

90. Тамсама. С. 147.

91. Тамсама. С. 151-152.

92. Тамсама. Вып. 4. Москва, 1982. С. 24.

93. Тамсама. Вып. 1. С. 168-170.

94. Тамсама. С. 143.

95. Тамсама. Вып. 4. С. 48.

96. Тамсама. С. 63.

97. Тамсама. Вып. 2. Москва, 1978. С. 30—31.

98. Тамсама. Вып. 4. С. 74.

99. Архив Юго-Западной России. Ч. 1. Т. 7. Киев, 1887. С. 199.

100. Русский феодальный архив. Ч. 5. Москва, 1992. С. 951, 1064, 1071-1074.

101. ПГ. Вып. 2. С. 14.

102. Тамсама. С. 68, 70, 73.

103. Тамсама. С. 77-78; Вып. 4. С. 93.

104. Тамсама. Вып. 2. С. 82-83.

105. Тамсама. С. 100-103.

106. Тамсама. С. 138-139.

107. Тамсама. С. 171.

108. Сборник Русского исторического общества. Т.35. С.-Петербург, 1882. С. 160.

109. ПГ. Вып. 2. С. 160-161.

110. Тамсама. С. 177.

111. Тамсама. Вып. 4. С. 143, 157.

112. Тамсама. Вып. 3. С. 10-11.

113. Тамсама. С. 63-64.

114. Тамсама. Вып. 4. С. 209.

115. Тамсама. Вып. 2. С. 70-71.

116. Тамсама. С. 201-203.

117. Тамсама. С. 171.

118. Тамсама. Вып. 3. С. 46.

119. РИБ. Т. 33. Петроград, 1915. Ст. 193.

120. Тамсама. Ст. 192.

121. БА. Т. 2. С. 138.

122. Тамсама. С. 113 — 291.

123. Тамсама. С. 272.

124. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 17. Арк. 300-300адв.

125. Тамсама. Адз. зах. 20. Арк. 160.

126. Тамсама. Адз. зах. 35. Арк. 115адв.

127. Тамсама. Адз. зах. 240. Арк. 543адв.

128. ПР 1552 года. СС. 73-79.

129. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 12. Арк. 133; Адз. зах. 224. Арк. 315.

130. РНБ. ОР. Ф. 293. Оп. 1. Ед. хр. 67.

131. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 17. Арк. 282адв.-283.

132. Тамсама. Адз. зах. 20. Арк. 160.

133. Тамсама. Адз. зах. 35. Арк. 313-315адв.

134. Тамсама. Адз. зах. 249. Арк. 135адв.

135. Тамсама. Адз. зах. 254. Арк. 296адв.

136. ПГ. Вып.1. С. 147.

137. Тамсама. Вып. 4. С. 16.

138. Тамсама. Вып. 2. С. 97.

139. Тамсама. Вып. 3. С. 40.

140. Тамсама. СС. 95-96.

141. Новгородская Первая летопись старшего и младшего изводов (далей — НПЛ). Москва — Ленинград, 1950. С. 46-49, 240-246.

142. Полное собрание русских летописей (далей — ПСРЛ). Т. 5. Вып. 1. Ленинград, 1925. С. 185-189; Тамсама. Т. 39. Москва, 1994. С. 67-68.

143. ПСРЛ. Т. 25. Москва — Ленинград, 1949. С. 101-103.

144 НПЛ. СС. 47, 243; ПСРЛ. Т. 5. Вып. 1. С. 186-187 і інш.

145. ПСРЛ. Т. 4. Ч. 1. Вып. 1. Петроград, 1915. С. 180.

146. Тамсама. Т. 4. Ч. 2. Вып. 1. Петроград, 1917. С. 180.

147. Новгородская харатейная летопись. Москва, 1964. С. 133-149; НПЛ. С. 5.

148. НПЛ. С. 5.

149. Шахматов А.А. Обозрение русских летописных сводов XIV-XVI вв. Москва — Ленинград, 1938. С. 129-131.

150. Приселков М.Д. История русского летописания XI-XV вв. Изд. 2-е. С.-Петербург, 1996. С. 103, 145-146, 265.

151. Насонов А.Н. История русского летописания XI — начала XVIII века. Москва, 1969. С. 150, 179, 227, 260.

152. Шахматов А.А. Ук. соч. С. 160.

153. Приселков М.Д. Ук. соч. С. 248, 252, 256.

154. Шахматов А.А. Ук. соч. С. 260-267, 281-282.

155. Тамсама. С. 257.

156. ПСРЛ. Т. 10. Москва, 1965. С. 37-41; Тамсама. Т. 20. Ч. 1. С.-Петербург, 1910. С. 143-144.

157. ПСРЛ. Т. 7. С.-Петербург, 1856. С. 109-111.

158. Тамсама. Т. 39. С. 3.

159. Янин В.Л. Новгородские посадники. Москва, 1962. С. 125.

160. Кафенгауз Б.Б. Посадники и боярский совет в Древнем Пскове // Исторические записки. Вып. 33. 1950. СС. 186—188, 194.

161. РИБ. Т. 33. Ст. 193.

162. ПР 1552 года. С. 73—79.

163. РИБ. Т. 33. Ст. 192.

164. ПР 1552 года. С. 119.

165. Любавский М.К. Литовско-русский сейм. С. 160.

166. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 20. Арк. 275.

167. БА. Т. 2. С. 290.

168. Тамсама. С. 251.

169. ПГ. Вып. 2. С. 110-111; Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства, С. 90.

170. Любавский М.К. Литовско-русский сейм. С. 559, 605-607.

171. РИБ. Т. 30. Юрьев, 1914. С. 286—290.

172. ПГ. Вып. 2. С. 111.

173. Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства. С. 872, 883; Ён жа. Очерк истории Литовско-Русского государства. С 89.

174. ПГ, Вып. 4. С. 108.

175. Тамсама. Вып. 2. С. 154.

176. Тамсама. С. 163.

177. Тамсама. С. 57.

178. Тамсама. С. 89.

179. Акты Литовско-Русского государства. Вып. 1. Москва, 1899. С. 215-217.

180. БА. Т. 2. С. 192-195.

181. ПР 1552 года. С. 27, 43.

182. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 244. Арк. 194адв.

183. Тамсама. Адз. зах. 249. Арк. 127, 127адв.

184. Тамсама. Адз. зах. 9. Арк. 108адв.

185. БА. Т. 2. С. 251, 290.

186. Максимейко Н.А. Ук. соч. С. 116.

187. РИБ. Т. 30. Стст. 286—290.

188. Довнар-Запольский М.В. Ук. соч. С. 35-36.

189. Русско-ливонские акты. С.-Петербург, 1868. С. 279. Выказваю падзяку А. Жлутку за кансультацыі ў перакладзе.

190. Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX-XIII вв. Москва, 1966. С. 73-74.

191. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 228. Арк. 94адв.

192. Тамсама. Адз. зах. 29. Арк. 73.

193. Тамсама. Адз. зах. 35. Арк. 31адв.-32адв.

194. ПГ. Вып. 3. СС. 45-46.

195. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 37. Арк. 448адв.-449; Адз. зах. 40. Арк. 4.

196. Тамсама. Адз. зах. 14. Арк. 348; Адз. зах. 227. Арк. 135-135адв.

197. Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской Метрики. С.-Петербург, 1887. С. 115; НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 238.

198 НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. зах. 34. Арк. 295-297.

199. Тамсама. Адз. зах. 96, 98адв.-99адв.

200. ПГ. Вып. 3. С. 89.

201. Тамсама. С. 91.

202. Тамсама. С. 61.

203. БА. Т. 2. С. 261.

204. Статут Великого княжества Литовского 1529 года. Минск, 1960. ІII-14.

205. ПГ. Вып. 2. С. 151.

206. Тамсама. Вып. 3. С. 4.

207. Тамсама. Вып. 4. СС. 136, 183.

208. Тамсама. Вып. 3. С. 64.

209. Тамсама. С. 71.

210. Тамсама. С. 82.

211. Тамсама. С. 87.

212. Тамсама. Вып. 5. С. 37.

213. Тамсама. С. 39.

214. Якубовский И.Б. Ук. соч. // ЖМНП. 1903. ? 6. С. 277, 296.

215. Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV-XVI вв. М., 1961. С. 207.

216. НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Адз. Зах. 9. Арк. 108адв.

217. ПГ. Вып. 3. С. 86.

218. Якубовский И.Б. Ук. соч. // 1903. № 6. С. 277, 296.

219. ПГ. Вып. 5. С. 36.
Крынiца - Беларускi гiстарычны агляд. Том 5, сшытак 1 (8), чэрвень 1998.
Праглядаў - 5666
Мапа сайту...
Уверх...
Усе правы абаронены © 2004, 2005, Княжы гуф
Вашы заўвагi i прапановы: knight.by@mail.ru
Дызайн i праграмiраванiе Dionisiy, хостынг Extmedia