Княжы гуф
Княжы гуф

Галоўная/Бiблiятэка/Артыкулы/З дазволу караля і вялікага князя

З дазволу караля і вялікага князя

Леў Казлоў

З дазволу аўтара

Як ні круці, а ўсё ж гісторыя - гэта не столькі само па сабе мінулае, колькі тое, што пра яго напісана.

Дарма думаць, што такое сцверджанне справядлівае выключна ў адносінах да нас і да нашага круцельскага часу. Не, так і раней было і, хутчэй за ўсё, пазней таксама будзе.

Для прыкладу, кінем вокам на гэткую традыцыйна паважаную краіну як... ну, хай сабе Францыя. Возьмем з яе гісторыі агульнавядомы факт.

Пад завяршэнне XIV стагоддзя зладзілі французы ў горадзе Парыжы някепскую мураваную будыніну, якую спачатку выдалі за крэпасць, але хутка прызналіся, што мелі на ўвазе турму. Ну, турму дык турму, будыніна ўсё адно патрэбная. Праз чатыры вякі тыя самыя французы ў тым самым горадзе Парыжы тую самую мураванку ў друз патрушчылі, катаржную працу продкаў проста зраўнялі з зямлёй. Добра, што незадоўга перад тым яны пратурылі з мураванкі дзесятак-другі перапалоханых інвалідаў, якія лічыліся турэмнай вартай, жыўцом іх не закапалі...

Пра такія выбрыкі, на маю думку, адно хіба можна сказаць: «Глупства, пане дабрадзею», - і прынцыпова з французамі не здароўкацца. Так яно ў часе, можа, і сталася б, але французы на тую пару, пакінуўшы ззаду Рабле і набліжаючыся да Гюго і Дзюма, нядрэнна ўжо налаўчыліся пісаць. Таму без асаблівых высілкаў гусіныя пёркі французскіх гісторыкаў і белетрыстаў пераўтварылі вышэйпрыведзены малакультурны факт у штурм народам Бастыліі і Вялікую французскую рэвалюцыю.

Я наракаю на французаў?.. Не, я зайздрошчу ім.

Мяркую, не мне аднаму ў гэтым свеце даводзілася чуць пра тое, нібыта ў беларусаў няма ўласна сваёй гісторыі. Скуль і з чаго такое меркаванне? Не ў апошнюю чаргу з таго, што шмат якія бліскучыя старонкі менавіта беларускай гісторыі напісаны палякамі, расейцамі, летувісамі, украінцамі - як свае. Адпаведна напісанаму яны і ўспрымаюцца, а мы ўсё неяк толькі самі для сябе і лічымся першадрукарамі.

Не гісторыі нам бракуе, якой хапіла б на некалькі народаў, а напісанага пра яе. І перш за ўсё - напісанага ў жанры міфатворчасці: лёгкага, займальнага, рамантычнага, неверагоднага... У французаў гэта ёсць, таму ўсе іх васемнаццаць Людовікаў, хоць аднаму яны самі ж галаву адсеклі, з імі і сёння як жывыя, а чатыры нашых Жыгімонты паміж нас мёртвыя.

Гэта адна з прычын, па якой так цяжка ўздымае крылы нашае Адраджэнне. У большасці людзей адчуваецца няўпэўненасць, быццам іх заклікаюць адраджаць пустэчу, дзе няма і не было аніякіх гістарычных рэалій - ні нацыі і яе заваёў, ні дзяржаўнасці і яе носьбітаў. «Ані знакаў таямнічых, ані сімвалаў магічных».

Міфічны Фенікс у нашым выпадку нібыта ўжо і не попел, але пакуль і не птушка, бо прыземлены ён і не ведае вышыні. Няма на што крылам трывала, шырока абаперціся, самому палёту, каб адбыцца, не стае адчування рухомасці, плыні, прасторы, неабдымнасці. Такое адчуванне - імгненнае і ўжо несканчонае дзіва, яно ўзнікае нечакана і незалежна, выпраменьваецца тымі самымі таямнічымі знакамі і магічнымі сімваламі, аўрай гістарычнага быцця. Таму, як не дадзена было ўзнікнуць яму з гісторыі паводле аўтараў сучасных школьных падручнікаў, так наўрад ці ўзнікне яно і з гісторыі паводле Ігнатоўскага. Хутчэй тут можна разлічваць на гісторыю паводле Караткевіча, на гістарычныя версіі, знакі і сімвалы Тарасава, Арлова, Дайнекі і ўсіх тых, хто ідзе ці пойдзе ўслед за імі, ды яшчэ на кнігі накшталт гэтай, напісанай «з дазволу караля і вялікага князя» Львом Казловым.

Кніга выдатная, таму хваліць аўтара, дзякуй Богу, няма патрэбы. Зазначу толькі наступнае: тое, што зрабіў Леў Казлоў, мне асабіста ўяўляецца амаль неабходным дадаткам да параўнаўча нядаўніх кніжак Адама Мальдзіса і Міколы Ермаловіча, ды, зрэшты, і да шмат якіх іншых гістарычных твораў, навуковых і мастацкіх. З гэтым указальнікам людзей і падзей збягаеш у мінулае як з радасным, рознакаляровым ліхтарыкам.

Бог ты мой! Колькі высвечвае кніжка-ліхтарык твараў мудрых правіцеляў, мужных вояў, верных іх і здрадлівых каханак, вераломных інтрыганаў і дасціпных жартаўнікоў... Яны, нашыя продкі, паўстаюць жывымі ў бясконцым жыцці, запаўняюць пустату і за нашымі патыліцамі, і перад нашымі лбамі. У такой кагорце нам не прапасці!

«З мінулым трэба развітвацца смеючыся», - парада агульнавядомая. Прачытаўшы кнігу Льва Казлова, нават ёлупень датумкае, што не грэх таксама, смеючыся, да мінулага вяртацца. Нават такім найсур'ёзным у свеце людзям, як мы, браткі-беларусы.

Уладзімір Някляеў

Усмешкi мiж летапiсных радкоў

Быў час, пра які мелі магчымасць апавядаць толькі летапісцы. Бо з адукацыяй тады справы былі горш, чым зараз. Нават уладарныя асобы не ўсе ўмелі чытаць і пісаць, маглі толькі лічыць. Таму і ганаровае гэта званне - летапіссц. Хаця адразу ўзнікае пытанне: а што лепш, быць героем нейкіх падзей ці тым, хто пра гэта піша? Імёны большасці герояў нам вядомыя, а вось хто іх данёс да нас? Ох, сціплыя, занадта сціплыя былі тыя творцы летапісаў! Не раўня сучасным аўтарам. Але калі хто і захаваў скромнасць аж да ўзроўню поўнай невядомасці, дык гэта выдумшчыкі анекдотаў. А дарэчы, ці можна нешта такое знайсці, як кажуць, паміж радкоў у тых нятленных і сур'ёзных опусах? Паверце: можна! Ёсць, ёсць у той сівой, альбо замшэлай, хто як хоча, даўніне штосьці з добрага гумару. Бо, дальбог, так жа немагчыма! Чытаеш старыя кнігі і здаецца, што тады людзі рабілі ўсё, каб выглядаць сур'ёзнымі. Не, не можа такога быць, каб смех быў вынайдзены толькі ў бліжэйшыя да нас стагоддзі. Рызыкнём нават сцвярджаць, што ўпершыню рогат страсянуў дзявочую прыроду, калі нашы малпападобныя продкі, седзячы на дрэвах, упершыню ўбачылі сваю радню, што рабіла першыя няпэўныя крокі па зямлі.

Далей - болей. Чалавек не толькі перамяшчаўся, але і нешта такое рабіў, і размаўляў, і меў нейкія своеасаблівыя пачуцці да іншых. Тут ужо можна доўжыць бясконца, але і так зразумела, што разам з гэтым не маглі не памножыцца прычыны і магчымасці для здаровага смеху. Таму, пакінуўшы ўбаку добра нам знаёмых старажытных грэкаў і рымлян, паспрабуем надаць самую пільную ўвагу нашай гісторыі.

...Ну вось, толькі пачалі выбівацца на сваю дарогу, як зноў прыйдзецца вяртацца да Рыма. І не таму, што туды здаўна вядуць усе шляхі, а па іншай прычыне. Бо адтуль выйшла, а дакладней, збегла, ратуючыся ад імператара-шаленца Нерона, нейкая частка яго падданых. Рымляне пад кіраўніцтвам патрыцыя Палямона дабраліся аж на берагі Нёмана і Дубісы. Ад гэтай грамады, калі верыць аўтару «Кронікі літоўскай і жамойцкай», і ўтварыўся народ літоўскі. Але для паўнаты карціны не хапае іншых дзеючых асоб, менавіта славян, якія прыкладна тады ж канчаткова асталяваліся ў гэтай частцы Эўропы. Такім чынам, абодва бакі падрыхтаваліся да гістарычнага ўзаемадзеяння.

А зараз давайце прыгледзімся больш уважліва да нашых герояў. Заглянем спачатку ў найстаражытнейшую «Аповесць мінулых гадоў» і адшукаем старонку, дзе князь Уладзімір, выбіраючы веру, адмаўляецца ад Магаметава закона. Прычына? Даволі простая. Не кажучы пра некаторыя далікатныя моманты, князь ні за што не хоча пазбавіць свой народ ужывання свініны, а галоўнае: «Русі адно вяселле - піці, без таго не можам быці». І першае, і другое, як вядома, супярэчыць канонам ісламу. Гэта той самы князь Уладзімір, што некалі ўзяў Полацак, каб узяць Рагнеду. Падзея даволі вядомая і ад гумару далёкая, сутнасць жа ў тым, што тут, на сумежжы, Русь энергічна памахвае мячом. А тым часам...

Літва пакуль што ўладкоўвалася, блукаючы па неабсяжных некранутых лясах. Аўтар памянёнай «Кронікі» са справядлівай сціпласцю прадстаўляе гэтыя падзеі: «Народ жа той літоўскі доўгі час ад пачатку свайго панавання нязначным быў». І дабаўляе, што Русь трымала над ім верх і брала даніну ў выглядзе... венікаў і лыка на вяроўкі. Так, з узроўнем гаспадарчага развіцця тут было пакуль не вельмі ладна, далекавата да сярэдніх феадальных паказчыкаў. Няўжо ж здрабнелі нашчадкі рымскіх патрыцыяў? Не, хутчэй за ўсё іх зачаравала мясцовая прырода. А ваяўнічымі яны засталіся і надалей, што даволі хутка будзе пацверджана. Праўда, «даволі хутка» - гэта для нас, сучаснікаў, каму нейкая там сотня-другая гадоў - проста невялікі прамежак гістарычнага часу.

Дык вось, прайшло стагоддзе-другое. Русь хрысцілася, Літва па-ранейшаму пакланялася сваім ідалам. У першых - доўгі спіс гарадоў, там - Ноўгарад, Полацак і Кіеў са сваімі знакамітымі Сафійскімі саборамі. Пра гарады другіх - штосьці не чуваць, тут - немаведама па якой модзе пашытыя футры і скураныя «шаты». Але раптам з'явіліся татары і пайшлі ад аднаго рускага горада да другога. У краіне, дзе многа населеных пунктаў, цяжка было заблудзіць усходнім заваёўнікам: только ўзялі Разань, а на гарызонце Ўладзімір, побач - Суздаль, далей - Цвер, а потым і Кіеў, і яшчэ Ўладзімір, праўда, Валынскі. Каб у Літвы існавала на той час хаця б пару такіх гарадоў, то, напэўна, арда кінулася б туды, але, на шчасце, нічога падобнага там не аказалася. Таму жыхары літоўскіх пушчаў, яшчэ не сутыкнуўшыся з татарамі, ужо адчувалі сябе пераможцамі.

Вось у такое трывожнае і не вельмі спрыяльнае для гумару стагоддзе па нейкай загадкавай, яшчэ не высветленай прычыне ў княжацкіх сем'ях на землях, што пазней назвалі Белай Руссю, сталі нараджацца на свет выключна асобы жаночага полу. А Літве толькі падавай нявест! Дзе ж, дарэчы, славянам жаніхоў было знайсці сярод сваіх, калі столькі палягло ад татараў... Адным словам, дашлюбаваліся да таго, што нарадзілася незвычайна прыгожае дзіця. Як толькі яно падрасло, надалі яму імя: Вялікае Княства Літоўскае.

Усё гэта дзеецца ў летапісны час, з іншымі крыніцамі гумару пакуль цяжка. Можна паразважаць, як літоўскі князь Міндоўг трапіў у прымы ў Новагародак, за што і быў пазбаўлены жыцця сваімі раўнівымі сародзічамі. Але звернем лепш увагу на мільгануўшае ў «Кроніцы літоўскай і жамойцкай» імя: Радзівіл. Што ні кажыце, а ў нашай гісторыі без яго не абысціся. Таму паназіраем, як, паводле «Кронікі», першы з Радзівілаў з'явіўся ў Беларусі.

Накіраваў яго сюды бацька, Манцівіл, адзін з жамойцкіх князёў, які, відаць, ясна ўяўляў сабе сітуацыю і вырашыў не ўпусціць шанц: калі з тутэйшых мясцін шмат сіл пайшло на Батыя, то можна паспытаць ваеннага шчасця. Вось як выглядала жамойцкае войска: харугвы ваенныя і трубачы, абоз з рыпучымі калёсамі, а само войска без зброі. Не здзіўляйцеся, бо менавіта пра гэта і пісаў стваральнік «Кронікі»: «Без зброі і панцыраў, бо яшчэ тады яны таго не ведалі, толькі зубрыныя, ласіныя, мядзведжыя ды воўчыя скуры насілі, а зброя - лук просты з дуба ці з ляшчыны сагнёны, а да таго - торба з каменнем на плячах поўная, ды супаротак (прашча. - Л.К.), каб іх кідаць, а да таго ж - рагаціна, кій, засмолены з канца, а шабля - толькі ў гетмана і была, збруя на кані з лыка, а за поясам - пастромкі для вязання нявольніка». Такое грознае воінства, нягледзячы ні на што, прайшлося па новых землях з трыумфам, прыхільна сустракаемае мясцовымі жыхарамі, а неўзабаве тут і асела, «пакумаваўшыся і пабратаўшыся з Руссю». Так ці не зусім так было, але ад ардынцаў адбіліся.

Каб неяк выбрацца з гэтых летапісных лабірынтаў, прыспешым наша апавяданне. Бо ў адваротным выпадку з такім сутыкнемся, што будзе не да смеху! З цягам часу ўрэшце ўсё прыходзіць да ладу, і вось мы маем ужо першага вялікага князя, Гедзіміна. «Панаваў Гедзімін лет многа на Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім, і многа меў войн, якія заўжды выйграваў фартунна. Спладзіў сем сыноў, восьмую дачку Ганну...» Панаваў доўга, пакуль у Прусах нейкі немец-крыжак не падстрэліў. З нашчадкаў жа яго найбольшую цікавасць прадстаўляе Альгерд, які па бацькоўскім завяшчанні атрымаў у валоданне замак Крэва з аколіцамі. Але паступова ён прыбраў да рук і больш адлеглыя землі. У якасці пасагу атрымаў, напрыклад, Віцебскае княства, ажаніўшыся з тутэйшаю князёўнай.

Быў у Альгерда сярод братоў найбольш блізкі і любімы - Кейстут, што сядзеў у Старых Троках і валодаў Жамойцкай зямлёю. Змовіліся яны і ўзялі разам у свае рукі верхавенства, назваўшыся адначасова вялікімі князямі і падзяліўшы па-братэрску ўладу. Рэдкі выпадак, каб на такім дзяржаўным узроўні маглі гэтак сябраваць і давяраць адзін аднаму. Хаця Альгерд і быў больш удалы - і намнога! - у справе пашырэння сваіх уладанняў, бо дабраўся аж да самае Масквы. Вось тут нарэшце і здарылася такое, што вельмі падобна на анекдот.

У тыя феадальныя часы кожны хапаў тое, што дрэнна ляжала. Літва не была выключэннем, як, між іншым, і суседняе Маскоўскае княства. Тут яно прадэманстравала надзвычайны спрыт. Дзіўна, чаму на гербе апошняга не намалявалі граблі? «Няма такіх грабляў, што грабуць ад сябе». Праўда, народ са сваёй зямлёю - не сена, і не кожны хацеў трапіць у гэты маскоўскі стажок. Але што было, тое было. Дзякуючы Богу і проста шчасліваму збегу акалічнасцей, мы маем такую гісторыю, якую маем. Адным словам, пра той самы нібыта анекдот.

Замысліў Дзмітрый Іванавіч, вялікі князь маскоўскі, адабраць у Літвы землі рускія і паслаў у Вільню паслоў бучных (альбо, як зараз кажуць, паўнамоцных) адпаведна тагачаснаму звычаю. Прыбыўшы да Альгерда, паклалі яны перад ім голы меч і агонь і абвясцілі: «Чакай, княжа, Дзмітрыя на Вялікдзень, прыедзе прывітаць цябе чырвонымі яйкамі!» Выслухаўшы такую дзёрзкасць, Альгерд затрымаў на ўсякі выпадак маскоўскіх паслоў і загадаў сабраць войска. А пад час Вялікага посту рушыў патаемна з Віцебска на ўсход.

Акурат пад самае велікоднае свята войска Альгердава апынулася пад Масквой. Стаўшы на Паклоннай гары, загадаў вялікі князь літоўскі прывесці затрыманых паслоў, уручыў ім паходню льняную з агнём і адправіў да князя маскоўскага. Яны сустрэлі Дзмітрыя Івачавіча па дарозе да царквы, калі той накіроўваўся на ранішнюю малітву. І не паспеў ён прыйсці ў сябе ад нечаканасці, як з атрадам вояў паказаўся сам Альгерд.

- Бачыш, княжа, - звярнуўся госць з зычлівай усмешкай, працягваючы гаспадару чырвонае яйка, - я рашыў выручыць цябе, пазбавіўшы ад цяжкага і небяспечнага падарожжа, да якога ты, як бачу, яшчэ і не падрыхтаваўся. Дык давай святкаваць, не чакаючы другога прышэсця!

Гады складваліся ў дзесяцігоддзі, дзесяцігоддзі - у стагоддзі, і ўсё больш цікавыя і забаўныя падрабязнасці сталі сустракацца ў летапісах і кроніках. Іх стваральнікі асмялелі і нават усё часцей асабістымі подпісамі сведчылі сваё аўтарства. Некаторыя дайшлі да таго, што побач з сур'ёзнымі і гістарычна велічнымі дзеямі каралёў ды магнатаў пачалі шчодра сыпаць рознымі «бытавымі кавалачкамі». Падабалася гэта каму ці не, але выглядала вельмі падобна на жыццёвую праўду. Вось, напрыклад, быў такі Ян Длугаш, кракаўскі канонік, што паставіў крыж на суровасцях летапіснага стылю, калі з'явілася яго знакамітая «Гісторыя Польшчы». Нешта мы зараз з яе выцягнем, але спачатку давайце зарыентуемся ў часе і падзеях.

Пасля Альгерда вялікім князем літоўскім стаў Ягайла, яго першы сын ад другога шлюбу з Ульянай Цвярской. Кейстут ахвотна спрыяў пляменніку пры ўзвядзенні ў велікакняжацкі сан. Тым не менш Ягайла ставіўся да дзядзькі надта ўжо надазрона, пакуль не пазбавіў нават жыцця пад час знаходжання таго ў Крэўскім замку. Наўздагон у лепшы свет ледзь не трапіў і старэйшы сын Кейстута - Вітаўт. Нягледзячы на тое, што з дзяцінства проста ідэальна сябраваў па прыкладу бацькоў з Ягайлам Альгердавічам. Вітаўта выратавала тое, што ён не меў барады і вусаў. Гэтую акалічнасць выкарыстала яго жонка, якая з Ягайлавага дазволу з дзвюма служанкамі наведала няшчаснага Кейстутавіча, ужо гатовага да пакарання. Доблесны муж хуценька пераапрануўся ў служанчына адзенне і спакойна пакінуў даволі няўтульнае месца. Вітаўтава спрытнасць настолькі расчуліла Ягайлу, што ён згадзіўся аддаць яму трон вялікага князя літоўскага з ўсёй падуладнай тэрыторыяй. Праўда, сам Ягайла, заключыўшы Крэўскую вунію, стаў польскім каралём, а да таго ж хрысціў Літву паводле каталіцкага абраду, як некалі Ўладзімір Святаслававіч Русь - паводле праваслаўнага.

Дагэтуль гісторыкі разважаюць, чаму Ян Длугаш недалюбліваў Ягайлу. Канешне, нескладана выказваць прэтэнзіі і гаварыць не зусім прыемныя рэчы ўжо пасля таго, як дадзеная асоба перайшла ў разрад адсутных сярод жывых. Справа ў тым, што кар'ера будучага гістарыёграфа толькі пачыналася, калі жыццёвы шлях караля ўжо заканчваўся. Але ж гэта была вялікая асоба! Многа пра яе гаварылася, і Длугаш збіраў усё, што чуў, і, зразумела, усё, што было напісана.

З надзвычайнай цікавасцю чакалі ў польскай сталіцы Кракаве прыезду «дзікага ліцьвіна». Сюды ўжо дайшлі чуткі пра падпісанне вуніі ў Крэве. Але больш за ўсіх хвалявалася каралева на выданні, трынаццацігадовая Ядвіга, бо да яе набліжаўся жаніх з кавалерскім стажам у трыццаць пяць гадоў, свежаспечаны хрысціянін з краю апошніх нехрысцяў Эўропы. Дзве праблемы непакоілі юную асобу. Адна - што рабіць з папярэднікам Ягайлы, аўстрыйскім прынцам Вільгельмам, які ўжо амаль трымаў руку каханай каралевы, але... І зараз у адчаі, спадзеючыся, што абвешчаны шлюб з ліцьвінам па нейкай прычыне не адбудзецца, ён патаемна пражываў у каралеўскага падкаморага Гневаша. Другая прычына тычылася самога Ягайлы.

Пакуль будучы заснавальнік дынастыі Ягайлавічаў паволі набліжаўся да Кракава, злыя языкі нашапталі Ядвізе, якое страшнае, усё пасечанае ў баях цела ён мае. Мала таго, у яе жаніха не хапае аднае вельмі патрэбнае дэталі, калі да гэтай пары ён яшчэ не ажаніўся. Каб мець поўную яснасць у такім далікатным пытанні, каралева загадала свайму даверанаму шляхціцу па імені Завіша, каб той як мага хутчэй ехаў да Ягайлы і патаемна падрабязна ўсё агледзеў, што ён за такі. Але будучы кароль, відаць, быў дастаткова праніклівы і зразумеў мэту прыезду пасланца. Таму неўзабаве, прыхапіўшы яго, Ягайла накіраваўся ў лазню, дзе «разведчык» змог «...дакладна зрэестраваць прысутнасць і будову асобных частак цела», як з веданнем справы адзначыў у сваёй кроніцы Ян Длугаш. Адразу ж пасля такога шматзначнага мыцця шляхціц Завіша паімчаў у Кракаў, дзе аб усім падрабязна далажыў. Каралева зрабіла вывад: «Усё ў парадку».

Калі падкаморы Гневаш канчаткова зразумеў, што паставіў не на таго каня, дык вырашыў хоць маральна кампенсаваць свае страты. Падпільнаваўшы адпаведны момант, расказаў каралю, што прытуліў на пэўны час прынца з Габсбургаў, які ўсяго на чатыры гады старэйшы за каралеву і на шаснаццаць маладзейшы за яго вялікасць, ды яшчэ, што і заручаныя яны, Ядвіга і Вільгельм, некалі былі і сустракаліся як да Ягайлавага прыезду ў Кракаў, так і ўсе наступныя гады ў Гневашавым доме...

Можна ўявіць каралеўскі гнеў! Але, хаця тэмпература адносін у аўгусцейшай сям'і значна панізілася, Ягайла зразумеў, што галоўнае ў такой сітуацыі - абарона гонару. Ды і сама каралева загадала паставіць Гневаша за абразу перад судом. І, канешне, прысуд мог быць толькі адзін: адказчык - ілгун і падманшчык. Суддзі не толькі добра ведалі рымскае права, але і рымскую гісторыю, дзе, як вядома, існаваў неаспрэчны пастулат: «Жонка Цэзара па-за падазрэннем». Што да пакарання, то яго прызначылі надзвычай справядлівае і суровае: Гневаш павінен быў залезці пад лаву і заявіць, што збрахаў, як сабака, і па-сабачаму яшчэ некаторы час пабрахаць.

У сям'і нібыта ўсё прыйшло ў парадак. Але каралева Ядвіга так і не ашчаслівіла Ягайлу. Праз трынаццаць гадоў ён аўдавеў. Кароль ажэніцца яшчэ тройчы. І толькі ў апошнім шлюбе - з маладой і прыгожай князёўнай з нашых беларускіх краёў, Софіяй Гальшанскай, нарэшце займее дынастычных інфантаў. А сасватаў яму гэтую прыгажосць вялікі князь літоўскі, з якім кароль не раз калаціўся, Вітаўт.

Прайшло ўжо нямала гадоў панавання Ягайлы, калі ён у суправаджэнні Вітаўта накіраваўся на Жамойць, каб нарэшце ахрысціць мясцовых жыхароў. Кароль стаў, разважаючы пра сэнс веры, павучаць жамойтаў, якія з'явіліся па яго загаду. Адзін з іх на прамову адазваўся: «Міласцівы кароль, я асабіста згодзен з тым, што ўсе мы ўваскрэснем, але, убачыш, толку з гэтага аніякага не будзе».

Вітаўта, аднаго з герояў Грунвальда, Длугаш характарызуе наступным чынам: «Росту ён быў малога і цела меў хударлявае, відаць, прырода ўстрымалася ад таго, каб адарыць яго дастойнай знешнасцю і прыгажосцю ўжо пасля таго, як надала многа іншых добрых якасцей. Быў надзвычай шчодры, часцей даваў больш, чым адбіраў, таму, кажуць, правую руку меў даўжэйшую за левую. І яшчэ многія сведчаць, што да спраў кахання быў вельмі прыхільны і такі палкі, што неаднаразова, проста з поля бітвы, пакінуўшы войска на варожай зямлі, імчаў на спецыяльна расстаўленых конях да жонкі альбо да сваіх наложніц». Дык вось, пра тую надзвычайную Вітаўтаву шчодрасць да нас дайшла адна з такіх гісторый.

Сярод блізкіх да вялікага князя людзей быў шляхціц Мікалай Малдрык, які выконваў ролю асабістага сакратара і даручэнца па розных далікатных справах. Прыйшоў час, калі гэта давераная асоба папрасілася дамоў да жонкі і дзяцей, адным словам, на заслужаны адпачынак. Вітаўт не затрымліваў яго, ды яшчэ вырашыў як след узнагародзіць. Скарбнік атрымаў загад выдаць Мікалаю Малдрыку добрыя футры, коней і іншыя патрэбныя рэчы, а да таго - сто коп грошаў. Пачуўшы пра ўсё, князева жонка Ўльяна пачала горача даказваць, што гэта - разбазарванне казны. Тады Вітаўт, нічога не кажучы, дабавіў да той сотні яшчэ адну. Ульяна з новай энергіяй стала папракаць князя, які ў выніку патроіў узнагароду. Княгіня выбухнула гневам, але чым больш пратэставала, тым больш паслядоўную вытрымку дэманстраваў Вітаўт. Дайшло да таго, што ён ужо восьмы раз дабавіў свайму вернаму сакратару чарговыя сто коп і невядома, ці хапіла б усёй дзяржаўнай казны ў гэтым спаборніцтве вялікага князя са жміндай-жонкай, калі б тая не пераканалася ў адваротным выніку свайго красамоўства. Можна ўявіць, якіх нечалавечых намаганняў ёй гэта каштавала!

Згробшы хуценька грошы, Малдрык неўзабаве адправіўся ў родныя мясціны. І доўга яшчэ апавядаў, што маёнтак свой ён здабыў дзякуючы не шчодрасці вялікага князя, а скупасці яго жонкі. «У каго капа ляжыць, да таго яшчэ бяжыць».

Пад канец свайго жыцця Вітаўт надумаў стаць каралём, а сваю Ўльяну зрабіць каралевай. Дамовіўся ён з рымскім цэсарам, каб той закінуў слова папе рымскаму. Папа даў згоду, блаславіў і паслаў у Вільню дзве кароны. Але Ягайлу такі ход гісторыі зусім не спадабаўся, бо ў яго падрасталі сыны. А гэта ўжо дынастыя, калі як след паўплываць на акалічнасці. Таму кароль загадаў Яну Чарнкоўскаму, падкамораму пазнанскаму, каб на дарогах, па якіх, магчыма, паедуць папскія паслы з каронамі і пацвярджальнымі граматамі, парасстаўляць засады.

А Вітаўт ужо рыхтаваў вялікае свята каранацыі, для чаго запрасіў гаспадароў найвышэйшага рангу з суседніх дзяржаў. У маляўнічыя Трокі - рэзідэнцыю вялікага князя, прыехалі: кароль польскі Ягайла, вялікі князь маскоўскі Васіль Васілевіч, вялікі князь цвярскі Барыс Аляксандравіч, а таксама магістры з Прусіі і Лівоніі, паслы з Царграда, Рыма і Разані, ад валашскага ваяводы, ад Ноўгарада і Пскова, нават ад ардынскага хана, як і ад іншых краін. «І былі тыя каралі і вялікія князі з пасламі ў вялікага князя Вітаўта сем тыдняў на яго страве, а на адзін дзень ішло аброку па трыста бочак мёду, а ялавіц трыста, а бараноў і вепраў трыста». Так удакладняе меню «Супрасльскі летапіс».

Высокія госці, і Вітаўт Кейстутавіч у першую чаргу, з дня на дзень чакалі з'яўлення пасланцоў ад папы, але тых усё не было. Адзін Ягайла ведаў прычыну. Пазней яму стануць вядомы падрабязнасці. Падзеі развіваліся і закончыліся даволі проста: нунцый Батыста, які ўзначальваў пасольства, не рызыкнуў працягваць свой шлях, калі яму нехта данёс пра засаду, і вярнуўся назад у Рым.

Да Трок дайшлі нарэшце гэтыя драматычныя весці. Вітаўт не вытрымаў, «учуўшы тое, зваліўся, падкошаны хваробай, і памёр...». Вось так адышоў у небыццё, а адначасова і ў гісторыю вялікі князь літоўскі, які з-за шэрагу прычын, а мо і з-за сваёй шчодрасці не стаў каралём.

Многа пасля гэтага было ўсялякіх падзей, усё больш звязаных са змаганнем за велікакняжацкі тытул і панаванне на Літве, Русі і Жамойці. Развярнулася нават сапраўдная грамадзянская вайна, за ўладу біліся адначасова два вялікія князі - Свідрыгайла, сын Альгерда, і Жыгімонт, сын Кейстута. Але гэта ўсё вельмі сур'ёзна, таму прагарнуўшы некалькі старонак гісторыі і апусціўшы з дзесятак розных прэтэндэнтаў на велікакняжацкую мітру, нагадаем мімаходзь пра Ягайлавага сына Казіміра.

Прайшоўшы апрабацыю ў якасці вялікага князя літоўскага, Казімір быў запрошаны на польскі трон. Традыцыя працягвалася і будзе далей працягвацца за часы панавання Ягайлавічаў. Але, зрабіўшыся каралём, Казімір не парываў з зямлёю сваіх продкаў. Чаму? Пра гэта ў «Кроніцы літоўскай і жамойцкай» гаворыцца наступнае: «За часам таго караля польскага і вялікага князя літоўскага і рускага Казіміра мала што змянілася, толькі ўсе панове каронныя з-за сваёй надзьмутасці і пыхі з-за Валыні і Падоліі саймавалі (спрабуючы адабраць іх у Вялікага Княства. - Л.К.), але княжата літоўскія гэта ад іх моцна баранілі як уласнага свайго дзедзічнага панства і не дапушчалі, таму, што кароль Казімір Літве быў прыхільны і з-за таго ляшскага непаслушэнства больш у Літве, чым у Польшчы, пражываў, паляваннем бавячыся».

Пра каралеўскія і велікакняжацкія паляванні яшчэ будзе гутарка, а зараз пра адно здарэнне з жыцця Казіміра Ягайлавіча. Справа адбывалася пад час трынаццацігадовай вайны, гэтым разам апошняй з крыжакамі. Вынікам яе стаў вялікі трыумф з нагоды капітуляцыі Тэўтонскага ордэна і прызнання Прусіяй васальнай залежнасці ад Кароны польскай. Але перад гэтым...

У адной з сутычак з ордэнскім войскам, якім камандаваў магістр Людвік, польска-літоўскія харугвы не вытрымалі і паказалі тыл. Вымушаны быў ратавацца і кароль Казімір, даўшы нагам поўную волю. Сярод уцякаўшага воінства крыжакі вышуквалі найперш яго. На шчасце, манарх меў адзенне і ўзбраенне аднолькавае са сваёй асабістай аховай, якая адцягнула ўвагу рыцараў. Побач з Казімірам застаўся адзіны шляхціц па імені Вол. Жаўнерская фартуна паспрыяла абодвум, і яны шчасліва апынуліся ў нейкім балоце, дзе шанцаў выратавацца было значна болей. Але тут іх падпільнавала другая бяда: яго каралеўская вялікасць ніколі не карыстаўся багнай для перамяшчэння сваёй асобы.

- Эх, каб каня! Аддаў бы каралеўства за каня! - апераджаючы Рычарда III гадоў на дваццаць і Шэкспіра на добрую сотню гадоў, усклікнуў Ягайлавіч.

- А мо Вол прыдасца? - спытаў спадарожнік уладара, усцягваючы яго сабе на спіну.

Многа добрых і слаўных спраў засталося за каралём і вялікім князем Казімірам Ягайлавічам. З такім аўтарытэтам яго сынам няцяжка было апынуцца на першых пазіцыях сярод кандыдатаў на каралеўскую і велікакняжацкую пасады. Магчыма, нейкую ролю адыграла тое, што, паміраючы ў Горадні, Казімір шчодра раздаваў направа і налева свае даволі вялікія зберажэнні, каму больш, каму менш. «Хто мае грошы, той мае і розум», як гаварылі ў сярэднявеччы. А мо кароль меў на ўвазе іншае прыслоўе: «Сёння за грошы, а заўтра задарма». Адным словам, старэйшы, Альбрэхт, стаў каралём, а вялікім князем - Аляксандар, наступны па старшынству. І ўсё ў іх прайшло гладка, без асаблівых клопатаў. Клопаты будуць потым.

Акурат у той час вельмі ўзмацнела Маскоўская дзяржава і пачала адбіраць у Вялікага Княства Літоўскага землі і гарады. Таму Аляксандар паспрабаваў адразу ж памірыцца з гаспадаром маскоўскім Іванам Васільевічам. Мала таго, папрасіў аб сваім усынаўленні і адначасова пасватаўся да яго дачкі Алены. З такой просьбай і прыехалі ў Маскву віленскія паслы.

Агледзіны нявесты і прэзентацыя жаніха дакладна пададзены ў памянёнай «Кроніцы».

«Выйшла панна да бацькі свайго і стала, пакланіўшыся. А калі ўбачылі яе паслы, падумалі, што гэта анёл у чалавечым абліччы, і, разгубіўшыся ад такое пекнаты, сталі як укапаныя. А потым упалі да яе ног, просячы, каб князя і гаспадара іх у ласцы сваёй захавала, а яна заплакала. Тут вялікі князь маскоўскі спытаў іх, ці маюць яго маляваную выяву з сабою, за якою зараз жа паслалі і прынеслі. А быў той вялікі князь літоўскі вельмі пекны, твару белага, шчок румяных, вока чорнага, а вус толькі-толькі яшчэ засеяўся». Партрэт Івану Васільевічу спадабаўся, хаця напісаны быў даўнавата. Што ж зробіш, кожны хоча выглядаць у падобных выпадках маладзейшым. Рэзалюцыя маскоўскага гаспадара прыводзіцца ў той жа «Кроніцы»: «Мне няхай застаецца гэты партрэт, а дачку маю Алену хай жывы князь літоўскі бярэ на ўсё жыццё».

Не прайшло і некалькі гадоў, як цесць і зяць, забыўшыся пра сыноўне-бацькоўскі дагавор, пасварыліся і сталі ваяваць. Ці тут разважаць аб звычайных сямейных адносінах! Розніца ў тым, што сваяцкія спрэчкі на дзяржаўным узроўні выходзяць бокам простым людзям: «Паны б'юцца, мужыкам ілбы трашчаць».

А з польскага боку хутка прыйшло традыцыйнае запрашэнне вялікаму князю літоўскаму на трон. Справа ў тым, што Альбрэхт памёр, а попыт на Ягайлавічаў трымаўся. Хаця і ў самога Аляксандра са здароўем было не вельмі, усё ж каралём ён стаў.

Ёсць старажытная ўсходняя прымаўка: «Сустракаюцца стогадовыя сяляне, не сустрэнеш стогадовага чыноўніка». Такое, відаць, траплялася і ў нас.

Кароль і вялікі князь Аляксандар Ягайлавіч паехаў на паляванне ў Налібоцкую пушчу і сустрэў там лесніка, якому, як казалі, было ўжо даўно за сто, але выглядаў ён даволі маладжава.

- Ці наведвала цябе калі хвароба? - спытаў старога Аляксандар.

- Не, найяснейшы пане. Хвароба не гасціла ў мяне, бо я не меў чым яе частаваць, - адказаў ляснік.

Пражыў Аляксандар усяго сорак пяць гадоў. Але дынастыя Ягайлавічаў на ім яшчэ не канчалася. Справы ў Кароны і Літвы ішлі больш-менш нармальна, і гэта ставілася ў заслугу чарговаму іх прадстаўніку. А нястомны Час цягнуў за сабою даўжэзны абоз перамен. Сярэднявечча паступова размывалася Рэнесансам. Людзі станавіліся больш дасціпнымі, што не абмінула і каранаваных асоб.

Прыправа да гуманiзму

Рэнесанс, Адраджэнне, гуманізм... Гэтыя паняцці добра вядомы і ў нашай гісторыі, іх звычайна звязваюць з часамі панавання апошніх двух Ягайлавічаў - Жыгімонта Старога і Жыгімонта Аўгуста. Але, заўважце, у Італіі ў герцагствах і рэспубліках, якія там існавалі, адраджалася тое, што ўжо некалі было ў старажытных Грэцыі і Рыме. А для іншых краін, напрыклад, пра якія ідзе ў нас гутарка, то, шчыра кажучы, тут адбывалася Нараджэнне. Нараджэнне нечага зусім новага, чаго ў гэтых мясцінах і блізка не назіралася. Але хай сабе будзе Адраджэнне, Залаты век і іншыя карысныя з'явы. Невядома, ці называў сябе «адраджэнцам» альбо «рэнесансістам» наш славуты Францішак Скарына, а што гуманістам ён быў, гэта сумнення не выклікае.

Гуманізм найбольш наглядна праявіўся ў простых людскіх адносінах. Чалавек менш стаў пазіраць на нябёсы, а больш аглядацца вакол сябе. Ён падабрэў і смялей выказваўся адносна свайго калегі, разлічваючы на такую ж дабрату і разуменне. Але галоўнае - акрыяла і паступова распаўсюдзілася пачуццё гумару. Вось тут і адыгралі сваю выдатную ролю выцягнутыя з самых разнастайных, цудам уцалелых крыніц антычныя анекдоты. Аднавіліся класічныя сюжэты з галоўнай дзеючай асобай - чалавекам. Не, не проста безыменным чалавекам, а гістарычнай персонай.

Крыху пазней, мо напрыканцы Залатога веку, у нас з'явіўся, бадай, самы першы збіральнік анекдотаў і розных забаўных гісторыек Беняш Будны. Хаця пра асобу гэтага «калекцыянера» вядома яшчэ не вельмі шмат, але ягоныя «Апафегматы» сталі шырока вядомымі і ў той, і ў больш позні час. Нават апынуліся сярод першых друкаваных грамадзянскім шрыфтам расейскіх кніжак часоў Пятра I, але гэта ўжо значна пазней. У часы ж беларускага Адраджэння «Апафегматы» друкаваліся ў Вільні, у Любчы (непадалёк ад Новагародка) у вядомага друкара Пётры Бластуса Кміты і ў Кракаве.

Аднак вернемся да нашых аўгусцейшых асоб. Колькасць іх павялічваецца. Ды і побач з каралём і вялікім князем усё часцей мільгаюць іншыя прадстаўнікі «вышэйшага свету», якія таксама размножыліся. Узрасла, і гэта важна, цікавасць да слова, пісанага і друкаванага. Звычайнай справай становіцца перапіска паміж людзьмі, і кожнаму ахвота паведаміць нешта інтрыгуючае, даведацца штосьці цікавае. Асабліва, калі гаворка заходзіла пра загадкавы, маладаступны для назірання, бо высока пастаўлены, экземпляр чалавечае пароды.

Невядома, як доўга прыстасоўваліся б жыхары Кароны і Вялікага Княства да Рэнесансу, калі б Жыгімонт Казіміравіч не ажаніўся другі раз - з Бонай, дачкой міланскага герцага Джавані Сфорца. Яна не толькі нарадзіла каралю гуманістычнага наследніка Жыгімонта Жыгімонтавіча, але шмат на што завяла новую моду. Кароль-бацька проста млеў ад радасці з нагоды такіх падзей. З негаваркога і ўраўнаважанага манарха ён ператварыўся ў дасціпнага чалавека. Праўда, яго італьянская жонка не забывалася нагадваць яму пра карону на галаве. Кажуць, ён меў добрае сэрца, чым звычайна любяць пакарыстацца розныя энергічныя тыпы.

Перад абедам кароль Жыгімонт мыў рукі, зняўшы свае пярсцёнкі, якія даў патрымаць двараніну, што абслугоўваў яго вялікасць пад час туалету. Разважаючы ў думках аб розных справах, кароль забыў пра тыя пярсцёнкі і ні ў гэты дзень, ні пазней не ўспамінаў пра іх. Дваранін зрабіў вывад, што Жыгімонт, відаць, зусім не памятае, дзе падзеліся яго каштоўнасці, а паколькі пры двары аціраецца столькі людзей, то і не трэба аб гэтым напамінаць.

Праз нейкі час той жа дваранін зноў прыслугоўваў каралю. Але Жыгімонт, на руках якога красаваліся ўжо іншыя пярсцёнкі, і не падумаў іх здымаць. А на недаўменны погляд свайго «асістэнта» сказаў: «Для вас дастаткова тых, што вы ўзялі раней, а гэтыя могуць спатрэбіцца каму іншаму».

Па старым звычаі кароль і вялікі князь Жыгімонт час ад часу наведваў Літву, дзе цешыў сябе паляваннем. Асабліва ён любіў назіраць за тым, як сабакі змагаюцца з мядзведзем. Аднойчы пад час такой сцэны пан Халецкі, староста чаркаскі, што стаяў каля яго вялікасці, здзівіўся, што сабакі чамусьці без асаблівага жадання ідуць на звера.

- Відаць, іх занадта абкармілі перад гэтым, - выказаў меркаванне кароль, - таму і не бяруць яго.

- Тады, найяснейшы пане, - параіў староста, - пусці на мядзведзя сваіх пісараў, бо як яны ні аб'ядаюцца, а ўсё бяруць і бяруць.

З якой прычыны Жыгімонт, сын Казіміра Ягайлавіча, стаў называцца «Стары»? Мо таму, што жыў 81 год? Але дзед яго Ягайла пераваліў аж за 83, і ніхто не дадумаўся ў дапаўненне да імя ахрысціць таго яшчэ і «Старым». А можа, што доўга насіў карону і велікакняжацкую мітру? І зноў жа не, бо дзед быў польскім каралём ажно 48 гадоў! А ўнук аддаў «манаршыя шапкі» свайму сыну, якому ледзь споўнілася 10 гадоў. Каралеўскі стаж Жыгімонта-сеньёра налічваў у той момант у два разы менш гадоў у параўнанні з дзедаўскім. Праўда, яму ўжо стукнула шэсцьдзесят тры, і, відаць, у гэтым салідным узросце ён палічыў, што такія цацкі, як карона ці мітра, больш падабаюць яго дзіцяці, Жыгімонту-юніёру. А каб не блытаць, па прапанове каралевы Боны, апошняму надалі яшчэ адно імя - «Аўгуст». Можа пад уплывам Рэнесансу? Пра ўплыў Боны Сфорцы мы яшчэ паразважаем, але да матэматычных разлікаў больш вяртацца не будзем, прынамсі на гэтай старонцы, каб не змарыць адных чытачоў і не адбіць ахвоту ў другіх. Скажам толькі па сакрэту, што ў нейкай невядомай яшчэ кроніцы ўпамінаецца мімаходзь, як каралева звярталася да свайго мужа-караля: «Паслухай, стары!». Здаецца, тут ўсё зразумела. А што тычыцца этычнага боку гэтай формы звароту, то нагадаем, што каралева была маладзей за яго... усяго на 27 гадоў. Не, хопіць, хопіць! Пара вярнуцца на наш гуманістычна-гумарыстычны шлях.

У сярэднявеччы і ў пазнейшыя часы ў многіх каранаваных асоб і іх каранаваных палавін была мода на блазнаў. Не мінуў такога атрыбуту і жыгімонтаўскі двор. Гэты цуд уседазволенасці і трапнасці ў словах, што адрасаваліся налева і направа, а нярэдка і наверх, называўся Станчык. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць з запалам, што ён паходзіў са Станькава, якое знаходзіцца паблізу Крутагор'я, ці Койданава. Пакінем падобныя біяграфічныя даследаванні да лепшых часоў і паслухаем самого Станчыка.

Неўзабаве пасля таго, як у каралеўскім замку ўладкавалася маладая каралева Бона, ад якой Жыгімонт Стары спадзяваўся дачакацца нашчадка-Ягайлавіча, у яе гонар было арганізавана вялікае паляванне. Ды яшчэ з нагоды таго, што з Італіі даставілі зграю добрых медэлянаў - гончых сабак. Праўда, вялікім яно называлася больш у дэкаратыўным сэнсе, хаця б таму, што ловы адбываліся ў бліжэйшым гаі пад Кракавам. Але затое з сапраўдным, прывезеным з беларускіх бароў вялізным мядзведзем.

Як толькі мядзведзь выбраўся са скрыні, яго тут жа апанавалі медэляны. Гэтае знаёмства для іх скончылася вельмі дрэнна, і раз'юшанага звера стрымаць стала немагчыма. Разагнаўшы паляўнічых і шляхціцаў, што хацелі бліснуць перад каралевай сваёй адвагай, ён панёсся да іх вялікасцей, якія разам са світай сядзелі на конях. Тыя кінуліся наўцёкі. Перапалоханыя коні паскідалі многіх наезнікаў. Звалілася і каралева, з-за чаго тут жа датэрмінова разрадзілася, але з адмоўным вынікам.

Станчык таксама перакуліўся разам з канём. Кароль не прамінуў заўважыць, што гэта доказ не шляхетнасці, а дурасці блазна. «Яшчэ большы той дурань, - адгукнуўся Станчык, - хто, трымаючы мядзведзя ў скрыні, выпускае яго назло сабе».

Як і іншыя каралі і каралевы, Бона мела фаварытаў. Адным з іх быў біскуп Гамрат. Ён ужо даўно марыў аб высокай пасадзе пры двары і, калі адкрылася вакансія на месца вялікага кароннага канцлера, звярнуўся да сваёй высокапастаўленай апякуншы. Бона звычайна ўплывала ў падобных справах на свайго мужа, і ў ход пайшлі неабходныя словы. Станчык, які знаходзіўся непадалёк, усё гэта чуў. Блазан добра ведаў пра дэкамеронаўскі стыль жыцця біскупа, таму, калі Жыгімонт застаўся адзін, прамовіў:

- Хутка мы ўбачым аднаго сакавіцкага медэляна ў постаці галоўнага лоўчага.

Кароль нічога не сказаў. А праз некаторы час быў скліканы сенат, дзе ад імя караля пра якасці яшчэ невядомага прысутным канцлера стаў красамоўна апавядаць маршалак. Упэўнены, што гэта падаюць яго партрэт, Гамрат, ззяючы, узняўся са свайго месца. І тут кароль звярнуўся да яго:

- Сядайце, шаноўны біскуп, гаворка не пра вас.

У выніку канцлерам стаў Хваенскі.

І другі раз Гамрату не пашанцавала стаць вялікім канцлерам. Хаця, агітуючы за сваю кандыдатуру, ён заявіў, што ведае абсалютна пра ўсё, што дзеецца на белым свеце і ў каралеўскім двары, абралі іншага - больш здольнага Самуэля Мацяёўскага. Станчык, канешне, не мог прайсці міма такога здарэння:

- Відаць, няма найбольшых падманшчыкаў у нашай дзяржаве, апрача гэтых двух.

- Чаму так? - здзівіўся кароль.

- Таму, што Гамрат прыкідваецца, быццам ведае ўсё, а на самой справе не ведае нічога. І Мацяёўскі, які ўсё знае, прыкідваецца, што нічога не знае.

Блазан старога караля, назіраючы, як таму пад час хваробы ставілі п'яўкі, заўважыў: «Вось гэта сапраўдныя прыдворныя і прыяцелі яго вялікасці».

Ну, што ж, лёгка смяяцца з гатовага, трох грошаў не прыклаўшы. Таму звернем увагу на асобу, якая грошы тыя прыкладала, - на каралеву Бону. Бо яна пісала правілы паводзін як для свайго каранаванага мужа, так і для каранаванага сына. Такім чынам, жыццё апошніх Ягайлавічаў прайшло паводле яе сцэнарыя.

Не падумайце, што гэта неяк адмоўна адбілася на нашай гісторыі. Зусім наадварот. Дзякуй Богу, гэтая італьянка прыспешыла Рэнесанс і як магла штурхала сваіх падданых да дасягненняў тагачаснай цывілізацыі. Узяць, напрыклад, гарод. Так, той самы, апрацаваны з вялікай любоўю кавалак зямлі, дзе расце для патрэбы і асалоды нашых страўнікаў шмат што. Дык вось, у гэтым «шмат чым», асабліва з прыпраў, трэба прызнаць вялікі ўклад нашай каралевы, следам за якой з эўрапейскага поўдня прыйшлі новыя раслінныя культуры. Ды што там! Само ўжыванне ежы ператварылася ў эстэтычны працэс, і тут важную ролю адыграў відэлец, элегантна прадэманстраваны Бонай.

Жыгімонт Стары нічога не шкадаваў для любай жонкі, асабліва калі яна падарыла яму наследніка. Таму не дзіва, што каралева паступова запісала на сваё імя вялікія ўладанні. Паколькі яна з дзяцінства ведала пра сэнс банкаўскіх аперацый і падтрымлівала знаёмства з фінансістамі, то ў хуткім часе нерухомая маёмасць ператварылася ў рухомую. З гэтай рухомасцю, што потым будуць называць «неапалітанскімі сумамі», аўдавеўшы і пасварыўшыся з сынам (аб прычынах крыху ніжэй), Бона Сфорца з'ехала на радзіму. Але яшчэ доўга будуць памятаць «Боначку, што сцягнула золата бочачку».

Сярод розных спосабаў здабываць «неапалітанскія сумы» ў каралевы Боны быў і такі, як продаж службовых пасад - і свецкіх, і духоўных. Калі стала вядома, што каралева-ўдава збіраецца туды, адкуль прыехала, ды яшчэ разам з такімі каштоўнасцямі, сенат высунуў прапанову затрымаць яе. Для перагавораў з манархіняй паслалі біскупа Зэбжыдоўскага, аднаго з былых фаварытаў Боны, які таксама скарыстаў магчымасць і набыў сваё месца пад сонцам у яе вялікасці. Але зараз сітуацыя была зусім іншай, таму Зэбжыдоўскі пачаў даволі ўльтыматыўна. Тут старая каралева не вытрымала і гнеўна абарвала яго:

- І гэта кажаш ты, які купіў з майго дазволу біскупскі сан!

- Што зробіш, - сціпла ўздыхнуў пасланец сената, - купіў, бо прадавалася...

Малады кароль і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст вызначаўся талерантнасцю, калі не сказаць абыякавасцю, да пытанняў рэлігіі. Не дзіва, што ў гэты час пашырылася Рэфармацыя, якая вельмі непакоіла такіх прадстаўнікоў каталіцкага кліру, як біскуп Зэбжыдоўскі. Каб узмацніць свае пазіцыі, ён заняўся незвычайнай справай: будаваў над Віслай, у мястэчку Гара, кальварыю ў іерусалімскім стылі. І для гэтай новабудоўлі загадаў прывезці з Палесціны сапраўдную святую зямлю.

Неяк Зэбжыдоўскі сутыкнуўся з Жыгімонтам Аўгустам, які спытаў яго, што чуваць з будаўніцтвам кальварыі.

- О, справа ідзе паспяхова, міласцівы пане, - жвава адгукнуўся біскуп, - кажуць, у Гданьск прыйшоў карабель са святой зямлёю.

- Мне здаецца, - заўважыў кароль, - лепш было б прывезці добрай чорнай зямлі з украінскага Падняпроўя ды палепшыць мазавецкія пяскі.

- Бачу, наш ягамосць найяснейшы гаспадар не ахвочы размаўляць аб справах веры.

- Не ахвочы, - пацвердзіў Жыгімонт Аўгуст, - размаўляю толькі ў касцёле, звяртаючыся да Бога, і то - зусім нямнога.

Як вядома, Жыгімонт Аўгуст стаў апошнім прадстаўніком дынастыі Ягайлавічаў. Патомства ён не даў. І то, магчыма, таму, што не пашанцавала яму на жонак. Наконт кахання ў вышэйшых сферах мала што можна дазнацца. Маецца на ўвазе сапраўднае каханне. Тут каранаваным асобам не пазайздросціш. Бо як толькі справа даходзіла да шчырых пачуццяў, адразу ж у дзяржаве нешта пачынала псавацца. Таму каралеўска-велікакняжацкі двор на чале з раднёй у імя дынастычных ці агульнадзяржаўных інтарэсаў энергічна ўмешваўся ў падобныя справы. Божа, колькі тут было драм! Але той, хто толькі здалёк мог, і то зрэдку, убачыць каралеўскую пару, звычайна казаў: «Дзіва, што ў караля жонка пекная». Можна толькі ўявіць, як пакутаваў ад такіх слоў яго вялікасць, калі гэта не адпавядала рэаліям. І ўсё ж надаралася магчымасць адчуць сябе хоць на нейкі момант нармальным чалавекам, закінуць далей сваю карону і кахаць, не звяртаючыся за парадай да занадта разважлівых людзей. Перажыў гэта і Жыгімонт Аўгуст.

Ён ажаніўся ў дваццаць тры, дакладней, яго ажанілі з Альжбетай, дачкой Фердынанда Габсбурга, будучага імператара. Праз два гады, пад час візіту ў Вільню малады кароль аўдавеў. І тут неўзабаве сустрэў маладую ўдаву... Не, давайце лепш паслухаем летапісца.

«Потым кароль Аўгуст, калі пахаваў цела каралевы, жонкі сваёй, будучы маладым панам і не могучы стрымаць прыроджанай хцівасці сваёй да белых галоў, пачаў мілаваці паню Барбару Радзівілаву, якая засталася ўдавою пасля пана Станіслава Альбрэхтавіча Гаштольда, ваяводы троцкага, і пражывала на той час пры матцы сваёй, пані Мікалаевай Радзівілавай, пані віленскай, і браце сваім, пане Мікалаю Радзівіле, падчашым. І кароль пачаў хадзіць да яе ноччу, куды сабе ход учыніў з палаца аж да дому яе, і там часта быў».

Калі гаварыць пра Гаштольдаў, то яны, магчыма, і не надта перажывалі амурныя справы былой сваёй нявесткі. Асабліва гэта не кранала, бо ўсяго ў іх хапала яшчэ з тых часоў, «калі Вітаўт раздаваў, а Гаштольд адбіраў». А вось што да Радзівілаў, то ім было далёка неабыякава. Маладому Ягайлавічу катэгарычна заявілі аб непажаданасці такіх візітаў. Той не прамінуў адразу ж нагадаць, з кім яны маюць справу. На гэта адзін з Барбарыных братоў, Мікалай Чорны, адказаў: «Кароль - у Кракаве вышэйшы, а ў Нясвіжы - я важнейшы». Хаця, нагадаем, сцэна адбывалася ў Вільні.

На нейкі час Жыгімонт Аўгуст суцішыўся. Але ці будзе такі чалавек спакойна сядзець, калі вось тут, непадалёк, такая прывабная «белая галава»! І кароль, які «палымнеючай крыві сваёй прыроджанай далей стрымліваць не мог, пайшоў да яе ноччу, а трэцяй гадзіне». Ну, а тут яго ўжо пільнавалі браты Радзівілы...

Кажуць, што за пару дзён перад гэтым адзін з Гаштольдаў, сустрэўшы Мікалая Чорнага, паглядзеў яму шматзначна ў вочы і загадкава вымавіў: «А чаму б і не?». Калі Гаштольду была знаёма французская мова, то гэта, відаць, ён сказаў па-французску.

«...А чаму б і не?» - з гранітным спакоем спытаў брат Мікалай разгубленага каханка, які стаў мармытаць нешта накшталт высокіх і незнішчальных пачуццяў. «Калі наш найяснейшы і найшляхетнейшы спадар так кахае Барбару, дык чаму вам не павянчацца?». І не паспеў кароль і вялікі князь прыкінуць, да якіх вынікаў гэта прывядзе, як тут жа на знак нясвіжскага ўладара ў пакой ціхенька праслізнула постаць плябана...

Хутка тайнае стала яўным. Вестка пра тое, што Радзівілы парадніліся з каралём, выклікала незвычайны перапалох сярод іншых магнатаў, а нават і шляхты, якая загаласіла: маўляў, цяпер яе скруцяць. Такі шлюб зусім не ўваходзіў у планы кракаўскага двара. Жыгімонт-бацька дык з гора памёр. Але ж затое Бона так узялася за бедную нявестку, што новая каралева Барбара не працягнула і пару гадоў. Відаць, свякруха нядрэнна разбіралася ў тагачасных дасягненнях хіміі, алхіміі і іншых прыдатных для такіх выпадкаў навук. У выніку Жыгімонт Аўгуст аўдавеў другі раз і люта ўзненавідзеў каралеву-маці. Здаецца, цяпер ужо зразумелая прычына ад'езду Боны ў Італію. Лёс, аднак, спасціг яе і на радзіме. Там яна пражыла ўсяго адзін год. Вось так Жыгімонт Стары і яго жонка каралева Бона «перамянілі той жывот часовы на вечны».

Гора-горам, а пра нашчадка дынастыі ўсё ж трэба падумаць. Праз нейкі час, параіўшыся з дваром і Радзівіламі, ужо вольны ад бацькоўскай і матчынай апекі, Жыгімонт Аўгуст, уздыхнуўшы, паслаў сватоў ізноў да таго самага Габсбурга - у яго на выданні мелася яшчэ адна дачка, Кацярына. Паўнамоцным паслом да гэтай справы быў назначаны Мікалай Радзівіл Чорны, ваявода віленскі. Паводле існаваўшых тады звычаяў яму даручылі выконваць ролю сімвалічнага жаніха.

Мікалай Чорны прыбыў у Вену, дзе даволі хутка атрымаў згоду на руку прынцэсы Кацярыны. Пасля ўдакладнення дэталяў шлюбнага кантракту і іншых спраў, якія закончыліся адпаведна банкетам і балем, «жаніха» Радзівіла з каралеўскай нявестай адвялі ў спальню. Віленскі ваявода з веданнем справы ўлёгся на ложку. Фердынанд Габсбург загадаў тое ж самае зрабіць дачцэ. Але яна зачырванелася і стала ўпірацца. Тады Фердынанд крыкнуў сыну: «Максіміліян, а ну дапамажы!». І абодва Габсбургі падхапілі нявесту, адзін пад рукі, другі за ногі, а затым асцярожна ўзлажылі побач з нашым паўнамоцным паслом-«жаніхом». Сцэна можа і не зусім як у ката з сабакам, але нешта падобнае, на імгненне назіралася, пасля чаго без пяці хвілін каралева выскачыла са спальні. Устаў з ложа з супярэчлівымі пачуццямі і ваявода. Кажуць, што за гэты «подзвіг», а мо каб чаго лішняга не сказаў у Кракаве, імператар Фердынанд Габсбург урачыста надаў Мікалаю Радзівілу Чорнаму ганаровы тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі.

І трэці шлюб не прынёс ні шчасця, ні наследніка. Маладая каралева мела якасці эпілептычкі, прычым, прыпадкі здараліся ў найменш адпаведныя моманты. Жыгімонт Аўгуст зусім страціў інтарэс да прадаўжэння рода. Натуральна, такая сітуацыя вельмі непакоіла цесця, і калі да яго з нейкай місіяй прыбыў з Кракава асабісты сакратар караля, яшчэ мала каму вядомы будучы славуты гістарыёграф Марцін Кромер, то Фердынанд Габсбург стаў дапытвацца пра жыццё каралеўскай пары:

- Як ты, шаноўны сакратар, думаеш, чаму ў іх няма дзяцей?

- Не ведаю, найяснейшы пане, - адказаў Кромер, - бо я ўсяго толькі дзённы сакратар майго караля.

Цяжка сказаць, чым бы займаўся Жыгімонт Аўгуст далей, каб не вялікія дзяржаўныя клопаты. Ды і сусед, цар Іван IV Жахлівы, па ўсім відаць, вырашыў адцягнуць яго ад невясёлых думак, распачаўшы Лівонскую вайну. Трэба заўважыць, што многа чаго яшчэ паспеў зрабіць для гісторыі Жыгімонт Аўгуст, нават стварыў новую дзяржаву - Рэч Паспалітую з Кароны і Вялікага Княства. «Кароль лепш адчувае сябе ў дзяржаве, а не ў сям'і», - казаў пра яго Станчык. Усё гэта так, але бяда ў тым, што ў радаслоўнай Ягайлавічаў-мужчын Жыгімонт Аўгуст аказаўся апошнім.

Нейкім цудам год трымалася Рэч Паспалітая без караля. Нарэшце з'ехаліся на вольным полі, якое ад таго так і звалася «Воля», пад малазначнай яшчэ Варшавай паны і рыцарства, каб выбраць каго-небудзь на трон. Паколькі, як вядома, «няма прарока ў сваёй Айчыне», дык, кіруючыся падобным пастулатам, абралі замежнага прадстаўніка. Цікава, што заяву на конкурс падаваў нават сам расейскі цар Іван IV, але, відаць, у Маскве яшче не навучыліся як след складаць характарыстыкі, таму ён не прайшоў. А каралём стаў француз Генрых Валуа, які праз няпоўных дваццаць тыдняў «з вялікім коштам» збег, бо адкрылася вакансія на трон у Францыі. Тады зноў паз'язджаліся дэпутаты-выбаршчыкі да Волі і выгукнулі новага караля. Такі метад называўся элекцыяй, а абраны кароль - электарам. Ім аказаўся трансільванскі князь вугорскага паходжання Стэфан Баторы, ці, як яго звалі ў Беларусі, - Сцяпан Батура. Для большай пэўнасці электара ажанілі з Ганнай з Ягайлавічаў, адной з дачок Жыгімонта Старога і Боны. Такім чынам, Рэч Паспалітая атрымала караля і каралеву.

Сцяпан Батура, апрача роднай вугорскай мовы, дасканала валодаў лацінскай, але ніводнай з моў сваёй новай дзяржавы так і не засвоіў. Аднойчы, размаўляючы з архібіскупам львоўскім, ён насмешліва заўважыў:

- Цікава, як гэта, не ведаючы дастаткова лаціны, можна стаць каталіцкім архібіскупам?

- Таксама, як, не ведаючы польскай мовы, можна стаць каралём Рэчы Паспалітай, - адпарыраваў клірык.

Батура даказаў усё ж, што і адной лацінскай мовы дастаткова для кіравання, прычым даволі спраўнага. Нездарма пра яго склалі прымаўку: «За караля Сцяпана страх быў і на пана». Наогул з мовамі бліжэйшых і далёкіх суседзяў у падданых манарха Рэчы Паспалітай звязваліся нават класічныя падзеі з Бібліі: «Д'ябал Еву зводзіў па-італьянску, Ева Адама - па-чэшску, Бог іх па-нямецку караў, анёл па-вугорску вытурыў з раю». Гэтае апошняе можна аднесці і да вынікаў Лівонскай вайны, што для маскоўскага цара сталі змрочнай рэальнасцю.

Кажуць, калі Сцяпан Батура дазнаўся пра вялікія ахвяры з абодвух бакоў пад час доўгай вайны з Масковіяй, то паслаў Івану Жахліваму ліст з прапановай сустрэцца ў чыстым полі і сам-насам вырашыць «лівонскую спрэчку». Цар не надта верыў у свае фехтавальныя здольнасці, таму выклік адхіліў, матывуючы тым, што кароль, якога абралі, яму, гаспадару ўсея Русі, дзедзічнаму Рурыкавічу, не раўня. «Зусім наадварот, - адзначыў Батура, - бо ён створаны царом у лоне жанчыны, а я стаў каралём на полі бітвы».

Слаўны воін не забываў і пра культуру з адукацыяй. Гэта ён стварыў універсітэт у Вільні, нават разважаў наконт новай сталіцы Рэчы Паспалітай. Яму вельмі падабалася Горадня, і хто ведае, чым бы закончылася гэтая сімпатыя, калі б у той жа ўлюбёнай Горадні не закончыліся яго дні.

А дзяржава зноў стала перад праблемай, каго ж абраць на каралеўскую пасаду? І рашэнне залежала ад галоўнай сілы Рэчы Паспалітай - шляхты.

Рыцары эўрапейскай Сарматыi

Да новай геаграфічнай назвы сваю ротмістрскую руку прыклаў камендант Віцебска Аляксандар Гваньіні, італьянец з Вероны на службе ў караля Сцяпана Батуры. У «Кроніцы Эўрапейскай Сарматыі» ён размясціў па суседству «палякаў, русь, літву, мазураў, прусаў, памаран, інфляндцаў, маскалёў, готаў, аланаў, валахаў і татараў, што на гэтым беразе Дона». Такім чынам бравы ротмістр акрэсліў абшар той тэрыторыі, дзе адбываюцца нашы падзеі. Што ж, пахвальна, калі навукай так сур'ёзна займаецца ваенны чалавек. Толькі ёсць тут маленечкі нюанс. Справа ў тым, што ў падначаленні віцебскага каменданта служыў былы студэнт Кракаўскага ўніверсітэта Мацей Стрыйкоўскі, які з дапамогай войска займеў магчымасць падарожнічаць за казённы кошт. Зыходзячы з таго, што «вайна - самы масавы від турызму», Стрыйкоўскі аб'ездзіў Вялікае Княства Літоўскае ўздоўж і ўпоперак, папутна працуючы над сваёй «Кронікай польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі». Каб ён пісаў па-польску, то, можа, веронец і не звярнуў бы на яе ўвагі. Але па традыцыі кракаўскі бакалаўр карыстаўся латынню, якую, як лёгка здагадацца, дастаткова ведаў і Аляксандар Гваньіні. Так, амаль адначасова, убачылі свет дзве «Кронікі».

Заслугі Гваньіні перад Сарматыяй - геаграфічныя. А вось Стрыйкоўскі дык пайшоў далей, бо насяліў гэтую прастору асаблівымі людзьмі - шляхтай, якіх абвясціў нашчадкамі гераічных сарматаў. Тых самых, пра якіх пісалі антычныя аўтары. Не падумайце, што да Стрыйкоўскага ці Гваньіні сапраўднай шляхты не існавала. Існавала, яшчэ з часоў Ягайлы. І прывілеяў розных наатрымлівала яна то ў аднаго караля, то ў другога. Нават стала сама выбіраць таго, каго хацела на дзяржаўны трон. Але ўсё гэта былі, так бы мовіць, разавыя мерапрыемствы. Патрабавалася ж нешта, што пастаянна нагадвала б пра шляхетнае паходжанне сярод дня і сярод ночы. І Мацей Стрыйкоўскі пераўтварыў легенду ў генеалогію: да сучаснага яму шляхецкага дрэва прышчапіў сармацкія карані. Нешта падобнае ўжо сустракалася ў старажытных летапісах, дзе згадвалася пра літоўскіх патрыцыяў - паходжаннем ад рымляніна Палямона. Паслядоўнікі Стрыйкоўскага натхнёна падхапілі яго ідэі і кінуліся на дарогі, што вялі ў Рым. І раптам на ствалінах генеалагічных дрэў з'явіліся імёны Цэзараў, Пампеяў, Аўрэліяў. Ці ж не прыемна адчуваць сябе хоць крышачку нашчадкам якога-небудзь Актавіяна Аўгуста?

Яшчэ больш адчувалі яны сябе рыцарамі. Праўда, калі кароль за службу не меў чым заплаціць, то ў такім выпадку блакітная кроў станавілася вельмі падобнай на звычайную. Канешне, з выключэннямі, як і ў сапраўдных правілах. Цікава, што на нашых шляхціцаў распаўсюджвалася і такое выключэнне (у параўнанні з іх калегамі з іншых эўрапейскіх краін): калі на вайну, дык ён сапраўдны рыцар, а ў мірны час нешта падазрона нагадваў селяніна, бо сам працаваў на зямлі. Але ж шляхецкі гонар... «Калі пер'е на паве, шляхціц у дрэннай славе». Ды што там! «Дзе свая загарода, шляхціц як ваявода». Бо гонар - перш за ўсё. Нават тады, калі едзеш на кані, пра якога кажуць: «Каб меў руку, дык даўно павесіўся б».

Сустрэліся раз шляхціцы на сваім сойміку, і зайшла ў іх гаворка пра старажытнасць роду кожнага з прысутных. Што толькі не навыдумлялі яны, каб перасягнуць адзін аднаго! Пераможцам стаў той, што прывёў наступны доказ: «Ехаў я аднойчы на кані полем. Раптам бачу, як з неба спускаецца белы-белы воблак, а з яго выходзіць... Маці Боская. Я саскокваю з каня і падаю перад ёю на калені, скінуўшы шапку. А яна на гэта: «Устань, дарагі кузен!».

У часы татарскіх наездаў, што прыносілі нашым продкам нямала гора, трэба было вельмі і вельмі паклапаціцца, каб і самому не трапіць у палон ці, не дай Божа, загінуць і сваіх блізкіх забяспечыць. Калі такая навала раптам звалілася на галовы жыхароў аднаго з паўднёвых паветаў, мясцовыя шляхціцы сталі раіцца, як і дзе найлепш уладкаваць свае сем'і. Вырашылі, што найбольш адпаведным месцам будзе мужчынскі кляштар, што знаходзіўся непадалёк. І калі па гэтым пытанні ўсе прыйшлі да згоды, устаў адзін шляхціц, жонка якога сваёй прыгажосцю была вядома на ўсю акругу, пачухаў патыліцу і сказаў: «А ліха яго ведае, ад каго большая небяспека будзе - ад татараў, а мо ад манахаў...»

У часы Жыгімонта Старога і каралевы Боны прыезды іншаземцаў, асабліва італьянцаў, сталі амаль звычайнай справай. Нярэдка такіх гасцей запрашалі да сябе тыя з шляхціцаў, што маглі накрыць добры стол. Пра гасціннасць і вялікі спрыт у спажыванні адмысловых і высокакаларыйных страў трэба яшчэ абавязкова сказаць далей. Бо вядома - гэта ж адна з генетычных рыс славянскіх сарматаў, якая, дзякуй Богу, то тлее, то разгараецца нават і ў нашы часы. Але аб усім па парадку.

На двор да аднаго заможнага шляхціца чынна і з цікавасцю на твары ўязджае запрошаны госць з далёкай Балоньі. Гаспадар з шчырым гонарам паказвае сваю радавую сядзібу, галоўны аб'ект якой - драўляны палац у мясцовым стылі.

- О, які цуд! - аддаючы даніну моманту, усклікае чужаземец, чым бясконца ўлагоджвае пачуцці зямяніна, і завяршае: - Я ніколі ў жыцці не бачыў так прыгожа складзеных дроў!

Як кожнаму падабаецца свой асабісты розум, так падабаецца і свая нацыянальная ежа. Вядома, адкуль да нас прыйшлі розныя прыправы ды салаты - усё з той жа Італіі. І, відаць, толькі пякучае жаданне неяк прыпадобніцца да цывілізаванай Эўропы, якую тады не без падстаў рэпрэзентавала Італія, прызвычаіла мясцовых гурманаў да разнастайнай гародніны.

Нейкі шляхціц адправіў свайго сына вучыцца ў Падую, што ў Італіі. І як жа ён здзівіўся, калі праз некалькі месяцаў сын раптам з'явіўся на родным двары. Бацьку студэнт растлумачыў: «Усё лета мяне кармілі нейкай травою, дык я зрабіў выснову, што ўзімку пачнуць карміць сенам, чаго мне не вынесці, і вырашыў уцячы».

Так, цяжка адвыкнуць ад аднойчы дэгуставаных натуральных страў з лепшых фрагментаў дамашняе ці дзікае жывёлы. Паверце, гатаваць нашы продкі маглі на дастатковым узроўні і надавалі гэтаму працэсу не менш (а можа, і больш) увагі, чым зараз. Пра гэта сведчаць многія летапісы і кронікі, некалькі пазней з'явіліся кулінарныя кнігі. Вядома, якой пашанай карысталіся на велікакняжацкім і каралеўскім двары добрыя кухары. Ды і на шляхецкай кухні талентаў было нямала. Любая гаворка нязменна, рана ці позна, а такі збочвала на застольныя атрыбуты і падзеі вакол іх. Нездарма адзначалася: «Найлепшыя весці - калі нясуць есці».

Сармацкае рыцарства ставілася да харчавання, як да ваеннай справы. На некалькі стагоддзяў укараніўся звычай наязджаць нечакана ў госці да якога-небудзь гаспадара і жыць у яго да той пары, пакуль усё не будзе з'едзена і выпіта. Вельмі падобна на нашэсце нейкага ворага, з той толькі розніцай, што пачастункі выстаўляліся на стол не пад пагрозай зброі, а па прынцыпу: «госць - кароль» ці «госць у дом - Бог у дом». Лепш разарыцца, чым паказаць сваю негасціннасць. Хутчэй за ўсё падобныя прынцыпы былі прыдуманы гасцямі.

Апавядалі, як аднаго разу да шляхціца сярэдняй рукі завітаў суседні зямянін з усімі сваімі дамачадцамі. Гасцяванне зацягнулася, аж пакуль не стала чаго і на стол падаць, бо каморы і свіронкі апусцелі. Толькі тады за сціплай вячэрай старэйшы з «дарагіх» гасцей заявіў, каб іх рана пабудзілі, бо пара і дамоў. Узрадаваны гаспадар не змыкаў вачэй усю ноч, абы толькі не праспаць такі шчаслівы момант развітання. І толькі прабліснуў золак, як ён хутка ўсхапіўся.

- Уставайце, бо певень ужо даўно праспяваў!

- Што? Маецца і певень? Дык можна яшчэ крыху пагасціць...

Тады гаспадар у адчаі стаў будзіць усіх сваіх разам з чэляддзю. На пытанне, з якой прычыны абвяшчаецца падобнае фамільнае «рушэнне», ён заявіў:

- Паснедаем і будзем збірацца да вас у госці...

Слова «помста» ў выпадках, звязаных з візітамі і частаваннямі, звычайна не ўжывалася, хаця пазней, пры цвярозым падвядзенні вынікаў, і часаліся рукі ўзяць рэванш. А застольныя прыгоды здараліся самыя разнастайныя.

Адзін з каралеўскіх дваран, Пукарэўскі, вырашыў павесяліць сваіх прыяцеляў. Мішэнню для жарта абраў шляхціца Скатніцкага, вялікага ахвотніка паласавацца і добра папіць за чужым сталом. Таго доўга гукаць не прыйшлося, і неўзабаве ён ужо засядаў у пана Пукарэўскага, дзе так напіўся, што страціў прытомнасць. Тады гаспадар загадаў сваім слугам, растлумачыўшы што да чаго, зацягнуць шляхціца ў камору, надзець яму кайданы і прыкаваць да сцяны. А ля дзвярэй пастаўлена была «варта».

Калі Скатніцкі нарэшце ачуняў, то з жахам убачыў, у якім катастрафічным стане ён апынуўся.

- Ды што ж гэта, Божа міласцівы? Эй, хто-небудзь!

- Чаго табе? - данеслася з-за дзвярэй.

- Дзе я і што са мной?

- Ты - вязень.

- А за што ж мяне ў жалеза ўзялі?

- Даведаешся, калі на пляц выведуць...

- На ласку Божую, нічога не памятаю, скажы, браце мой!

- Не памятаеш? Як згвалціў тую дзяўчыну і забіў бацьку, што кінуўся бараніць яе гонар?

- О, Божа, Божа! Праклятае п'янства, да чаго ж ты мяне давяло, што так марна і подла скончу я сваё жыццё. Чаму не загінуў я дзе па полі боя? А зараз чакаюць мяне рукі ката...

Праз пэўны час няшчаснага шляхціца, поўнасцю дэмаралізаванага, наведалі сябры на чале з Пукарэўскім. Яны нібыта ўпрасілі «вартавых» даць ім магчымасць неяк усцешыць «вязня». Тут прыбыў «пасланец» з загадам накіраваць шляхціца Скатніцкага да караля, для чаго зняць з яго кайданы. І ўжо гатоў быў «злачынца» ісці пакорна да яго вялікасці, калі прыяцелі не вытрымалі і выбухнулі такім гамерычным рогатам, што той нарэшце ўсё зразумеў.

Нейкі шляхціц так набраўся ў карчме, што, ледзь выйшаўшы адтуль, ніяк не мог узабрацца на свайго каня. Тады стаў прасіць то аднаго, то другога святога:

- Святы Антоні, дапамажы!.. Э-э-х, хвароба! Ну, тады святы Мікалай... Што за чорт! Т-а-а-к... Святы Валенты!

І ніводзін са святых, да якіх ён звяртаўся, не праявіў інтарэсу да ягоных спраў. Нарэшце шляхціц крыкнуў у адчаі:

- У імя госпада Бога, усе святыя, дапамажыце!

І калі пасля гэтага перакуліўся цераз каня на другі бок, то прабурчэў:

- Не, не ўсе адразу...

Тыя дваране, што былі пры двары, не заўсёды маглі, а хутчэй не жадалі паказваць прыклады сапраўднага шляхецтва. Нямала іх толькі дэкаратыўна красавалася пад час розных урачыстасцей, таму «нармальная» шляхта лічыла іх дармаедамі, падмацоўваючы такое меркаванне анекдотамі.

Стары дваранін, з тых, што служылі яшчэ Жыгімонту Аўгусту, цяжка захварэў. Лекары, якія абследавалі яго, безнадзейна махнулі рукой, што ўсе зразумелі як блізкі канец. Паколькі сваякоў у вяльможы не было, то некалькі знаёмых дваран, а за імі і слугі кінуліся ў пакой паміраючага, каб прыхапіць нешта каштоўнае з маёмасці. У імгненне вока ўсё было разрабавана. Засталіся толькі дзве жывёлінкі, што неяк суцяшалі адзінокага саноўніка на сконе жыцця: маленькая малпа ды сабачка. Раптам малпа, як бы нагледзеўшыся на людзей, што паспешна хапалі розныя рэчы, выцягнула з-пад галавы свайго гаспадара падушку і пабегла з ёю ў куток. Сабачка кінуўся ўслед з шалёным брэхам і стаў цягнуць тую падушку да сябе. Ад гэтага вэрхалу і тузаніны дваранін ачуўся і, угледзеўшы прычыну, рассмяяўся: «О, Божа! І яны б'юцца за маю спадчыну». Ад гэтага смеху яму стала лягчэй, а праз некалькі дзён ён зусім ачуняў.

Вось такія незвычайныя падзеі сустракаюцца ў старых рукапісах. Як бы там ні было, а прыемна адзначыць, што добры гумар і смех маюць бясспрэчнае значэнне для падтрымання здароўя. Узбадзёрымся гэтым фактам і паглядзім далей на шляхецкія справы.

Сабралася раз шляхта з адной парафіі і вырашыла напісаць ліст да папы рымскага, каб той зняў з пасады іхняга святара, які спаганяў з іх грашыма і натурай за што толькі мог.

І вось ліст ужо амаль гатовы, і воск з пячаткай прынесены. Засталося толькі звярнуцца да папы адпаведна яго тытулу.

- Здаецца, трэба так: «Духоўны айцец», - сказаў нехта з прысутных.

Але яго тут жа абарвалі, нагадаўшы, што так звяртаюцца і да ксяндза ў час споведзі. Нехта прапанаваў: «Найяснейшы айцец». Адразу і гэта адверглі, бо так заклікаць, на думку большасці, да самога Ўсявышняга належыць.

Нарэшце слова папрасіў стары шляхціц, што некалі ў дзяцінстве спрабаваў вывучаць тэалогію, і, спасылаючыся на складанасць сітуацыі, параіў:

- А давайце проста па-нашаму, па-шляхецку: «Пане браце».

Па агульных воклічах адабрэння можна ўжо было лічыць, што кансенсус дасягнуты, але раптам ускочыў другі ссівелы шляхціц. Ён быў вядомы як вялікі знаўца мясцовага маштабу ў пытаннях генеалогіі, таму вельмі клапаціўся пра шляхецкі гонар.

- Хто ж, да д'ябла, ведае - ён шляхціц ці не?!

Архібіскуп Тарнаўскі, спадкаемец Станіслава Карнакоўскага, уваходзячы ў Ловіцкі замак, які быў рэзідэнцыяй яго папярэдніка, убачыў герб з выявай барана, што належаў былому гаспадару. Тарнаўскі зморшчыў нос і ткнуў пальцам у бок герба:

- Трэба хутчэй выгнаць гэтага барана, бо занадта доўга смярдзеў!

- Міласцівы пане, - адазваўся адзін з сяброў памёршага ўладальніка замка, - ружа пахне куды прыемней, толькі век яе нядоўгі.

Справа ў тым, што на гербе архібіскупа красавалася ружа.

З бегам часу, калі ўжо змянілася не адно пакаленне шляхты, пачуццё асабістага гонару стала ледзь не хваробай. Усякае, нават нязначнае адхіленне ў тытулярным звароце, асабліва калі шляхціц займаў нейкую службовую пасаду, тут жа выклікала негатыўную рэакцыю. Гэта заўважалі нават чужаземцы. Адно няўдала сказанае слова ці намёк маглі прывесці да такога выяснення адносін, пры якім кроў - звычайная справа. «Але ж затое ніхто ў свеце так хутка не мірыцца, як нашы людзі», - апраўдваліся мясцовыя «нашчадкі рымлян».

Дык вось, пра тыя самыя тытулы. Іхняе гучанне было, напэўна, самай што ні на ёсць найлепшай музыкай у шляхецкіх вушах. Нездарма пры дварах заўсёды існавала пасада цырымоніймайстра. Спецыяльны прыдворны чын абвяшчаў поўнае імя і тытул пры з'яўленні высакароднай асобы. Гэты звычай стаў модай, праўда, не заўсёды ўдавалася яго выконваць у поўным аб'ёме, бо ў большасці выпадкаў, калі адзін шляхціц наносіў візіт другому, проста не было каму агалашаць пра высокага госця. Тым не менш кожны імкнуўся, каб цырыманіял праходзіў як мае быць, з улікам усіх нюансаў этыкету.

Павятовы староста па нейкіх судовых пытаннях прыехаў у ваяводскі горад. У той дзень суд разглядаў шмат іскаў, таму, каб не губляць часу, староста, пакінуўшы там двух шляхціцаў, што прыбылі разам з ім, накіраваўся ў бліжэйшую карчму. Адыходзячы, ён папярэдзіў спадарожнікаў, каб чакалі разгляду патрэбнай справы і, як пачнецца чытанне, уважліва слухалі, ці не будзе раптам задзеты гонар іхняга пана з-за неадпаведнага ўжывання тытулу. І вось праз нейкі час возны выкрыкнуў:

- Шаноўны пане староста, просім да справы!

- Не «шаноўны», а «шляхетны» трэба казаць, - паправіў яго адзін з павятовых шляхціцаў.

- Добра, - згадзіўся возны. - Не шаноўны, а шляхетны, і просім да справы!

На гэты раз абурыўся другі шляхціц:

- Не проста «шляхетны», а «вяльможны»!

Разгублены ад такіх паправак возны выдаў яшчэ «лепшую» фармулёўку:

- Не шаноўны і не шляхетны, але проста вяльможны пан староста быў пазваны да справы!

Знешні выгляд ды і матэрыяльнае становішча шматлікай дробнай «хадачковай» ці «засцянковай» шляхты зводзілі амаль на нішто намаганні трымаць на належным узроўні той самы гонар. Кажуць, што асабліва характэрна гэта было для прадстаўнікоў Мазоўша, Падляшша, а таксама Ашмяншчыны, пра якіх склалі такую прымаўку: «У яго адна калашына ў халяве, а другая - наверсе».

У нейкім сяле, дзе пражывала адна збяднелая шляхта, гаспадыня-шляхцянка паслала сваю дзеўку-прыслугу да суседкі-шляхцянкі з просьбай пазычыць мяшок. Тая адказала: «Кланяйся сваёй пані і перадай прабачэнне, што мяшка пазычыць не магу, бо адзін мяшок накінуў на сябе старэйшы сын і пагнаў свіней у поле, пад другім - спіць малодшы паніч, а больш мяшкоў няма».

Ой, досыць ужо насміхацца з шляхты! Ці ж вінаваты чалавек, што нарадзіўся ў генеалагічным асяроддзі? Ды і хто ж бараніў гэтую зямлю, як не той шляхціц, а да гэтага яшчэ і карміў сам сябе, бо ведаў, як хадзіць за сахою ў полі.

Між тым жыццё паволі, але няўхільна ішло, абставіны мяняліся. А для сармацкіх рыцараў час нібы застыў. Калі ж прыходзілася неяк рэагаваць на перамены, то ўсё зводзілася да параўнання: «А вось раней...». Каб і нам не завязнуць у такім гістарычным «кісялі», нагадаем, што апрача шляхты існавалі даволі колькасна шматлікія і іншыя прадстаўнікі грамадства, напрыклад людзі простага паходжання, ці паспалітыя.

Дасцiпны люд паспалiты

Адразу адзначым, што не так проста знайсці больш-менш сур'ёзны дакумент, пісьмовую крыніцу з тых аддаленых стагоддзяў, дзе б вось так проста фігураваў у гумарыстычнай сітуацыі, вартай анекдота, чалавек звычайны ці нават са збяднелай канчаткова шляхты, які шукаў сродкаў для жыцця, не маючы галоўнага тады багацця - зямлі. Але ж ва ўсе часы былі і нешта тварылі гараджане, сяляне, святары, манахі, студэнты, а то і проста - мужыкі і бабы, хлопцы і дзеўкі, нават аднолькавыя па інтарэсах незалежна ад паходжання дзеці. Паспрабуем прыгледзецца і да іх, тым больш што ў гэтым яны самі нам дапамогуць, дзякуючы неўміручай традыцыі вуснай творчасці. Не збіваючыся на разгляд розных жанраў, усё ж заўважым, што калі ў казцы народ-складальнік фармуляваў сваю мару, у паданні - веру, то ў анекдоце - забаўляўся як хацеў. Паспаліты анекдот адкрыта, часта бязлітасна смяецца з усяго і ўсіх на свеце, нікому нічога не даруючы і не просячы прабачэння. Якія толькі персанажы тут не трапляюцца! Але адразу відаць, на чыім баку сімпатыі, - ці спрытнага, знаходлівага і дасціпнага, ці таго, каму зусім-зусім выпадкова пашанцавала ў нейкай неверагоднай сітуацыі. Нярэдка насуперак рэаліям у такім анекдоце чалавек просты выходзіць пераможцам пры сутыкненні з прадстаўніком пануючага саслоўя, бедны мае верх над багатым, практычны - над занадта адукаваным і гэтак далей. Толькі адна перасцярога: каб не збіцца на «класавы» прынцып, раім кіравацца наступным тэзісам - «Што рэчаіснае, тое і разумнае, а што разумнае, тое і рэчаіснае».

А цяпер, падыходзячы непасрэдна да нашага прадмета, зробім спробу адшукаць анекдот, які бясспрэчна прэтэндуе на старажытнасць. Бо будзе сустракацца немалая колькасць гісторыяй з універсальным сюжэтам, калі можа ўзнікнуць сумненне, а ці пра такія ўжо далёкія ад нас падзеі апавядаецца? Праўда, той архаічны анекдот не ў кожнага выклікае ўсмешку. Што рабіць, усё ў жыцці мяняецца. У тым ліку і адносіны да гумару. Але ёсць, ёсць нешта такое, падобнае на бессмяротную душу, той самы камізм сітуацыі, які смешыць і нашага сучасніка. Паспрабуем!..

Хто ж з персанажаў зможа набраць больш за ўсіх ачкоў у прэтэнзіі на старажытнасць? Канешне - манахі. Асабліва калі вызначана, да якіх ордэнаў яны належаць. Ды яшчэ, што карыстаюцца лацінскай мовай, бо вядома, яна з'яўлялася тады ў Эўропе міжнароднай, а пазней адышла ў цень.

У карчме сустрэліся езуіт, дамініканец і бернардзінец. Было ўжо даволі позна, таму гаспадар нічога не змог запрапанаваць з ежы, апрача аднаго-адзінага яйка, якое толькі што знесла курыца. Палічыўшы гэту падзею за добры Божы знак, манахі папрасілі зварыць ім тое яйка, а самі сталі разважаць, якім жа чынам такую «вячэру» раздзяліць на тры роўныя часткі. Пасля доўгіх дэбатаў за слушную прынялі прапанову бернардзінца: хто скажа найбольш адпаведнае моманту выслоўе з Бібліі, таму аддаць усю «порцыю».

Першым узяў слова езуіт:

- Еgrede ex domicilio tuo (Выйдзі з дому твайго), - разбіўшы яйка і аблупіўшы, ён хацеў ужо пачаць трапезу, але іншыя запратэставалі.

- Accipe salem sapientiae (Прымі соль мудрасці), - сказаў дамініканец, пасыпаў соллю яйка і раскрыў рот, каб яго туды накіраваць, як ізноў раздаліся галасы пратэсту.

Такім чынам, засталося нешта сказаць бернардзінцу.

- Consumatum est! (Здзейснілася!) - коратка і энергічна працытваў ён з Святога Пісання і тут жа рэалізаваў думку на вачах разгубленых калег.

А зараз давайце наведаем яшчэ адну з такіх корчмаў, дзе пасля працоўнага дня сабраліся навакольныя жыхары (заўважым: выключна мужчынскага полу) і пайшла «бяседа».

Трое мужыкоў, што жылі непадалёк адзін ад аднаго, добра выпілі і згубілі ўпэўненасць у бяспечным вяртанні дамоў, бо там іх чакалі строгія жонкі. Таму яны вырашылі ісці ўсім разам ад адной хаты да другой. А каб неяк падбадзёрыць сябе, дамовіліся, што той, хто спалохаецца жонкі і выканае яе загад, астатнім ставіць кварту.

Падышлі да першай хаты. Гаспадыня ўжо чакае:

- А-а-а, каб на цябе трасца! Марш на сена, а то зноў пойдзеш на кухню гаршкі калаціць!

Гаспадар, каб выглядаць малайцом перад сваімі сябрамі, шась на кухню і давай біць посуд, за што добра атрымаў ад жонкі і вымушаны быў уцякаць са двара.

Наблізіліся яны да другой хаты. Выбягае раззлаваная баба і крычыць:

- Што, пракляты, страціў розум? Мо, яшчэ двор падпаліш? А ну, пайшоў адсюль!

А той толькі і хоча, каб зрабіць насуперак: кідаецца ў дом, выцягвае палаючае палена з печы і - да саломы. Ледзь загасілі суседзі.

Цягнуцца ўтраіх далей панурыя, бо магчымасць выйграць тую запаветную кварту, здаецца, ужо зусім нікчэмная. Але вось і апошняя хата, з якой таксама, падтрымліваючы традыцыю, вылятае раз'юшаная жонка:

- Ах ты, п'яніца горкі! Глядзі, каб ты карак сабе не скруціў!

Той мужык, пачуўшы такі «загад», аслупянеў, пасля чаго прамармытаў:

- Ну, хлопцы, такое распараджэнне мне не пад сілу. Пайшлі лепш у карчму...

Мужык усю ноч гуляў у карчме, а калі ўжо стала развіднівацца, адправіўся дахаты. Сорамна яму стала, таму яшчэ ў двары скінуў абутак, у сенцах - вопратку, каб не пабудзіць жонку, і асцярожна стаў прабірацца да пасцелі. Але ў апошні момант зачапіўся за калыску і, каб не напалохаць дзіця, стаў яе старанна калыхаць. Тут жонка прачнулася і з усмешкай спытала:

- Ой, які ж ты малайчына, толькі чаму так рана ўстаў?

- Ды вось... Раніца цудоўная... Шкада дня, пайду зараз пакашу.

- Добра, але калыску пакінь, бо дзіця спіць тут, са мною.

Дзве суседкі разважалі пра жыццё-быццё, і адна запыталася, што рабіць, бо яе мужык амаль штовечар наведвае карчму, занядбаў гаспадарку і сям'ю.

- Ёсць, даражэнькая мая, толькі адзін выхад.

- Які ж гэта?

- Зрабіць шынок у сваёй хаце.

Зразумела, карчма ці шынок да дабра яшчэ нікога не даводзілі, але ж цягнула туды не толькі выпіўка. Гэтая ўстанова была накшталт народнага клуба, дзе можна было даведацца шмат аб чым, пацешыць душу, пасмяяцца, а можа, і на жыццё паскардзіцца. «Разумнага і карчма не сапсуе, а дурня і царква не направіць». Вось так узбадзёрыўшыся, застанемся яшчэ ў гэтым інтрыгуючым месцы, дзе ўсе становяцца роўнымі, ды яшчэ і ў прыўзнятым настроі.

Сядзелі ў карчме кравец і яшчэ некалькі мужчын. Нехта падгаварыў таго краўца пабіцца аб заклад, што не зможа больш за гадзіну ківаць галавою. І вось умоўная гадзіна набліжаецца да канца, а краўцова галава ківаецца ды ківаецца і таму хоць бы што. Зразумелі мужыкі: прыйдзецца хутка раскашэльвацца. Тады адзін з іх, які яшчэ не страціў розум, непрыкметна выбраўся з-за стала ды пабег шпарка да краўцовай жонкі і паведаміў ёй: «Хутчэй, ратуй мужыка, бо прап'е ўсё на свеце!» Тая, захапіўшы апалонік, імчыць у карчму, урываецца і... Давялося беднаму краўцу частаваць грамаду, праўда, трохі пазней.

«Карчмар п'яніцу любіць, але дачкі за яго не аддасць». Так справядліва казалі некалі. Ну што ж, гаспадар карчмы альбо тая ж шынкарка ведалі сваю справу. Бо «ў шынкаркі - смаляныя лаўкі», як засядзеш, дык і не падымешся. А тут табе яшчэ і музыкі, а без іх гулянка, «як воз без шмаравідла, як танец без дзеўкі». Дык давайце яшчэ крышачку пачакаем, мо з'явяцца цікавыя госці.

Зайшоў неяк у карчму бедны студэнт. Прыняўшы больш-менш дастойны выгляд, ён заказаў сабе добры пачастунак. А калі бедалага, які не меў грошай, падсілкаваўся, да стала наблізіўся служка і спытаў, ці не падаць чаго яшчэ.

- Як сабе хочаш, - адказаў студэнт.

- Можа, пазваць гаспадара? - прапанаваў служка, калі нічога больш не дабіўся ад кліента.

- Як сабе хочаш, - пачулася ў адказ.

З'явіўся карчмар, які раззлавана заявіў, што зараз возьме гэтага госця за каўнер і выкіне на вуліцу.

- Як сабе хочаш, - абыякава вымавіў той.

Раз'юшаны гаспадар, забыўшыся пра грошы, схапіў студэнта, які і не бараніўся, пацягнуў да дзвярэй і выштурхнуў...

Такім чынам, відаць, што карчма розуму вучыць. Але пара ўжо і нам у дарогу падавацца. А «на пасашок» яшчэ такая вось гісторыйка, якая была падслухана ў адной «карчме на літоўскай граніцы», кажучы словамі класіка.

У сярэднявеччы існаваў такі звычай: калі кагосьці вялі на шыбеніцу, а дзяўчына з натоўпу кідала на яго свой рантух (верхнюю хустку), то асуджанаму даравалі жыццё, вызвалялі і адразу жанілі са збавіцельніцай.

Дык вось, усё так спачатку і адбывалася. Эскартуюць нейкага маладога ды прыгожага злачынца да месца пакарання. У злавеснай працэсіі ідзе і кат, вядомы ўсім Якуб. Вакол - сотні цікаўных, бо тады бясплатна можна было паглядзець толькі два масавыя відовішчы: пакаранне смерцю на плошчы ды пажар.

Раптам з натоўпу выскоквае баба не першай маладосці і кідаецца са сваім рантухом да таго асуджанага малайца. Ён жа, як угледзеў, што за фартуна чакае яго, закрычаў спалохана: «Пане Якубе, хутчэй да шыбеніцы!».

Дарэчы, давайце заглянем у старажытны горад. Што ён сабою ўяўляе, здаецца, напісана ўжо нямала. Застаецца хіба нешта яшчэ сказаць пра насельнікаў. Пазнаёмімся з рознымі яго жыхарамі, а таксама і з гасцямі. Бо госць, хоць бывае мала, але бачыць многа. Кажуць, што багацце можна ўтаіць, а вось беднасць - ніколі. Так і з тым, што выклікае смех - як ні намагайся, а ўсё ж нехта заўважыць ды і не вытрымае.

Па дарозе, што вяла да горада, ехаў верхам на кані шляхціц. А быў ён таўшчэзны, з-за чаго конь увесь час збіваўся на павольную хаду. Вечарэла і трэба было спяшацца, бо гарадскія вароты на ноч звычайна зачынялі, а тады колькі ні прасі - не прапусцяць.

Калі да брамы было ўжо зусім недалёка, насустрач нашаму вершніку трапіўся селянін на возе, які вяртаўся дадому.

- Паслухай, - звярнуўся да яго шляхціц, - ці змагу я ўехаць у горад?

Селянін, агледзеўшы ўважліва фігуру сустрэчнага, адказаў:

- Я дык з фурай сена праехаў, думаю, ваша мосць неяк праціснецца.

Мяшчане, гэта значыць жыхары места - горада альбо мястэчка, складаліся з рамеснікаў, купцоў, дробных гандляроў і іншых людзей, не заўсёды нашым сучаснікам зразумелых прафесій, жылі ў цесна пастаўленых двух-, трохпавярховых будынках. На першым паверсе звычайна размяшчалася крама, майстэрня ці нейкая сярэднявечная ўстанова з канторай. А сярод такой цеснаты вілася вулачка, выкладзеная «кацінымі лбамі» - брукам. Хапала на вулачках і прадстаўнікоў «рамантычнага» стылю жыцця, да якіх закон ставіўся насцярожана і адмоўна. У якіх адносінах гэтыя «элементы» знаходзіліся з гарадскім жыццём, відаць з наступнай падзеі.

У краму залезлі злодзеі і выцягнулі адтуль усё, што мела вартасць. Пад канец дзеяння, якое ажыццяўляецца звычайна ўначы, сюды падышоў цэхмайстар з вартай. Яны рабілі апошні абход горада, калі іх увагу прыцягнулі адчыненыя дзверы крамы і нейкі чалавек у сярэдзіне.

- Што тут за справы такія? - прагрымеў цэхмайстар.

- Шаноўны пане, - зараз жа адгукнуўся злодзей, узяўшыў рукі мятлу, - вось, прыбіраю. Памёр наш гаспадар, дык трэба ўсё было вынесці ў пакоі...

- Але ж не відаць нікога, хто б плакаў па нябожчыку, - няўпэўнена заўважыў прадстаўнік улады.

- О, пане, плач пачнецца раніцою.

У нейкім мястэчку ксёндз пасварыўся з аптэкарам. Мо з-за таго, што значная частка жыхароў раптам паверыла ў большай ступені лекам з аптэкі, чым малітвам аб здароўі. І святар, пра што б ні гаварыў у сваіх казаннях да вернікаў, абавязкова памінаў сярод розных злыдняў аптэкара.

- Самі сябе вядзеце да згубы, звяртаючыся да богапраціўнай аптэкі, не верачы ў цуд Боскі і збаўленне ад хвароб, якое можаце знайсці толькі тут, - такія словы несліся з амбону. Пры гэтым наваяўлены Златавуст моцна біў далонню аб парэнчы.

Адным словам, аптэкару дапякло, і ён, добра пачаставаўшы служку з касцёла, падгаварыў яго прабрацца на амбон і ўсадзіць у парэнчы пару іголак.

І вось неўзабаве ў час чарговага свята ксёндз ізноў узяўся за сваё:

- Да вас звяртаюся я, у імя святых апосталаў, каб наставіць на шлях... - тут ён ляснуў рукою па парэнчы, ад чаго яго воблік страшэнна сказіўся і на галовы парафіян абрынуліся ўжо іншыя словы: - ... Каб вас д'яблы ўзялі! Хто, хто такія кпіны вырабіў?! Ратуйце!!!

Тады да «мучаніка» падняўся аптэкар і аказаў дапамогу адпаведна лекарскаму майстэрству.

Калі толькі пачыналася недзе яшчэ зусім нябачнае першаснае накапленне капіталу, то гэта, бясспрэчна, адбывалася ў куфэрках мяшчан. Можна колькі хочаце смяяцца і здзекавацца са скупасці гэтых першапраходцаў капіталізму, і мы таксама гэта зробім, але ж... Але ж грошы - кроў дзяржавы. Пры нармальным кровазвароце арганізм і адчувас сябе нармальна. «Не так добра з грашыма, як дрэнна без іх», - казалі яшчэ ў далёкай старажытнасці. Пазней дадалі: «Хто мае грошы, той розумам харошы». Здаецца, усё правільна. Хаця некаторыя безнадзейна махалі рукою, кажучы, што чалавек грошы збірае, а чорт мяшок шые. Можна яшчэ нямала прыслоўяў датачыць, якія то хваляць таго, хто мае грошы, то наадварот. Пара ж і пазнаёміцца з тымі самымі збіральнікамі грашовых знакаў, што пакуль яшчэ не ведаюць пра нумізматыку.

Мяшчанка-ўдава заказала літургію ў царкве і заплаціла ўсяго паўгроша. Святар стаў за аналоем, але службу не пачынаў, толькі гартаў і гартаў Евангелле, быццам бы нешта шукаючы. Стаяла зіма, ужо і ногі ў кабеты сталі мерзнуць, а ля алтара панавала цішыня. Нарэшце заказчыца не вытрымала і спытала, у чым справа. «Ды вось ніяк не магу знайсці тое месца ў кнізе, якое служыцца за паўгроша», - паясніў клірык. І прыйшлося эканомнай удаве патроіць суму.

Захварэў майстар-рамеснік, ды так, што неўзабаве стаў канаць. Жонка, якая была ўвесь час пры ім, пабегла да суседзяў, каб пазычыць свечку-грамнічку, і запаліла яе каля ложа паміраючага. Але смерць перастала спяшацца, затрымалася на паўдарозе. Гэта раззлавала кабету, і яна давай падганяць мужа: «Канай хутчэй, каб свечка дарма не гарэла, бо прыйдзецца плаціць за новую».

У адным горадзе жыў такі скупы мешчанін, што роўнага яму цяжка было знайсці. Прыйшоў ён неяк да краўца заказаць сабе нешта з адзежы, ды і кажа:

- Пашый, толькі так, каб зрасходаваць як мага менш тканіны.

- Добра, - падумаўшы крыху, згадзіўся майстар. - Але дзеля гэтага пойдзем у двор, там здымем мерку, пасля чаго я зраблю адпаведную выкрайку.

Выйшлі яны. І калі прымерка скончылася, кравец хуценька тут жа на зямлі накрэсліў «выкрайку», а на яе кінуў маленечкі кавалак тканіны. Мешчанін, нічога не разумеючы, здзіўлена глядзеў на гэтую справу, пакуль нарэшце не спытаў, што гэта значыць.

- Вось гэта і ёсць ваша вопратка, - растлумачыў выканаўца.

- А тканіна?

- Вунь яна, - майстар паказаў на той кавалачак. - Калі раптам парвецца, хопіць, каб залатаць. Для вас жа галоўнае - як мага менш тканіны. Але, прабачце, прыйдзецца плаціць больш, калі ўлічыць хуткасць выканання.

Захварэла неяк адна купчыха-ўдава, і наведаць яе прыйшла адзіная з радні мяшчанка, якая ў думках выношвала нейкія планы наконт спадчыны. Прыйшоўшы, яна стала «суцяшаць» хворую:

- Ах, дарагая мая, якая ж ты шчаслівая! Яшчэ крыху, і ты ўбачыш самога Госпада, які паклапоціцца аб тваёй бязгрэшнай душы...

- Калі так, - адгукнулася купчыха, - дык я адразу ж папрашу Пана Бога, каб і табе, мая дарагая, найлепшае месца неадкладна падрыхтаваў.

- Не, не, не трэба, - замахала рукамі госця, гэта парушыць мае справы на зямлі, таму не прыспешвай Усявышняга!

У часы Жыгімонта Старога і яго сына распаўсюдзілася ў Кароне і ў Вялікім Княстве Рэфармацыя, сталі з'яўляцца сярод хрысціян разнастайныя плыні - пратэстанты, кальвіністы, арыяны. Апошнія Ягайлавічы даволі талерантна ставіліся да рэлігійных пытанняў, таму сутычкі паміж супрацьлеглымі бакамі пакуль што абмяжоўваліся словамі. Пакуль што...

Сустрэліся неяк езуіт з арыянскім міністрам (святаром). Арыян кульгаў на адну нагу, што выклікала кпіны прадстаўніка Ордэна Ісуса:

- Бачу, браце мой, што кульгаеш ты не толькі ў веры, але і ў звычайнай хадзьбе.

- Дык лепей, кульгаючы, уступіць у Царства Нябеснае, чым здаровымі нагамі ў ваш Ордэн, - адпарыраваў міністр.

Мікалай Пац, біскуп жамойцкі, у сваіх красамоўных казаннях часцей за ўсё карыстаўся сцэнамі пякельных пакут ці падрабязным апісаннем аблічча д'ябла і яго спакус, што моцна дзейнічала на ўяўленне слухачоў.

Неяк біскуп запрасіў мясцовага мастака ў сваю рэзідэнцыю і стаў дамаўляцца, каб той намаляваў яму карціну з выявай анёла.

- Не, не магу, святы ойча, - адмовіўся мастак, - вось каб д'ябла, дык іншая справа.

- Што?! Чаму?

- Ды ўсё дзякуючы вам. Колькі я ні слухаў вас, так і не пачуў, што ж сабою ўяўляе анёл ці, напрыклад, райскае жыццё. Веруеш і не ведаеш, дзеля чаго?

Староста і бурмістр жылі ў добрай згодзе. Нават мелі адно супольнае адзенне для свят ці ўрачыстых цырыманіялаў, якое апраналі па чарзе. Але аднойчы староста па нейкай прычыне не перадаў боты з гэтага афіцыйнага камплекта, і бурмістр, атрымаўшы запрашэнне на сустрэчу з каралём, які праязджаў праз іх горад, вымушаны быў прасядзець дома. І гэта абразіла яго да глыбіні душы.

Прайшло некалькі дзён. Пану старосту трэба было пакараць нейкага злачынца, якога суд прыгаварыў да павешання. За шыбеніцай жа даводзілася звяртацца да таго ж бурмістра. І дзяржаўца мясцовых зямель як ні ў чым не бывала накіраваў просьбу ў магістрат. На гэта галава горада адказаў так: «Шыбеніцы не дам, бо, калі і маю яе, то выключна для сябе асабіста і для сваіх блізкіх».

Вось такія размовы вяліся паміж тымі, хто прадстаўляў гараджан. Але горад ці мястэчка трапляліся і на жыццёвым шляху тагачасных жыхароў вёскі. Абодва бакі неяк каментавалі свае ўзаемаадносіны, чайцей за ўсё - крытычна. І гэта ў кожнай дзяржаве! Калі такія погляды сатруцца ў археалагічны пыл, аднаму Богу вядома, бо пышна квітнеюць аж да нашых дзён. Мо, калі ўсе стануць гараджанамі, ці, наадварот, сялянамі, альбо, нарэшце, панамі. У гісторыі ўсё можа быць, не выключайма такой магчымасці. Ах, каб неяк заглянуць у будучыню! А пакуль што - абернемся назад.

Два мужыкі верхам на адным кані выязджаюць з горада. Насустрач ім едзе шляхціц, які пытаецца:

- А колькі там гадзін было на ратушным гадзінніку, ці не скажаце?

- Ды і не ведаю, пане, - адказаў той, што сядзеў спераду, - няхай скажа мой сусед, бо ён выехаў пазней.

Шляхцянка на кірмашы прадавала свінню. Падышоў нейкі мужык і давай з ёю таргавацца. Доўга спрачаліся яны за цану, але безвынікова. Хаваючы сакеўку ў кішэню, мужык і кажа на развітанне: «Ну, калі так, то грошы - мае, а пані - свіння».

У гарод да мужыка ўлезла свіння аднаго шляхціца. Мужык схапіў кол і ўрэзаў ёй па рыле, а тая вазьмі ды здохні. Шляхціц, канешне, у суд. Пазвалі мужыка. Адным словам, у кожнага свая праўда, так што да ісціны суддзя ўсё ніяк не мог дайсці. Яшчэ раз пытаецца ён селяніна, як жа гэта ўсё здарылася. «Няўжо не зразумела? - паясняе той. - Ну, прабачце мне, уявіце, што пан суддзя быў той самай свіннёй і залез у мой гарод. Што ж заставалася рабіць? Казытаць і гладзіць пана свінню... не, пана суддзю? Кожны б на маім месцы даў бы па рыле... пана суддзі, пасля чаго пан суддзя, канешне б, сканаў».

Мо, некаторыя з шаноўных чытачоў наморшчылі насы, назіраючы за палемікай наконт свінні? Тады, паколькі мужыкі яшчэ маюць што сказаць, памяняем тэму і ўвядзём новы пасіўны персанаж - карову.

У аднаго селяніна здохла карова, а крыху пазней памерла жонка. Сядзіць ён пасля ўсяго гэтага ў роспачы, не ведае, як жыць далей. Сталі падыходзіць да яго суседзі і суцяшаць.

- Ці ж у нас дзяўчат бракуе, што застанешся ўдаўцом адзінокім? - кажа адзін. - У Пятра тры дачкі, выбірай, якую хочаш. Васілёва сястра на выданні...

- Мо, хочаш, удаву табе пашукаем, - прапануе другі.

Той слухаў, слухаў ды і адзываецца:

- Вельмі вам удзячны за вашы парады. Але бачу, лепей страціць жонку, чым карову. Бо на месца нябожчыцы падсоўваеце мне капу дзяўчат, а вось каб хоць адзін прапанаваў жывёліну!

У народным гумары галоўны герой, мужык, часцей за ўсё выступае не адзінокай фігурай, а разам з нейкім інвентаром, прыладай, канём і г.д. Так, відаць, і больш пераканаўча, і натуральна. Цікава, што нярэдка такі «антураж» як бы дзейнічае разам з цэнтральным персанажам, таму і надзяляецца такімі ж гумарыстычнымі рысамі. Сельскі жыхар, напрыклад, не скажа проста «воз», а «карэта на дваццаць чатыры акны». Не здагадаліся чаму? А гэта ж дзіркі паміж папярэчынкамі ў драбінах.

Селянін не толькі з цёплым гумарам адносіўся да свайго інвентару ці цяглавай сілы, але і шанаваў іх перш за ўсё. Гараджанін мог такое назваць з ходу, не падумаўшы, скупасцю, не зважаючы, што ўсё гэта значыла для сялянскага жыцця. Вось, дарэчы, конь, бо дайшла чарга і да яго.

Аднаго разу сяляне вырашылі пабудаваць у сваёй вёсцы новую царкву. Спачатку трэба было навазіць камення для падмуркаў, але гэтая справа ішла чамусьці надта ж марудна. Святар, паназіраўшы за вазніцамі, зразумеў, што кожны з іх шануе свайго каня. Ён сабраў усіх разам і прапанаваў памяняцца коньмі, пасля чаго праца адразу ажывілася.

Паехаў мужык, запрогшы пару коней, у лес па дровы. Паставіў воз і пайшоў вышукваць, што трэба. А гэтым часам па той жа лясной дарозе ехаў манах на фуры, напоўненай рознай данінай. І захацелася яму завалодаць адным з тых ламавікоў. Выпраг ён каня, прывязаў да свайго воза і загадаў фурману ехаць далей. Сам жа ўлез у хамут і стаў чакаць гаспадара.

Вяртаецца мужык і з жахлівым здзіўленнем глядзіць на такую перамену.

- Што ж гэта? - усклікнуў ён нарэшце.

- Гэта воля Божая, - малітоўна злажыўшы рукі, адказаў манах. - Я некалі вельмі саграшыў, за што быў пакараны - ператвораны ў каня. Доўга я з усёй маёй добрасумленнасцю працаваў на цябе, і вось Бог злітаваўся, вярнуўшы маё чалавечае аблічча.

Выслухаўшы тлумачэнне, селянін дапамог былому грэшніку выбрацца з хамута, а вярнуўшыся ў сяло з вялікім жарам расказваў пра гэты «цуд».

Відаць, многім вядома, што даўней сялянскія сем'і былі даволі вялікія. Бо лічылася: «Шклянак і дзяцей у доме ніколі не бывае занадта». Але ўсё ж такі была нейкая мяжа, пакладзеная часам ці матэрыяльнымі магчымасцямі, а мо і таму, што «дзеці падрастаюць - хату сатрасаюць». Дазвольце ж запрасіць шаноўных чытачоў у такую мнагадзетную хату. Як у той казцы: «Жыў сабе Несцерка, і было ў яго дзяцей шэсцерка». Дык вось, пра такого Несцерку.

Аўдавеў адзін мужык, а на руках у яго засталося аж шасцёра дзяцей. Дзе ж яму аднаму ўправіцца з імі, і стаў ён шукаць сабе жонку. Знайшлася такая, што згадзілася пайсці за яго, бо ў яе, самой удавы, таксама мелася шасцёра. А паколькі абодва былі не зусім старыя, то нарадзілася ў іх яшчэ шасцёра дзетак. Падрастаюць усе разам, усё, як трэба. Толькі аднойчы выбягае з хаты жонка і - да мужыка, што быў на двары: «Хутчэй дапамажы! Бо твае дзеці і мае дзеці б'юць нашых дзяцей!».

Сцэны з дзвюма дзеючымі асобамі - селянінам і панам, апісаны ўжо шмат разоў, і можна іх падвесці пад адзін эпіграф: «Кажух - не вата, сала - не гарбата». Пан у вядомых сітуацыях мог адпомсціць мужыку за яго востры язык прамалінейным фізічным спосабам, напрыклад, як той ваявода, якога мужык выцягнуў, тонучага, з ракі, але за тое, што сваёй мужыцкай рукою зганьбіў ваяводскі чуб (бо цягнуў за яго), замест узнагароды атрымаў пару дзесяткаў дубцоў.

Адзін багаты пан прыйшоў у касцёл, сеў на лаўку і тут заўважыў побач нейкага ўбогага, абшарпанага чалавека. Той, не зважаючы на з'яўленне багацея, не пакінуў свайго месца, нават не адсунуўся. Пан жа, ледзь стрымліваючы гнеў, спытаў:

- Каму ты служыш?

- Служу самому Богу.

- Дзіўна, служыш такому вялікаму пану, а нічога не зарабіў, апрача гэтых латак.

- Што тут дзівіцца, ваша мосць, - адказаў небарака, - якая служба, такая і плата.

У нейкага пана быў кухар. Заказаў аднойчы гаспадар спячы гуся і адразу падаць да стала. Калі страва была ўжо гатова, кухар, дэгустуючы, заахвоціўся ды і з'еў гусакову ножку. А пан і пачаў свой абед менавіта з ножак, але адразу ўбачыў недахват, ад чаго страшэнна раз'юшыўся і вылаяў кухара. Той у апраўданне стаў даводзіць, што ў птушкі і была толькі адна нага, але довад гэты не ўпэўніў пана, толькі яшчэ больш раззлаваў.

Паехалі яны праз пару дзён па розных справах у мястэчка. Па дарозе кухар звярнуў увагу на чараду гусей, многія з якіх (бо справа была позняй восенню) стаялі на адной назе, падціснуўшы другую, каб пагрэць.

- Вось бачыце, пане, - ажывіўся кухар, - колькі гусей аднаногіх!

Памешчык, нічога не кажучы, узяў ды як свіснуў, ад чаго тыя гусі з перапуду паімчаліся з усіх ног. Толькі тады ён зларадна заўважыў:

- Ну, што ты цяпер, блазан, скажаш?

- А тое скажу, шаноўны пане, што трэба было вам і тады свіснуць, мо нага і паявілася б.

Здаецца, нямала людзей паспалітых сутрэлася нам па дарозе. Мо, калі яшчэ павандруем па гістарычных сцежках, дык напаткаем каго цікавейшага. Але зараз нас чакаюць іншыя асобы - каранаваныя, і падзеі, з імі звязаныя.

Каранаваныя снапы

Калі свежаспечаны на чарговым элекцыйным сойме новы кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт Ваза ўпершыню прадстаў перад сваімі падданымі, што крычалі яму «віват», прамаўлялі панегірыкі, чаргуючы гэта пальбою з усіх тагачасных відаў агнястрэльнай зброі, зямяне і просты люд чакалі бадзёрай каралеўскай прамовы ў адказ. Высокае слова прагучала, усе напружана прыслухоўваліся, і ў гэты момант спасціжэння манаршай дэкларацыі пачуўся незадаволены голас старога канцлера Яна Замойскага: «Што за нямога д'ябла мы сабе прывезлі?». Так былы паплечнік зухаватага Батуры-караля выдаў характарыстыку першага прадстаўніка дынастыі Ваза.

На іх гербе быў змешчаны сноп, бо па-шведску (адкуль і з'явіўся гэты Жыгімонт) «сноп» гучыць як «ваза». Такім чынам аказаўся на троне Сноп у кароне, Жыгімонт Ваза, Ягайлавіч па кудзелі, бо яго маці, жонка шведскага караля, Кацярына, паходзіла з гэтай славутай сям'і. А што да красамоўнасці, то ўсё ж трэба ўлічваць яго скандынаўскага бацьку, на радзіме якога, як вядома, гаваркіх не вырошчваюць. Нават не зважаючы на добрую долю італьянскай крыві ў каралевы-маці, Жыгімонт быў занадта стрыманы і, што для нас істотна, пазбаўлены пачуцця гумару. Адзіная якасць, наследаваная ім, крылася ў вялікай павазе да каталіцкай рэлігіі, з-за чаго ў Рэчы Паспалітай прыйшоў канец усякай верацярпімасці.

Не вельмі добра ставіўся Жыгімонт Ваза да Вялікага Княства і да яго прадстаўнікоў пры двары. Справа ў тым, што Радзівілы ды і многія іншыя з Княства хацелі бачыць на каралеўскім троне аднаго з Габсбургаў. Жыгімонт гэта запомніў на ўсё жыццё, бо, як пісаў у сваім лісце да Крыштофа Радзівіла Леў Сапега з Варшавы, якая новым гаспадаром была абвешчана сталіцай замест Кракава, «кароль шкадуе таго, што калі-колечы зрабіў ліцьвіну». Але ўсё ж такі зрабіў! Відаць, перахітрыў яго Сапега, бо падсунуў Статут Вялікага Княства Літоўскага, і той падпісаў.

Жыгімонт Ваза пражыў усяго 66 гадоў, але затое з іх быў каралём аж 45. Можна зразумець яго сына Ўладзіслава, які чакаў і не мог дачакацца, калі ж і яму на галаву ўскладуць карону. Не раз, напэўна, каралевіч папракаў бацьку, нагадваючы яму шляхетны ўчынак з жыцця іншых Жыгімонтаў, іх папярэднікаў. Гэта, відаць, і вымусіла нецярплівага нашчадка шукаць вакансію ў іншых месцах, у прыватнасці ў Маскве. Цікава было б паглядзець на Ўладзю-каталіка ў Манамахавай шапцы! Праўда, баяры, запрасіўшы яго, паставілі ўмову - прыняць праваслаўе, але паспяшаліся скласці прысягу з цалаваннем крыжа. Ды і яшчэ як паспяшаліся, бо царом абралі другога, Міхайлу Раманава. Уладзіслаў Жыгімонтавіч Ваза, безумоўна, ведаў, адкуль паходзяць яго продкі - ад старажытных вікінгаў (нарманаў, варагаў - гэта ўжо як хто называў), значыць - са Скандынавіі. Адтуль жа ўзяліся і Рурыкавічы, што царствавалі на Русі, і дынастыя якіх перарвалася. Таму ў якасці чарговага варажскага кандыдата ён і накіраваўся туды, але няўдала. Зрэшты, калі Ўладзіслаў зрабіўся польскім каралём, то ўціхамірыўся.

У адрозненне ад бацькі Ўладзіслаў быў больш блізкі да гумару, любіў розныя забавы, меў ахвоту да перамены месцаў. Таму яго постаць часцей сустракаецца ў творах лёгкага жанру, тым больш, што ён вызначаўся і пэўнай талерантнасцю да іншых поглядаў і рэлігій. Хаця ў адданасці манаршага атожылка каталіцкай веры ніхто не сумняваўся.

У час наведвання сабора Святога Пятра ў Рыме Ўладзіслаў захацеў падняцца на купал, каб агледзець Вечны горад. Але доступ туды быў дазволены толькі канонікам, што былі прыпісаны да сабора. Тым не менш папская канцылярыя знайшла выйсце: каралевіч быў намінаваны на каноніка. І вось у адпаведных шатах, благаслаўляючы людзей каля ўвахода ў храм, канонік-каралевіч накіраваўся да запаветнай мэты.

Калі, удосталь палюбаваўшыся велічнай панарамай, Уладзіслаў спусціўся ўніз і хацеў, зняўшы ўбранне, заадно пазбавіцца і ад звання каноніка, яму заявілі, што яно даецца пажыццёва.

- А як жа тады з каралеўскай пасадай? - запытаўся высокі госць з Рэчы Паспалітай.

- Але ж мы павінны плаціць грошы ўсім нашым канонікам, - растлумачылі яму. - Яшчэ ніхто з каралёў не атрымліваў плату ад царквы...

- Калі так, - прапанаваў тады каралевіч, - пакіньце грошы сабе, а званне каноніка - мне, толькі без права нашэння гэтых шатаў.

І сапраўды, такі незвычайны для прадстаўніка каралеўскай «фаміліі» тытул Уладзіслаў захаваў да канца свайго жыцця. Мо, гэта і стала перашкодай у тым, каб займець тытул «спадара ўсея Русі»?

Наогул, каралевіч любіў падарожжы, паляванні і розныя забавы. Не будзем сярод іх улічваць удзел у ваенных паходах, бо там асаблівага гумару кронікі і іншыя дакументы не занатавалі. Таму галоўная ўвага - падзеям з больш прыемнай часткі жыцця гэтага прадстаўніка дынастыі Снапоў.

Паяўленне каралевіча ў тым ці іншым горадзе не праходзіла непрыкметна. У гонар яго асобы білі ў званы, налівалі ў кубкі, гаварылі ўзнёслыя словы. Аднойчы, калі ён апынуўся ў альпійскім горадзе Грацы, што ўваходзіў тады ў склад Свяшчэннай Рымскай імперыі, мясцовы святар пасля імшы прамовіў казанне. Стараючыся пацешыць слых такога рэдкага госця, аратар між іншым гаварыў: «Падобна, як нашага Пана, сына Боскага, доўга цягалі то да Кайяфы, то да Пілата, то да Ірада, так і наш высокашаноўны каралевіч Уладзіслаў наведваў то імператара, то герцага баварскага, то папу, то іншых...»

- Цяпер застаецца толькі ўкрыжаваць мяне тут, у Грацы, на якой-небудзь гары, - заўважыў Уладзіслаў аднаму са сваіх спадарожнікаў.

Пад час аднаго з соймаў каралева Людвіка-Марыя, другая жонка Ўладзіслава IV, пажадала разам са сваім дваром, ці, як тады гаварылі, «дамамі фраўцымера», папрысутнічаць на нарадах. Паколькі месца для падобных наведвальнікаў не было прадугледжана, да аднаго з балконаў была прыладжана невялікая пляцоўка з дошак. Вось там і ўладкаваліся прадстаўніцы «пекнага полу» на чале са сваёй уладаркай. Не паспеў яшчэ маршалак абвясціць аб пачатку пасяджэння, як раптам адна дама, пад якой зламалася дошка, звалілася, але ў апошні момант зачапілася і... павісла на ўсіх сваіх адзежынах і прыстасаваннях, паявіўшыся перад вачыма высокага сойма ў чым маці нарадзіла. А іншыя пані, замест таго, каб ратаваць яе, рынуліся з балкона, ледзь не перакуліўшы каралеву. Нарэшце нейкі дваранін кінуўся наверх і ўсцягнуў даму на тое месца, адкуль няшчасная падала, а потым, прыкрыўшы сваім плашчом, адвёў у пакоі фраўцымера.

А вось у сенатарскай зале мела месца яшчэ больш неардынарнае здарэнне, звязанае з незвычайнай знаходлівасцю дыпламата.

У Варшаву прыбыла пасольская дэлегацыя ад маскоўскага цара. На другі дзень кароль у акружэнні сенатараў урачыста прымаў паслоў. Галоўны з іх, адзеты ў адпаведнасці з усімі патрабаваннямі моды вышэйшых расейскіх колаў, выступіў наперад і нізка пакланіўся. І ў гэты момант, відаць, ад вялікай стараннасці, паўнамоцны баярын выдаў «пальны» гук. Уся ўрачыстасць гатова была загінуць у разгубленай цішыні, што запанавала ў зале. Але пасол, не трацячы настрою, а дакладней, галавы, выхапіў нож, што вісеў у яго на поясе, кальнуў ім свой баярскі зад і сярдзіта крыкнуў у адрас парушальніка дыпламатычнага пратакола: «Не ты, а я буду гаварыць з каралём!»

Просім шаноўных чытачоў прабачыць, што не паспелі папярэдзіць аб набліжэнні гэтых здарэнняў. Але выпадак на тое і завецца выпадкам, бо адбываецца незапраграмавана, адным словам, выпадкова. Не забудзем, што гэта была яшчэ эпоха гуманізму, у якой неадменнае месца належала раблезіянству.

Ну, што ж, перагорнем старонку і накіруемся ўслед за Ўладзіславам IV Вазай у Вільню, дзе паводле традыцыі кароль павінен быў з'яўляцца кожны другі год, праводзячы ў Вялікім Княстве некалькі месяцаў. Гэтым разам апрача забаў і палявання яго чакала афіцыйная сустрэча з новым герцагам Курляндскім Фрыдрыхам, які мусіў пацвердзіць сваю васальную залежнасць каралю Рэчы Паспалітай.

Курляндскі герцаг быў заўзятым пратэстантам і не дазваляў каталікам публічна правіць службу, а тым больш будаваць касцёлы. Перад гэтым Уладзіслаў ужо выслухаў адпаведныя скаргі каталіцкай дэпутацыі з леннага герцагства, таму пад час сустрэчы з яго залежным гаспадаром рэкамендаваў узвесці хаця б пару храмаў. Але той катэгарычна адмовіўся, што вельмі раззлавала караля, які вырашыў неадкладна пакараць непаслухмянага васала.

Трэба сказаць, што ў гонар каралеўскага візіту ў Вільню была запрошана трупа нямецкіх актораў, у рэпертуары якой былі творы Шэкспіра. На Замкавай плошчы спецыяльна збудавалі вялікую сцэну. Але раз'юшаны Ваза загадаў неадкладна разбурыць «тэатр», а артыстаў прагнаць. І прыйшлося герцагу Курляндскаму вяртацца ў Мітаву, не паглядзеўшы ні «Гамлета», ні «Сну ў летнюю ноч», галоўнае ж - не пачуўшы геніяльнага ангельскага драматурга па-нямецку, на роднай мове герцага.

Вось так рэлігійныя спрэчкі стваралі перашкоды культурнаму абмену. Хаця, зноў жа нагадаем, што Ўладзіслаў Ваза меў свае погляды на веру. Кажуць, калі яму даслалі вестку з Рыма пра тое, што яго брат Ян Казімір нечакана ўступіў у Ордэн езуітаў, то каралеўскі гнеў адразу ж абрушыўся на прадстаўнікоў гэтай суполкі, якім было забаронена паяўляцца пры двары. А каб яшчэ больш дапячы ім, кароль запрасіў у Рэч Паспалітую братоў піяраў, з мэтай аддаць у іх рукі выхаванне моладзі і школьную навуку. Трэба сказаць, што піяры шмат чаго зрабілі для нашай адукацыі.

Пад час Смаленскай вайны, каб перацягнуць на свой бок жыхароў усходніх ваяводстваў, Уладзіслаў IV правёў праз сойм некалькі прывілеяў для праваслаўнай царквы. На дакументах апрача каралеўскага подпісу трэба было яшчэ паставіць дзяржаўную пячатку, якую мог прыкласці толькі каронны канцлер. Гэтую пасаду тады займаў каталіцкі біскуп Ян Задзік, што магло змарнаваць усю справу. Кароль рашыў звярнуцца да літоўскага канцлера Станіслава Альбрэхта Радзівіла, хаця і ён лічыўся шчырым каталіком.

- Не магу гэтага ўчыніць, - стаў адмаўляцца Радзівіл, - бо абяцаў майму спавядальніку не патрапляць схізматам.

Уладзіслаў ужо гатовы быў узарвацца гневам, але ўспомніў, што літоўскага канцлера вельмі цікавілі некаторыя староствы з іх землямі, а яго спавядальнік меў вялікую цікавасць да розных механічных штучак.

- Здаецца, галоўнае, пра што клапоціцца ваш слуга царквы, гэта вось такія прадметы, - сказаў кароль, вымаючы з кішэні гадзіннік. - Зараз мы яго сапсуем і пашлем яму, каб заняўся папраўкай і не ўмешваўся ў дзяржаўныя справы. А вы, шаноўны канцлер, займецеся тым часам маімі староствамі, што пазбавіць вас сумнення. Але спачатку пастаўце пячатку.

Радзівіл не вагаючыся выканаў загад. Праўда, на ўсякі выпадак услед за гэтым падаў пратэст у гродскі суд, што, як канцлер, ён падпарадкаваўся каралю, але, як каталік, пратэстуе супраць падзеі, якая адбылася.

Уладзіслаў Ваза даволі пільна прыглядаўся да дзейнасці каталіцкага кліру. Таму папскі нунцый у Варшаве Філанардзі не прамінуў пусціць наступны досціп: «Ваш кароль штомесяц на манахаў траціць больш часу, чым наш папа за цэлы год». Заўвага не прайшла бясследна, і неўзабаве на сойме абнародавалі некалькі лістоў ад нунцыя ў апостальскую сталіцу, перахопленых каралеўскімі шпіёнамі, дзе мелася нямала абраз у адрас «караля-ерэтыка» і яго «прыспешнікаў». Папскі дыпламат вымушаны быў тэрмінова прасіць прабачэння ў яго вялікасці. Але ўслед за гэтым праваліў кандыдатуру, прапанаваную каралеўскім дваром на пасаду кардынала. Рэванш не прымусіў сябе доўга чакаць.

Уладзіслаў IV надумаў паставіць свайму бацьку Жыгімонту Вазе, які перанёс сталіцу з Кракава ў Варшаву, помнік. «Калону Жыгімонта» збіраліся ўстанавіць каля Кракаўскай брамы, праз якую ўязджалі ў горад. Але тут размяшчалася частка гаспадарчых будынкаў кляштара бернардзінак. Кароль паабяцаў добра заплаціць ім, каб згадзіліся расчысціць месца. Як толькі пачаліся работы, нунцый наклаў вета з пракляццем таму, хто падыме руку на тыя гаспадарчыя будыніны. Тады Ўладзіслаў загадаў сваім гвардзейцам акружыць рэзідэнцыю нунцыя, абвясціўшы яго арыштаваным, пакуль не закончацца ўсе падрыхтоўчыя работы. У выніку Філанардзі хутка назаўсёды пакінуў Варшаву.

І ў часы панавання Вазаў, хаця не так шырока, як за Ягайлавічамі, працягвалася культурнае жыццё. Сярод эўрапейскіх уплываў на жыхароў дзяржавы цяжка вызначыць які-небудзь найгалоўнейшы. Бо нават калі кароль з каралевай, якія тады часцей за ўсё з'яўляліся з-за мяжы, і прыносілі нейкія «імпартныя» моды, то магнаты і шляхта больш прыглядаліся, ніяк не наважваючыся на нязначныя перамены нават у традыцыйнай вопратцы. Праўда, нешта ўсё ж падабалася адразу. Напрыклад, тэатр. Ён хутка заваяваў сэрцы тых, хто імкнуўся трапіць на вочы каралеўскай пары. І не проста тэатр, а опера з балетам! Мо і цяжка было сармацкім тэатралам успрымаць такія новыя жанры, але ж - на вачах у іх вялікасцей... Вось як гэта выглядала са слоў нейкага сведкі-двараніна.

Оперны тэатр, што заснаваў пры сваім двары Ўладзіслаў Ваза, лічыўся адным з лепшых у Эўропе. Многія жадалі трапіць туды, таму ў адносна невялікай зале можна было толькі стаяць. Кароль і яго жонка, зразумела, маглі сядзець, бо мелі асобную ложу. Астатнія ж «меламаны» (а сярод іх знаходзіліся прадстаўнікі самых радавітых дынастый), урываючыся ў залу, літаральна змагаліся за месцы. Надворнаму маршалку прыходзілася з вялікімі цяжкасцямі наводзіць парадак.

На адным такім прадстаўленні сутыкнуліся два дастойныя гледачы: староста мазырскі Хадкевіч і пісар літоўскі Валовіч, кожны з якіх імкнуўся ўладкавацца бліжэй да каралеўскай ложы і адначасова - да сцэны. Абодва былі яшчэ маладыя ды гарачыя, таму ад абразлівых слоў хутка перайшлі да рукапашнай. Маршалак, праціснуўшыся да месца інцыдэнту, загадаў ім пакінуць залу. Хадкевіч нешта такое яму сказаў, і той разгневаўся:

- Калі не выйдзеш, то вылуплю кіем і даб'ю вось гэтым жазлом!

Звярнуў увагу на такія падзеі і кароль, які схапіўся за шаблю і спрабаваў таксама кінуцца па суцішэнне маладых буянаў. На шчасце для іх, у яго вялікасці быў прыступ падагры, таму Ўладзіслаў тут жа абяссілена паваліўся ў крэсла, крыкнуўшы:

- Каб змог зараз стаяць на нагах, то каторага адпляжыў бы!..

Тым не менш пасля спектакля абодва «пеўні» былі пастаўлены перад каралём. І толькі заступніцтва каралевы выратавала іх ад пакарання.

Што да недахопу месцаў там, дзе сядзеў кароль, то гэта, відаць, з'яўлялася звычайнай справай. Але былі такія сітуацыі, калі прадугледжвалася спецыяльна адпаведная колькасць крэслаў, каб усе прысутныя на чале з яго вялікасцю мелі іх. Напрыклад, у час пасяджэння сената. Што дзіўна, нават калі Рэч Паспалітая страчвала нейкае ваяводства ці іншую тэрыторыю, месца сенатара свята захоўвалася. Зразумела, што прадстаўнікі «абодвух народаў» клапаціліся пра колькасць галасоў і свой уплыў на бягучыя справы.

Адным з сенатараў ад Вялікага Княства пры Ўладзіславе IV стаў падскарбі літоўскі Мікалай Трызна. Сярод рысаў, што надавалі асаблівы гонар і велічнасць фігуры сенатара, вядучае значэнне мелі габарыты. Бо чым больш унушальнымі яны былі, тым большую павагу выклікалі. Толькі потым - усё астатняе. Таму ўкормленых дзяржаўных дзеячаў было з лішкам. Але ніхто з іх не мог стварыць канкурэнцыю нашаму падскарбему - Трызна ніяк не змяшчаўся ў крэсле. Дык што - стаяць? І парушыць этыкет?

Кароль унёс прапанову прынесці для сенатара з Літвы лаўку. Аднак з-за гэтага давялося перастаўляць крэслы, зноў жа парушаючы заведзены парадак.

- З двух адно, - вырашыў Уладзіслаў, - ці адправім пана Мікалая Трызну назад у Вялікае Княства, каб ён там схуднеў, ці вынесем адсюль крэслы і будзем весці нашу раду стоячы, уявіўшы, што гэта - тэатр.

- Калі ягамосць кароль згодзіцца стаць акторам, то я гатовы стаяць, пакуль не ўпаду, - падхапіў літоўскі падскарбі.

У канцы свайго панавання Ўладзіслаў IV стаў падтрымліваць найбольш спрыяльныя адносіны з Францыяй, і неўзабаве парыжскі двор пастанавіў узнагародзіць караля Рэчы Паспалітай ордэнам Святога Духа. На каралеўскіх грудзях ужо красаваўся тады другі ордэн - Залатога Руна, задоўга да гэтага прысланы гішпанскім манархам, заклятым ворагам Францыі. Нагадаем, што «Залатое Руно» мае выгляд ягняці, падвешанага на ланцугу.

Французскі пасол на аўдыенцыі стаў раіць каралю, каб той адаслаў гішпанскі ланцуг назад у Мадрыд. «Пазбаўлюся майго ягняці, калі Дух Святы сыдзе на мяне», - адказаў Уладзіслаў. А калі праз нейкі час «Святы Дух» прыбыў у Варшаву, кароль ужо ляжаў на смяротным ложы... Кажуць, што яго жыццё абарвалася ад весткі пра страшэннае паражэнне Кароннага войска пад Жоўтымі водамі ад паўстаўшых казакаў.

Элекцыйны сойм збіраўся выбраць каралём чацвертага сына Жыгімонта Вазы Карла Фердынанда. Але раптам з'явілася дэлегацыя запарожцаў, якія ўльтыматыўна параілі прагаласаваць за іншага Вазу - за Яна Казіміра. Ён, як нам вадома, некалі перайшоў да езуітаў і на гэты момант ужо даслужыўся да звання кардынала. Цяжка сказаць, што за сімпатыі ў Багдана Хмяльніцкага выклікаў Ян Казімір. Мо ўкраінскі гетман хацеў паказаць сваю ўсемагутнасць, прымусіўшы такога руплівага служыцеля каталіцкай царквы парушыць цэлібат і ажаніцца з аўдавеўшай Марыяй Людвікай? Зразумела адно: шляхта вельмі напалохалася ад тых падзей, а новы кароль вельмі неахвотна выконваў свае абавязкі ў дзяржаўным ды іншым сэнсах. Патомства ён не пакінуў. Такім чынам гэта быў апошні з дынастыі Вазаў.

Кароль-кардынал панаваў два дзесяткі гадоў сярод амаль бесперапынных ваенных дзеянняў, пакуль не пайшоў у адстаўку, адмовіўся ад кароны і з'ехаў у Францыю, каб там у цішыні правесці рэштку свайго жыцця.

Гісторыя данесла некалькі анекдотаў з французскага перыяду біяграфіі Яна Казіміра, але гэта занадта далёка ад нашай зямлі. Адзінае, што можна прапанаваць, каб хоць неяк ажывіць момант расставання са Снапамі-Вазамі, дык узяць і паслухаць каралеўскага блазна.

Калі экс-кароль, зняўшы карону, пакідаў сойм, да яго падбег блазан і, працягваючы свой каўпак з бомкамі, прапанаваў: «Ты дрэнна выглядаеш з непакрытай галавой, таму хутчэй бяры маю мітру. Яна табе вельмі пасуе».

Ад Яся да Стася

У бурлівыя гады, калі шляхта больш бараніла свае «залатыя вольнасці», а не Рэч Паспалітую, неяк непрыкметна тых коней, на якіх зухавата гарцавалі славутыя сарматы, стрыножыла магнацкая рука. А потым дабралася і да аброці, каб весці, куды трэба магнату. Праўда, на сойме шляхта магла абраць «свайго» караля, ну, напрыклад, такога, як Міхал Вішнявецкі, сын таго самага Ярэмы Вішнявецкага, рускага (не маскоўскага!) ваяводы, што не баяўся ў адкрытую ў чыстым полі біцца з казакамі. Але гэтым разам яблычка вельмі далёка закацілася ад яблыні. Чатыры гады панавання караля Міхала нават апошняму дурню паказалі, да чаго можа давесці агульнае глупства, блаславёнае соймам.

У гісторыі звычайна бывае так, што ў самы, здавалася б, безнадзейны момант, раптам з'яўляецца постаць выратавальніка. Такім і стаў Ян Сабескі, «кароль Ясь», шляхціц з натуры, але з галавой добрага дыпламата і таленавітага ваякі. Моцнымі абручамі сціснуў ён клёпкі Рэчы Паспалітай, што ўжо трашчала па ўсіх швах. Можна сказаць, што гэта апошняе трапнае пападанне ў «дзесятку», учыненае элекцыйным соймам за тое стагоддзе перад сконам дзяржавы.

Адразу ж пасля каранацыі на самых людных месцах развесілі партрэты Яна III Сабескага. І вось на адным з іх нехта напісаў літары: К.І.Е.П., якія пры чытанні складалі старапольскае слова «кеп», што азначала «дурань». Кані пра гэта даведаўся кароль, то страшэнна разгневаўся, як і кожны сапраўдны шляхціц на яго месцы. Тут жа пачалося следства і энергічныя пошукі злачынца. Даволі хутка ён быў знойдзены і прыведзены ў манаршую рэзідзнцыю.

- Дык чаму ты лічыш мяне дурнем? - спытаў кароль.

- Ні ў якім разе, - растлумачыў адказчык, - дурань той, хто не разумее, што К.І.Е.П. гэта «Кароль Іаан - Эўропы Пан».

Дасціпны адказ прывёў каранаванага Яся ў добры гумор, і самадзейнага спецыяліста па тытулах адпусцілі.

У часы Сабескага даволі хутка стала распаўсюджвацца мода на ўсё французскае, пачынаючы ад адзення і канчаючы мовай. І ўжо не ў Італію за навукай, а ў Францыю часцей наведваліся тыя з падданых караля, якія мелі на гэта грошы. Але сам Ян III упарта не паддаваўся новым уплывам, прытрымліваючыся традыцыйнага стылю жыцця. Часцей за ўсё яго можна было бачыць у збудаваным ім Віляноўскім палацы ў адзенні шляхціца сярэдняй рукі. Ды і ў часы афіцыйных прыёмаў і сустрэч, калі трэба было ўбірацца ў багатыя строі, кароль хутчэй нагадваў сваім знешнім выглядам гетмана ці ваяводу мінулага стагоддзя. Мо гэта ён рабіў наўмысна, каб падабацца шляхце з усіх правінцый Рэчы Паспалітай? Калі так, то мэта ім была дасягнута. Затое розныя непаразуменні ўзнікалі ў адносінах з іншаземцамі.

Аднойчы Яна Сабескага папрасіў аб сустрэчы шляхціц Гамула, які адпаведна моманту надзеў усё найлепшае і начапіў усе кляйноты, што меў. Сам жа кароль прымаў госця ў звычайным шэрым жупане. Толькі пачалася нетаропкая гутарка, як слуга далажыў, што прыехаў нейкі французскі маркіз з пільнай справай. Паколькі часу на пераапрананне не было, Ян III загадаў адразу ж пусціць маркіза ў пакой.

Француз увайшоў і пакланіўся, адпаведна этыкету... шляхціцу Гамуле. І звярнуўся з прамовай да яго ж, бо ніколі караля не бачыў. Гамула разгублена маўчаў, нічога не разумеючы з прамовы чужаземца. І толькі, калі той на ламанай польскай мове выказаў надзею, што «ягамосць кароль не адкажа ў сваёй міласці», паспяшаўся ўдакладніць:

- Я не «ягамосць», я толькі Гамула!

Вялікую ролю ў жыцці Яна III Сабескага адыгрывала яго каханая жонка, Марыя Казімера, ці проста Марысенька. Гэтае ласкавае імя, магчыма, было звязана з яе даволі мініяцюрным ростам у параўнанні з магутнай фігурай караля. Родам з Францыі, наравістая па характары, яна нярэдка складала ў сваёй асобе «малую апазіцыю» ўласнаму мужу.

Пад час абеду ў залу, дзе падмацоўваліся рознымі каралеўскімі прысмакамі іх вялікасці, прынеслі іх маленькага сына Якуба. Дзіця адразу ж пацягнулася да бацькі, таму каралева звярнулася да таго:

- Ясь, вазьмі, ваша мосць, Якуба.

- Э, Марысенька, - адгукнуўся заняты нейкім далікатэсам кароль, - не прыстала яе міласці звяртацца да мяне ў такую неадпаведную хвіліну.

- Ну, вось, - незадаволеным голасам сказала каралева, - у гэтым ваша мосць вельмі падобны да ягамосці пана падскарбега Вялікага Княства Літоўскага. Калі часам ён з'яўляецца да мяне, а я знаходжуся яшчэ ў ложку, і са мной дзіця, то таксама прашу, каб ён узяў яго, тады ягамосць адказвае, што не любіць песціць дзяцей...

Можна ўявіць, якія пачуцці авалодалі Ясем пасля такой інфармацыі. Фантазія магла намаляваць самую непрыемную карціну, тым больш, што падскарбім літоўскім у той час з'яўляўся Бенедыкт Сапега, адзін з зацятых ворагаў Сабескага.

Калі надышоў час наступнай элекцыі, «народ шляхецкі» вельмі ўважліва паставіўся да кандыдатуры чарговага выбарнага караля. У каго ж магло быць найбольш шанцаў? У таго, хто больш падабаўся шляхце, але галоўнае - мог пачаставаць сваіх будучых падданых.

Асноўнымі канкурэнтамі сталі: Людовік дэ Канці - ад французскага боку, і Аўгуст - ад саксонскага. Перадвыбарчую кампанію першым распачаў француз, ладзячы банкеты направа і налева. Тым часам Аўгуст прыняў каталіцтва, а ў Рэч Паспалітую з'явіўся з грашыма напярэдадні сойма, калі ў яго саперніка ўжо не было фінансаў. У выніку большасць дэпутатаў накіравалася на выбары з добрым уражаннем ад апошняй «бяседы» з саксонцам, які да таго ж скінуў парык, сказаўшы, што хоча быць такім, як шляхта. Але гэта было яшчэ не ўсё. Мала хто і зараз устаяў бы перад такой сімпатыяй, якую выпраменьваў гэты свежаспечаны манарх Рэчы Паспалітай. Мяркуйце самі.

«...Даставілі мы караля туды, дзе падрыхтавана было месца для стральбы. Ён забаўляўся, перасякаючы ніткі стрэламі з пісталетаў, заганяючы кулю ў кулю, з правай і з левай рукі, і нават з-за спіны сваёй страляючы прама ў цэль; а з мушкета дык проста не прыкладаючыся трапляў за тысячу крокаў... Частаваць не пераставаў усіх і сам частаваўся. Нарэшце шостага жніўня дабраўся да Кракава, куды, добра напіўшыся, уязджаў. З дзел (гармат. - Л.К.) гучна стралялі каля брамы і ў самім замку». Так адзначыў відавочца.

Ну, што, спадабаўся? А далей - болей. Шляхта абодвух народаў, Кароны і Літвы, ніколі не была ворагам акавіты. Але Аўгуст II Саксонскі сваім асабістым прыкладам зрабіў гэтую прыязнасць ці не самай шчырай у тагачасным цывілізаваным свеце. На чале з каралём піла ўся Рэч Паспалітая - сойм, сенатары і міністры, архіепіскапы і канонікі, гетманы і ваяводы, магнаты і шляхта, мяшчане і сяляне - хто толькі меў за што. Цвярозымі захоўваліся адны гаспадары шынкоў ды корчмаў.

Застаецца дадаць толькі, што хутка манарху далі мянушку «Моцны», бо і сапраўды быў асілкам, якіх не так часта сустрэнеш. Але сустракаліся...

Неяк кароль заехаў да каваля, каб падкаваць каня. Калі падкова была гатова, Аўгуст Моцны ўзяў яе, зламаў без усякага намагання і, адкінуўшы ўбок, сказаў незадаволена:

- Благая!

Каваль ізноў узяўся за жалеза, але ўсё паўтарылася, як і першы раз. І так да таго часу, пакуль каралю гэта не прыелася, пасля чаго ён загадаў прыбіць падкову, за што даў майстру талер. Той узяў манету, з лёгкасцю яе зламаў і кінуў Саксонцу пад ногі, сказаўшы:

- Благая!

Дарэчы, у Рэчы Паспалітай тады Аўгуста Моцнага называлі імем «Сас» - крыху пераіначанае слова «Сакс», «Саксонец». Гэта адносіцца і да яго сына. Галоўнае ж, што звязвала абодвух, дык гэта вялікае імкненне арганізаваць агульнадзяржаўны банкет. Трэба яшчэ ўспомніць пра Паўночную вайну, у якую Аўгуст Саксонскі ўвязаўся як саюзнік Пятра I. У выніку - і ён, і яго краіна добра нацярпеліся ад шведаў.

І ўсё ж, зыходзячы з таго пастулата, што ў жыцці заўсёды знойдзецца месца для смешнага, вернемся да асобы Аўгуста II Моцнага. Што ён моцны, ужо даказана. Праўда, не столькі галавой, колькі іншымі часткамі цела. І дэманстраваў гэта не толькі асобам мужчынскага полу, але і супрацьлеглага. Не ўдаючыся ў пікантныя падрабязнасці, прывядзём гісторыю, дастаткова праўдападобную.

Сярод мноства спакушаных першым Сасам былі ахвяры даволі высокага рангу, такія, напрыклад, як жонка ваяводы Любамірскага. Але хто падыме руку на асобу манарха, калі падобныя «подзвігі» шляхтай паўсюдна ўспрымаліся з нязменным захапленнем! Дык вось, каб больш прывабіць каханку і трымаць яе бліжэй да сябе, кароль абвясціў пані Любамірскую княгіняй Цешынскай (па назве Цешынскай зямлі). Не забыў задобрыць і яе законнага мужа, матэрыяльна папоўніўшы тую страту. Канешне, святое, а ў даным выпадку - грэшнае, месца не бывае пустым. Знайшоў нейкую замену і пан ваявода. Праз нейкі час да Любамірскага прыйшоў адзін з яго прыгонных мужыкоў ды і кажа:

- Пане яснавяльможны, дапамажы! Аканом звёў маю жонку...

- Кароль звёў у мяне жонку, я звёў жонку аканома, аканом звёў тваю жонку. Дык ты вазьмі і пастарайся, каб у каго яшчэ звесці бабу.

Відаць, нездарма сучаснікі казалі пра караля Аўгуста II, што ў ім - «палова быка і палова пеўня». Цікава, а як пры сустрэчы, скончыўшы сур'ёзныя справы, праводзілі час Аўгуст Моцны і Пётр I? Можна, як кажуць, апасродкавана ўявіць сабе на прыкладзе наступнага факта.

У замку, які знаходзіцца ў Курніку, захоўваюцца два партрэты - цара Пятра і гетмана Паца. Расказваюць, што менавіта ў час адной з сустрэч на вышэйшым узроўні з гетманам, меўшым моцную галаву пры стале, Пётр пабіўся аб заклад, хто каго перап'е. Польскі бок лічыць, што перамог Пац. Хай сабе будзе так. А ў гонар таго «бахусавага дзеяння» цар і загадаў нейкаму мастаку ўвекавечыць такую надзвычайную падзею, намаляваўшы два партрэты. З гэтага можна зрабіць небеспадстаўную выснову, што і сустрэчы абодвух манархаў не абыходзіліся без добрай выпіўкі.

Але настала чарга наступнага Саса, Аўгуста III, сына Аўгуста Моцнага. Аўгуст Аўгуставіч знешне нагадваў бацьку, хаця ў асабістым і афіцыйным жыцці быў зусім іншым. Шчыра маліўся, прытрымліваўся пастоў (хаця апошняе не ўплывала на яго даволі ўкормленую фігуру) і не ўмешваўся ні ў чые справы. Адным словам, усе заклікі да яды і піцця заставаліся ў сіле, што вельмі бадзёрыла шляхту. Таму не дзіўна, што чуліся такія прымаўкі: «За караля Саса еш, пі ды адпускай паса».

А вось іншае выслоўе: «За караля Саса - лыжкай кілбаса». Што за дзіва такое - есці кілбасу лыжкай? Гаворка ідзе аб распаўсюджанай тады страве, якая называлася «верашчака» і нагадвала нашу сённяшнюю ўсім вядомую мачанку, праўда, больш адмыслова згатаваную. Дык вось, назвай яна абавязана свайму вынаходніку, шляхціцу па прозвішчы Верашчака. Урэшце, нічога дзіўнага, бо нагадвае шырока вядомыя выпадкі з бефстроганавым ці маянэзам. Мо некалі яшчэ ўдасца зрабіць падарожжа па кулінарнай гісторыі нашага краю, але гэта іншым разам. Вернемся да больш сур'ёзных, а адначасова і смешных спраў.

Адзінае пытанне дзяржаўнага ўзроўню цікавіла караля Аўгуста III, якое ён штораніцы задаваў свайму першаму міністру Брулю, - ці ёсць у казне грошы? І, атрымаўшы станоўчы адказ, тут жа зварочваў усю сваю ўвагу на даволі дзівацкія, як на караля, заняткі і забавы. Напрыклад, забраўшыся далей ад людскога вока ў свае апартаменты, саксонец гадзінамі майстраваў розных чалавечкаў з паперы. А яшчэ практыкаваўся ў страляніне па рухомых мішэнях у выглядзе сабак, якіх спецыяльна прыганялі пад вокны каралеўскага палаца.

Гэта не азначала, што кароль не меў добрых пачуццяў да жывёл. Менавіта сабак ён і паважаў, і выязджаў з імі на паляванне. З гэтым звязана адна такая вось гісторыя.

Аўгуст III толькі аднойчы, пад час каранацыі, надзеў традыцыйную «сармацкую» вопратку, каб спадабацца шляхце, пасля чаго ўбіраўся ў сучаснае моднае французскае адзенне з нязменным пышным парыком на галаве. Неяк кароль выбраўся на паляванне ў Белавежскую пушчу. Яго эскартавала вялікая колькасць усялякіх паноў. Такое незвычайнае відовішча прывабіла мноства навакольнага насельніцтва. Людзі хацелі ўбачыць на ўласныя вочы свайго ўладара, што ўпершыню з'явіўся ў гэтых краях. Але той амаль увесь час падарожжа спаў, заваліўшыся на мяккія падушкі карэты. А ў акне відаць была толькі галава каралеўскага пудзеля. «Неяк дзіўна выглядае яго вялікасць, - казалі ўслед ад'ехаўшаму каралю, - каб не тыя валасы, ну, зусім быў бы падобны на сабаку!»

Аўгуст III і яго першы міністр Бруль нічога не разумелі ў польскай мове, карыстаючыся толькі сваёй роднай нямецкай альбо французскай. Ды і латынь ведалі даволі дрэнна, бо яна ўжо выходзіла з моды. Гэта неаднаразова выкарыстоўвалі тыя, хто акалачваўся паблізу ад добрага караля, перакладаючы розныя звароты і прашэнні на сваю карысць.

Аднойчы ў прыёмны пакой каралеўскага палаца прабіўся нейкі шляхціц з петыцыяй аб вяртанні яму пасады войта, якой яго пазбавіў новы дзяржаўца Мнішак. Дарэчы, гэты апошні быў зяцем Бруля, але ўсё ж баяўся, каб кароль не задаволіў просьбы чалабітчыка. Таму ён стаў чыніць былому войту розныя перашкоды, то пагражаў, то нешта абяцаў узамен. Але шляхціц упёрся ў сваім жаданні асабіста прадстаць перад каралеўскімі вачыма. Узняўся шум, на які неўзабаве выйшаў і сам Аўгуст. Выслухаўшы прашэнне, кароль загадаў Мнішку перакласці яго на нямецкую мову, каб зразумець сэнс справы.

- Ваша вялікасць, - жвава адгукнуўся зяць міністра па-нямецку, - справа надта простая: наш госць просіць усяго дазволу на сотню дубоў з Непаламецкае пушчы.

- О, гут, гут, - «задаволіў» просьбу Аўгуст і вярнуўся ў свой пакой.

Мнішак растлумачыў шляхціцу, што яго пытанне разгледжана станоўча, і ён можа вяртацца дамоў, куды прыйдзе адпаведная каралеўская рэзалюцыя. Так, замест войтаўства бедны прасіцель атрымаў сто дубоў.

Здавалася, Саксонская дынастыя, якая прайшла поўную апрабацыю ў шляхты, мела ўсе дадзеныя, каб замацавацца на троне Рэчы Паспалітай. Аўгуст III, нягледзячы на знешнюю міралюбнасць і статычнасць, паспеў стварыць шасцёра дзяцей, з якіх толькі апошняя была дзяўчынка. Але ніводзін з іх так і не пакрасаваўся ў каралеўскай кароне. Магнацтва, у прыватнасці Чартарыйскія, павярнулі абставіны так, што каралём нечакана абралі Станіслава Панятоўскага, альбо Стася ў гутарковай мове.

Кажуць, што да гэтай элекцыі прыклала сваю імператарскую руку Кацярына II, якая ў той час мела даволі ружовыя сантыменты да Станіслава. Якія якасці паланілі расейскую царыцу, вось так адразу і не скажаш. Калі ўгледзецца ў партрэты Панятоўскага, то перш за ўсё кідаецца ў вочы яго велічны нос. Што ён сімвалізаваў - рыцарскія якасці, мэтанакіраванасць ці асобы французска-эўрапейскі шык? Так ці інакш увянчаная каронай Раманавых «саламяная», а потым і сапраўдная ўдава не магла застацца абыякавай, не звярнуць увагу на такі цудоўны нос.

Такім чынам, добра трымаючы нос па ветры, Станіслаў, ды яшчэ Аўгуст, Панятоўскі ўзлез на запаветны трон. У тую асветніцкую эпоху быў ён, трэба адзначыць, нядрэнным кіраўніком і многа чаго карыснага зрабіў для адукацыі абодвух народаў. Дастаткова хаця б раз уважліва прыгледзецца да каралеўскіх Лазенак у Варшаве.

Цікава, што ў час каранавання Аўгуста III ды і яго папярэднікаў увесь сенат Рэчы Паспалітай красаваўся ў нацыяльным убранні, толькі кароль і парушаў гэтую традыцыю. Але ўжо Станіслаў Аўгуст, а разам з ім і ўсе, апрача аднаго-адзінага сенатара, выглядалі натуральнымі французамі. Настаў час развітання з сарматызмам.

Кар'ера найвышэйшай пробы, якую зрабіў былы літоўскі стольнік, родам з Воўчына, што непадалёк ад Берасця, не аднаму магнату ела вочы і пякла сэрца. «А чаму ён, а не я?» - такое сакраментальнае пытанне мноства разоў паўтаралася ў вяльможных колах у бліжніх і больш дальніх ваяводствах і паветах. Відаць, у гэтых жа колах і нарадзіўся наступны анекдот.

У Пецярбургу пры царскім двары знаходзіўся ў якасці музыканта, што іграў на цытры, нейкі Навіцкі, паходжаннем са збяднелай шляхты. Калі туды дайшлі весткі пра смерць Аўгуста III і маючай адбыцца элекцыі, Навіцкі хуценька спакаваў свае манаткі і абвясціў, што ад'язджае да Рэчы Паспалітай.

- Чаго і куды? - сталі дапытвацца ў яго.

- Паколькі я шляхціц, значыць, маю права выставіць сваю кандыдатуру і быць абраным за караля.

- А калі не выберуць, што тады?

- А тады зноў вярнуся на сваё месца ў Пецярбург ды буду весела найграваць на цытры, як і дагэтуль.

Сэнс гэтага анекдота з пункту гледжання высакароднага магнацтва ў тым, што, маўляў, усякая там шляхецкая драбяза лезе, куды не трэба, напрыклад, на трон. Але вось на гэтым самым троне сядзіць Стась у кароне. Праўда, яшчэ ніхто, і ён сам, не прадбачыў, чым гэтае панаванне закончыцца.

Дарэчы, сярод тых, хто ад самага пачатку безаглядна ўступіў у апазіцыю да новага караля, знаходзілася жонка камянецкага кашталяна Кацярына Касакоўская, з дома Патоцкіх. Паўсюдна яна горача заяўляла пра няправільную элекцыю Станіслава Панятоўскага, узведзенага з дапамогай маскалёў. Кончылася гэта тым, што «маскалі», якіх ўжо нямала кватаравала тады ў Рэчы Паспалітай, арыштавалі яе і пад аховай накіравалі ў Варшаву.

Кароль, убачыўшы пані Кацярыну, быццам нічога не ведаючы, спытаў са здзіўленнем, што за прычына прывяла яе ў сталіцу. На гэта адважная апазіцыянерка адказала: «Мне гаварылі, што ў Варшаве павінен нарадзіцца нейкі монстр. Дык вось маскалі прывезлі мяне сюды, каб я прысутнічала як павітуха».

Неяк кароль разам з расейскім паслом Рэпніным праязджаў у карэце, што належала апошняму, па адной з варшаўскіх вуліц. Сярод тых, хто гэта бачылі і разумелі сітуацыю, адразу ж пачалі каментаваць падзею:

- Але ж не павязе нам, дык не павязе...

- А чаму не павязе? - спытаў нехта з падышоўшых.

- А таму, што не той таго вязе.

- Даў бы талера, каб хто растлумачыў, чаму нас такое зло чакае? - стаў дапытвацца прахожы.

- Прычына ў тым, чалавеча, што ў іх у Пецярбургу баба каралём, а ў нас у Варшаве - кароль бабай.

Нягледзячы на моцную апазіцыю часткі шляхты, якая стварыла антыкаралеўскую канфедэрацыю, Станіслаў Панятоўскі моцна насунуў карону на сваю аўгусцейшую галаву і не збіраўся яе здымаць. Нават калі пачаліся падзелы, і Рэч Паспалітая стала памяншацца тэрытарыяльна, ён упарта трымаўся сваёй пасады. А на заўвагі, што яго ўпартасць і нежаданне дэтранізавацца на карысць больш энергічнага і патрыятычнага прадстаўніка вядзе дзяржаву да катастрофы, адказваў: «Можа, сапраўды ў мяне застанецца зямлі з гэты вось капялюш, але ўсё роўна я буду на ёй панам».

Каб мець больш-менш надзейную апору, кароль налева і направа раздаваў розныя ўзнагароды, у тым ліку - ордэны, якія нярэдка траплялі да людзей з падазронай рэпутацыяй, ці наогул да прайдзісветаў. Напэўна ён і сам ведаў пра вартасць кавалераў, таму аднойчы, вешаючы ордэн Белага Арла на грудзі такога «паплечніка», сказаў: «Абяцай, што, калі цябе самога будуць вешаць, здымеш перад гэтым ордэн».

Палітычны развал і анархія, што ўсчаліся ў Рэчы Паспалітай, суправаджаліся гаспадарчым заняпадам. І гэта было трапна адзначана ў такой прымаўцы: «За караля Саса пад'елі людзі хлеба і мяса, а як настаў Панятоўскі, дык і хлеб не такоўскі». Хаця дзеля справядлівасці трэба прызнаць, што кароль ды і яшчэ нямала светлых галоў рабілі па магчымасці ўсё, каб неяк стрымаць такія непажаданыя падзеі, знайсці новыя спосабы дзяржаўнага жыцця і гаспадарання.

Адзін падляшскі шляхціц дабіўся аўдыенцыі ў Станіслава Аўгуста. Пацалаваўшы каралеўскую руку, чалабітчык пачаў апавядаць пра тое, што прывяло яго ў сталіцу:

- Не хацеў бы прычыняць непакой вашай каралеўскай вялікасці, ды страшная крыўда ад старосты пагнала мяне сюды. Яго аканом прымусіў заараць на іх карысць ажно два загоны з гакам зямлі, што належыць мне яшчэ ад прадзедаў.

- Але ж для гэтага існуюць падкаморскія суды, - сказаў кароль, - раю звярнуцца да такой інстанцыі.

- Так то так, - згадзіўся шляхціц, - толькі пакуль сонца чалавечай справядлівасці ўзыйдзе, дык раса вочы павыядае, а ў мяне жонка і дзевяцёра дзяцей.

- У меня - цэлыя правінцыі адбіраюць, і не ведаю, куды звярнуцца, - з журботнай усмешкай паясніў Панятоўскі.

- Бо, найяснейшы пане, па сваіх справах можаш звяртацца да аднаго Бога, а я, як падданы яго вялікасці, звяртаюся да караля.

Асобы, што блізка ведалі Станіслава Аўгуста, сведчаць пра яго характар, як досыць запальчывы, але злосць, якая б прычына ні была, даволі хутка адыходзіла. А прычын тых у штодзённым каралеўскім жыцці хапала. Адных празрыстых намёкаў наконт розных патрэбных ці непатрэбных запазычванняў ад Францыі, дакладней, ад французскай моды, было дастаткова. Тым больш, што шляхта па-ранейшаму ўпарта трымалася старых звычаяў. Чаго, напрыклад, вартыя каларытныя заўвагі правінцыялаў аб распаўсюдзіўшыхся ў той час сярод арыстакратыі (не абмінуў гэты павеў і самога караля) ларнетах. Імі карысталіся часцей за ўсё тыя, хто не мелі ў гэтым ніякай акулістычнай патрэбы. Нездарма нехта сказаў: «Мода заставіць нават рогі насіць».

Расказваюць, як нейкі шляхціц выпадкова трапіў у кампанію караля, якая выбралася на адпачынак у прыгарадны парк. Калі, падсілкаваўшыся, уся «прывілеяваная брація» ад няма чаго рабіць дастала свае модныя шкельцы ды стала разглядаць наваколле, той шляхціц, каб не адстаць, сцягнуў з нагі свой дзіравы бот і таксама пачаў паглядаць праз яго то на караля, то на іншых. Яго вялікасць аж збялеў ад гневу, але ўбачыўшы з якой сур'ёзнасцю і грацыяй вырабляе гэтую штуку правінцыяльны госць, нястрымна засмяяўся, а за ім і ўсе прысутныя.

Кароль часцей за ўсё выбачаў сваім улюбёнцам, калі тыя нешта такое вытваралі. Гэтая класічная традыцыя - дараваць, нягледзячы ні на што, сваім блазнам, якая цягнулася яшчэ ад першых уладароў, у «станіславаўскім двары» распаўсюджвалася на некаторых пажоў.

Асобым блазенскім статусам быў надзелены каралём паж па імені Туркул. Усё сыходзіла яму, але неяк ён усё ж перабраў меру. І раз'юшаны Станіслаў Аўгуст вызваў генерала Чапскага, загадаўшы, каб той адвёз пажа ў дом вар'ятаў, што знаходзіўся пры кляштары баніфратараў. Трэба сказаць, што генерал быў трохі кантужаны, ад чаго яго галава магла нечакана канвульсіўна пацепвацца ў самы непажаданы момант. А ў астатніх справах бравы ваяка быў нармальным чалавекам і разумеў гумар.

Спачувальна хмыкнуўшы і затрэсшы галавою, Чапскі павёў пажа да карэты, што чакала ля варот замка. Цяпер Туркулу было не да смеху. І ён стаў перабіраць у галаве розныя магчымасці для асабістага выратавання. Але нічога, апрача таго ж «неўміручага» гумару, не прыдумаў. Таму дарогай ён стаў расказваць генералу розныя забаўныя гісторыі, даводзячы таго да амаль істэрычнага рогату. Калі яны даехалі да кляштарнай брамы, паж хуценька выскачыў першым з карэты і, пакуль Чапскі, рагочучы і трасучыся ад чарговай байкі свайго «арыштанта», выбіраўся ўслед, падбег да выйшаўшага гвардыяна і ўсхвалявана заявіў:

- Па загаду яго каралеўскае вялікасці дакладваю, што прывезены мною генерал ёсць хворы розумам, з-за чаго павінен быць вамі затрыманы на адпаведны час.

Генерал ізноў затросся ад рогату, палічыўшы, што гэта чарговае блазенства. Але манахі, якім гвардыян ужо даў знак, імкліва падскочылі да вяльможы, у імгненне вока спавілі ў адпаведную адзежыну з доўгімі рукавамі і пацягнулі ў нетры кляштара.

Калі Туркул вярнуўся ў замак і неўзабаве трапіўся на вочы каралю, той здзіўлена ўсклікнуў:

- Што, Чапскі не выканаў мой загад?

- Не, ваша мосць, амаль выканаў, але ў апошні момант памяняўся са мною ролямі. Таму я аддаў яго ў міласэрныя рукі баніфратараў.

Кароль аслупянеў ад такіх слоў свайго блазана і... заліўся смехам.

Біскуп Адам Нарушэвіч, знаны паэт, быў таксама і каралеўскім гісторыкам, таму часта наведваў Станіслава Аўгуста. Аднойчы кароль, даволі спрактыкаваны калекцыянер, запрасіў яго на агляд збору манет з выявамі польскіх манархаў. Тут жа аказаўся і Туркул, да якога біскуп ставіўся адмоўна, як да дармаеда. Калі знаёмства з калекцыяй было закончана і манеты занялі свае месцы ў спецыяльных куфэрках, раптам высветлілася, што не хапае адной - з выявай Уладзіслава Варненскага.

- А дзе ж гэты няшчасны кароль? - здзівіўся Станіслаў Аўгуст.

- Загінуў пад Варнай, найяснейшы пане, - жвава адгукнуўся паж-блазан, - што наш шаноўны біскуп у якасці гісторыка можа пацвердзіць, калі пашнарыць у складках сваёй сутаны.

Пачырванелы ад такога нечаканага ходу пошукаў, Нарушэвіч міжволі крануў тое месца, дзе можна было нешта хаваць, і...

- О, Божа Найсвяцейшы! Што гэта? - усклікнуў разгублены біскуп, выцягваючы манету, якой не хапала.

Туркул, зразумеўшы, што можна адыграцца за біскупаву непрыязнасць, абвясціў:

- Няшчасны кароль выратаваны з дапамогай няшчаснага гісторыка, а Туркул пацярпеў паражэнне, бо не надта добра схаваў манету.

Чартарыйскія, пра якіх ужо было сказана, адыгрывалі вялікую ролю ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай, займаючы высокія дзяржаўныя пасады. Спрыяючы спачатку Станіславу Аўгусту, потым яны паступова перайшлі ў апазіцыю і не толькі ў адносінах да караля, але і да Патоцкіх - у Кароне, і да Радзівілаў - у Вялікім Княстве.

Аб адной з прычын, якая прывяла да пагаршэння адносін паміж Панятоўскім і князем Адамам Чартарыйскім, можна даведацца з наступнай гісторыйкі.

Адам Чартарыйскі і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі па жаночай лініі былі стрыечнымі братамі. Калі сонца іх адносін яшчэ не зайшло за хмары, яны так і звярталіся адзін да другога: «брат».

Здарылася так, што вакантным аказалася месца ваяводы, на якое прэтэндавалі адразу два магнаты: Патоцкі Шчасны і Адам Чартарыйскі. Кароль жа вырашыў па-свойму, аддаўшы ваяводства былому паплечніку, яшчэ з тых часоў, калі той быў літоўскім стольнікам, Кіцкаму. Такое рашэнне не задаволіла, ды што там, - абурыла абодвух канкурэнтаў. У той жа дзень, калі гэта ўсё стала вядома, Чартарыйскі накіраваўся да Станіслава Аўгуста. Звычайна ён навяшчаў яго «па-братэрску», без асаблівых цырыманіялаў і калі хацеў. Але гэтым разам кароль прыняў усе меры, каб не сустрэцца з разгневаным магнатам. Тым часам Адам Чартарыйскі ўжо крочыў да дзвярэй каралеўскага кабінета, і тут дарогу яму перагарадзіў камергер. Адштурхнуўшы яго, князь стаў калаціць рукою ў дзверы, якія аказаліся зачыненымі. Пры гэтым ён крыкнуў:

- Адчыні брату!

З-за дзвярэй пачуўся няўмольны голас:

- Каралі братоў не маюць!

Гэтага было дастаткова, каб уся магнацкая нянавісць, што даўно тлела ў сэрцы Чартарыйскага, выплюхнулася на паверхню.

- Калі так, то разбратаймася навекі!

Неўзабаве пасля гэтых «перагавораў» князь Адам Чартарыйскі ад'ехаў у Вену.

Юзаф Клеменс Чартарыйскі быў зацверджаны паслом у Берлін. У гэты час пачалася вайна паміж Турцыяй і Аўстрыяй. Таму, зрабіўшы развітальны візіт у каралеўскі замак, новаспечаны дыпламат заўважыў, што фартуна можа паспрыяць туркам і яны, як сто гадоў таму, ізноў дабяруцца да Вены. Развіваючы гэту тэму далей, Станіслаў Аўгуст намякнуў даволі празрыста:

- Ці ж я ў такім выпадку не здолеў бы стаць Янам Сабескім?

- Ваша вялікасць, - тут жа падхапіў пасол, - калі б туркі сталі пад сценамі Вены, то ваша мосць павінен быў бы ў той жа момант апынуцца пад Львовам.

Справа ў тым, што Львоў у гэты час знаходзіўся ў руках аўстрыйцаў.

Міхал Чартарыйскі, калі стаў вялікім літоўскім канцлерам, арганізаваў сваю асабістую паліцыю, галоўнай задачай якой было ведаць усё пра ўсіх. У гэты цікавы пералік уваходзіла, між іншым, інфармацыя аб якасцях, поглядах і здольнасцях чалавека. Канешне, гаворка ішла выключна пра тых, хто адносіўся да пануючых саслоўяў.

Неяк адзін заможны шляхціц прыбыў у рэзідэнцыю літоўскага канцлера з намерам прасіць у князя пратэкцыю, каб заняць месца зямянскага суддзі. Канцлер ужо добра ведаў, хто ён і што сабой уяўляе, але нічога не паказваў наперад. Выслухаўшы працяглае казанне прэтэндэнта на судовую пасаду, Чартарыйскі, падышоўшы да секрэтэра, дастаў адтуль сапсаваны гадзіннік і працягнуў яго шляхціцу. Той здзіўлена паглядзеў на князя, не разумеючы, для чаго ўсё гэта.

- Бярыце, бярыце, - заспакоіў вялікі канцлер прасіцеля. - Хацеў бы, каб пан яго ўласнаручна адрамантаваў.

- Але ж я ніколі гэтым не займаўся! - зусім разгубіўся той.

- Можа, пан авалодае гэтай прафесіяй і ўсё ж зробіць...

- Ратуй Божа, ніколі гэтаму не навучуся!

- Ну, што ж, усё зразумела, - сказаў князь, адносячы гадзіннік назад, - з гэтай самай прычыны не станеце і суддзёю.

У гаворцы пра час, калі адбываліся падзелы Рэчы Паспалітай, заўжды ўсплывае імя расейскага пасла ў Варшаве, князя Мікалая Рэпніна. Гэта - галоўны рэжысёр тае драмы, якая ў апошніх актах і прывяла да падзення і Літвы, і Кароны. Каб схіліць на бок Расеі выбаршчыкаў, князь разаслаў ва ўсе ваяводствы і паветы сваіх ганцоў агітаваць на сойміках на карысць дэпутатаў - прыхільнікаў Кацярыны ІІ.

На падляшскі соймік быў накіраваны нейкі капітан, што не вельмі выдзяляўся розумам. Прыбыўшы на месца, ён адразу ж уручыў падкамораму Кучынскаму ліст ад Рэпніна. Прачытаўшы гэтую інструкцыю, Кучынскі з'явіўся на соймік і звярнуўся да шляхты:

- Шаноўныя панове і браты! Яснавяльможныя і вяльможныя! Карыстаючыся вашай вялікай ласкай і міласцю, абвяшчаю вам наступнае. Пасол найяснейшай імператрыцы піша мне, каб я садзейнічаў абранню такога дэпутата ў сойм, які быў бы прыхільны да збавіцельных намераў нашай дарагой манархіні. Але, будучы ўпэўнены, што сярод нас, тут прысутных, няма настолькі адданага ёй чалавека, як наш госць - капітан расейскай арміі, то прапаную падтрымаць ягоную кандыдатуру ў якасці пасла ад нашага ваяводства ў сойм Рэчы Паспалітай.

Шляхта, паводле старога добрага звычаю злёгку падпітая, горача падтрымала прапанову падкаморага гучнымі крыкамі: «Згода, згода!».

Была напісана адпаведная пастанова, тэкст якой пад апладысменты ўручылі капітану, і той, ззяючы, паехаў у Варшаву.

- Дык каго ж там абралі дэпутатам? - спытаў князь Рэпнін.

- Каго? Мяне, ваша сіяцельства, канешне, мяне! - брава паведаміў капітан.

- Пайшоў прэч, дурань! - вызверыўся князь, даўшы добрага выспятка «дэпутату».

Як вядома, паміж другім і трэцім падзеламі Рэчы Паспалітай адбылося паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Нямала напісана пра гэтага героя. Але ўсё больш у прыўзнятым тоне. Не зніжаючы прыўзнятасці, паспрабуем знайсці нешта такое ў яго жыцці, каб і ён заняў дастойнае месца ў гэтай кніжцы. Аказваецца, апрача парадных рысаў у характары генерала Старога і Новага свету з маладых гадоў мелі месца і актыўна праяўляліся якасці добрага малайца, сваволістага ў адпаведны момант і не пазбаўленага пачуцця гумару.

Пад час вучобы ў Варшаўскім кадэцкім корпусе Касцюшка, карыстаючыся прыхільнасцю князя Адама Чартарыйскага, меў магчымасць даволі часта наведваць горад. І, канешне, не мог не напаткаць тую, што стала дамай яго сэрца. Гэта была дачка аднаго з правінцыяльных ваяводаў, якая гасціла ў сваёй варшаўскай цёткі, знаёмай Чартарыйскіх. І паколькі прыродай прадугледжана, што ад вялікага кахання часцей за ўсё ўзнікаюць вядомыя, у пэўных сітуацыях непажаданыя вынікі, то наш кадэт хутчэй пабег да свайго мецэната, каб паведаць таму пра сваю таямніцу, якая вось-вось можа стаць небяспечна вядомай.

- Ну, што ж, - разважаючы пасля гэтай інфармацыі, параіў князь, - выхад адзін: выкрасці нявесту і спешна ўцякаць у Галіцыю. Атрымаеш датэрмінова адпачынак і патрэбныя грошы. А там паглядзім, мо ўдасца неяк улагодзіць пана ваяводу.

Але па нейкіх іншых каналах (кажуць, што пра гэта даведаўся сам кароль) усё дайшло да бацькі, і не паспеў яшчэ Тадэвуш падрыхтавацца як след да падарожжа, у Варшаву з'явіўся паўнамоцны слуга ваяводы з гайдукамі, каб скруціць «злачынца» і прывесці ў ваяводства на суд. Слуга заявіўся проста ў двор кадэцкага корпуса і падышоў да кадэта-вартаўніка, што стаяў ля дзвярэй. І трэба ж такому здарыцца - ім аказаўся сам Касцюшка!

- Ці не скажаш, шаноўны паніч, дзе нам убачыць гэтага злыдня Тадэвуша Касцюшку? - спытаў нечаканы наведвальнік.

Той адразу сцяміў, у чым тут справа, таму адказаў, не міргнуўшы вокам:

- Ён хаваецца. Але я змог бы выкрыць злачынца, калі б пан выдаў мне пяцьдзесят дукатаў, бо акцыя не такая простая.

Слуга, узрадаваўшыся, што трапіў на добрага чалавека, тут жа дастаў грошы і, адлічыўшы палову, працягнуў іх кадэту. Астатняе паабяцаў аддаць пасля завяршэння аперацыі. Дамовіліся сустрэцца вечарам наступнага дня.

Толькі скончылася гадзіна дзяжурства, кадэт Касцюшка, не губляючы часу, паімчаў да князя Чартарыйскага. Там ужо ўсё было гатова для яго падарожжа. І праз нейкую гадзіну наш герой апынуўся па-за Варшавай, на дарозе, што вяла на паўднёва-ўсходнія ўскраіны дзяржавы.

Як потым стала вядома, кароль Станіслаў Аўгуст спецыяльна ўмяшаўся тады, паслаўшы нават ганца да ваяводы, каб сапсаваць настрой Чартарыйскаму. Але князь на адзін ход апярэдзіў яго вялікасць, а пазней, падводзячы вынікі, сказаў:

- Вось прыклад бяссілля нашага караля, які нават свайго кадэта не можа пакараць.

Лёс потым яшчэ не раз сутыкне генерала Касцюшку з каралём Станіславам Аўгустам. Усё было ў іх жыцці - і асалода поспехаў, і горыч паражэнняў. Нават у знакамітай Петрапаўлаўскай крэпасці ў Пецярбургу апынуцца яны амаль адначасова; як і адначасова пакінуць яе. Былы военачальнік і былы кароль ужо не вернуцца ў Рэч Паспалітую - яна перастане існаваць.

Разам са Станіславам, Стасем, Панятоўскім закончыліся каралеўскі і велікакняжацкі этапы гісторыі гэтай зямлі. І каб працягваць сустрэчы з гумарыстычнымі постацямі, у якія можна ператварыць хоць каго, трэба прасіць дазволу ўжо ў іншых пануючых асоб, што былі пасля. Але гэта іншым разам.

Дык што ж гэта! Смяяліся, ухмыляліся, забаўляліся - і так сумна развітваемся? Ці ж дзеля такога вянца прабягалі мы старонку за старонкай, каб спатыкнуцца пад канец ды сапсаваць сабе настрой? Не, шаноўны чытач, развітанне не будзе такім. Бо мы прыпаслі для цябе яшчэ адзін раздзел, адпаведны ці не, мяркуй сам.

Што дазволена Радзiвiлу

Калі б нехта ўзяўся пісаць гісторыю Беларусі і не памянуў бы разоў семнаццаць Радзівілаў, то сапраўднай гісторыі не напісаў бы. Існавалі, безумоўна, і іншыя знакамітыя магнаты. Але ж гэтыя, літаральна кажучы, прашылі ўсю нашу даўніну сваёй «чырвонай ніткай». Ды і ў суседзяў у Польшчы, Летуве і на Ўкраіне таксама значны след пакінулі. Бо калі зірнуць на старую карту, то ўбачыш у розных канцах, на добрыя пару тысяч кіламетраў раскінутых, радзівілаўскія назвы вёсак, мястэчак альбо некалі падуладных ім гарадоў.

Ёсць над ракой Віслай гарадок, што завецца Завіхост. Гэта старыя каронныя землі Польскага каралеўства. Вось сюды дабіралася «напасць літоўская», як казалі мясцовыя жыхары ў тыя часы, калі Беларуская дзяржава яшчэ не аб'ядналася з Каронай. А ў летапісах гэты гарадок пазначаны як Завіхвост. І назвай такой ён абавязаны аднаму з Радзівілаў, што падаў слушную параду Ягайлу, які не ведаў, як жа пераправіцца на другі бераг ракі. Аднак паслухаем лепш самога летапісца: «Пан Радзівіл, едучы на кані, калі прыехаў да Віслы, не маючы як пераправіцца, абвіў сабе хвост конскі вакол рукі, а другою рукою каня бічом выцяў... і скочыў канём у Віслу, і полк яго за ім скочыў і пераплыў... Тут, каб кожны ведаў, чаму Завіхвостам завуць места».

Пра самага першага з Радзівілаў, што з'явіўся на беларускіх землях, было паведамлена ў пачатку кнігі. І яшчэ некалькі разоў мільганула гэта імя. Так, ніяк не абмінуць яго. З усіх сіл мы стараліся, каб прыберагчы самае цікавае на дэсерт, і вось, нарэшце, гэты момант настаў. Але адразу папярэдзім, што пра ўсіх прадстаўнікоў слыннага роду напісаць тут проста немагчыма. Паспрабуем пра найбольш вядомых, якія засведчаны ў анекдатычных абставінах.

Галерэя прадстаўнікоў шматлікага і шматвекавога роду Радзівілаў настолькі каларытная і разнастайная, што можна вылучыць любы чалавечы тып, ад асабліва таленавітых у розных галінах да асабліва эксцэнтрычных, мякка кажучы, «бледных» па здольнасцях. Але ж вялікае багацце і знатнасць нязменна рабілі сваё. Якія толькі пасады і даходы не падмацоўвалі княжацкі тытул! Ну, узяць хаця б Мікалая Рудога, брата вядомай ужо нам Барбары Радзівіл. Паглядзіце, кім ён быў: ваявода троцкі, а потым - віленскі, гетман і вялікі канцлер літоўскі, староста ашмянскі, слонімскі, барысаўскі і мазырскі, а таксама - дзяржаўца лідскі, а да гэтага яшчэ на грамадскіх пачатках - пратэктар (апякун) усіх іншаверцаў і многае іншае.

Што такое, напрыклад, гетман. Францішак Язерскі, вядомы пісьменнік эпохі Адраджэння, пісаў: «Гетман - гэта вялікі правадыр вельмі малога войска, булава якога, перастаўшы быць грознай для ворагаў, стала страшнай для люду паспалітага». Такая пасада давала найбольш рэальную ўладу. Нездарма Аўгуст Моцны, ужо стаўшы манархам Рэчы Паспалітай, сказаў: «Калі б я раней зарыентаваўся, што за адносіны ў вас на самой справе, дык ні за што не дамагаўся б кароны, а толькі - гетманскай булавы».

А каму, як вы думаеце, належыць аўтарства наступнай прымаўкі: «Кій на мужыка, жалеза на шляхту»? Хутчэй за ўсё такім, як Радзівілы.

Але пры ўсім дазвольце ўдакладніць, што каб Радзівілы не былі б такімі, то такімі і не былі б. Нясвіж стаў Нясвіжам толькі дзякуючы ім, як і многае іншае, да чаго дакранулася іх рука, што трымала канцлерскую пячатку ці гетманскую булаву.

Нясвіж... Непракламаваная сталіца дзяржавы ў дзяржаве. З таго часу, як гэтае месца аздобіў шыкоўны замак, закладзены Мікалаем Хрыстафорам Радзівілам Сіроткам, ён стаў вядомым у самых далёкіх кутках Эўропы. Але ж паглядзім, што за гісторыі адбываліся там з неадменным удзелам прадстаўнікоў гэтай слаўнай сям'і.

Найбольшая колькасць анекдотаў, што кружылі некалі вакол «фаміліі» Радзівілаў, звязана з Каралем Станіславам, якога звычайна звалі «Пане Каханку». Гэта быў яго часта ўжываны зварот, своеасаблівая «звязка слоў» пры гутарцы. Нямала тагачасных сведак і пазнейшых гісторыкаў давалі яму адмоўную і сярдзітую характарыстыку. «Радзівіл Пане Каханку, уладар агромнай фартуны, папулярны з-за сваёй фантазіі сярод шляхецкіх тлумаў, збліжаны да іх абсалютным бракам адукацыі, падзяляючы ўсе іхнія прымхі, а наконт здольнасцей і характару - чалавек беспрыкладна тупой галавы і абмежаванага мыслення». Вось так, бязлітасна і ядавіта, пісаў Міхал Бабрынскі ў сваіх «Нарысах польскай гісторыі». Але мы павінны зрабіць уласны вывад, бо для нас самае каштоўнае - гэта магчымасць пладзіць гумар.

У маладых гадах Караль Станіслаў вельмі ляніва браўся за кніжную навуку, затое спрытна фехтаваў з прыслугай кіем, скакаў на драўляным коніку і нават страляў з дзіцячай фузеі па падкінутых у паветра яйках. Князь-бацька, зразумела, клапаціўся, каб нашчадак умеў не толькі гэта, але і крыху болей. Таму ён абвясціў, што ўзнагародзіць двума фальваркамі таго, хто навучыць сына чытаць і пісаць.

Узяўся за гэтую справу мясцовы шляхціц Пішчала. Падабраўшы для юнага князя яшчэ двух аднагодкаў, Міхася Валадковіча і Міхася Рэйтана, гэты «педагог» заявіў бацьку, што без ніякага прымусу хлопцы авалодаюць пачатковымі ведамі.

На вялікай драўлянай табліцы Пішчала напісаў крэйдай алфавіт. Паставіўшы вучняў на дзесятак крокаў ад табліцы з зараджанымі стрэльбачкамі, ён, паказаўшы літару, адпаведна даваў каманду страляць у яе. Калі азбука была засвоена, прыступілі да трапных стрэлаў, з якіх складаліся словы, а потым снайперскае майстэрства дайшло да цэлых сказаў. Падобная методыка была прыменена і для арыфметыкі.

Караль Станіслаў Радзівіл так і не пайшоў далей пачатковай адукацыі, глыбока ўпэўнены, што яго паходжанне гэта і ёсць розум. Але, насуперак праўдзе, любіў разважаць у кампаніі, што ўсё здабыў сам, быццам бы ад бацькоў нічога яму не дасталася. Набіўшы галаву рознымі былямі і небыліцамі, неверагоднымі прыгодамі пад час шматлікіх сваіх падарожжаў, паляванняў і авантур, а таксама прымерыўшы да сябе падзеі з тых кніжак, што яму чытаў Пішчала ў дзяцінстве, Пане Каханку праводзіў жыццё з незвычайным размахам. А паслухаць яго, падзівіцца ды заадно добра папіць ды пад'есці - заўсёды было шмат ахвочай шляхты.

- Памятаю, аднаго разу, пане каханку, вяду гэта я эскадрон сваіх гусараў у атаку. Тут раптам як лясне проста ў мяне гарматнае ядро, ды так, што разарвала маё тулава на дзве, не - на чатыры часткі! - распавядаў князь, але, убачыўшы, што нават у падпітых сябрукоў на тварах мільганула ўсмешка недаверу, хуценька звярнуўся да свайго фаварыта, шляхціца Бароўскага:

- Ты ж памятаеш, Барусю?

- Не, не памятаю, - адгукнуўся той, - бо перад гэтым я ўжо быў забіты напавал.

- Быў я добраахвотнікам у ангельскім войску, пане каханку, што вяло аблогу гішпанскай цвярдыні Гібралтара. І быў у мяне чыстай андалузійскай пароды, чорны, як крумкачова крыло, конь. Пачаўся, пане каханку, штурм той крэпасці. Лячу я на сваім скакуне, ажно раптам гарматнае ядро, пушчанае ворагам, разрывае тулава майго каня на дзве паловы. Я ўтрымаўся ў сядле, а ён так разагнаўся, што з той паловай, на якой я сядзеў, проста праз мур пераляцеў, і апынуўся я, пане каханку, першым у той грознай цвярдыні. Ну, а за мной і астатняе войска ўварвалася, здабыўшы Гібралтар канчаткова, - закончыў сваё апавяданне Караль Радзівіл і паглядзеў на прыціхшых слухачоў, што не ведалі, як рэагаваць.

- Усё адпавядае законам прыроды, - падтрымаў свайго гаспадара Бароўскі, - цэлы конь не пераскочыў бы, бо быў зацяжкі, але палова ўдвая лягчэйшая і хуткасць набрала ўдвая большую.

Прысутныя адразу ж згадзіліся, за што і быў прапанаваны тост.

- А вось яшчэ, пане-каханку, такое здарэнне меў я ў Адрыятычным моры, - працягваў словаахвотлівы князь. - Спаткаў там на беразе прыгажуню, перад якой устаяць не мог, і, канешне, закахаўся. А тая прыгажуня аказалася сірэнай - паўкабетай, паўрыбай. Ад гэтага кахання нарадзілася ў нас патомства - сто тысяч селядцоў. Што ж тут рабіць з імі? Узяў ды падараваў усіх Бароўскаму. Праўда, Борусь?

- Праўда, найяснейшы пане, чыстая праўда, - пацвердзіў той. - Шкада толькі, што не паспелі падрасці, бо ўсе пайшлі на стол.

Лявон Бароўскі, радзівілаўскі ўлюбёнец, таксама не супраць быў нешта такое расказаць на пацеху кампаніі.

- Былі мы разам з князем на паляванні ў Налібоцкай пушчы. Забраўшыся ў самы гушчар, напаткалі раптам невялічкага дзікага парсючка. Але гэта нішто, бо тут жа за парсючком, трымаючыся зубамі за яго хвост, ішоў такі вялізны дзік, што мы аж акамянелі ад жаху...

І тут, не вытрымаўшы, умяшаўся князь Караль:

- Але толькі на імгненне, бо я ўзняў стрэльбу, ажно бачу, той дзік зусім сляпы. Значыць, парсючок служыў яму за павадыра. Падскочыў я да іх, выхапіў нож, адцяў хвост, схапіў яго ў руку і... павёў, пане каханку, у нашу леснічоўку таго дзіка. А ён, нічога не падазраючы, так і следаваў за мною, пакуль не апынуўся, дзе трэба.

Здаралася, Пане Каханку забіраў так крута, што ў яго лаяльных слухачоў галовы станавіліся цвярозымі і пачынала неяк варушыцца сумненне. Каб не дапусціць правалу, князь дамовіўся з Бароўскім, што той будзе націскаць пад сталом на князеву нагу сваёй нагой, пасля чаго ў апавяданне спешна ўнясуцца карэктывы.

- Эх, і ліса я аднойчы ўпаляваў, пане каханку, - хваліўся Радзівіл, - хвост у яго аж на тры вярсты!

Тут Лявон Бароўскі хуценька прыціснуў князю нагу. Вяльможны паляўнічы адразу ж спахапіўся:

- Не, здаецца, каля дзвюх вёрстаў!

І зноў адчуў як яму настойліва ціснуць на нагу.

- Ой, не, не, усяго адна вярста!

Але Бароўскі з усёй сілы падаў умоўны сігнал, ды так, што князь аж падскочыў ад болю, закрычаўшы:

- Дык што, да д'ябла, - той ліс зусім не меў хваста?!

Караль Радзівіл растрачваў вялізныя сумы на сваё разгульнае жыццё і ўтрыманне шматлікай зграі дармаедаў, што складала яго пастаянную світу. З гэтай прычыны Шыдлоўскі, кашталян з Жарнова, заўважыў:

- Калі так пойдзе далей, то, Пане Каханку, страціць можна ўвесь маёнтак.

- А ты, пане каханку, не страціш нічога, бо нічога не маеш! - разгневаўся Радзівіл.

Шыдлоўскі, прапусціўшы тую рэпліку міма вушэй, працягваў сваё:

- Князю, жывеш па-каралеўскі, а кароль, між тым, на ўсім эканоміць.

- Я жыву па-радзівілаўску, а кароль, ягамосць, так, як можа. І гэта, пане каханку, пацвярджае вашу думку: кароль сапраўды эканоміць на ўсім, нават блазнаў не трымае пры двары, бо мае іх бясплатна ў сенаце.

Канешне, радзівілаўскі размах паглынаў вынікі працы шматлікіх прыгонных сялян і залежных ад князя жыхароў мястэчак і гарадоў. Ды і не было калі як след займацца гаспадарчымі справамі свавольнаму магнату, абаронцу шляхецкай вольнасці. І, хаця казна самога Караля не пусцела, бо для яе папаўнення меліся разнастайныя крыніцы, навакольныя землі прыходзілі ў заняпад. Нездарма ў сувязі з гэтым нарадзілася наступная прымаўка: «У нашага Радзівіла бацвінне нарадзіла, а хлеба - а ні кавалка».

Тым не менш беднымі ніколі Радзівілы не лічыліся нават блізка. У тым ліку і Пане Каханку, калі надараўся зручны момант, любіў бліснуць багаццем.

Кароль Станіслаў Аўгуст праездам гасціў у Нясвіжы. Князь выкарыстаў гэта, каб паказаць яму сваю фінансавую магутнасць, і запрасіў паглядзець, што маецца ў радзівілаўскай скарбніцы. Сярод шаф, перапоўненых перламі, дыямантамі, смарагдамі і іншымі каштоўнымі каменнямі, скрынямі з золатам, паліцамі з дарагім посудам, куфэркамі з разнастайнымі ўпрыгожаннямі Станіслаў Панятоўскі звярнуў увагу на зробленыя з чыстага золата статуэткі Ісуса Хрыста з апосталамі. Але кароль падлічыў, што маецца ўсяго дзесяць фігурак, таму спытаў:

- Здаецца, недастаючыя два апосталы пайшлі прапаведаваць святое Евангелле няверным?

- Не, найяснейшы пане, - адказаў Караль Станіслаў, - я іх паслаў у свет, каб апавядаць пра славу вашай каралеўскай вялікасці і ўздаваць ёй хвалу.

Пад час абеду ў прыёмнай зале Нясвіжскага замка кароль спытаў гаспадара, дзе яго знакаміты ганчак, ці жывы ён?

- Ганчак жывы, - уздыхнуў князь, - толькі аслеп.

- Ах, як шкада! Як жа ён цудоўна гнаў зайцоў ды лісаў...

- Але ён і зараз гэтым займаецца з такім жа поспехам.

- Не можа быць! Якім чынам? - здзівіўся Станіслаў Аўгуст.

- Вельмі проста, - паясніў Радзівіл, - выязджаючы на паляванне, я загадваю прывязаць яму на шыю відушчую балонку, і ўсё ідзе, як і раней.

Але такія, на першы погляд нармальныя адносіны паміж каралём і князем з Нясвіжа, былі даволі рэдкай з'явай. Караль Радзівіл усё жыццё быў у апазіцыі да Станіслава Аўгуста і толькі пільнаваў, калі можна пусціць у адрас яго вялікасці нейкую балючую дасціпнасць, а то і проста грубасць. Вось прыклад «радзівілаўскага падыходу».

Пад час вялікага каралеўскага балю да Станіслава Панятоўскага, які танцаваў паланез у першай пары з княгіняй Любамірскай, раптам падышоў Пане Каханку і, заступіўшы дарогу, сказаў:

- Найяснейшы пане, калі мы вас выбіралі каралём нашым, многа чаго ягамосць нам абяцаў. Дык няхай жа зараз будзе і мне можна адбіць вашу даму, як пацвярджэнне нашай залатой вольнасці.

- Шаноўны князь, - спакойна адказаў кароль, - часы падзелаў мінулі, а скарб - маю даму, аддам толькі разам з маім жыццём.

- Міласцівы кароль! Супраць насілля, пане каханку, няма рады. Перад яго вялікасцю нават Радзівіл павінен адступіць, таму згортваю канфедэрацыю, але гвалтаванне нашай залатой вольнасці і парушэнне пактаў бачу, таму і складаю падобны маніфест.

У тым жа Нясвіжскім замку, калі Станіслаў Аўгуст пажадаў агледзець залы і пакоі, Караль Станіслаў пачаў экскурсію з наступных слоў:

- Шчаслівы быў і ёсць дом гэты, бо трох каралёў польскіх, караля шведскага і двух расейскіх цароў, Васіля Шуйскага і Пятра I, гасцінна сустракаў. А вось і наш цяперашні кароль нарэшце наведаўся сюды.

Станіслаў Панятоўскі, западозрыўшы нешта нядобрае ў гэтай тырадзе, паспяшыў далей, але князь затрымаў яго на парозе, працягваючы:

- Ад візіту Карла XII, пане каханку, тут нічога не змянілася. Вось тут, ля гэтых дзвярэй, як казалі мне, спаў нехта большай годнасці за вашу каралеўскую вялікасць.

На такое незразумелае і абразлівае паясненне высокі госць адразу ж нервова адрэагаваў:

- Хто б гэта мог быць?

- А гэта бацька вашай каралеўскай мосці, - роўным голасам паясніў Пане Каханку. - Ён тут спаў у якасці сакратара тагачаснага караля, Станіслава Ляшчынскага...

Сярод багатага арсенала розных выхадак Караля Радзівіла ў дачыненні да Станіслава Панятоўскага была вось і такая.

Ігнаруючы прыдворны этыкет, Пане Каханку часта паяўляўся ў каралеўскім замку неахайна апранутым, у белым некалі жупане, пракураным і заплямленым. А паверх усяго красаваўся кунтуш, выцерты дашчэнту.

Кароль доўга цярпеў, нарэшце заўважыў публічна нясвіжскаму ўладару, каб наступны раз ён болей паклапаціўся аб сваім знешнім выглядзе.

- Ваша каралеўская мосць, - адказаў князь, - гэты кунтуш носіць ужо трынаццаты па чарзе Радзівіл, калі становіцца віленскім ваяводаю, таму і не дзіва, што ў яго такі выгляд.

Гэта быў шчыры намёк наконт роду Панятоўскіх, якія параўнальна нядаўна атрымалі годнасць сенатараў.

Пад час вядомага Чатырохгадовага сойма брат караля, князь Міхал Панятоўскі, прымас, сказаў прамову, у якой выказаў неабходнасць падпісання пагаднення з Кацярынай II. Ён даводзіў, што імператрыца, упэўніўшыся ў агульным даверы жыхароў Рэчы Паспалітай да яе вялікасці, абавязкова верне землі, забраныя пры першым падзеле. І тут гэты довад быў перабіты голасам Караля Радзівіла:

- Э, пане каханку, ніякага задавальнення, калі кабета дае гвалтам і пад прымусам.

Гэтай апошняй падзеяй з жыцця аднаго з самых знакамітых Радзівілаў, шляхецкага куміра і абаронцы залатой вольнасці, заканчваецца сустрэча з вядомымі і малавядомымі асобамі, што проста ці ўскосна ўплывалі на нашу гісторыю, з'яўляліся яе аздобай, хаця і рознай каштоўнасці, а ўсё ж замацаваных у ёй назаўжды.

Даведнiк

Абдыкацыя - адрачэнне (ад трона, кароны, улады, службовага месца).

Акавіта - тое, што і гарэлка (ад лацінскага «аква віта» - «вада жыцця»).

Аналой - высокі столік з пакатым верхам, на які ў час набажэнства кладуць кнігі, абразы і іншыя прадметы.

Апостальская сталіца - Рым.

Ардынацыя - непадзельная ўласнасць, якая належала магнату (землі, лясы, гарады, мястэчкі, вёскі, мануфактуры).

Арыяны - рэлігійная плынь, прадстаўнікі якой не прызнавалі боскасць Хрыста; арыянскія суполкі былі ў Іўі, Новагародку, Нясвіжы.

Бакалаўр - першая, найніжэйшая вучоная ступень, якая надавалася пасля заканчэння ўніверсітэта; настаўнік.

Баніфратары - манахі ордэна святога Яна Божага, якія займаліся доглядам хворых.

Белая галава - жартаўлівая назва маладых жанчын.

Бернардзінцы - манахі-францысканцы, якія найбольш строга прытрымліваліся статута свайго ордэна.

Бурмістр - член рады магістрата, які кіраваў яго пасяджэннем; кіраўнік горада.

Возны - службовая асоба, якой даручалася выклікаць у суд, агалошваць судовы вырак, аглядаць месца злачынства, весці дазнанне і да т. п.

Гвардыян - ігумен, настаяцель кляштара.

Гетман - начальнік войска ў Вялікім Княстве Літоўскім і ў Польшчы.

Грош - сярэбраная манета ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Дамініканцы - манахі ордэна святога Дамініка, вызначаліся надзвычайнай сціпласцю ў асабістым жыцці; у Беларусі некалі налічвалася больш за 40 кляштараў гэтага ордэна.

Дзела - гармата.

Езуіты - манахі ордэна «Таварыства Ісуса», галоўная мэта якога - барацьба супраць усялякіх адхіленняў (рэфармацыі) у догматах каталіцкага веравызнання.

Жупан - старадаўняе верхняе адденне з сукна.

Зямяне - група ваеннаслужылага насельніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім; у XVI - першай палове XVII ст. так звычайна называлі шляхту.

Імша - абедня ў каталіцкім храме; харавое выкананне тэксту такой абедні ў суправаджэнні аргана.

Кальвіністы, кальвіны - паслядоўнікі аднаго з пратэстанцкіх веравучэнняў, узнікшага ў часы рэфармацыі; кальвінісцкія суполкі існавалі ў сярэднявеччы ў шэрагу беларускіх гарадоў і мястэчак.

Канонік - саборны свяшчэннік.

Канфедэрацыя - аб'яднанне шляхты дзеля дасягнення пэўных палітычных мэт.

Канцлер - адна з найвышэйшых пасад у Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім; займаўся замежнай палітыкай, кіраваў каралеўскай ці велікакняжацкай канцылярыяй.

Капа - адзінка лічэння, роўная 60.

Кашталян - памочнік ваяводы ў Вялікім Княстве Літоўскім, камендант замка; пазней ганаровы тытул.

Кунтуш - старадаўняе верхняе адзенне з адкіднымі рукавамі.

Лазенкі - палацава-паркавы ансамбль у класіцыстычным стылі, створаны ў Варшаве ў часы Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Магістрат - гарадская рада; кіравала мясцовымі справамі, змяшчалася ў ратушы.

Маршалак - вышэйшая службовая асоба ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы. Маршалак земскі сачыў за парадкам пры двары вялікага князя, старшынстваваў на радзе і ў сойме, прадстаўляў замежных паслоў, судзіў за парушэнні этыкету пад час аўдыенцый і пасяджэнняў сойма, размяшчаў дэпутатаў і да т. п.; маршалак дворны - намеснік маршалка земскага, ведаў прыдворнымі; маршалак павятовы - начальнік павятовага войска.

Медаляны - парода гончых сабак (ад назвы горада Мілана - Медыялана, як яго некалі называлі).

Мітра - галаўны ўбор вялікага князя, а таксама вышэйшага хрысціянскага духавенства.

Неапалітанскія сумы - спадчына каралевы Боны, якая незаконным чынам дасталася гішпанскаму каралю Філіпу ІІ, нягледзячы на намаганні кракаўскага двара.

Нунцый - паўнамоцны папскі пасол.

Па кудзелі - спадчыннасць па жаночай лініі.

Па мячы - спадчыннасць па мужчынскай лініі.

Падкаморскі суд - спецыяльны судова-адміністрацыйны орган у Вялікім Княстве Літоўскім, які займаўся спрэчкамі аб межах землеўладанняў.

Падкаморы - службовая асоба, якая разглядала зямельныя спрэчкі ў падкаморскім судзе.

Падскарбі - вышэйшая службовая асоба ў Вялікім Княстве Літоўскім, якая загадвала дзяржаўным скарбам; у Польшчы адпаведна - каронны.

Падчашы - ганаровы тытул у Вялікім Княстве Літоўскім.

Піяры - манахі ордэна «Айцоў набожных школ», якія бясплатна займаліся адукацыяй моладзі.

Плябан - святар, які кіруе парафіяй.

Прымас - ганаровы тытул галоўных біскупаў.

Раблезіянства - бадзёрае і гумарыстычнае стаўленне да ўсяго на свеце, «здароўе праз смех», паводле слоў вялікага гуманіста Ф.Рабле (1494-1553), ад імя якога і паходзіць гэтае слова.

Ратуша - будынак, дзе змяшчаецца магістрат, а таксама - асобы пад арыштам.

Смаргонская акадэмія - гумарыстычная назва ўстановы ў Смаргоні, дзе дрэсіравалі мядзведзяў.

Староста - службовая асоба ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы; кіраваў адміністрацыйнай адзінкай - паветам.

Староства - маёнтак, які вялікі князь ці кароль даваў каму-небудзь у часовае карыстанне.

Стольнік - прыдворны чын у Вялікім Княстве Літоўскім, які адказваў за сервіроўку велікакняжацкага стала; пазней ганаровы тытул.

Суддзя зямянскі - службовая асоба ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы, якая ўзначальвала павятовы шляхецкі суд.

Схізмат - раскольнік; так каталікі называюць праваслаўных, абвінавачваючы іх у падзеле хрысціянскай царквы.

Фраўцымер - прыдворныя дамы; памяшканне, дзе змяшчаліся прыдворныя дамы.

Францысканцы - манахі жабрацкага ордэна святога Францыска Асізскага.

Фузея - стрэльба.

Цытра - старажытны музычны інструмент, падобны на ліру.

Цэлібат - бясшлюбнасць, абавязковая для каталіцкіх святароў, а таксама для праваслаўных манахаў.

Чатырохгадовы сойм - засядаў у Варшаве з кастрычніка 1788 да траўня 1792 г. Патрыятычна настроеныя дэпутаты правялі шэраг прагрэсіўных рэформ, прынялі Канстытуцыю 3 траўня 1791 г.

Паказальнiк iмёнаў

Альгерд (каля 1296-1377) - вялікі князь літоўскі з 1345 г.; сын Гедзіміна, брат Кейстута.

Аляксандар (1461-1506) - вялікі князь літоўскі з 1492 г. і кароль польскі з 1501 г., сын Казіміра IV, унук Ягайлы.

Аўгуст ІІ Моцны (1670-1733) - курфюрст саксонскі з 1694 г., кароль Рэчы Паспалітай з 1697 г.

Аўгуст ІІІ (1696-1763) - курфюрст саксонскі і кароль Рэчы Паспалітай з 1733 г.; сын Аўгуста II.

Бона Сфорца д'Арагона (1494-1557) - каралева польская з 1518 г.; другая жонка Жыгімонта Старога, маці Жыгімонта Аўгуста.

Будны Беняш (др. палова XVI - пач. XVII ст.) - беларускі гуманіст, папулярызатар і перакладчык антычных аўтараў, пісьменнік.

Валовічы - старажытны беларускі шляхецкі род.

Гваньіні Аляксандар (1534-1614) - польскі гісторык, родам з Вероны (Італія), удзельнік Лівонскай вайны 1558-1583 гг.

Гедзімін (г.н. невядомы - 1341) - вялікі князь літоўскі з 1316 г.

Генрых Валуа (1551-1589) - кароль Рэчы Паспалітай з 1573 па 1574 г.; уцёк у Францыю, дзе стаў каралём.

Дзімітрый Іванавіч Данскі (1350-1389) - князь маскоўскі з 1359 г. і вялікі князь уладзімірскі з 1362 г.

Длугаш Ян (1415-1480) - польскі гісторык і дыпламат.

Жыгімонт Кейстутавіч (г.н. невядомы - 1440) - вялікі князь літоўскі з 1432 г.; малодшы брат Вітаўта.

Жыгімонт Стары (1467-1548) - вялікі князь літоўскі і кароль польскі з 1506 г.; сын Казіміра IV, унук Ягайлы.

Жыгімонт Аўгуст (1520-1572) - вялікі князь літоўскі і кароль польскі з 1548 г., каранаваны ў 1530 г.; сын Жыгімонта Старога і Боны Сфорцы.

Жыгімонт Ваза (1566-1632) - кароль Рэчы Паспалітай з 1587 г.; сын шведскага караля Яна Вазы і Кацярыны з Ягайлавічаў; бацька Ўладзіслава IV.

Замойскі Ян (1542-1605) - дзяржаўны дзеяч, вялікі каронны канцлер з 1578 г.; гетман вялікі каронны з 1581 г., галоўны дарадца Сцяпана Батуры.

Іван ІІІ Васільевіч (1440-1505) - вялікі князь маскоўскі і ўсея Русі з 1462 г.

Іван IV Васільевіч Жахлівы (1530-1584) - вялікі князь ўсея Русі з 1533 г., першы расейскі цар з 1547 г.

Казімір Ягайлавіч (1427-1492) - вялікі князь літоўскі з 1440 г., кароль польскі з 1447 г., малодшы сын Ягайлы.

Касцюшка Тадэвуш (1746-1817) - генерал, кіраўнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Рэчы Паспалітай у 1792 г. і паўстання 1793-1794 гг.

Кацярына ІІ (1729-1796) - расейская імператрыца з 1762 г.

Кейстут (г.н. невядомы - 1382) - князь Вялікага Княства Літоўскага, сын Гедзіміна.

Кромер Марцін (1512-1589) - біскуп вармінскі з 1579 г., гісторык і пісьменнік; з 1545 г. быў сакратаром у Жыгімонта Аўгуста.

Міхал Карыбут-Вішнявецкі (1640-1673) - кароль Рэчы Паспалітай з 1669 г.; сын Ярэмы Вішнявецкага, князя, ваяводы рускага, што змагаўся супраць Б.Хмяльніцкага.

Міндоўг (каля 1200-1263) - першы вялікі князь літоўскі з сярэдзіны 30-ых гадоў XIII ст.

Нарушэвіч Адам (1733-1796) - біскуп смаленскі і луцкі, дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, гісторык і паэт.

Нерон (37-68) - рымскі імператар з 54 г.

Панятоўскі Міхал Ежы (1736-1794) - князь, біскуп плоцкі з 1773 г., прымас польскі з 1784 г., брат караля Станіслава Аўгуста.

Пётр І Аляксеевіч (1672-1725) - расейскі цар з 1682 г., імператар з 1721 г.

Радзівіл Барбара (1523-1551) - каралева Рэчы Паспалітай і другая жонка Жыгімонта Аўгуста.

Радзівіл Караль Станіслаў, «Пане Каханку» (1734-1790) - князь, ваявода віленскі ў 1762-1764 гг. і з 1768 г.

Радзівіл Мікалай Руды (1512-1584) - князь, вялікі гетман літоўскі ў 1553-1566 гг. і з 1576 г., ваявода віленскі і канцлер вялікі літоўскі з 1566 г., брат Барбары Радзівіл.

Радзівіл Мікалай Чорны (1515-1565) - князь, маршалак земскі з 1544 г., канцлер вялікі літоўскі з 1550 г., ваявода віленскі з 1551 г., стрыечны брат Барбары Радзівіл; творца магутнасці клана Радзівілаў.

Рэпнін Мікалай Васільевіч (1734-1801) - князь, расейскі пасол у Варшаве ў 1763-1769 гг., генерал-губернатар Літвы ў 1795-1797 гг.

Сапега Леў (1557-1633) - канцлер вялікі літоўскі ў 1589-1623 гг., ваявода віленскі з 1621 г., гетман вялікі літоўскі з 1625 г., творца магутнасці клана Сапегаў, другога пасля Радзівілаў.

Свідрыгайла Леў Баляслаў (каля 1370-1452) - вялікі князь літоўскі ў 1430-1432 гг., пасля 1440 г. княжыў на Валыні, сын Альгерда, малодшы брат Ягайлы.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1732-1798) - кароль Рэчы Паспалітай ў 1764-1795 гг.

Станіслаў Ляшчынскі (1677-1766) - кароль Рэчы Паспалітай ў 1704-1709 гг. і ў 1733-1734 гг., пасля абдыкацыі з 1736 г. князь латарынгскі.

Стрыйкоўскі Мацей (1547 - пасля 1586) - польскі гісторык і паэт.

Сцяпан Батура (Стэфан Баторы) (1533-1586) - трансільванскі князь з 1571 г., кароль Рэчы Паспалітай з 1576 г.

Уладзіслаў III Варненскі (1425-1444) - кароль польскі з 1434 г., кароль вугорскі з 1440 г., сын Ягайлы; загінуў у бітве з туркамі пад Варнай.

Уладзіслаў IV Ваза (1595-1648) - кароль Рэчы Паспалітай з 1632 г., сын Жыгімонта Вазы, старэйшы брат Яна Казіміра; у 1610 г. быў запрошаны маскоўскімі баярамі на расейскі трон, але царом не стаў.

Хадкевічы - магнацкі род у Беларусі.

Чартарыйскі Адам Казімір (1734-1823) - князь, староста генеральны падольскіх зямель з 1758 г., дзяржаўны дзеяч, пісьменнік і публіцыст.

Ягайла (каля 1350-1434) - вялікі князь літоўскі ў 1377-1392 гг., кароль польскі з 1386 г.

Ядвіга Анжу (1371-1399) - польская каралева з 1383 г., жонка Ягайлы з 1386 г.

Язерскі Францішак Салезы (1740-1791) - ксёндз, публіцыст і палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай.

Ян І Альбрэхт (1459-1501) - кароль польскі з 1492 г., сын Казіміра Ягайлавіча, старшы брат Аляксандра, вялікага князя літоўскага.

Ян II Казімір Ваза (1609-1672) - кароль Рэчы Паспалітай з 1648 па 1668 г., сын Жыгімонта Вазы, брат Уладзіслава IV; пасля абдыкацыі ў 1668 г. выехаў у Францыю.

Ян III Сабескі (1629-1696) - вялікі маршалак каронны з 1665 г., гетман вялікі каронны з 1668 г., кароль Рэчы Паспалітай з 1674 г.; таленавіты военачальнік, пераможца турак пад Хацімам у 1673 г. і Венай - у 1683 г.

Выкарыстаная лiтаратура

Будный Б. Апофегмата, то есть Кратких витиеватых и нравоучительных речей книги три... М., 1711.

Полное собрание русских летописей. М., 1975. Т.32.

Полное собрание русских летописей. М., 1980. Т.35.

Badecki К. Polska satyra mieszczanska. Krakow, 1950.

Bobrzynski М. Dzieje Polski w zarysie. Warszawa, 1987.

Cztery wieki fraszki polskiej. Warszawa, 1957.

Encyklopedyja humoru... Warszawa, 1890. Т.1-3.

Federowski М. Lud bialoruski nа Rusi Litewskiej. Warszawa, 1935. T.4.

Kolberg O. Przyslowia. Warszawa, 1977.

Kopczewski J., Samsonowicz H. Bylo czy nie bylo. Warszawa, 1961.

Szymanowski W. Nowy Momus. Warszawa, 1845.

Tomkiewiczowa М., Tomkiewicz W. Dawna Polska w anegdocie. Warszawa, 1961.
Праглядаў - 7974
Мапа сайту...
Уверх...
Усе правы абаронены © 2004, 2005, Княжы гуф
Вашы заўвагi i прапановы: knight.by@mail.ru
Дызайн i праграмiраванiе Dionisiy, хостынг Extmedia