Княжы гуф
Княжы гуф

Галоўная/Бiблiятэка/Артыкулы/Старажытная Лiтва i сучасная Летува

Старажытная Лiтва i сучасная Летува

Сяргей Дубавец, Генадзь Сагановiч

Нічога ў нас, беларусаў, не атрымаецца, пакуль не пачнём называць рэчы сваімі імёнамі.

Ну, сапраўды, калі Вы, напрыклад, называеце гэта сталом, а я гэта самае называю дзвярыма... Тады, маючы на ўвазе адно, мы будзем казаць пра рознае. У выніку атрымаем або недарэчную камедыю, або недарэчную трагедыю. Прынамсі, анічога разам, супольна мы з вамі зрабіць не здолеем, аніякае карысці ад нашых перабудоваў не будзе.

Альбо - такая сітуацыя. Уявіце, што Вы самі не маеце пэўнага, свайго імя. Нехта кліча Вас Васілём, а нехта Ганнай, хтосьці Пазьняком, а хтосьці Дземянцеем. Праз такую няпэўнасць Вы адначасова і белы, і чорны, і левы, і правы, і цвёрды, і мяккі. Усялякі і ніякі. Вы не маеце свайго імя, свае назвы.

А калі свайго імя не мае цэлы край і цэлы народ?

Нешта падобнае адбываецца з назвамі БЕЛАРУСЬ і БЕЛАРУСЫ. Пагартайце старыя кнігі, і Вы ўбачыце, як часта мянялася наша назва. Былі мы і русінамі, і ліцьвінамі, і тутэйшымі, і нават палякамі. А зямля наша была і Руссю, і Літвой, і «Северо-Западным краем», і «Западной Россией»...

Чаму гэта важна? Таму што імя краіны і народа - гэта іхні маральны тыл і капітал. І пасля кожнай новай замены сваёй назвы мы, беларусы, назаўсёды страчвалі свой надзейны тыл і з нуля пачыналі свой капітал.

Уявіце, калі б сёння Беларусь называлася Расеяй, а мы, беларусы, - расейцамі. Ды мы б адразу пачалі глядзець на сябе зусім іначай, пранікліся б нацыянальнаю годнасцю і сваёй «сусветнай місіяй». Іначай глядзелі б на нас і ў свеце, нас бы заўважылі.

А Расея называлася б Беларуссю...

- Дзе ж гэта такі край? - пыталіся б у свеце, як цяпер пытаюцца ў нас. - Не чуваць нешта такога ў гісторыі.

Хто ведае гісторыю, таму вядома, што мы некалі прэтэндавалі на непадзельнае валоданне гэтаю назваю - Русь... Рускімі нас, беларусаў, называлі ў тыя часы, калі сучасных рускіх называлі не іначай як маскавітамі, маскалямі. Маскоўская дзяржава тады яшчэ не была Рускаю.

А літоўцамі і называлі нас, і мы самі сябе лічылі да мінулага стагоддзя. «О, Літва, мая Айчына», - пісаў пра Наваградчыну, пра Беларусь Адам Міцкевіч. «Продкі мае выйшлі з літоўскіх балотаў», - пісаў пра Піншчыну, пра Беларусь Фёдар Дастаеўскі.

Беларускі пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч «Літвою» лічыў Менск, у якім тады жыў, - сучасную сталіцу Беларусі. Беларускага паэта Ўладзіслава Сыракомлю сучаснікі называлі «лірнікам літоўскім», а другі вядомы беларускі пісьменнік Арцём Вярыга-Дарэўскі, які нарадзіўся на Лепельшчыне і жыў у Віцебску, пісаў у сваім творы: «Літва - родная зямелька». Дарэчы, і верш ягоны з красамоўнаю назваю «Ліцьвінам, што запісаліся ў мой «Альбом», на развітанне» (1858) быў адрасаваны маладым беларускім літаратарам. У ім аўтар, між іншым, усклікаў: «Чый гэта голас? Гэты словы нашы, браценькі-літоўцы».

Такіх прыкладаў безліч. З іх відаць, што ў ХІХ стагоддзі словы «Літва» і «ліцьвін» выкарыстоўваліся як саманазва беларусаў заходняе і цэнтральнае частак нашага краю. Гэтаксама называлі нас і суседзі. З вуснаў украінца пра беларуса можна было пачуць: «Хіба лихо озме литвина, щоб він не дзекнув». Жыхары Курскай і Арлоўскай вобласцяў Расеі называлі беларусаў «ліцьвінамі» ажно да другой сусветнае вайны. А на Беласточчыне ўжо ў наш час запісана пра беларуса: «Як сыр не закуска, так ліцьвін - не чалавек!» або «Ліцьвін - то чортаў сын!»

Дзесяткі вёсак на Беларусі маюць назву Літва. Пэўна, кожны з нас мае знаёмых беларусаў з прозвішчамі Літвін, Літвіновіч, Літвінка...

Але чым тады была ў мінулым сённяшняя Літва? У ХІХ стагоддзі тэрыторыя цяперашняе Літвы, блізкая па абрысах да тэрыторыі Літоўскае рэспублікі міжваеннага перыяду, найчасцей звалася сваім адвечным імем - Жмудзь. Пра гэта ёсць багата сведчанняў, напрыклад, у матэрыялах паўстання 1863 года.

Такім чынам, яшчэ ў зусім недалёкай мінуласці землі заходняе і цэнтральнае Беларусі мелі сваю адметную назву - Літва. Нават прадстаўнікі афіцыйных уладаў Расейскае імперыі, што мелі на мэце сцвярджаць у нашым краі «извечную Россию», разглядалі Віленскую, Гарадзенскую і Менскую губерні, а таксама Беласточчыну, як Літоўскі край. Таксама і раней, скажам, адразу пасля падзелаў Рэчы Паспалітай землі заходняй Беларусі ўваходзілі ва ўтвораную Літоўскую губерню, а потым - у Літоўскае генерал-губернатарства.

Нават царскія ўлады пакідалі этнічна беларускім адміністрацыйна-тэрытарыяльным утварэнням назву Літва. Няўжо выпадкова? Не, паводле глыбокай гістарычнай традыцыі.

Яшчэ ў ХV-ХVІІ стагоддзях - у часы існавання магутнай эўрапейскай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага, ядром якога былі беларускія землі, дакументы найчасцей фіксавалі кароткую форму назвы гэтае дзяржавы - Літва. У якасці палітоніма, гэта значыць дзяржаўна-палітычнага вызначэння, слова «Літва» замацоўвалася нават за паўночнымі і ўсходнімі землямі Беларусі, якія мелі ўжо і сваю этнанімічную назву - «Белая Русь».

Напрыклад, беларуская народная песня, якая ўслаўляла буйную перамогу гетмана Астрожскага над маскавітамі ў 1514 годзе, сведчыць: «Слава Воршы ўжо ня горша сярод мест літоўскіх». Згодна летапісу ХVІІ стагоддзя адзін з гарадоў-фартэцый, заснаваных Іванам ІV (Жахлівым) на акупаванай Полаччыне, быў «от литовских городов от Лепля пол - 30 верст, от Лукомля 20 верст». Апавядаючы пра рэйд невялікага варожага аддзела на Смаленшчыну ў 1565 годзе, маскоўскі летапіс адзначае, што гэта былі «литовские люди», а затым удакладніў: «мстиславцы и кричевцы».

Ну а як называлі сябе самі жыхары тагачаснае Беларусі? Можна прывесці мноства прыкладаў, калі сярэднявечныя беларусы выкарыстоўвалі вызначэнне «ліцьвін» менавіта як саманазву. Полацкі студэнт Францішак Скарына ў Кракаве запісаўся «ліцьвінам», беларускі гуманіст ХVІ стагоддзя М.Цішкевіч (аўтар трактату «Пра норавы татараў, ліцьвінаў і маскавітаў») паўсюль падпісваўся Міхалонам Ліцьвінам. Простыя сяляне і гараджане сярэднявечнае Беларусі, захопленыя царскімі войскамі, называлі сябе ў Маскве «літоўскімі пашаннымі людзьмі розных гарадоў беларусцамі». Кожны паасобку запісваўся так: «ліцвін беларусец Ашмянскага павету», «літоўка беларуска Мсціслаўскага павету» і г.д. Сваю зямлю палонныя беларускія шляхціцы таксама называлі Літвою. І нават А.Філіповіч, гэты апантаны змагар за адыход Беларусі «пад высокую руку» праваслаўнага маскоўскага цара, нават ён у 1667 годзе месцазнаходжанне Купяціцкага манастыра, адкуль пісаў, называў Літвою, а гэта ж - «міля ад Пінска».

Але сама цікавае, што і беларускую мову - дзяржаўную мову Вялікага Княства Літоўскага - тады называлі літоўскаю. Яшчэ чэшскі тэолаг Геранім Пражскі, пабыўшы пры Вітаўце місіянерам у Княстве, пісаў, што ў гэтай дзяржаве «мова народа ёсць славянская», а паводле назвы дзяржавы яе называюць «літоўскаю». Вось як сведчыць пра гэта выпадак, апісаны ў Актах Маскоўскае дзяржавы (запіс 1618 года): «... выехали из деревни человек с пятнадцать, а на них магерки литовския, и почали им говорить по-литовски: не утекайте-де!» Або іншы прыклад. Беларускі асветнік Л.Зізані ў 1626 годзе па заказе патрыярха напісаў праваслаўны «Катэхізіс» і растлумачыў у ім назву самога твора так: «по-литовску это оглашение, русским же языком нарицается беседословие». Праз год сам маскоўскі цар пытаўся ў яго: «По литовскому языку как вы говорите «собра»?», на што асветнік адказваў: «Тожде и по литовскому языку «собра».

Як дзяржаўная мова магутнай некалі Літвы - Вялікага Княства Літоўскага, беларуская мова яшчэ і ў ХVІІІ стагоддзі нягледзячы на інтэнсіўную паланізацыю краю, і на захадзе - для Польшчы, і на ўсходзе - для Расейскай імперыі, - заставалася «літоўскаю». І адданы новай валадарцы Кацярыне ІІ праваслаўны ўладыка В.Садкоўскі пагражаў беларускім святарам на слуцкім епархіяльным саборы: «Я вас скорэню, знішчу, штоб і языка не было вашого проклятого літовского і вас саміх; я вас у зсылкі парассылаю альбо ў салдаты пааддаю, а сваіх з-за кардону пановажу!»

Назве «Літва» ўжо хутка як тысяча гадоў.

Летапісцы сведчаць, што ў ХІІ стагоддзі плямёны, якія насялялі Літву, залежалі ад Полацка і плацілі яму даніну. Далёкі Кіеў падпарадкаваў сабе толькі частку гэтай зямлі. Літва вылучалася тады ваеннай актыўнасцю. Крыніцы паведамляюць пра шматлікія супольныя паходы палачанаў і літоўскага войска на Смаленск, Пскоў, Ноўгарад. Калі была неабходнасць, Полацак прапускаў літоўскія дружыны праз сваю тэрыторыю. Толькі ў ХІІІ стагоддзі паміж Полацкім княствам і Літвою пачалі ўзнікаць нейкія канфлікты. Віцебскія, менскія і турава-пінскія князі таксама выкарыстоўвалі ваенны патэнцыял Літвы ва ўласнай палітыцы, наймалі літоўскія войскі для сваіх паходаў.

Літоўскія даследчыкі лакалізуюць літапісную Літву ў межах Аўкштайціі - усходняе часткі сучаснай Літвы. Яны сцвярджаюць, што ўзгоркі і нізіны Аўкштайціі і сталіся калыскаю старажытнай літоўскай дзяржаўнасці, што ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага адбывалася праз заваяванне славянскіх земляў безумоўна балцкаю Літвой. І нарэшце, - што з этнічнага пункту погляду Княства складалася «з двух процілеглых элементаў - пануючага літоўскага і падпарадкаванага рускага» (Г.Лаўмяньскі).

Такія пастулаты, не ўважаючы на іхнюю відавочную хісткасць і слабую абгрунтаванасць, ужо не першае дзесяцігоддзе задавальняюць і ўсю савецкую афіцыйную гістарыяграфію. Супроць гэтых стэрэатыпаў адважыўся выступіць беларускі гісторык Мікола Ермаловіч. Прааналізаваўшы тэксты летапісаў і тапаніміку, ён паказаў, што ў ХІІ-ХІІІ стагоддзях Літва знаходзілася не ў Аўкштайціі, а на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у басейне верхняга Нёмана. На поўначы па Бярэзіне яна межавалася з Полацкім княствам, на ўсходзе - з Менскім, на поўдні мяжа яе праходзіла па Шчары, а на захадзе - па рэках Мышанка і Валоўка, якія аддзялілі Літву ад ятвягаў.

Летапісная Літва месцілася якраз паміж асноўнымі этнічна беларускімі землямі - Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародскай. Яна і дала назву Вялікаму Княству Літоўскаму - сярэднявечнай дзяржаве, ядром якой была наша Беларусь. А існавала Княства амаль пяць стагоддзяў.

Ці была Беларусь «заваяваная літоўскімі феадаламі», ці былі беларусы «падначаленымі» ў вялікай Літве - Вялікім Княстве Літоўскім? Факты супярэчаць гэтай замшэлай імперскай версіі. У сапраўднасці да заняпаду Княства Беларусь увасабляла ў ім свой суверэнітэт. І гістарычная назва «Літва» для яе не менш, а нават больш свая, чым для Аўкштайціі і Жмудзі, бо менавіта на беларускіх землях нарадзілася, пашыралася і ўмацоўвалася гэтая назва, а на тэрыторыю Аўкштайціі яна перайшла пазней. Што да Жмудзі, дык яна заўсёды была адасобленая ад Літвы. Яшчэ ў ХІІІ стагоддзі паміж ёю і Літвой пралегла цень варажнечы. Як асобную і нярэдка варожую да Літвы зямлю разглядаў яе храніст Пётр Дюсбургскі ў сваёй «Хроніцы Прускай зямлі» (1326). Такой бачыў Жмудзь вялікі князь Вітаўт. У дакументах 1506 года пра межы дзяржавы з Лівоніяй Жмудзь выдзелена з Літвы як самастойная зямля. Самі жмудзіны ў ХVІ стагоддзі чынна змагаліся, каб вялікі князь пацвердзіў непарушнасць старых межаў, якія аддзялялі Жмудзь ад Літвы.

Але ці магло такое адбыцца - каб назва нейкага там племя так мяняла сваё значэнне, пераходзіла на магутныя дзяржавы і велізарныя тэрыторыі? - засумняваецца скептык. А вось магло. І гісторыя ведае нямала такіх прыкладаў. Заваяваныя нямецкімі рыцарамі прусы - нешматлікія балцкія плямёны, якія жылі паміж Віслаю і Нёманам на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, далі сваю назву вялікай нямецкай дзяржаве Прусіі. А слова «рымлянін», якім спачатку мог звацца адно «грамадзянін поліса Рыма», у часы Рымскае імперыі азначала ўжо ўсіх італікаў і нават людзей нелацінскага паходжання - жыхароў правінцый. Калі ж хрысціянства зрабілася дзяржаўнаю рэлігіяй імперыі, усе прыхільнікі афіцыйнага веравызнання склалі адну вялікую супольнасць візантыйцаў, аднак самі сябе яны лічылі «рамеямі», а гаварылі па-грэцку. Хоць сярод гэтых «рамеяў» былі і славяне, і сірыйцы, і армяне... Нарэшце, у ХІХ стагоддзі далёкія нашчадкі былых падданых Рымскае імперыі, высланых некалі на тэрыторыю Дакіі, назвалі сябе румынамі, што таксама значыла «рымляне».

Сёння мы павінны зразумець, што мы страцілі разам са сваёй гістарычнай назваю Літва; што разам з назваю набыла сучасная Літва, якая ў Вялікім Княстве Літоўскім мела іншую назву - Жмудзь і Аўкштота.

Літва набыла падмурак кансалідацыі, адзінства свайго народа - багатую гісторыю, а значыць, і будучыню. Мы ж атрымалі поўную блытаніну ва ўласнай гісторыі і сучаснасці, бо само слова Літва (за якім нашыя 500 гадоў) мы ўспрымаем сёння як нешта асобнае ад нас і чужое. Як чужую ўспрымаем мы і Вільню - калыску беларускай нацыі, дзяржаўнасці і культуры, нашу старажытную сталіцу. Што такое ў беларускай мове Вільнюс? Тое самае, што Дэлі, Сант'яга або Ганалулу...

І як абсурдна выглядаюць колішнія прэтэнзіі Вярхоўнага Савета БССР на Вільнюс!..

Сёння Літва і Літва - два розныя паняцці. Першае - гістарычнае, якое адносіцца да сучасных беларусаў. Другое - сучаснае, датычнае гістарычных жмудзінаў і аўкштотаў.

Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. А сваё імя ў сучаснай Літвы - ЛЕТУВА. Саманазва сучаснага літоўца - ЛЕТУВІС. Пакінем, нарэшце, гістарычнае - гісторыі, а сучаснае - сучаснасці.

Дарэчы, каб пазбегнуць тэрміналагічнае блытаніны, польскі гісторык Ф.Канечны яшчэ ў 1929 годзе прапанаваў пад назваю «Літва» разумець усе землі Вялікага Княства Літоўскага незалежна ад этнічнае прыналежнасці насельніцтва, а неславянскую частку гэтае дзяржавы называць «Летува» - як яна называе сябе сама». Пра тое ж сведчыць і досвед беларускае эміграцыі, якая даўно выкарыстоўвае тэрміны: Летува, летувіс, летувіскі.

Вось жа ў выпадку з Руссю мы стол назвалі сталом хутчэй, чым у выпадку з Літвою. Словы «Расея» і «расейцы» ўжо досыць трывала замацаваліся ў беларускай мове. А «Русь» і «рускі» (ці «русін») мы разумеем як гістарычныя назвы Беларусі і беларусаў. У поўнай згодзе з гісторыяй, якая і тут мае нямала сведчанняў.

Наша Беларусь застанецца. Пад гэтым імем ішло ўсё наша нацыянальнае адраджэнне новага часу. Гэтае імя знаходзім і ў гістарычных дакументах. Дый мы самі, сучасныя беларусы, прымаем яго як сваё, як крэўнае імя нашае Бацькаўшчыны. Але мы не павінны страчваць і нашыя гістарычныя назвы, нашы тыл і капітал, выразнае бачанне нашае тысячагадовае гісторыі.

Сапраўды ж узнікае недарэчная сітуацыя, калі, згадваючы Старажытнабеларускую дзяржаву - Вялікае Княства Літоўскае, сучасны беларускі гісторык мусіць як быццам выбачацца і кожны раз тлумачыць, што і мы, беларусы, маем да гэтага княства нейкае дачыненне; або пісаць поўную назву Княства - Літоўскае, Рускае, Жмудскае... быццам такі пералік робіць праблему больш зразумелаю.

Пісаць сёння: літоўска-беларуская дзяржава, літоўска-беларускія князі, літоўска-беларускае войска г.д. - калі гаворка ідзе пра сярэднявечча - недарэчнасць. Паводле сярэднявечнае тэрміналогіі трэба пісаць: літоўска-руская або проста літоўская, а паводле сучаснае тэрміналогіі - беларуска-летувіская дзяржава, войска, князі.

Аддзяліўшы ад сябе словы Літва і Русь, мы ніколі не разберамося, што ў нашай культуры нашае, а што чужое, дзе мы, а дзе не мы, адкуль мы, а адкуль іншыя. Мы проста не знойдзем у сваёй гісторыі сябе.

Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Гэта аніяк не сапсуе нашых дачыненняў з суседзямі. Доказ гэтаму - хоць бы й словы, выпісаныя намі з нумара канадскай беларускай газэты «Зважай»: «Віншуем Летувісаў, Латышоў і Эстонцаў! Няхай жывуць адноўленыя незалежныя балтыйскія рэспублікі!»

Тут дзверы названыя дзвярыма.
Крынiца - З гісторыяй на «Вы», 2 выпуск, Менск, 1994.
Праглядаў - 11839
Мапа сайту...
Уверх...
Усе правы абаронены © 2004, 2005, Княжы гуф
Вашы заўвагi i прапановы: knight.by@mail.ru
Дызайн i праграмiраванiе Dionisiy, хостынг Extmedia