Княжы гуф
Княжы гуф

Галоўная/Бiблiятэка/Артыкулы/Старадаўніх муроў адраджэнне (мінулае і сучаснасць лідскага замка)

Старадаўніх муроў адраджэнне (мінулае і сучаснасць лідскага замка)

А. А. Трусаў

Калі пад'язджаеш да Ліды, раённага цэнтра на Гродзеншчыне, адразу бачны шырокія палеткі, потым дачныя домікі, затым пачынаюцца гарадскія ваколіцы. Вузкая вуліца з драўлянай аднапавярховай забудовай вядзе да старых могілак. Нечакана ўзнікаюць невысокія будынкі абапал чыгункі і аўтастанцыя, абстаўленая рознымі кіёскамі.

Але варта толькі крыху адысці ўбок ад вакзальнага тлуму, і мы апынёмся на шырокай вуліцы, абсаджанай кветкамі і дэкаратыўнымі дрэвамі, у канцы якой узвышаюцца муры старога замка. Гэта велічнае старажытнае збудаванне пануе над усім наваколлем. Асабліва вылучаецца ўжо адноўленая паўночна-ўсходняя вежа: яе абрысы выразна прамалёўеаюцца на фоне сучаснай дзевяціпавярховай гасцініцы.

Нажмите для увеличения

Лiдскi замак да рэканструкцыi, 1990 г.


Перад замкам — утульная плошча з вялізным кветнікам і шматлікімі лаўкамі, дзе вечарамі збіраецца моладзь. Побач уздымаецца стромкі гмах касцёла (помнік беларускага дойлідства XVIII стагоддзя), фасады якога адлюстроўваюць рысы позняга барока і класіцызму.

Падыдзем бліжэй да ссівелых муроў старажытнага замка, правядзём далоняй па шурпатых, нагрэтых сонечнымі промнямі камянях і ўявім на момант, што мы ў далёкім, трывожным XIV стазоддзі...

У XIV стагоддзі ўсе беларускія землі разам з літоўскімі і большай часткай украінскіх аб'ядналіся ў складзе новай еўрапейскай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Утварэнне адной з самых вялікіх у тагачаснай Еўропе краіны стала магчымым у выніку ўнутранага сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця некаторых зямель (Новагародскай, Полацкай) і княстваў (Гарадзенскага і інш.) Кіеўскай Русі і ўсходнелітоўскіх плямён у XII—XIII стагоддзях. Гэты працэс значна паскорыла знешняя агрэсія. Толькі разам можна было адбіцца ад крыжацкага і татарскага нашэсця, захаваць незалежнасць, культуру і мову. Рознымі шляхамі ішло аб'яднанне: ваенным, мірным, праз дагаворьі, шлюбныя сувязі літоўскіх і мясцовых феадалаў.

Узровень развіцця феадальнага грамадства на Беларусі і Украіне быў больш высокім, таму ўсходнеславянская культура мела вялікі ўплыў на ўсе сферы ўнутранага жыцця Вялікага княства Літоўскага.

На працягу ўсяго XIV стагоддзя, аж да перамогі ў 1410 годзе пры Грунвальдзе, існавала крыжацкая небяспека. Асабліва шматлікімі былі набегі крыжакоў на беларускія землі ў канцы XIII — пачатку XIV стагоддзя. Тагачасныя драўляныя ўмацаванні былых дзядзінцаў нават з мураванымі вежамі-стаўпамі, накшталт Камянецкай, ужо не маглі стрымаць націск добра ўзброенага ворага.

Таму ў першай палове XIV стагоддзя ўзнікла цэлая сістэма абароны, якую склалі магутныя замкі ў Лідзе, Гродне, Навагрудку, Крэве, Медніках, Вільні і Троках. Гэта былі як старыя драўляныя — з цягам часу адбудаваныя з каменю і цэглы — замкі-дзядзінцы, што ўзвышаліся на высокіх пагорках, так і новы іх тып — кастэлі. (Слова ''кастэль'' — castellum — мае старажытную лацінскую выснову і спачатку азначала ўмацаваны валам і ровам лагер рымскага легіёна.) У XII—XIV стагоддзях кастэлем у Заходняй Еўропе называлі невялікі мураваньі замак, які звычайна меў адну ці дзве высокія вежы і будаваўся ў нізіннай балоцістай мясцовасці на штучным насыпе.

У Прыбалтыцы замкі-кастэлі пачалі ўзводзіць крыжакі і лівонскія рыцарьі. Першы кастэль у Латвіі пабудаваны на востраве Гольм у 1186 годзе.

Такія ўмацаванні ў канцы XIII — пачатку XIV стагоддзя паўсталі ў Лідзе, Крэве і Медніках (зараз Медзінінкай Літоўскай ССР). Тутэйшыя дойліды разам запрошанымі іншаземньші майстрамі, узяўшы за ўзор рыцарскі кастэль, прыстасавалі гэты тып абарончага збудавання да мясцовых патрэб. Яны значна павялічылі плошчу замкавага двара, дзе ў час небяспекі маглі знайсці прытулак не толькі войскі, але і мірнае насельніцтва — гаражане, а таксама сяляне з бліжэйшых ваколіц.

Нажмите для увеличения

Князь Гедымiн


Будаўніцтва Лідскага мураванага замка — аднаго з самых вялікіх на тэрыторыі Беларусі (памеры двара складаюць прыблізна 80х80 метраў) — прыпадае на 30-ыя гады XIV стагоддзя. Тады на чале Вялікага княства Літоўскага стаяў князь Гедымін, які ўвайшоў у гісторьію як таленавіты палкаводзец, змагар супраць крыжакоў. Ен разумеў, што спыніць наступ крыжацкага войска могуць толькі мураваныя замкі з моцнымі гарнізонамі. Таму скарыстаўшы часовае перамір'е з Ордэнам, вясной 1323 года князь разаслаў лісты ў ганзейскія (паўночна-нямецкія) гарады, якія не вельмі шанавалі крыжакоў, з запрашэннем на працу розных рамеснікаў, у тым ліку і муляроў. Ёсць меркаванні, што ганзейскія майстры прынялі непасрэдны ўдзел ва ўзвядзенні Лідскага замка.

Для забудовы была абрана невялікая пясчаная выспа ў балоцістай сутоцы дзвюх рэк — Лідзеі і Каменкі. Выспу пераўтварылі ў штучную прамавугольную пляцоўку і месцамі яе дасыпалі жвірам, камянямі, буйной рачной галькай да вышыні 5—6 метраў. 3 поўначы, на адлегласці 7 метраў ад яе праходзіў шырокі (каля 20 метраў) роў, які злучаў дзве ракі і аддзяляў умацаванне ад горада.

Беларускі вучоны Міхась Ткачоў падлічыў, што для будаўніцтва Лідскіх муроў спатрэбілася каля 23 тысяч кубічных метраў камяню, каля 1,5 мільёна цаглін, вялікая колькасць вапны і пяску. Розныя пісьмовыя крыніцы сведчаць, што работы вяліся 5 — 7 гадоў.

Недалёка ад будучага замка за год-два да пачатку працы рабілі ямы для гашэння вапны. Потым, калі вапна была падрыхтавана, а будаўнічая пляцоўка расчышчана ад кустоўя і выпадковых камянёў, капалі ямы пад падмуркі. Магчыма, што ў XIV стагоддзі яшчэ не ўмелі разбіваць на мясцовасці дакладна, геаметрычна акрэслены план будучага замка, і таму замкавыя муры ніколі не ўтвараюць у плане правільных геаметрычных фігур накшталт квадрата альбо прастакутніка. Дарэчы, лідскія майстры памыліліся пры вызначэнні напрамку ўсходняй замкавай сцяны і частку ўжо закладзенага падмурка (гэта высветлілася падчас раскопак) давялося пакінуць у зямлі.

Капалі ямы драўлянымі рыдлёўкамі, краі якіх былі акаваны жалезам. Пакуль ішлі земляныя работы, на вазах прывозілі камяні для падмуркаў і сцен, пясок для рошчыны і абпаленую цэглу: яе складвалі штабялямі ў пэўным парадку.

У выкапаныя неглыбокія, каля метра, равы для падмуркаў кідалі вялікіх і сярэдніх памераў камяні, перасыпалі іх пяском альбо глінай. Верхнія рады пралівалі вапнавай рошчынай. Затым браліся за працу муляры. Памочнікі падносілі ім камяні і цэглу, рошчыну ў драўляных начоўках, ваду ў цэбрах (таксама драўляных). Усё гэта падавалася наверх па лесвіцах і на спецыяльных блоках з дапамогай вяровак. У тоўшчу сцен у якасці арматуры клалі драўляныя брусы.

Адначасова з мурамі раслі і рыштаванні вакол іх. Яны значна адрозніваліся ад сучасных, бо не прывязваліся да сцен, а мацаваліся за кошт таго, што канцы драўляных кансольных бэлек закладаліся непасрэдна ў муроўку. Пасля заканчэння будаўніцтва іх проста адразалі або вымалі.

Лідскі замак пабудаваны з палявога каменю і цэглы. Таўшчыня сцен унізе — 2 метры, уверсе яны звужаюцца да 1,5 метра і пераходзяць у баявую галерэю. Парапет галерэі, таўшчынёй у 70 сантымераў, складзены з цэглы, мае адзін рад байніц трох тыпаў. Насціл галерэі апіраўся на драўляныя бэлькі сячэннем 20х20 сантыметраў. На паўднёвай і ўсходняй сценах знаходзіліся два цагляныя данскеры (туалеты) на каменных фігурных кансолях.

Нажмите для увеличения

Рэканструкція аўтара - агульны выгляд замка


Спачатку замак меў толькі адну вежу — у паўднёва-заходнім куце двара. У плане яна ўяўляла сабой квадрат (па ўнутранаму абводу амаль 9х9 метраў). Як выяснілі археолагі, ад яе засталіся толькі фрагменты падмуркаў.

Замак меў тры ўваходы. У паўднёвай сцяне на адлегласці 22 метраў ад вежы — невялікі паўцыркульны праём на вьппьші 4 метраў ад першапачатковага ўзроўню двара, які, відаць, лічыўся запасным (на выпадак разведкі або ўцёкаў), і трапіць туды можна было толькі з дапамогай доўгай прыстаўной лесвіцы. Два ўваходы — ва ўсходняй сцяне: малы, зроблены на ўзроўні абрэза падмуркаў сцяны, і вялікі (відаць, крыху пазнейшы), размешчаны каля паўночна-ўсходняй вежы на вышыні 2,5 метра. Трапіць у замак праз вялікі ўваход можна было толькі дзякуючы пад'ёмнаму масту. Пра яго наяўнасць сведчыць вялікая разгрузачная спічастая ніша, якую праразаў уваходны праём меншых памераў.

Праём малога ўваходу меў таксама паўцыркульную форму і вышыню 2,45 метра. Захаваліся астаткі ад бегункоў варот. Гэта два вялікія камяні ў аснове аркі з круглымі гнёздамі-адтулінамі. Знадворку малы ўваход бараніла падковападобнае ў плане збудаванне, ад якога засталіся нязначныя рэшткі падмуркаў.

Нажмите для увеличения

Здымак 1976 г. - фрагмент паўднёвай сцяны з бойніцамі


Вонкавыя паверхні замкавых муроў зроблены з вялікіх, часткова абчасаных валуноў, што пакладзены гарызантальнымі, дакладна вызначанымі радамі. Камяні добра падабраныя адзін да аднаго. Прамежкі паміж імі запоўнены каменнымі аскалёпкамі на вапнавай рошчыне (цагляныя кліны сустракаюцца вельмі рэдка). Забутоўка паміж ''шчокамі'' сцен — з дробных камянёў. Цэгла ўжывалася толькі для асноўных канструктыўных элементаў і архітэктурных дэталяў. 3 яе выкладзены вуглы замкавых муроў і вежаў, дэкаратыўныя паясы на фасадах усходняй і паўночнай сцен, аркі, скляпенні, байніцы і вонкавыя паверхні парапета баявой галерэі (крэнеляжа).

Цагляныя паясы знадворку замкавых сцен выкананы ў тэхніцы балтыйскай, або вендскай, муроўкі. Гэта чаргаванне двух доўгіх бакоў цагліны (лажкоў) і кароткага (тычка).

Кладка вялася з цэглы двух тыпаў памерамі 31х15x10 і 31х14х7 сантыметраў. Вузейшая ішла толькі на аблямоўку крэнеляжа.

На некаторых цаглінах захаваліся слабыя адбіткі пальцаў старажытных цагельнікаў, якія рукамі ці спецыяльнымі прыладамі збіралі рэшткі гліны паверх драўлянай формы. Перад абпалам цэгла сушылася або проста на зямлі, або на пасыпанай пяском пляцоўцы, недалёка да жылля рамеснікаў. Таму зрэдку на ёй сустракаюцца сляды лап свойскай жывёлы: сабак, катоў, свіней, коз. Часам можна ўбачыць ''шрамы'' ад травы і адмеціны ад дажджу.

Дзякуючы археалагічным даследаванням, можна сцвярджаць, што ў першай палове XIV стагоддзя існавала толькі паўночна-заходняя вежа замка, якая мела ахоўнае і жылое прызначэнне. Асноўны цяжар абароны прыходзіўся на муры з баявой галерэяй, што яшчэ не былі разлічаны на ўжыванне агнястрэльнай зброі. У час ваеннай небяспекі каля байніц стаялі воіны, узброеныя лукамі і арбалетамі (самастрэламі). Апошнія з'явіліся ў XIII стагоддзі і шырока ўжываліся да пачатку XVI стагоддзя. Кароткая і цяжкая арбалетная страла ляцела на меншую адлегласць, чым лучная, але яе забойная сіла была значна большай: гранёныя цяжкія наканечнікі маглі прабіць стальную браню цяжкаўзброеных рыцараў. Шмат розных па форме наканечнікаў лучных і арбалетных стрэл знойдзена ў Лідскім замку. У 1976 годзе археолагі адшукалі і касцяны "арэх" — асноўную дэталь спускавага механізма самастрэла.

Нажмите для увеличения

Рэканструкцыя аўтара - паўночна-ўсходняя вежа і фрагмент усходняй сцяны


У канцы XIV — пачатку XV стагоддзя ўнук Гедыміна, вялікі князь Вітаўт, перабудоўвае замак і робіць яго адным з самых магутных у Вялікім княстве Літоўскім. У сувязі з развіццём ваеннай справы для ўмацавання замка ўзводзіцца другая, паўночнаўсходняя, вежа з разлікам на вядзенне гарматнага бою. Кладзецца яна з цэглы лепшай якасці і іншых памераў — 29—30х14х7,5—8 сантыметраў.

Вежа прыбудавана да муроў упрытык. Таўшчыня сцен, якія выходзілі на двор,— 3 метры, а дакладкі да двухмятровых муроў замка (зроблены з мэтай узмацніць сцены) — 83 сантыметры. Падмуркі яе ляжаць на 70—80 сантыметраў глыбей замкавых.

Некалі вежа мела арачны дзвярны праём з двара (ён выкладзены са спецыяльнай фігурнай цэглы) і лесвіцу ў тоўшчы заходняй сцяны шырынёй 1 метр з драўлянымі прыступкамі на цаглянай аснове. Паўночная і ўсходняя сцены знутры аздоблены дзвюма нішамі, а ў паўднёвай першага паверха захаваліся дзве глыбокія нішы-печы, што некалі ацяплялі верхнія памяшканні. Першы паверх меў крыжовае скляпенне, рэбры якога выкананы са стрэлападобнай цэглы.

Нажмите для увеличения

Фрагмент крыжовага скляпення на першым паверсе вежы


Абедзве вежы былі накрыты паўцыркульнай дахоўкай (старадаўняя беларуская назва чарапіцы).

Падчас раскопак двара высветлілася, што з трох бакоў (акрамя паўднёвага) да замкавых муроў туліліся драўляныя аднапавярховыя баракі-казармы (захаваліся астаткі падмуркаў, печаў і абгарэлых бярвенняў). Шырыня іх каля 4 метраў. Непадалёку ад заходняй сцяны стаяў асобны будынак, дзе, напэўна, жыў са сваёй сям'ёй камяндант замка (кашталян). Гэта было збудаванне прамавугольнае ў плане (6х4 метры), з каменным падмуркам, пакладзеным на гліне. Яго памяшканні абаграваліся кафлянай печкай.

Ва ўсходняй частцы двара знаходзіліся два калодзежы. Адзін, меншых памераў,— непадалёку ад паўночна-ўсходняй вежы. Другі, вялікі, відаць, прызначаўся для таго, каб паіць жывёлу, бо да вады вяла брукаваная сцежка. Пры раскопках прасочаны рэшткі драўляных калодзежных зрубаў.

Сярэдзіна замкавага двара была таксама забрукавана. Каля паўднёва-ўсходняй вежы мясціліся кузня і салдацкая кухня.

Гістарычны лёс Лідскага замка надзвычай складаны. У XIV стагоддзі яго муры не раз вытрымлівалі націск крыжакоў. Упершыню пад замкавымі сценамі яны з'явіліся ў 1384 годзе. Пасля працяглай аблогі і штурму ворагі захапілі замак. Другі раз набег быў зроблены зімой 1392 года, калі балоты вакол умацавання скаваў лёд. Захопнікі спалілі навакольныя будынкі, абрабавалі горад і аблажылі замак.

Кіраўнік абароны, князь Карыбут, які меў нязначную колькасць воінаў, вырашыў не чакаць штурму і ноччу праз патаемны ход разам з гарнізонам пакінуў крэпасць. Рыцары захапілі шмат вайсковага рыштунку і зброі.

Праз два гады крыжацкія атрады зноў напалі на Ліду, але на гэты раз замак выстаяў. Пры падтрымцы жыхароў горада воіны гарнізона мужна адбілі ўсе атакі непрыяцеля.

Сляды зацятых баёў з крыжаносцамі засталіся ў культурным археалагічным слаі на замкавым двары і знешніх схілах муроў. Гэта тоўстыя праслойкі вугалю — сведкі пажараў, рэшткі рознай зброі, а таксама рыштунку конніка і збруі каня.

У 1977 годзе ў ваколіцах Ліды падчас меліярацыйных работ знойдзены кароткі лёгкі меч — корд — даўжынёй каля метра. Датуецца ён XV стагоддзем. Зараз экспануецца ў Лідскім краязнаўчым музеі. На яго лязе ёсць два кляймы: г. Пасау — ''воўк'' і крыжык на дузе. Хутчэй за ўсё меч паходзіць з Германіі, бо такія знакі, як пасаускі ''воўк'', сустракаюцца на зброі з тагачасных нямецкіх гарадоў. Падобнае кляймо стаіць на мячы пскоўскага князя Даўмонта.

Непадалёку ад замка мясцовы жыхар у сваім агародзе адкапаў каваны кінжал даўжынёй 43 сантыметры. Круглая адтуліна для скуранога раменьчыка ў верхняй частцы дзяржальна сведчыць, што насілі яго на рамяні. Папярэдне знаходка прадатавана XIV стагоддзем.

На замкавым двары адшуканы абламаны наканечнік дзіды, які завязнуў у конскім чэрапе, і ўток — металічная акоўка ніжняй часткі дрэўца дзіды. (Уток мацаваўся да дрэўца цвіком і дазваляў воіну пры неабходнасці лёгка ўваткнуць цяжкую дзіду ў зямлю.)

Рэканструкцыя мастака У. Кіслага па матэрыялах раскопак - абаронца Лідскага замка


Уявіць, як выглядаў абаронца Лідскага замка ў XIV—XV стагоддзях, дапаможа малюнак мастака Уладзіміра Кіслага. На ім добра бачны ручка корда, уток, шпора з колцам, калчан з лукам і стрэламі, аздоблены касцянымі накладкамі. Усе гэтыя рэчы знойдзены падчас раскопак.

Сведчаннем шматлікіх нападаў на Лідскі замак з'яўляецца і вялікая колькасць каменных ядраў розных памераў з вапняку і граніту. Іх дыяметр вагаецца ад 7—9 да 34 сантыметраў. Датуюцца ядры канцом XIV — сярэдзінай XVII стагоддзя. У асноўным яны гарматныя, але некаторыя, асабліва вялікіх памераў, маглі прызначацца і для каменямётаў, што былі на ўзбраенні воінаў да XV стагоддзя. Гарматы з'явіліся на Беларусі ў XIV стагоддзі, і доўгі час з іх стралялі выключна каменнымі ядрамі.

Дасталося Лідскаму замку і ў час міжусобных войнаў. У пачатку XV стагоддзя каля яго муроў апынуліся войскі смаленскага князя Юрыя, які прыйшоў вызваляць сваю сям'ю, захопленую ў палон Вітаўтам. Смаляне спалілі горад, некалькі разоў штурмавалі замак, але ўзяць яго не здолелі.

Неўзабаве у 1433 годзе замак аблажылі войскі князя Свідрыгайлы, прэтэндэнта на вялікакняжацкі прастол. Зноў горад ушчэнт спляжыў агонь, але абаронцы замка мужна адбілі ўсе прыступы захопнікаў.

Хто ж уладарыў тады ў гэтых мясцінах? У 1397 годзе (па некаторых звестках у 1396-ым) Лідская воласць была аддадзена Вітаўтам залатаардынскаму хану Тахтамышу, які быў змешчаны супляменнікамі ў выніку перавароту. Хан пражыў у Лідзе два з паловай гады ў асобным доме, што стаяў у ваколіцах замка (там, дзе зараз знаходзіцца мураваны касцёл).

У 40-ых гадах XV стагоддзя Лідскім старастам быў яшчэ адзін перабежчык з Залатой Арды — хан Даўлет Хаджы-Гірэй. Яму лёс выпаў больш шчаслівы, бо з дапамогай феадалаў Вялікага княства Літоўскага ён стаў ханам перакопскіх татар.

У другой палове XV стагоддзя замак часова знікае са старонак старажытных летапісаў і хронік. І гэта не дзіўна. Бо для Ліды надышлі адносна спакойныя часы. Гарадская забудова той пары была драўлянай і размяшчалася на поўнач ад замка.

У пачатку XVI стагоддзя зноў у тутэйшых мясцінах зашугала полымя пажараў. На гэты раз да замка падышлі орды крымскіх татар. Вось як гаворыць пра той час Хроніка Быхаўца — старажытна-беларускі летапіс:

В лето сёмое тысячы пятнадцатого, а од божыяго нароженія тысяча пятсот сёмого после плененія землі Літовской от безбожных татар, і прыехал король і велікі князь Аляксандро до Вільні з Ляхов немоцон вельмі немоцою паралітыковою, і вчыніл сейм в городе Ліде. І будучы ему со всімі паны в Ліде, прышла ко нему вест, іжэ царэвічы перекопскіе Біты-Кірей солтан а Бурнаш солтан прыйшлі з дватцатма тысячма людей ко Слуцку, ідут к Новогородку... Татарове прішедші к Новогородку, і скоро прыйшлі за Немон і не доходячі Ліды, около города, от всіх сторон в мілі і в полумілі от города, воевалі церкві божые і дворы велікіе, і весі зажыгалі і людей імалі і забівалі...'' (у арыгінале тэкст напісаны лацінкай).

Аднак штурмаваць умацаваны замак татары баяліся. У гэты час было сабрана народнае апалчэнне колькасцю ў дзесяць тысяч чалавек, якое разбіла прышэльцаў у ваколіцах Ліды, на адлегласці адной мілі ад яе.

Што ж уяўляў сабой горад і замак у XVI—XVII стагоддзях? Сярэдневяковая Ліда — гэта замак, княжацкі двор, уласна горад з падзамкам і прадмесцем, што звалася Зарэчча.

Княжацкі двор, альбо замкавы фальварак, у XVII стагоддзі знаходзіўся за замкам каля рэчкі Каменкі. Інвентар 1680 года згадвае пра млын у фальварку на рацэ Лідзейцы.

Сам горад, як адзначалася вышэй, размяшчаўся толькі па адзін бок замка, на поўнач ад яго. У цэнтры быў рынак, адкуль бралі пачатак чатыры вуліцы. Віленская выходзіла на шлях да Вільні. Ад рынка паўз замак вілася Замкавая, ад яе пачыналася Каменская, якая вяла да дарогі на мястэчка Васілішкі. Вуліца Крывая злучала рынак з Каменскай. (Яе працяг ад Каменскай да замка ў пачатку XIX стагоддзя насіў назву Нова-Кармелітанскай.)

Жыхары Ліды былі ў асноўным праваслаўнымі і католікамі. Гісторык Шымялевіч паведамляе, што да 1553 года ў замкавай вежы знаходзілася праваслаўная царква, якую потым перанеслі ў горад. У 1579 годзе пабудавана сінагога, а затым і кальвінскі збор.

У часы панавання караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра ў горадзе налічвалася каля 15 тысяч насельніцтва, і Ліда атрымала магдэбургскае права. Сваіх умацаванняў горад не меў, таму ў час небяспекі жыхары шукалі паратунку ў замку.

На той час замак атрымаў дадатковае ўмацаванне — штучнае возера, якое прыкрывала яго з усходу. Гэта возера ёсць на планах і малюнках XVIII—XIX стагоддзяў.

Замак з'яўляўся дзяржаўнай маёмасцю і ахоўваўся мясцовай шляхтай. Тут знаходзіліся склады зброі, стаяў гарнізон, у паўночна-ўсходняй вежы была турма.

Гісторыкі XIX стагоддзя сцвярджаюць, што ў 1638 годзе гараджане атрымалі дазвол збудаваць унутры замка склеп для захоўвання земскіх актавых кніг. Трэба аднак зазначыць, што пры археалагічных даследаваннях рэшткі склепа выявіць не ўдалося. Магчыма, што архіў мясціўся ў вежах. Да канца XVIII стагоддзя тут адбываліся гарадскія суды.

Пра побыт насельнікаў Лідскага замка ў XVI — XVII стагоддзях расказваюць знаходкі археолагаў — вялікая колькасць кафлі, кухоннага і сталовага керамічнага посуду, вырабаў з металу, каменю і косці. Асабліва ўражвае пячная кафля, якой тут некалькі тысяч фрагментаў.

XV ст. - гаршковая кафля



Як ужо адзначалася вышэй, воіны жылі ў драўляных казармах, прыбудаваных да каменных замкавых муроў. Жылыя будынкі ў асноўным мелі форму выцягнутых прамавугольнікаў, падзеленых перагародкамі на асобныя памяшканні. У кожным пакоі стаяла кафляная печ. Пад час шматлікіх аблогаў замка і пажараў драўляныя забудовы гарэлі, а печы разбураліся. Але насельнікі замка хутка зноў аднаўлялі сваё жыллё на старых каменных падмурках, а разбітыя кафлі ішлі на адбудову пода новых печаў.

Поды тых печаў, зробленыя з гліны, невялікіх камянёў і бітай цэглы, захаваліся. Тут жа сабрана мноства гаршковай і каробкавай кафлі, што дазваляе прааналізаваць яе паступовае развіццё, а па іншых археалагічных матэрыялах, напрыклад манетах, вызначыць час існавання таго ці іншага тыпу альбо варыянту. Пасля рэстаўрацыі даследчыкі змаглі выдзеліць два віды і каля трыццаці разнавіднасцей лідскай кафлі, з якой выкладалася асноўная паверхня печаў.

Да першага тыпу адносіцца гаршковая кафля, што папярэдне мела выгляд звычайнага гаршка. У XIV — першай палове XVI стагоддзя ў жылых памяшканнях Лідскага замка ставіліся простыя глінабітныя печы. Яны ўяўлялі сабой невялікія скляпеністыя збудаванні з асобна ўмураванымі гаршковымі кафлямі, што выконвалі ролю звычайных каларыфераў.

Паступова верхняя частка лідскай кафлі (вусце), зробленая ў выглядзе круга, набывала рознае аблічча: спачатку гэта чатырохляпёсткавая разетка, а потым квадрат. У XVI стагоддзі гаршковую кафлю з квадратным вусцем пачалі пакрываць зялёнай палівай. Да гэтага часу можна аднесці з'яуленне новага тыпу, так званай каробкавай кафлі: вонкавая пласціна яе аздаблялася адразу геаметрычным, а затым раслінным арнаментам.

У сярэдзіне XVI стагоддзя ў замку пачынаюць класці камбініраваныя печы, у якіх ніжняя частка абліцоўвалася гаршковай кафляй з квадратным вусцем, а верхняя — каробкавай. Развал такой печы быў прасочаны ў будынку, што некалі стаяў побач з малым замкавым уваходам. Магчыма тут знаходзілася вартоўня. Печ мела прамавугольны ў плане под памерам 1,6x1,4 метра, зроблены з камянёў і бітай цэглы на гліне. Захаваўся след ад слупа — на ім, відаць, трымалася канструкцыя печы — адтуліна дыяметрам 20 і глыбінёй 50 сантыметраў.

Каробкавая кафля, якой калісьці выкладалі верхні ярус печы, мае высокую румпу (тыльны бок), яшчэ не зусім выразны дэкор вонкавай пласціны, але малюнак ужо набывае сюжэтны, выяўленчы характар. Пакрыты ён зялёнай палівай, прычым рамка з аднаго боку адсутнічае. Магчыма гэта прататып дывановай кафлі, што шырока ўжывалася на Беларусі ў другой палове XVII — першай палове XVIII стагоддзя.

XVI ст. - непаліваная кафля


XVI ст. - кафля з зялёнай палівай


Канец XVI - пачатак XVII ст. - кафля-дахоўка


Першая палова XVII ст. - паліваная кафля



3 сярэдзіны XVI стагоддзя ў аздабленні беларускай кафлі распаўсюджваецца матыў з выявай кветак у вазе. Знойдзеная ў Лідскім замку кафля з такім малюнкам датуецца другой паловай — канцом XVI стагоддзя. Вядомы як паліваныя (зялёныя), так і непаліваныя вырабы. 3 такой кафлі была складзена печка ў памяшканні, дзе жыў камендант замка. Яна ўжо цалкам, знізу да верху, аблямавана каробкавай кафляй розных тыпаў. Асноўны аб'ём абліцоўваўся звычайнай сцянной квадратных памераў вуглы — спецыяльнай кутняй, ярусы аддзяляліся пры дапамозе гзымсавай. Верх печы аздаблялі кафлі-гарадкі, альбо каронкі.

Акрамя вырабаў з геаметрычным і раслінным арнаментам знойдзена невялікая колькасць і геральдычных. Цікавыя экземпляры з малюнкам коннага воіна.

За гады раскопак ў Лідскім замку сабрана і ўжо часткова адноўлена вялікая колькасць кухоннага сталовага посуду.

Асартымент непаліваных вырабаў паўсядзённага ўжытку, якія адносяцца да XIV—XV стагоддзяў, небагаты. Гэта гаршкі з накрыўкамі, патэльні і цёрлы. Нягледзячы на самыя розныя памеры — ад 0,2 да 8 літраў і больш — посуд прыцягвае ўвагу сваёй зручнасцю, прапарцыянальнасцю. Гліняная паверхня яго крыху грубаватая, часам мае дэкор ў выглядзе прамых ці хвалістых ліній.

XVI стагоддзе прадстаўлена значнай колькасцю найменняў ганчарных вырабаў, традыцыйны кухонны посуд папаўняецца сталовым, пакрытым з ялёнай альбо карычневай палівай ці чорнаглянцаваным. Гэта латкі, міскі, рынкі, патэльні, збаны. А вось талеркі, новыя формы місак і паўміскаў, стопкі, кубкі, куфлі, спецыяльныя начынні для прыпраў і парфумы, гліняныя скарбонкі, фляжкі выраблены ў канцы XVI — першай палове XVII стагоддзя. Пры нанясенні дэкору майстры скарыстоўвалі штамп з малюнкам у выглядзе ромбікаў, што дазваляла атрымліваць арнаменты, характэрныя для традыцыйнага беларускага прыкладнога мастацтва.

Некаторыя талеркі і паўміскі аздабляліся роспісам. Малюнак наносіўся па гатоваму контуру ў спалучэнні з адвольным сюжэтам. Пасля абпалу выраб пакрываўся бясколернай ці злёгку падфарбаванай палівай і зноў абпальваўся.

Археолагамі знойдзены і цыліндрычныя шкляніцы на паддонах, аздобленыя дзвюма альбо трыма шклянымі стужкамі. Адшуканы таксама шарападобныя флаконы XVII стагоддзя, упрыгожаныя па гарызанталі і вертыкалі шклянымі жгутамі, келіхі на масіўных ножках, кілішкі канічнай формы і адвольна фармаваньш стопкі з бясколернага шкла.

Дапаўняюць калекцыю кварты і бутэлькі, у якіх захоўваліся вадкасці. Кварты трапляюцца таўстасценныя, з зялёнага шкла, альбо танкасценныя, фармаваныя са шкла асветленага.

Вырабы з металу: нажы, нажніцы, крэсіва, XV - XVII стст.


Сабрана шмат вырабаў лідскіх рамеснікаў, спецыялістаў па апрацоўцы розных металаў. Яны выраблялі нажы, чаранковыя альбо з прыкляпанымі драўлянымі ці касцянымі накладкамі, нажніцы, круглыя і трохвугольныя вісячыя замкі, ключы, крэсівы, спражкі, сякеры, завесы, прабоі, вугалкі, каваныя цвікі розных памераў, падковы.
Да цікавых знаходак можна аднесці музычны інструмент - варган (у народзе называлі дрымбай, /націск над літарай "ы"/) і кавалак гранёнага злітка, магчьша свінцовага з выявай ''трызубца''. У адной з нішау паўночна - заходняй вежы замка адшуканы металічны сасуд з акруглым донцам, двума вушкамі і прымацаванай накрыўкай. Не выключана, што гэта парахауніца.

Даследчыкі адкапалі некалькі дзесяткау сярэбраных і медных манет. Самымі раннімі з'яуляюцца дзве манеты Кейстута і Вітаўта. Яны датуюцца XIV стагоддзем, знойдзены ў паўночна-усходняи вежы. Пры расчыстцы адной з пабудоў каля пауночнага замкавага мура выяўлены скарб з 5 манет. Гэта грош Жыгімонта II Аўгуста (1536 год), венгерскі дэнарый Максіміліяна II (1566 год), солід (шылінг) Стэфана Баторыя (1582 год) і два соліды Жыгімонта III Вазы (1610 год).

Сабраныя у замкавым двары некалькі дзесяткаў гліняных грузіл для рыбалоўных сетак, вялікая жалезная блясна з кручком, шмат костак дзікіх жывёл, у тым ліку рогі зубра — доказ таго, што насельнікі замка займаліся рыбалоўствам і паляваннем. А ў вольны ад працы час яны часта сядзелі за шахматнай альбо шашачнай дошкай, аб чым сведчаць касцяныя фігуры XIV—XVI стагоддзяў.

Пра гандлёвыя сувязі расказваюць знаходкі іншаземных рэчаў. У першую чаргу гэта кавалак фаянсавага блюда, ў аснову роспісу якога пакладзены сюжет з міфа аб Лаакаоне. На адваротным баку яго часткова захаваўся надпіс лацінскімі літарамі. Няма сумнення, што гэта італьянская маёліка.

XVII ст. Рэйнская кераміка


На тэрыторыі замкавага двара адшуканы таксама два кавалкі вялікага сасуда, зробленага ў Паўднёвай Германіі ў XVII стагоддзі. Пакрытая празрыстай салянай глазурай і аздоблепая барэльефам у выглядзе галавы льва рэч адносіцца да так званай рэйнскай керамікі. Такія багатыя археалагічныя знаходкі сведчаць аб высокім дабрабыце насельнікаў замка.

У сярэдзіне XVII — пачатку XVIII стагоддзя мірнае жыццё горада Ліды было перапынена войнамі. Летам 1659 года замак з усіх бакоў аблажыла 30-тысячнае войска царскага ваяводы Мікіты Хаванскага і пасля гарматнага абстрэлу і працяглай асады ўзяло яго. Усе драўляныя будынкі былі спалены (і больш ужо не аднаўляліся), а калодзежы засыпаны. Пасля заканчэння руска-польскай вайны на тэрыторыі замка ніхто пастаянна не жыў.

Моцны ўдар лідскім мурам нанеслі шведы, якія ў пачатку XVIII стагоддзя ўзарвалі абедзве вежы, і ўмацаванне страціла сваё стратэгічнае значэнне.

Як ужо адзначалася, пасля Паўночнай вайны на тэрыторыі Лідскага замка жылых пабудоў не было, муры яго паступова пачалі разбурацца. Аднак ва ўцалелых памяшканнях захоўваліся гродскія акты і праходзілі суды. Амаль канчаткова замак парушыўся летам 1794 года: у яго руінах вялі бой з царскім войскам паўстанцы Тадэвуша Касцюшкі, узброеныя 18 гарматамі. Гарадскі архіў з усімі старажытнымі дакументамі быў вывезены з замка ў Смаленск, дзе ў час Айчыннай вайны 1812 года згарэў.

Пасля трэцяга раздзелу Рэчы Паспалітай, 14 снежня 1795 года, Ліда ўвайшла ў склад Расійскай імперыі, а з 8 жніўня 1796 года стала павятовым (уездным) горадам Слонімскай губерні.

Трэба адзначыць, што ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя замак яшчэ ўражваў сучаснікаў сваёй магутнасцю. Тады стаялі амаль усе замкавыя муры з байніцамі і аркатурным поясам на паўночнай і ўсходняй сценах, зе-нідзе рэшткі вежаў захоўваліся да ўзроўню трэцяга паверха. Менавіта з гэтага часу пачалося навуковае даследаванне помніка, да нас дайшлі яго першыя замалёўкі і апісанні.

У канцы XVIII стагоддзя ўмацаванне замаляваў вядомы мастак Іосіф Пешка. На яго акварэлі бачна штучнае возера вакол маляўнічых руін замка, на поўнач ад муроў — будынак прыходскага касцёла, узведзены ў 1770 годзе на месцы старога драўлянага Гарадской забудовы вакол замка яшчэ няма.

Нажмите для увеличения

Замкавыя муры паводле малюнка 1825 г.


Нядаўна літоўскія гісторыкі архітэктуры перадалі сваім калегам беларусам тры новыя, яшчэ не ўведзеныя ў шырокі навуковы ўжытак малюнкі з выявай Лідскага замка. На адным з іх ёсць дата - 1825 год. Каштоўнасць гэтых замалёвак вельмі вялікая, бо на іх упершыню пазначаны асобныя архітэктурныя дэталі помніка. Акрамя выразна акрэсленага аркатурнага пояса на паўночна-ўсходняй вежы з боку горада на ніжніх паверхах заўважаюцца шырокія вокны-байніцы арачнай формы, падобныя да тых, што калісьці асвятлялі княжацкую вежу Крэўскага замка. 3 усходу ніжнія паверхі вежы былі без вокан, а акно-байніца на ўзроўні трэцяга альбо чацвертага паверха выходзіла на балкон.

3 паўднёва-заходняга боку замак замалявалі ў першай палове XIX стагодзя вядомыя жывапісцы В. Дмахоўскі і В. Гразноў. Найбольшай дакладнасцю вызначаецца карціна Васіля Гразнова, дзе паказаны асобныя дэталі забудовы, у тым ліку і адзін з данскераў на ўсходняй сцяне. На той час рэшткі вежаў ужо былі ніжэйшымі, а штучнае возера пачало зарастаць чаротам.

Лідскі замак цікавіў і мясцовых гісторыкаў. Для вывучэння помніка многа зрабіў Тэадор Нарбут. Нарадзіўся ён непадалёку ад Ліды — у маёнтку Шаўры (зараз Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці), дзе і правёў большую частку свайго жыцця. Займаўся гісторыяй, археалогіяй, этнаграфіяй і краязнаўствам, аўтар шматтомнай ''Гісторыі літоўскага народа'', шэрагу іншых навуковых прац. У яго краязнаўчых работах найбольш каштоўнымі з'яўляюцца звесткі па гісторыі Ліды.

Вучоны меў вялікую колькасць архіўных матэрыялаў, якіх зараз не захавалася. Заснаванне Ліды Нарбут адносіў да 1180 года, аднак археалагічныя раскопкі на тэрыторьгі горада і замка не пацвердзілі гэту дату. Самыя раннія знаходкі можна аднесці толькі да XIV стагоддзя.

Не апраўдаліся таксама меркаванні тых гісторыкаў XIX стагоддзя, якія лічылі, што на месцы замка раней было паселішча. Нарбут абследаваў руіны ўмацавання ў самым канцы XVIII стагоддзя і пакінуў звесткі, што ў адной з кутніх вежаў былі шыкоўныя залы і пакоі на верхнім паверсе, на ніжнім — судовая і архіўная ''ізбы'', а таксама турма.

У сярэдзіне XIX стагоддзя абмеры і замалёўкі лідскіх муроў выканалі рускія вучоныя. Іх матэрыялы захаваліся ў архіве Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе. У гэты час замак малюе знакаміты графік Напалеон Орда. Сітуацыя вакол помніка ўжо іншая: возера амаль перасохла, а гарадская забудова падступае бліжэй да ўмацавання. Малюнак зроблены ў папулярным тады стылі рамантызму, што значна сказіла сапраўдныя абрысы замка. Так, паўночна-ўсходняя вежа паказана круглай і выступаючай за лінію муроў, чаго ў сапраўднасці не было. Вельмі недакладна паказаны і верхнія часткі сцен.

Канец XIX стагоддзя стаў для замка трагічным. У 1891 годзе Ліда згарэла, прычым агонь спляжыў самы цэнтр яе, разам з будынкам ратушы, узведзеным у XVIII стагоддзі. Мясцовыя гарадскія ўлады, не разумеючы гістарычнай каштоўнасці замка, наладзілі разборку і распрадажу муроў, выкарыстоўваючы іх для адбудовы горада. 3 адхонаў замкавага пагорка сталі браць пясок. Тады былі амаль цалкам знішчаны рэшткі паўднёва-заходняй вежы і разабрана частка заходняй сцяны. Толькі ўмяшанне археалагічнай імператарскай камісіі з Пецярбурга спыніла гэты вандалізм.

Нажмите для увеличения

Лідскi замак у канцы XIX - пачатку XX ст. Архіўны здымак


У канцы XIX стагоддзя былі зроблены і першыя фотаздымкі Лідскага замка, якія аздобілі некаторыя тагачасныя паштоўкі. Параўноўваючы іх, можна заўважыць, што разбурэнне муроў працягвалася. На адным са здымкаў бачны парушаны паўднёва-ўсходні вугал умацавання. (Шмат адлюстраванняў замка з розных бакоў захоўваецца зараз у рукапісным аддзеле бібліятэкі Вільнюскага універсітэта.)

У 1908—1910 гадах замак вывучаў вядомы рускі рэстаўратар Пётр Пакрышкін. Ён зрабіў абмеры муроў і іх здымкі. Усе матэрыялы маюцца ў архіве Ленінградскага аддзялення Інстытута археалогіі АН СССР.

3 пачатку XX стагоддзя гісторыяй замка цікавіўся таксама М. Шымялевіч (поўнае імя невядома). У 1906 годзе ў зборніку ''Віленскі каляндар'' ён надрукаваў артыкул ''Горад Ліда і Лідскі замак'', якім карысталіся шматлікія пазнейшыя даследчыкі.

Нажмите для увеличения

Канец XIX - пачатак XX ст. Архіўны здымак


У 1909 годзе для частковай кансервацыі старажытнага ўмацавання былі адпушчаны невялікія сродкі — 943 рублі. Будаўнікі раскідалі ненадзейныя месцы муроў, а паверхні сцен абмазалі цэментнай рошчынай.

На дрэнную якасць кансервацыйных работ скардзіліся сучаснікі. У 1911 годзе беларускі археолаг Вандалін Шукевіч пісаў, што будаўнікі замуравалі байніцы на паўночнай сцяне, а цэментная нашлёпка на сценах стала прыцягваць вільгаць, што разбурала вонкавыя паверхні муроў.

У час першай сусветнай вайны, а таксама рэвалюцыі і грамадзянскай вайны замак не быў пашкоджаны.

У 20-ыя гады, калі па Рыжскаму пагадненню Заходняя Беларусь трапіла пад уладу буржуазнай Польшчы, лідскія муры крыху паднавілі польскія рэстаўратары. Яны злучылі каменнай агароджай заходнюю і паўднёвую сцены, часткова залажылі разбураны паўднёва-ўсходні кут і замуравалі бакавыя ўваходы. На месцы парушанага паўночна-заходняга вугла з'явіліся драўляныя вароты, праз якія можна бьшо трапіць на замкавы падворак. Улетку тут часта спыняўся вандроўны цырк альбо звярынец, а зімой пасярэдзіне двара ставілі ёлку і залівалі каток.

Летам 1929 года замак вывучаў вядомы беларускі мастак Язэп Драздовіч і прысвяціў яму альбом замалёвак. Самыя вартыя з іх аркушы — ''Выгляд замчышча з паўднёва-заходняга боку'' і ''Паўночна-заходняя сцяна замка''. На першым малюнку — старажытнае мураванае ўмацаванне лёгка ўзвышаецца над вакольнымі хатамі, пануе над мясцовасцю. Вельмі пластычна пададзена паўночная сцяна забудовы з цікавым пярэднім планам. На ўзгорку пры замкавым муры ўзнялі гарызантальна выцягнутыя кроны дзве старыя сасны, што нагадваюць італьянскія пініі. Унізе, каля дарогі, стаіць студня з адмысловай стрэшкай.

У верасні 1939 года жыхары Ліды віталі чырвонаармейцаў, якія вызвалілі Заходнюю Беларусь з-пад улады буржуазна-памешчыцкай Польшчы. 22 студзеня 1940 года ўрад рэспублікі прыняў пастанову аб ахове ў заходніх абласцях БССР помнікаў рэвалюцыі, мастацтва, старажытнасці і захаванні архіваў. Лідскі замак атрымаў статус помніка архітэктуры.

У чэрвені 1941 года на Ліду пасыпаліся фашысцкія бомбы. Мясцовыя жыхары расказвалі, што апынуўшыся у горадзе, захопнікі спачатку трымалі ў замку ваеннапалонных, а потым зрабілі там склады боепрпасаў. У 1944 годзе, калі вораг ужо адступаў на захад, тут неаднойчы ўзрываліся снарады, але сцен умацавання яны не пашкодзілі. Калі ж савецкія войскі вызвалілі горад, то замкавы двор увесь быў пакрыты глыбокімі варонкамі, паўсюдна валяліся снарады і міны. Даволі многа іх ляжала ў ямах, засыпаных зямлёй. 3 гэтымі ''падарункамі'' апошняй вайны і сутыкнуліся пазней археолагі. Не раз ім даводзілася спыняць раскопкі і выклікаць сапёраў. Так, у 1978 годзе было знойдзена 150 снарадаў і 8 мінамётных мін, шмат патронаў і ўзрывальнікаў. Яшчэ большую колькасць снарадаў паднялі з зямлі ў 1986 годзе. Толькі ў адным з катлаванаў іх налічылі з паўтысячы. Прыйшлося на цэлы месяц адтэрмінаваць раскопкі і рэстаўрацыйныя работы.

Пасля вайны на архітэктурныя вартасці замка звярталі ўвагу розныя даследчыкі. Адзін з першых пасляваенных навуковых артыкулаў, непасрэдна прысвечаных гэтаму помніку, быў напісаны А. Палеесам у 1947 годзе і надрукаваны ў часопісе ''Беларусь''.

У 1953 годзе Лідскі замак увайшоў у спіс помнікаў архітэктуры рэспублікі, якія былі ўзяты пад дзяржаўную ахову.

Калі ў верасні 1967 года ЦК КПБ і Савет Міністраў БССР прынялі Пастанову аб правядзенні неадкладных рамонтна-рэстаўрацыйных работ на помніках гісторыі і архітэктуры, то руіны лідскіх муроў трапілі ў зацверджаны дакумент пад нумарам 13.

Упершыню археалагічныя доследы на замкавым падворку пачаліся ў 1970 годзе пад кіраўніцтвам Міхася Ткачова. Каля вежаў замка заклалі шурфы. Высветлілася, што паўднёва-заходняя вежа больш ранняя. Ад яе часткова захаваўся падмурак таўшчынёй тры метры. Ткачоў выказаў меркаванне, што другая вежа была ўзведзена альбо пасля 1384 года, альбо на мяжы XIV—XV стагоддзяў. Яго датыроўка пацвердзілася ў выніку далейшьгх даследаванняў. Вучоны таксама прасачыў, што ўмацаваная забудова стаіць на выспе са жвіру, пяску і камення.

Нажмите для увеличения

60 - 70-ыя гады. Замкавы двор (фрагмент)


У 1974 годзе на тэрыторыі замка 12 невялікіх шурфоў заклаў Яраслаў Звяруга. Але тут даследчыку не пашанцавала. Ва ўсіх шурфах, зробленых па перыметру сцен на адлегласці 10 метраў ад іх, знаходзіўся перамешаны культурны слой.

Ішоў час. 3 кожным годам прыгажэла Ліда. На яе вуліцах адзін за адным вырасталі шматпавярховыя жылыя дамы. Побач з замкам узнялася дзевяціпавярховая гасцініца, крыху далей — высотны гмах інтэрната для будаўнікоў.

На фоне новай забудовы сумна выглядалі замкавыя муры, ад якіх час ад часу адвальваліся і каціліся ўніз вялікія камяні. Заходняя сцяна нахілілася ў бок дарогі, дзе несціхана стаяў гул цяжкавагавага аўтатранспарту. На замкавым двары ''гаспадарыў'' будаўнічы трэст, які прыстасаваў яго пад невялікі стадыён.

Помнік ў цэнтры вялікага горада трэба было ратаваць.

Першы заказ ад Лідскага гарвыканкома на кансервацыю муроў прыйшоў у Спецыяльныя навукова-рэстаўрацыйныя майстэрні Міністэрства культуры БССР у 1975 годзе. Закладзеныя ў верасні 1976 года архітэктурна - археалагічныя шурфы, а таксам шматлікія гістарычныя крыніцы паказалі ўнікальнасць гэтага шэдэўра беларускага дойлідства. Тады навуковы кіраўнік рэстаўрацыйных работ, архітэктар Сяргей Багласаў прапанаваў свой варыянт поўнай адбудовы замка і актыўнага прыстасавання яго для сучасных культурных патрэб горада. Праект быў абмеркаваны і зацверджаны на пасяджэнні Лідскага гаркома партыі і гарвыканкома. Мясцовыя ўлады выдаткавалі патрэбныя грашовыя сродкі для здзяйснення задумы. Каб распрацаваць дэталёвы праект рэстаўрацыі тых звестак, якія сабралі гісторыкі, не хапала. Па трабаваліся значныя археалагічныя даследаванні.

У 1977 - 1978, а таксама ў 1980 і 1985 гадах раскопкі ў замку праводзіў аўтар. У 1977 годзе былi цалкам ускрыты рэшткі абедзвюх вежаў, знойдзены астаткі некаторых драўляных пабудоў на замкавым двары, вызначана месца, адкуль пачынаўся роў перад паўночнай замкавай сцяной. Усе археалагічныя і рэстаўрацыйныя работы выконвалі студэнты будаўнічага атрада імя В. I. Пічэты (першага рэктара БДУ), сфарміраванага на гістарычным факультэце універсітэта. Будучыя гісторыкі працавалі самааддана. Асабліва цяжка даваліся раскопкі паўночна-ўсходняй вежы, рэшткі якой былі завалены вялізнымі валунамі. Тысячы камянёў вынесла адтуль за два месяцы брыгада студэнтаў з сямі чалавек.

Нажмите для увеличения

60 - 70-ыя гады. Паўночна-ўсходні кут замка


Высветлілася, што вежа захавалася на вышын ад 4 да 8 метраў. Ва ўсіх яе кутах меліся астаткі крыжовага нярвюрнага сутарэння. Аднак муроўка ацалелых сцен знаходзілася ў вельмі дрэнным стане, цэгла крышылася і высыпалася літаральна на вачах. Таму адразу зрабілі кансервацыю адкапаных муроў.

Нажмите для увеличения

60 - 70-ыя гады. Рэшткі заходняй замкавай сцяны


Значныя даследаванні ў замку вяліся ў 1978 годзе. Уся тэрыторыя старажытнага ўмацавання ўмоўна разглядалася як адзін вялікі раскоп. Двор разбілі з дапамогай тэадаліта на квадраты памера: 4х4 метры, кожны з якіх пры неабходнасці раскопваўся як асобны шурф. У розных месцах замкавага падворку пазначаліся спецыяльныя ахоўныя зоны, дзе культурны слой павінен быў захоўвацца для будучых даследаванняў. (Забягаючы наперад, трэба сказаць, што пасля таго, як у гэтых месцах у 1985 - 1986 гадах знайшлі шмат снарадаў, ад першапачатковага праекта давялося адмовіцца, і вызначаныя ўчасткі таксама былі раскапаны.)

У 1978 і 1980 гадах пры расчыстцы астаткаў асноўных пабудоў на замкавым двары адкапаны дзве студні. Вывучэнне культурнага слоя двара пазней (у 1986—1987 гадах) прадоўжыў Алесь Краўцэвіч. Ён выявіў рэшткі падмуркаў драўлянага будынка, што стаяў асобна ў паўночнай частцы падворка.

У выніку раскопак знойдзена шмат каштоўных матэрыялаў, якія ляглі ў аснову праекта аднаўлення Лідскага замка.

Летам 1978 года для вядзення рэстаўрацыі быў створаны вытворчы ўчастак. Сюды прыйшлі мясцовыя рабочыя, узначаліў іх майстар Іосіф Мацейка. Амаль кожны дзень, нягледзячы на сваю занятасць, заходзіў у замак Уладзімір Логаш, што тады быў старшынёй гарвыканкома. Не раз дапамагаў ён тэхнікай, звяртаўся на будаўнічыя заводы Літвы за спецыяльнай вялікапамернай цэглай і хвалістай дахоўкай. І справа пайшла. Адзін за другім аднаўляліся колішнія муры. Сёння паўночна-ўсходняя вежа ўжо ўзнялася над сценамі замка.

Не абышлося і без памылак. Вясной 1986 года раптоўна абваліўся кавалак адноўленай заходняй сцяны. Як высветлілася, работы па яе рэстаўрацыі вяліся ў марозы, і рошчына не змацавала каменні належным чынам. Таму зараз у зімовы перыяд замак не аднаўляецца.

Нажмите для увеличения

Фрагмент заходняй сцяны Лідскага замка


Непазнавальна змянілася ў апошні час і гарадская тэрыторыя вакол замка. 3 паўночнага боку раскінулася вялікая плошча, самая прыгожая ў горадзе. Спынены рух цяжкавагавага транспарту каля заходняй сцяны замка. Каб захаваць паступовы пераход ад сучаснай высотнай забудовы да помніка XIV стагоддзя перад ім пакінулі тры мураваныя невялікія двухпавярховыя дамы. Адзін з іх ужо адноўлены. Пакрыты чырвонай дахоўкай, ён добра глядзіцца ўлетку на фоне зяленага газона.

Якім жа будзе Лідскі замак пасля рэстаўрацыі ?

Нажмите для увеличения

Праект рэстаўрацыі Лідскага замка. Аўтар С. Багласаў


Ацалелыя асноўныя часткі помніка і сабраныя гістарычныя і археалагічныя матэрыялы дазволяць аднавіць сцены разам з баявой галерэяй, знешнія абрысы вежаў і інтэр'ер першага паверха паўночна-усходняй вежы. Астатнія памяшканні для адраджэння якіх не стае гістарычных крыніц абсталеуваюцца для размяшчэння музейнай экспазіцыі прысвечанай гісторыі горада і замка. Ужо зараз рэстауратары працуюць над знойдзенымі археалагічнымі экспанатамі. Частку металічных вырабаў расчысціў і закансерваваў Яўген Улезла, мастацтвазнаўца Майя Яніцкая зрабіла графічныя рэканструкцыі шклянога начыння, а студэнты кафедры керамікі тэатральна - мастацкага інстытута пад кіраўніцтвам вопытнага выкладчьжа Уладзіміра Угрыновіча аднавілі вялікую колькасць кафлі і рознага посуду.

Тэрыторыя замкавага двара будзе прыстасавана пад гісторыка - археалагічны музей з паказам на мясцовасці планаў былой драўлянай забудовы. А ў цэнтральнай частцы падворка размесціцца адкрыты гарадскі тэатр, дзе летам будуць гучаць народныя песні, праходзіць фестывалі і гарадскія святы.

Лiдскi мураваны замак - адзiн з самых вялiкiх на тэрыторыi Беларусi. Гiстарычны лёс гэтага аборончага збудавання, будаунiцтва якога прыпадае на 30-ыя гады XIV стагоддзя, надзвычайна складаны ...

Лiтаратура

Багласов С. Г., Трусов О. А. Историко-архитектурные исследования и реставрация Лидского замка // Вопр. архитектуры Лит. ССР, 1981.— Вып. VII.

Зданович Н. И. О некоторых видах неполивной посуды окислительного обжига Лидского замка // Древнерусское государство и славяне. Мн., 1983.

Каханоускi Г. А. Археалогiя i гiстарычнае краязнауства Беларусi у XVI — XIX стст. Мн., 1984.

Лiс А. С. Вечны вандроунiк. Мн., 1984.

Палеес А. Замак у Лiдзе // Беларусь. 1947. Nº 10.

Ткачоу М. А. Лiдскi замак // Помнiкi гiсторыi i культуры Беларусi. 1971. Nº 2.

Ткачоу М. А. Замкi Беларусi Мн., 1977.

Ткачоу М. А. Абарончыя збудаваннi заходнiх зямель Беларусi XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

Трусау А. А. Архiтэктурна-археалагiчнае даследаванне Лiдскага замка // Помнiкi гiсторыi i культуры Беларусi. 1979. Nº 4.

Трусау А. А. Зброя Лiдскага замка // Помнiкi гiсторыi i культуры Беларусi. 1980. Nº 2.

Трусау А. А. Лiдскi замак // Мастацтва Беларусi. 1987. Nº 1.

Трусау А. А., Краўцэвiч А. К., Сагановiч Г. М. Металiчныя вырабы з раскопак Лiдскага i Мiрскага замкаў (XIV—XVIII стст.) // Весцi АН БССР. Серыя грамадскiх навук. 1987. Nº 4.

Трусау А. А., Угрыновiч У. В. Тыпалогiя i храналогiя лiдскай кафлi // Помнiкi мастацкай культуры Беларусi: Новыя даследаваннi. Мн., 1989.

Шимелевич М. Город и Лидский замок // Виленский календарь. Вильно, 1906.

Янiцкая М. М. Вытокi шкларобства Беларусi. Мн., 1980.
Крынiца - "Старадаўніх муроў адраджэнне" (мінулае і сучаснасць Лідскага замка), серыя "Помнiкi Беларускага дойлiдства", "Полымя", 1990. Электронны вырыянт - http://www.lida.by.ru
Праглядаў - 12682
Мапа сайту...
Уверх...
Усе правы абаронены © 2004, 2005, Княжы гуф
Вашы заўвагi i прапановы: knight.by@mail.ru
Дызайн i праграмiраванiе Dionisiy, хостынг Extmedia