Княжы гуф
Княжы гуф

Галоўная/Бiблiятэка/Артыкулы/Арганізацыя наёмных атрадаў у Вялікім княстве Літоўскім у ХV—ХVІ стст.

Арганізацыя наёмных атрадаў у Вялікім княстве Літоўскім у ХV—ХVІ стст.

Юрась Бохан

     Значная эпізадычнасць у выкарыстанні наёмных атрадаў у Вялікім княстве Літоўскім да канца ХV ст. не дазваляе ў поўным аб'ёме разгледзіць на гэтым этапе іх арганізацыю, выдзяленне структурных адзінак, кіраванне і вычляненне катэгорый ваяроў. Можна толькі меркаваць, што арганізацыя баявых адзінак, якія паходзілі з еўрапейскіх краін і служылі за грошы, мала чым адрознівалася ад той, якая была звыклай на іх радзіме. Даследчыкі вайсковай справы краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы, з якіх, галоўным чынам, і вербаваліся ў першай палове ХV ст. наёмнікі для патрэб Вялікага Княства, адзначаюць, што асноўнай арганізацыйна-тактычнай адзінкай тыповых рыцарскіх армій тут з'яўлялася харугва, якая выступала пад асобным сцягам і пад час бою шыхтавалася глыбокай, звужанай наперадзе калонай - клінам. "Галаву" кліна складалі цяжкаўзброеныя рыцары, забяспечаныя найбольш вынослівымі коньмі, максімальна поўным засцерагальным узбраеннем і дрэўкавай зброяй - капійнікі. Ззаду іх размяшчаліся больш лёгкія стральцы, асноўны баявы рыштунак якіх складала зброя далёкага бою - лук ці, што часцей, арбалет. Задачай капійнікаў было праламыванне непрыяцельскіх шыхтоў пад прыкрыццём стральцоў, якія вялі агонь паверх галоў пярэдніх ліній. Пасля гэтага бітва распадалася на асобныя паядынкі з прымяненнем зброі блізкага бою.

     Драбнейшай арганізацыйнай адзінкай, якая і вызначала характар баявой пабудовы харугвы, з'яўлялася так званае "кап'ё", якое мусіла складацца з аднаго капійніка, які выступаў у ролі даводцы атрада, і некалькіх, у ідэале двух стральцоў. На практыцы ж, аднак, колькасць стральцоў магла моцна вагацца. У польскім войску, напрыклад, на аднаго капійніка ў сярэднім прыпадала тры стральцы. Сустракаліся выпадкі прысутнасці ў "кап'і" толькі капійнікаў і нават толькі стральцоў. Аналіз крыніц сведчыць, што прынамсі з канца ХІV ст. падобная структура прысутнічала і ў войску Вялікага княства Літоўскага. Такім чынам можна меркаваць, што кардынальнай розніцы ў арганізацыі наёмных харугваў і харугваў паспалітага рушэння Вялікага Княства не існавала.

     Больш акрэслена структура наёмных атрадаў у войску Вялікага княства Літоўскага выступае з канца ХV ст. Падобныя атрады фігуруюць у гэты час пад назвай "рота", што ў перакладзе з нямецкай мовы азначае "аршак", "атрад". У лацінамоўных дакументах роты фіксуюцца пад тэрмінам "comitiva". Як адзначалася, наёмныя роты Вялікага Княства, асабліва на пачатковым этапе, у значнай ступені вербаваліся на тэтыторыі Польшчы. Таму структура польскіх рот і парадак іх найму маюць для разгляду акрэсленага пытання надзвычай важнае значэнне. Варта падкрэсліць, што структура польскіх рот была сфармавана ўжо ў канцы ХV - пачатку ХVІ стст., і пратрывала як на каронных, так і на вялікакняскіх землях, з нязначнымі змяненнямі, да канца Рэчы Паспалітай. Неабходна таксама зазначыць, што апроч польскіх рот, у Вялікім княстве Літоўскім маглі несці службу і фармаванні з больш аддаленых краёў, якія, напэўна, вызначаліся адмысловай арганізацыяй. Так, нямецкая ландскнехтская пяхота (peditibus lyanczknachty) ў канцы ХV ст. складала асабістую ахову вялікага князя Александра, а ў 1501 г. іх замянілі швейцарцы.

     Першапачаткова сталай нормы ў колькасным складзе наймаемых атрадаў, як пешых, так і конных, не існавала; яны маглі налічваць ад некалькіх да некалькіх соцень асоб. Можна меркаваць, што ў падобным колькасным складзе траплялі яны і на землі Вялікага княства Літоўскага. Прынамсі ў спісе ротмістраў, нанятых у 1480 г. для барацьбы з Маскоўскай дзяржавай, фігуруюць асобы, якія мелі ў сваім распараджэнні атрады ў 40, 43, 60, 88, 95, 102, 113, 116 і 318 коней.

     На чале роты стаяў ротмістр, якому належала ініцыятыва ў фармаванні роты. Пры паступленні на службу, ротмістры заключалі дамову з каралём, агаворваючы розныя акалічнасці і ўмовы службы (сума выплат, тэрмін атрымання грошай і г.д.) Ротмістры атрымоўвалі спецыяльны дакумент, у якім значылася плата за камбатанта, якая вагалася ў залежнасці ад характару ягонага ўзбраення. Ротмістры пры фармаванні рот заключалі дамову са знаёмымі ці рэкамендаванымі ваярамі, якія называліся "таварышамі" (у лацінамоўных дакументах - "socius"). Таварышы як бы дабраахвотна прызнавалі ўладу ротмістра і, у сваю чаргу, з'яўляліся малодшымі афіцэрамі, даводцамі сфармаваных атрадаў - "почтаў", колькасны склад і характар узбраення якіх залежалі ад заможнасці кожнага канкрэтнага таварыша. Падобная сістэма вярбоўкі "служэбных" дазваляла ротмістрам падабраць найбольш аптымальны склад баявых адзінак. У выпадку, калі роты налічвалі колькасць ваяроў, недастатковую для стварэння паўнавартай баявой адзінкі, яны аб'ядноўваліся ў больш буйныя. У такіх выпадках яны ўзначальваліся адным з ротмістраў па дамоўленасці, тады як астатнія выступалі ў якасці таварышаў. Верагодна такія асобы часам фігуруюць у крыніцах ХVІ ст. пад тэрмінам "паручнік". Паручнікі выступалі таксама ў ролі намеснікаў ротмістраў і замяшчалі апошніх пад час іх адсутнасці.

     Як ужо адзначалася, арганізацыя наёмных атрадаў, якая склалася ў канцы ХV ст., без асаблівых змен пратрывала да канца існавання Рэчы Паспалітай. У ХVІ ст. назіраюцца толькі невялікія карэктыроўкі ў сэнсе арганізацыі ўмоў найму. Па-ранейшаму ротмістры атрымоўвалі спецыяльныя дакументы на вярбоўку жаўнераў, якія называліся "лістамі прыпаведнымі". Найстарэйшы ўзор "ліста прыпаведнага" датуецца 1514 г. У гэтых лістах пазначаліся колькасны склад рот, аплата за камбатанта, від узбраення, час і месца збору. Ротмістры дамаўляліся з таварышамі аб выстаўленні пэўнай колькасці ваяроў, вызначалі месца збору, адкуль ехалі на месца попісу. Таму роты ХVІ ст. выглядаюць больш аднароднымі як у сэнсе колькаснага складу, так і з пункту гледжання ўзбраення. Так, напрыклад, сярод рот, якім было заплочана ў 1514 г. за ўдзел у вайне з Маскоўскай дзяржавай, усе, апроч роты Януша Свярчоўскага, якая налічвала 30 коней, а таксама рот Цетрыца і Лушчоўскага, дзе мелася па 100 коней, налічвалі па 200 чалавек. Характэрна, што гэта тычылася як конных, так і пешых рот.

     Нягледзячы на тое, што ротмістрам належала значная свабода ў фармаванні рот, яны не разглядаліся, у адрозненне ад практыкі, распаўсюджанай у іншых краях Еўропы, як прыватныя прадпрыймальнікі, якія прапаноўвалі сфармаваныя па сваёй ініцыятыве войскі дабраахвотна выбраным працадаўцам. Ротмістры выступалі хутчэй у якасці каралеўскіх афіцэраў, што дзейнічалі на падставе каралеўскага патэнту, якім з'яўляліся згаданыя "лісты прыпаведныя". Статус службовых асоб замацоўваўся прыняццем прысягі. Захаваўся ўзор прысягі, які мусілі прыносіць ротмістры, якія паступалі на службу Вялікага княства Літоўскага. Ён датуецца 1561 г. і гучыць наступным чынам: "Я... прысегаю через имя Божъе его королевской млсти и великому князству Литовскому верне, цнотливе и зычливе на том ураде ротмистрова так на замку, яко и в полю - служить; небезпечности вшелякое стереч, и где бых о ней што ведал, ее не таить, але его королевской млсти и речи посполитой панам радам великого князства Литовского ознаймовати; а пильне врадови моему ротмистровскому и сторожы, мне поручоной, досить чинити, так около варт обороны замку, яко в захованью зуполна роты завжды служебных, мне поручоных; и теж на местцу и в тягнени заховаться без обтяженья подданых ег кор млсти. Так ми, Боже, помогай, и тая светая Евангелия".

     Варта, нарэшце, адзначыць, што ініцыятыва збірання рот магла належаць не толькі ротмістрам. Прынамсі ў ХVІ ст. у Вялікім княстве Літоўскім назіраюцца выпадкі, калі наёмныя атрады фармаваліся вялікакняскімі адміністратарамі (напрыклад старастамі) і служылі пад іх камандай. Да спецыфічнага рода найму можна залічыць і практыку выстаўленне ў складзе паспалітага рушэння звышнарматыўных почтаў "на ласку гаспадарскую", якая з'яўляецца, фактычна, толькі больш разгорнутай мабілізацыяй у рамках таго ж самага феадальнага апалчэння.

     Унутраная структура конных рот канца ХV ст. мала чым адрознівалася ад харугваў папярэдняга перыяду. Драбнейшай арганізацыйнай адзінкай у іх з'яўляўся почат, які сягае сваімі каранямі ранейшага "кап'я". Па-ранейшаму кавалерыя дзялілася на цяжкаўзброеных капійнікаў і лёгкіх стральцоў, прычым існавала тэндэнцыя да забеспячэння шэраговых камбатантаў (пахолкаў, якія маглі называцца таксама чэляддзю) стрэльчым узбраеннем, тады як даводцы почтаў-коп'яў (таварышы) выступалі часцей у цяжкім, капійнічым варыянце. Існавала градацыя і ў характары коней, ужываных цяжкой ці лёгкай кавалерыяй. Выдзяляліся коні "капійнічыя" і "стрэльчыя"; абедзве гэтыя катэгорыі дзяліліся на падкатэгорыі - добрыя, сярэднія, роўныя і г.д. Як і ў папярэднія часы, задачай капійнікаў было праламванне непрыяцельскіх шыхтоў, тады як стральцы падтрымлівалі іх залпамі са зброі далёкага бою, а таксама пераследвалі разбітага ворага. Можна было напаткаць і чыста стрэльчыя почты. Апроч таго, у шэрагу почтаў апроч таварыша-капійніка меўся яшчэ адзін капійнік, што ўзмацняла ўдарную моц атрада. Увогуле ў залежнасці ад прапорцыі капійнікаў і стральцоў роты падзяляліся на капійнічыя і стрэльчыя. У апошніх суадносіны капійнікаў і стральцоў была не менш як 1:4, тады як у капійнічых ротах на аднаго капійніка ў сярэднім прыпадала 2 стральцы. Апроч пахолкаў, у склад почтаў маглі ўваходзіць так званыя "пахаляты" - асобы, наогул не забяспечаныя ўзбраеннем. Функцыяй пахалят было трыманне запаснога каня для таварыша і іншая яго абслуга (напрыклад, нашэнне ягонага кап'я). Нягледзячы на паступовае змяншэнне ролі цяжкаўзброеных капійнікаў на працягу ХVІ стагоддзя, яны прысутнічалі ў наёмным войску нават у другой яго палове. Так, са 150 кавалерыстаў роты Станіслава Лесьнёўскага, папісанай у 1561 г. у Брэсце, налічвалася ажно 52 капійнікі, што складала больш за 1/3 усіх камбатантаў.

     Пры прыёме таварышаў на службу праводзіўся попіс іх почтаў з апісаннем коней, іх масці, характэрных асаблівасцяў, а таксама з указаннем узбраення, якое мелася ў распараджэнні кожнага канкрэтнага ваяра. На жаль, апісання цэльных рот, якія неслі службу ў Вялікім княстве Літоўскім у канцы ХV ст., не захавалася, аднак попісы асобных почтаў паказваюць, што мясцовая спецыфіка ў арганізацыі наёмнікаў праяўлялася тут у нязначнай ступені. Напрыклад, у 1498 г. у Львове быў папісаны васьміконны почат князя Міхала Глінскага, які ў тым самым годзе ўзгадваецца сярод дваран вялікага князя Аляксандра. Сам таварыш выехаў на капійнічым кані ў зброі (даспеху), без указання наступальнага ўзбраення, і меў яшчэ запаснога капійнічага каня. 6 пахолкаў Глінскага былі забяспечаны зброямі і арбалетамі і выехалі на стрэльчых конях, за выключэннем аднаго камбатанта, які, падобна даводцы атрада, меў каня капійнічага. Ганс Калькрайтр, які паступіў на службу да Аляксандра ў Мельніку 28 верасня 1501 г., меў почат у 4 "кані". Самі коні былі стрэльчыя, прычым запасныя коні адсутнічалі. Усе ваяры былі забяспечаны "зброямі стрэльчымі", гэта значыць поўдаспехамі; трое з іх было ўзброена арбалетамі, адзін - "дрэўцам" (кап'ём). Пэўная спецыфіка назіралася ў структуры почтаў Турака і Яна Бучацкага, ваяводзіча падольскага, якія таксама былі сярод дваран Аляксандра ў 1498 г. Так у почце Турака (Turek) налічвалася ў 1498 г. дванаццаць "коней". Сам таварыш выехаў на кані капійнічым, быў забяспечаны зброяй капійнічай і, напэўна, кап'ём. Цікава, што ў почце меліся ажно тры запасныя "добрыя" капійнічыя кані "пад пахолкамі". Шэсць шэраговых камбатантаў выехалі на стрэльчых конях, у стрэльчых даспехах і мелі, як можна меркаваць, зброю далёкага бою. Яшчэ адной асаблівасцю згаданага почта з'яўлялася прысутнасць двух татар, узбраенне якіх акрэслена ў нетрадыцыйнай манеры як "sabwya szelam". Са структурай почта Турака ў значнай ступені пераклікаецца апісанне атрада Яна, ваяводзіча падольскага за 1499 г. Ён налічваў 13 "коней". Два ваяра, уключаючы самога таварыша, мелі "добрых" капійнічых коней і капійнічыя зброі, прычым Ян меў таксама запаснога каня. Восем камбатантаў папісаліся на добрых стрэльчых конях і ў стрэльчых зброях. Апроч таго, у почце, як і ў атрадзе Турака, знаходзілася два вершніка, узброеных па-татарску. Не выключана, што татары, наяўнасць якіх была нетрадыцыйнай у польскіх почтах, выконвалі тут якія-небудзь дапаможныя, напрыклад разведвальныя функцыі.

     На пачатку ХVІ ст. сярод наёмнікаў фіксуецца новы від кавалерыі - гусары, альбо "рацы", які быў сфармаваны ў Венгрыі. Гусары з'яўляліся лёгкім варыянтам капійнікаў, былі забяспечаны кап'ём спецыфічнай канструкцыі, шчытом характэрнай трапецыяпадобнай формы і шабляй. Гэты від кавалерыі добра зарэкамендаваў сябе ў барацьбе з туркамі і ва ўмовах неабходнасці весці баявыя дзеянні з лёгкай татарскай і маскоўскай кавалерыяй быў прыняты ў Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім, аказаўшы ў далейшым вялізарны ўплыў на развіццё вайсковай справы ў гэтых краінах. Ужо ў роце Якуба Сецыгнёўскага, папісанай у 1501 г. у Мельніку, фіксуецца значная колькасць "рацаў", хаця прысутнічалі тут і ваяры ў традыцыйным, капійнічым узбраенні. Мацей Стрыйкоўскі таксама пад 1501 г. адзначае, што нямала "рацаў" служыла па-гусарску за літоўскія грошы. У 1502 г. у Кракаве было нанята 13 гусарскіх почтаў, якія складалі харугву, што налічвала каля 90 коней. Плату атрымалі наступныя таварышы, пераважна венгры: Андрых - 40 флорынаў, Каспер Чакель - 40 фл., Баляш Герэш - 25 фл., Індрых - 17 фл., Харват Юрга з братамі Дымітрам і Надбалашам - 10 фл., Венцлаў Любіч - 40 фл., Люка - 20 фл., Міхал - 40 фл., Анджых Мніхоўскі - 100 фл., Каспер Чакель - 40 фл., Міхаэль - 30 фл., Люкас - 25 фл., дэ Кіндрыш - 25 фл. Да сярэдзіны ХVІ ст. у Вялікім Княстве з'яўляюцца ўласныя роты, якія фігуруюць як "гусарскія", хаця камплект узбраення ў іх істотна адрозніваўся ад мадэлі, характэрнай для класічных венгерскіх гусараў ранейшага часу. Так, ваяры выкарыстоўвалі разнастайнае засцерагальнае ўзбраенне - панцыры, "зброі бляхавыя", шлемы розных тыпаў, побач з шабляй шырока ўжываліся мячы і корды, асобныя камбатанты маглі не мець шчыта.

     У прынцыпе, гусары таксама належалі да капійнічай кавалерыі, хаця і да аблегчанага яе варыянта. Разам з тым, асаблівасцю гусарскіх рот была перавага ў іх ваяроў, забяспечаных дрэўкавай зброяй, а не стральцоў. Прыкладам гусарскай роты другой паловы ХVІ ст. можа служыць рота Філона Сымонавіча Кміты Чарнабыльскага, папісаная ў 1567 г. Апроч ротмістра, у склад роты, якая налічвала 152 вершніка, ўваходзілі паручнік, які вывеў уласны почат, "кгермек с хоруговью", "бубеніца з бубны", 10 "служэбнікаў", 25 таварышаў і шэраговых пахолкаў. Цікава, што ўласна гусарскае ўзбраенне мелі толькі пахолкі і гермек, тады як камандны склад належаў да стральцоў ці нават меў толькі клінковую зброю, а "бубеніца" не меў узбраення зусім. Вартым увагі ўяўляецца і той факт, што ўсе камбатанты роты, не выключаючы пахолкаў, пералічаны ў рэестры паіменна. Гэта было не характэрна для попісу каронных конных рот, у тым ліку і ліцвінскіх атрадаў на польскай службе, дзе называліся імёны толькі таварышаў. Можна выказаць гіпатэтычнае меркаванне, што падобная акалічнасць было звязана з асаблівасцямі камплектавання роты Кміты Чарнабыльскага, калі таварышы складалі свае роты не з уласных падданых, з якімі яны неслі службу і ў паспалітым рушэнні, а з найманых жаўнераў, у тым ліку і замежнага паходжання.

     У ХVІ ст. у войску Вялікага княства Літоўскага фіксуюцца і іншыя ўнармаваныя віды кавалерыі, з якіх асобна варта адзначыць казакаў. Казацкая кавалерыя сягае сваімі каранямі ў ХV ст., калі гарадскі плебс і збеглыя сяляне, засяляўшыя абшары нізавой Украіны, імкнучыся знайсці паратунак ад татарскай пагрозы, пачалі групавацца ў ватагі пад даводствам "атаманаў". Выдатна знаёмыя з мясцовасцю і спосабам вядзення вайны сваіх праціўнікаў, гэты люд выпрацоўваў вайсковую традыцыю, максімальна прыдатную для барацьбы з татарамі. Ад татараў была запазычана і назва "казак", што азначае свабодны, незалежны чалавек, але разам з тым авантурыст і разбойнік. Паступова фармавалася агрэсіўная баявая сіла, здольная не толькі супрацьстаяць драпежніцкім татарскім нападам, але і здяйсняць напады ў адказ.

     Спробы спрыцягнуць казакаў да вайсковай службы назіраюцца ўжо ў канцы ХV - пачатку ХVІ ст., калі старасты украінскіх замкаў імкнуліся вербаваць казацкія атрады на ўласную службу. У 1503 г. ваявода Кіеўскі Дымітр Пуцячыч меў у сваім распараджэнні казакаў, якія служылі ў Кіеве ("Казакі князя Дымітра") і Чаркасах ("Шчурава рота"). Найважнейшая роля ў арганізацыі казацкіх почтаў на службе Вялікага княства Літоўскага належыць Астафею Дашкевічу, які ў 1508 г. становіцца старастам канёўскім, а ў 1514 г. - старастам чаркаскім, а таксама Андрэю Неміровічу, намесніку чаркаскаму з 1511 г. і ваяводу кіеўскаму з 1514 г. У 1521 - 1524 гг., праўдападобна з ініцыятывы Дашкевіча ці Неміровіча ўзнік праект, часткова ўжо рэалізаваны на практыцы, рэгістрацыі нізавых казакаў і прыёму іх на гаспадарскую службу. Праект быў адхілены з-за недахопу фінансавых сродкаў, аднак практыка вярбоўкі казакаў для вайсковай службы працягвалася і далей.

     Практыка засведчыла перспектыўнасць казацкай вайсковай манеры, што спрыяла яе шырокаму распаўсюджанню. Асноўнай зброяй казакаў з'яўляўся лук, які з цягам часу мог дапаўняцца кароткадрэўкавым кап'ём - рагацінай. Такім чынам, казакі маглі выступаць не толькі як стрэльчая, але і як універсальная кавалерыя, што значна павышала яе баявыя якасці. Паступова назва "казак" стала абазначаць не толькі ўласна жыхара поўдня Украіны, але і любога ваяра, забяспечанага адпаведным вайсковым рыштункам. Прыклад арганізацыі казацкіх почтаў прыносіць рэестр гусарскай роты Філона Кміты Чарнабыльскага за 1567 г., да якой быў далучаны аддзел казакаў у 48 чалавек. Яны мелі звыклую таварыскую структуру, аднак, у адрозненне ад гусарскіх і капійніча-стрэльчых почтаў, асаблівай розніцы ва ўзбраенні таварышаў і пахолкаў не назіралася - усе камбатанты былі забяспечаны панцырамі, прылбіцамі ці шышакамі, сагайдакамі, рагацінамі і шаблямі; некаторыя дадаткова мелі яшчэ і сякеркі.

     Нягледзячы на распаўсюджанне ў ХVІ ст. новых катэгорый ваяроў, кавалерыйскія роты былі па-ранейшаму прадстаўлены двума відамі у залежнасці ад дамінавання ў іх ваяроў, забяспечаных дрэўкавай зброяй ці зброяй далёкага бою. Трохі іншая сітуацыя назіралася ў польскіх пешых ротах, якія, у адрозненне ад пяхоты большасці тагачасных еўрапейскіх армій, мелі ярка выражаны стрэльчы характар. Падобная з'ява тлумачыцца тым, што на абшарах Польшчы і Вялікага княства Літоўскага асноўнае значэнне мела кавалерыя, тады як пяхоце адводзілася другарадная, дапаможная роля. Мела польская пяхота спецыфіку і ў сваёй структуры. Да канца ХV ст. пешыя роты, падобна ротам кавалерыйскім, дзяліліся на почты, колькасны склад якіх быў розным і мог вагацца ад некалькіх да двух дзесяткаў чалавек. Почты ўзначальваліся таварышамі, тады як шэраговыя камбатанты называліся чэляддзю. У залежнасці ад комплекса наступальнага і засцерагальнага ўзбраення ў польскай пяхоце выдзяляліся дзве катэгорыі ваяроў - павезнікі, узброеныя вялікімі шчытамі-павезамі і стральцы, забяспечаныя арбалетамі ці, што радзей, ручніцамі. Пад час бою павезнікі размяшчаліся наперадзе, па баках і ззаду баявога парадку, складаючы прыкрыццё для стральцоў, што стралялі паверх іх галоў. Апроч павезнікаў і стральцоў, пры ротах знаходзіліся камбатанты са сцяжкамі-прапорцамі, якія служылі апазнавальнымі знакамі, а таксама некалькі вершнікаў на капійнічых альбо стрэльчых конях і з адпаведным комплексам узбраення. Іх колькасць не ўнармоўвалася і магла быць самай рознай. Падобная ж сітуацыя назіралася і ў польскіх ротах, што неслі службу на землях Вялікага княства Літоўскага, што ілюструе рэестр шэрагу пешых рот, фіксуемых у 1503 г. у Вільні, Полацку, Віцебску, Барысаве і г.д.

     Рэестр наёмных пешых рот, служыўшых у Вялікім княстве Літоўскім у 1503 г.

РотаПешыяКонныяЗаплочана (у флорынах)
Жэбрыдоўскі
Корбер Матыяс
Ляхета
Хынэк Марцін
Крэмпскі Ян
Сокул Славіцкі Ян
пан Чэрнін
Чэрны і Вітанскі
Дрэвасчыцкі Ян
Хынэк Мікалай
Калюш Ян
Каня Альберт
Каспер і Крыкоўскі
Козел і Крыўвоўскі
Крысторскі Пётр
Кульгавы Шымэк
Марцы і Патола
Матушка
Мынцар Ян
Аламунецкі Ян
Рапата
Сальва Станіслаў
Счавіньскі Ян
Скала Ян
Стэрнішча Стэфан
Шалёны Пётр
Камічоўскі Януш
Кавалёўскі Ян
Павіньскі Адам
200
100
70
50
80
200
64
89
213
266
344
282
98
7
160
382
212
224
251
121
171
105
140
222
88
106
200
100
100
4
2
2
1
2
6
36
2
4
6
27
31
4
4
4
16
6
6
3
3
4
3
3
6
3
4
4
2
2
306
173
108
56 фл. 11 гр.
123
309
200
182
434
544
742
626
204
18
328
796
436
460
508
248
350
216
286
456
182
220
816
408
408


     Пэўная неўнармаванасць колькасці "коней" пры пешых ротах назіралася яшчэ ў пачатку ХVІ ст. Так, пры ротах, якія ўдзельнічалі ў кампаніі 1514 г. і налічвалі па 200 драбаў, магло знаходзіцца па 3 альбо па 5 "коней". Аднак у гэты час ужо пазначылася відавочная тэндэнцыя да большай ўпарадкаванасці структуры рот. "Лісты прыпаведныя" прадугледжвалі 1 каня на 50 драбаў. На такую ж самую колькасць пехацінцаў мусіў прыпадаць адзін прапорац. У якасці аптымальнай колькасці камбатантаў у почце быў прызнаны дзесятак, на чале якога стаяў таварыш - дзесятнік. У рэальнасці, аднак, сустракаліся некамплектныя дзесяткі, што адмоўна адбівалася на глыбіні шыхта, бо колькасць драбаў у кожным дзесятку мусіла адпавядаць колькасці шэрагаў.

     Пэўныя навацыі назіраліся і ў выдзяленні катэгорый драбаў. З канца ХV ст. у складзе дзесяткаў з'яўляюцца капійнікі ў поўных капійнічых даспехах, забяспечаныя дрэўкавай зброяй. У часы панавання апошніх Ягелонаў у наёмнай пяхоце як Кароны, так і Вялікага княства Літоўскага фіксуюцца 3 віды рот (праўда невядома, ці тычылася гэта замежнай пяхоты, найманай па-за межамі Польшчы, напрыклад нямецкай ці швейцарскай, якая, як ужо адзначалася, таксама фіксуецца на гаспадарскай службе). Першы від прадугледжваў наяўнасць капійнікаў, павезнікаў і стральцоў, прычым капійнікі з павезнікамі размяшчаліся наперадзе шыхта. Задачай капійнікаў было актыўнае стрымліванне атакуючага праціўніка, тады як павезнікі, як і ў папярэднія часы, стваралі ахову для ваяроў, забяспечаных зброяй далёкага бою. Асартымент апошняй таксама паступова змяняўся і ў 20-х гг. ХVІ ст. арбалеты былі канчатковы выцеснены ручніцамі. Прынцып вядзення агню з ручніц у складзе баявога шыхтавання роты адрозніваўся ад ранейшага, калі пануючай зброяй з'яўляўся арбалет. Стральба цяпер вялася спачатку апошнім шэрагам, прычым пярэднія станавіліся на калена, пасля перадапошнім, пасля трэцім ззаду і г.д. У якасці прыклада капійніча-павезніцка-стрэльчых рот можна прывесці роту Велёглоўскага, якая знаходзілася ў 1552 г. у складзе сіл, прыкрываўшых аднаўленне Брацлаўскага замку. Дзесяткі роты Велёглоўскага складаліся з капійнікаў у капійнічых зброях з ашчэпамі і мячамі, павезнікаў з павезамі, "мыскамі" (верагодна наплечнікамі), капалінамі, часам мячамі, а таксама стральцоў з ручніцамі (зрэдку аркабузамі) і мячамі. Колькасны склад дзесяткаў не быў аднолькавы, аднак кожны з іх ўключаў 1 капійніка і 1 павезніка, тады як рэшту складалі стральцы.

     Спецыфікай другой мадэлі пешых рот з'яўлялася тое, што пры наяўнасці ўласна капійнікаў, павезнікаў і стральцоў, па два стральцы кожнага дзесятку, якія ўваходзілі ў заднія лініі шыхта, былі дадаткова забяспечаны дрэўкавай зброяй. Падобную структуру мелі роты Пятра Брандыса і Роха Бяляўскага, што прыйшлі з Польшчы да Тыкоціна ў 1562 г. На 150 драбаў роты Пятра Брандыса прыпадала 3 "прапорцы" і столькі ж "коней". У кожным дзесятку было па 1 капійніку ў зброі капійнічай з ошчапам і мячом і 1 павезніку з павезай, у той час як астатнія былі стральцамі, узброенымі ручніцамі і мячамі, прычым па два стральцы мелі дадаткова яшчэ і пікі - "спісы". У роце Роха Бяляўскага таксама налічвалася 150 драбаў. Характар узбраення камбатантаў быў прыблізна такі ж самы, як у роце Брандыса, але замест ошчапаў маглі ўжывацца алебарды, а замест ручніц - аркабузы. Спецыфіку меў толькі дзесятак самога ротмістра, які ў рэальнасці налічваў 9 чалавек. Апроч Бяляўскага, які меў "зброю капійнічую" і алебарду, тут знаходзіўся павезнік, 2 стральцы, 2 стральцы са спісамі і тры камбатанты з прапорцамі.

     Трэцяя мадэль пешых рот прадугледжвала наяўнасць толькі капійнікаў і стральцоў, тады як павезнікі адсутнічалі. Прыкладам трэцяй мадэлі з'яўляюцца дзве роты, што "ляжалі" у 1552 г. у Чаркасах. "Там при замку Черкаском ротмистр Петр Розбиский указал роту свою, з которою ново там притягнул, сто драбов, личачи, з бубны, з прапоры, з зброями - в десятку каждом по два копийники в зброях, з корды а з алябартами або з ощепы, а по шести стрельцов з ручницы, з мечи". "Староста теж указал другий почот драбов же давнейших, которые под его моцью служили, шестьдесят их збройно, личачи в десятку каждом по два копийники в зброях, з ощепы, з корды, а по осми стрельцов з ручницами, з мечи".

     Капійніча-стрэльчую структуру мела таксама ў 1577 г. кіеўская рота Каспера Стузіньскага, яая налічвала 200 чалавек. Праўда, на момант складання рэестра Кіеў належаў ужо Кароне Польскай, аднак гэтая рота знаходзілася ў Кіеве яшчэ ў 1562 г. і з таго часу яе структура наўрад ці магла кардынальна змяніцца. Рота, як падаецца, складалася з драбнейшых рот (40 драбаў самога Стузіньскага, 20 драбаў паручніка Валентыя Каміньскага і г.д.) Пры роце мелася 4 "кані", а ў атрадзе ротмістра - 2 "бубны". У кожным дзесятку роты знаходзілася па 2 капійнікі, уключаючы таварыша, у "зброях капійнічых", з мячамі, спісамі, алебардамі ці шэфелінамі. Рэшту складалі стральцы з ручніцамі і мячамі. На ўзбраенні як капійнікаў, так і стральцоў маглі ўзгадвацца таксама прылбіцы, замест якіх часам фігуруюць шышакі.

     Дзяржава, як асноўны карыстальнік паслугамі "служэбных", звяртала пільную ўвагу на выкананне патрабаванняў да ўзбраення, арганізацыі і ўвогуле баяздольнасці найманых рот. У ХVІ ст. яны, калі гэтага патрабавалі абставіны, яны маглі аб'ядноўвацца ў буйнейшыя тактычныя адзінкі. У той жа час велічыня драбнейшых атрадаў у складзе рот строга рэгламентавалася. Прычым калі ў пяхоце змяншэнне колькаснага складу дзесяткаў выклікала, па адзначаных вышэй прычынах, адмоўную рэакцыю, то ў кавалерыі наадварот, склалася тэндэнцыя да абмежавання колькасці пахолкаў. Так, у "артыкулах, якія маюць быць апавяданыя пры раздаванні грошай ротмістрам і даваным на цэдулах" за 1557 г. падрабязна апісваліся патрабаванні да якасці коней і характару ўзбраення (забаранялася, напрыклад, цяжкаўзброеным кавалерыстам мець кальчужныя панцыры замест пласцінавых даспехаў і шаблі замест мячоў), а таксама адзначалася недапушчальнасць павелічэння почтаў за кошт пахолкаў, што змяншала б колькасць найбольш выпрабаваных ваяроў - таварышаў. У гэты час за аптымальную лічбу камбатантаў у конным почце прымалася 4-8 чалавек, а за верхнюю мяжу прымалася лічба ў 10 ваяроў. Такім чынам пазначылася тэндэнцыя да ўнармавання колькаснага складу пешых і конных атрадаў.
Праглядаў - 7575
Мапа сайту...
Уверх...
Усе правы абаронены © 2004, 2005, Княжы гуф
Вашы заўвагi i прапановы: knight.by@mail.ru
Дызайн i праграмiраванiе Dionisiy, хостынг Extmedia