Княжы гуф
Княжы гуф

Галоўная/Збраёўня/Артыкулы

Да пытання аб ужываннi конскага даспеху ў Вялікім Княстве Літоўскім у XIV—XVI стст.

Юрась Бохан

     Сярод міфаў, замацаваных у гістарычнай навуцы, асобнае месца займае ўяўленне аб войску Вялікага княства Літоўскага як аб лёгкім, недастаткова ўзброеным, відавочна адметным ў параўнанні не толькі з крыжакамі, але і з саюзнымі ппалякамі. У значнай ступені такая не зусім паважлівая трактоўка літвінскіх вайсковых фармаванняў абумоўлена пазіцыяй традыцыйнай польскай гістарыяграфіі, якая схілялася і працягвае схіляцца да перабольшання усходніх (рускіх і татарскіх) уплываў на развіццё вайсковай справы ў Вялікім Княстве. Паблажлівае стаўленне да мілітарый свайго ўсходняга суседа, якое, апроч усяго іншага, магло быць выклікана жаданнем узвялічыць тым самым мілітарыі польскія, тычыцца і якасці літвінскіх коней. За імі трывала замацавалася рэпутацыя хоць досыць жвавых і вынослівых, але малых, у адрозненне ад рослых коней заходняга цяжкаўзброенага рыцарства. Разгляд катэгорый выкарыстоўваемых у Вялікім княстве Літоўскім коней не з'яўляецца мэтай дадзенай публікацыі, аднак можна меркаваць, што прадстаўнікі цяжкіх капійнічых парод ужываліся тут яшчэ ў першай палове ХV ст. Прынамсі Хроніка Літоўская і Жамойцкая сцвярджае, што Вітаўт пасля ўдалага пахода на Ноўгарад у 1428 г. абавязаў наўгародцаў, акрамя ўсяго іншага, пастаўляць у Вялікае княства Літоўскае "по сту фризов немецких". Гэтая лічба, нязначная на першы погляд, не будзе ўяўляцца мізэрнай, калі ўлічыць элітнасць гэтай пароды коней. У сувязі з гэтым заслугоўвае ўвагі адзін выпадак, які меў месца пазней, у 1515 г. на з'ездзе ў Вене караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога з германскім імператарам Максімільянам І і з каралямі венгерскім і чэшскім Уладыславам і Людвікам. Тады немцы, жадаючы пажартаваць з палякаў з нагоды іх коней, малых і худых у параўнанні з нямецкімі, прапанавалі купіць за 100 залатых фрыза, старога і знямоглага. Палякі, падтрымаўшы жарт, купілі каня і запрасілі немцаў на абед. На гэтым абедзе немцам быў пададзены іх жа фрыз пад выглядам аляніны і толькі напрыканцы бяседы "жартаўнікам" была прад'яўлена конская галава. Немцы былі пасаромлены, але сам факт выдатна ілюструе каштоўнасць і рэдкасць у Польшчы пароды, прадстаўнікоў якой Вітаўту мусілі пастаўляць сотнямі.

     Бытаванне ў Вялікім княстве Літоўскім масіўных коней, прызначаных перадусім для цяжкаўзброеных капійнікаў, уяўляецца вельмі важным у тым сэнсе, што найперш менавіта яны забяспечваліся элементамі рыштунку, якія рабілі баявы звязак рыцар+конь максімальна недаступным для паражаючых сродкаў праціўніка. Аўтару гэтых радкоў ужо даводзілася звяртацца да пытання аб ужыванні ў Вялікім княстве Літоўскім засцерагальнага пакрыцця каня. Разам з тым шэраг аспектаў, нязначных на першы погляд, але на самой справе вельмі важных для высвятлення асартымента конскіх даспехаў, якія выкарыстоўваліся нашымі продкамі, не атрымаў належнага асвятлення.

     Найбольшую ўвагу ў гэтым сэнсе прыцягвае самая ранняя фіксацыя падобнага рыштунку ў пісьмовых крыніцах Вялікага Княства - т. зв. "Рэестр паспалітых рэчаў скарбных", які датуецца 1510 г. Самым выйгрышным у плане распазнання даспешнага характару з'яўляецца занатаванне тут "на сем коней копейничих зброй суполна со всем на все и шесть седел к тым зброям ино три седла и стримяны 1 безо всего". Несумненна, што складальнік рэестра пад меў на ўвазе не "збрую", г. зн. комплекс прыстасаванняў для сядлоўкі каня і кіравання ім, а менавіта даспехі, якія зрэшты і абазначаліся ў ХVІ ст. тэрмінам "зброя". На гэта ўказвае і тое, што "зброі" названы поўнымі, нягледзячы на тое, што яны разглядаліся асобна ад такога асноўнага элементу конскага рыштунку, як сёдлы, якіх да таго ж было ўсяго шэсць, а значыць адна "зброя" павінна была б лічыцца яўна некамплектнай, калі б гаворка ішла пра звычайную вупраж.

     Разам з тым, больш уважлівы аналіз рэестра дазваляе пашырыць спіс рыштунку, які можа быць трактаваны як конскія даспехі. Акрамя згаданых сямі "зброй", тут фігуруюць: "напервей зброя серебряная на бурнатном оксамите великая на кон з великими цатами узда и похвы и седло оксамитом бурнатным волочоно а серебром оковоно и стримена серебром оправлены и остроги серебряные не позолочиваные а три зброи серебряные на кони меншие на ремени з цаты серебряные а и седла окованы серебром а к тым трем седлам стримен трои серебряных и остроги трои серебряные же а зброя турская на кон на чорном оксамите серебром окована и позолочона а стримена серебряные позолочиваные и остроги позолочиваные серебряные а седло московское черленым оскамитом на золоте крито а взда и похвы оксамитные на золоте медю окованы да позолочоны а стримена меденые да позолочоны". Апроч таго, у рэестры фіксуецца рыштунак, азаглаўлены як "падарожныя рэчы", у тым ліку "3 седла московских со всем на все два хозовых а третее простое а четвертое седло московское простое ж без стримян", "волоских седел 4 и зброями", "две седле гончих и зброями", "вючних седел 9 без воилоков", "зброя волоская новая", "вузд московских новых 7", "2 узде гончих без поводов", "пахвей ледских и с поперсьни 4" і г.д.

     Як бачна, калі "зброі" ў рэестры маглі разглядацца асобна ад сёдлаў і ў той жа час не атаесамляліся з пахвіннымі рамянямі і "поперсьнями", то нават поўны конскі рыштунак "со всем на все", які ўключаў сядло з раменнай канструкцыяй для яго мацавання, страмёны і аброць, ў шэрагу выпадкаў "зброяй" не называўся. Гэта мела месца, у прыватнасці, у дачыненні да рыштунку маскоўскага паходжання. Можна такім чынам выказаць меркаванне, што якіх небудзь істотных адрозненняў ва ўжыванні гэтага тэрміна ў дачыненні конскай экіпіроўкі ў параўнанні з баявым пакрыццем чалавека не існавала, а значыць ўсе "зброі", пералічаныя ў рэестры, маглі з'яўляцца конскімі даспехамі. У рэестры фігуруюць некалькі варыянтаў "зброй" - на вялікіх (капійнічых) коней, на меншых (напэўна стрэльчых) коней, "турская", "валошскія" і "гончыя".

     Акрамя таго, у згаданым рэестры фігуруюць 6 крытых саф'янам гусарскіх сёдлаў. Сёдлы падобнага кшталту спалучалі ў сабе заходнія і ўсходнія рысы. Да апошніх належаць паралельна размешчаныя па баках конскага хрыбта лаўкі і вузкая пярэдняя лука, канец якой загінаўся наперад. У той жа час шырокая задняя лука, якая забяспечвала вершніку трывалую пасадку, з'яўлялася элементам, сфармаваным пад уплывам заходніх капійнічых сёдлаў. Генетычна гусарскія сёдлы былі, верагодна, звязаны з венгерскімі ўзорамі, якія маюць падобную канструкцыю. Даволі рэалістычна паказанае сядло, набліжанае да гусарскага, можна заўважыць у складзе рыштунку аднаго з коней на гравюры М.Цундта, прысвечанай сустрэчы маскоўскага пасла ў Гродне ў 1567 г. Сёдлы гусарскія, турэцкія і ярчакі пералічваюцца ў спісе маёмасці, зрабаванай у 1577 г. у Верхавіцкім двары Берасцейскага павета. 12 нямецкіх сёдлаў, у тым ліку адно "бляхавае", па столькі ж турэцкіх сёдлаў і ярчакоў, а таксама дзіцячае і жаночае сёдлы меліся ў 1582 г. у жамойцкім маёнтку Жэймяны. Пяць гусарскіх сёдлаў і два зламаныя ярчакі знаходзіліся ў наступным годзе ў маёнтку Пештавяны Ковенскага павета.

     Апроч сядла, важную ролю ў забеспячэнні пасадкі кавалерыста на кані адыгрывалі страмёны. Іх канструкцыя не ў такой ступені залежала ад комплекса ўзбраення ў цэлым, хаця некаторыя дэталі могуць сведчыць аб выкарыстанні тых ці іншых тыпаў страмёнаў цяжкімі альбо лёгкімі вершнікамі. Перш за ўсё гэта тычыцца петляў у верхняй частцы дужак. Шырокія, больш за 3 см., петлі ўказваюць на выкарыстанне трывалых путлішчаў, здольных вытрымаць ваяра ў масіўным узбраенні і забяспечыць трывалы ўпор для ягоных ног пры выкарыстанні характэрнай капійнічай пасадкі ў сядле. Пэўную ўвагу прыцягвае таксама ступень разагнутасці дужак. Значная ўнутраняя шырыня дужак ускосна сведчыць аб магчымасці ўжывання баявых ахоў ступні, а значыць і цяжкога засцерагальнага ўзбраення ў цэлым.

     Страмёны з шырокімі петлямі маглі бытаваць у Вялікім княстве Літоўскім ужо на пачатку разглядаемага перыяду, аб чым сведчыць экзэмпляр, выяўлены ў Гродне ў слаях ХІІІ - ХІV стст. Па форме ён нагадвае трапецыю, аднак унізе, дзе змяшчалася ступня, стрэмя мае плаўнае пашырэнне, што надае яму грушападобныя абрысы. Стрэмя блізкай формы выпадкова знойдзена таксама ў Крычаве. Польскі даследчык В.Свентаслаўскі аб'ядноўвае такія страмёны ў тып V (варыянт В), які ў Польшчы характэрны для другой паловы ХІV - першай паловы ХV ст. Блізкую датыроўку маюць падобныя страмёны таксама на тэрыторыі Брытаніі, Чэхіі і Венгрыі.

     Да тыпа VІ В, паводле класіфікацыі В.Свентаслаўскага, набліжаюцца некалькі страмёнаў, знойдзеных у Літве. Страмёны гэтага тыпу характарызуюцца шырокай, гарызантальнай верхняй часткай дужак, аформленай у выглядзе перакладзены з паралельнай ёй вузкай палоскай бляхі, а таксама асіметрычна, коса змадэляванай падножкай. Й.Антанавічус аб'ядноўвае іх у тып ХІІ і датуе ХІІІ - ХІV стст., аднак В.Свентаслаўскі аргументавана пераконвае, што паўсюль у Еўропе падобныя страмёны распаўсюдзіліся толькі ў ХV ст. і ўжываліся яшчэ ў першай палове ХVІ ст.

     Да "лёгкіх" страмёнаў належаць узоры скругленых абрысаў з выгнутай падножкай, прыстасаваны пад мяккі абутак, а таксама кілепадобна аформленай верхняй часткай дужак з прораззю для нешырокага путлішча. Нешматлікі рэчавы матэрыял з быларускіх земляў дазваляе меркаваць, што тут яны бытавалі, у асноўным, да ХV ст. На тэрыторыі Літвы знойдзены экзэмпляры, якія можна разглядаць як варыянт азначаных страмёнаў, але набліжаныя абрысамі да згладжанага трохкутніка, якія Й.Антанавічус выдзяляе ў тып ІХ і датуе ХІІІ - ХІV стст. Разам з тым, акруглыя страмёны з выгнутай падножкай маглі выкарыстоўвацца і пазней. Стрэмя амаль абручападобнай формы, толькі сярэдняя частка падножкі якога змадэлявана ў выглядзе дыска дыяметрам 5 см, знойдзена ў Крычаве ў слаі, датаваным солідамі Яна Казіміра 1660 г.

     Універсальны характар мусілі мець страмёны з простай падножкай і аркападобнай дужкай, у пляскатай верхняй частцы якой выраблена пятля для путлішча. Такія страмёны, вядомыя ва Ўсходняй Еўропе з ХІІ - ХІІІ стст., пачынаючы з позняга сярэднявечча сталі адным з найбольш папулярных тыпаў, у мала змененым выглядзе ўжываемым у Еўропе і Азіі да нашых дзён. Найбольш характэрнымі ўзорамі страмёнаў гэтага тыпу з'яўляюцца экзэмпляры, знойдзеныя ў Віцебску і Крычаве ў слаях ХVІ - ХVІІ стст.

     Фіксацыя ў пісьмовых крыніцах ХVІ ст. турэцкіх, валошскіх, маскоўскўх і іншых "радаў" ускосна ўказвае на існаванне ў Вялікім княстве Літоўскім адпаведных варыянтаў страмёнаў, хаця скласці дакладнае ўяўленне аб іх канструкцыі складана. Так, напрыклад, турэцкі конскі рыштунак мог прадугледжваць страмёны з вельмі шырокай падножкай. Разам з тым, да турэцкіх страмёнаў належалі таксама ўзоры закругленых абрысаў з падножкай і дужкай, вырабленымі з адной паласы металу. Да падножкі і петляў такіх страмёнаў са знешняга боку мацаваліся лістападобна выкраеныя пласціны, скіраваныя ўніз і угару, паверх путлішча. Падобныя страмёны ў далейшым атрымалі назву гусарскіх альбо польскіх. "Siodlo tureckie" i "strzemiona dawne ussarskie do niego srebrem powluczone s kamienmi wielkimi" узгадваецца ў рэестры зброі Крыштофа Радзівіла за 1584 г. Гусарскія страмёны былі зрабаваны, між іншым, ва ўрадніка Верхавіцкага двару Берасцейскага павету ў 1577 г.

     Некалькі слоў належыць сказаць і аб такой дэталі конскага рыштунку, як цуглі. На думку польскай даследчыцы Й.Пухальскай, для цугляння баявых коней выкарыстоўваліся выключна "ламаныя" цуглі, складзеныя з некалькіх звенняў - грызлаў, памеры якіх знаходзіліся ў залежнасці ад канстытуцыі жывёлы. Нармальная даўжыня цугляў складала 15 см, тады як для малых коней было дастаткова экзэмпляраў у 13 см. Цуглі ж даўжынёй 17-18 см прызначаліся для масіўных, капійнічых коней. На тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага выяўлены "ламаныя" цуглі розных памераў, якія маглі прызначацца як для стрэльчых, так і для капійнічых коней.

     Асобна варта спыніцца на баявых пакрыццях каня, не звязаных непасрэдна з яго седлаваннем і кіраваннем. На пачатку разглядаемага перыяду такія пакрыцці выступаюць у выглядзе папоны, вядомай у польскай тэрміналогіі як "кропеж" (kropierz). "Кропежы", знаныя ў "лацінскай Еўропе яшчэ з ХІІІ ст., вырабляліся з тканіны альбо скуры і пакрывалі каня цалкам, ад галавы да капытоў. Такія папоны можна заўважыць на пячатках Скіргайлы за 1394 г. і Вітаўта за 1418 г. У абодвух выпадках яны паказаны ў сваёй развітай форме, якая прадугледжвала стасаванне дзвюх раздзельных частак - пярэдняй і задняй. Пярэдняя частка зшывалася з двух кавалкаў тканіны ці скуры, прычым швы ішлі ўздоўж горла і хрыбту каня. Ад грудзей да нізу рабіўся разрэз, а ў нагалоўнай частцы праразаліся адтуліны для вачэй, а часам і вушэй жывёлы. У некаторых выпадках галава пакідалася адкрытай цалкам. Задняя частка "кропежа" краілася ў выглядзе поўкруга ці круга; абедзве часткі злучаліся паміж сабой на конскай спіне пад сядлом.

     Першапачаткова "кропежы" мелі практычны характар. Скураныя экзэмпляры маглі выканваць засцерагальныя функцыі. Некаторыя баявыя папоны ўзмацняліся кальчужным пляценнем альбо прасцёгіваліся. На жаль, інфармацыя аб выкарыстанні "кропежаў" у Вялікім княстве Літоўскім занадта абмежаваная (за выключэннем згаданых пячатак яна ўвогуле адсутнічае) і не дазваляе высветліць, як часта і ў якіх абставінах ужывалася гэтая дэталь конскага рыштунку. Можна толькі меркаваць, што яна не была абавязковым атрыбутам коней нават прадстаўнікоў палітычнай эліты дзяржавы, хаця абставіны выкарыстання тут конскіх папон наўрад ці моцна адрозніваліся ад тых, якія мелі месца ў саюзнай Польшчы, дзе ў другой палове ХІV - першай палове ХV ст. "кропежы" ўжо выконвалі пераважна парадныя функцыі і толькі спарадычна з'яўляліся на палях бітваў.

     Што тычыцца чыста ўтылітарнага конскага пакрыцця, вырабленага з металічных пласцін, -- даспеха, то яго выкарыстанне ў Вялікім княстве Літоўскім можна дакладна заўважыць толькі ў ХVІ ст. Не выключана, што падобныя даспехі ўваходзілі ў склад занатаванага ў "рэестры паспалітых рэчаў скарбных" 1510 г. рыштунка "на сем коней копейничих". На думку пра гэта наводзіць асобная фіксацыя сёдлаў да тых "зброй". Больш таго, сёдлаў было ўсяго шэсць, г.зн. адна "зброя" была ўвогуле без сядла. Аднак нягледзячы на адсутнасць такога падставовага элемента конскага рыштунку, у дачыненні ўсіх сямі камплектаў пазначана, што яны выступалі "суполна со всем на все". Такую неадпаведнасць лагічна было б растлумачыць тым, што ў дадзеным выпадку пад "зброямі" разумеліся не столькі элементы, прызначаныя для сядлоўкі і кіравання канём, колькі конскія даспехі, балазе ў ХVІ ст. мелі месца выпадкі акрэслення першых і другіх аднымі і тымі ж тэрмінамі, пра што яшчэ будзе ісці гаворка ніжэй.

     Конскія даспехі шырока прадстаўлены на карціне ананімнага мастака "Бітва пад Оршай", дзе яны паказаны ва ўсіх цяжкаўзброеных кавалерыстаў польска-ліцвінскага войска. Тым не менш, гэта ўяўляецца значным перабольшаннем, бо такое шырокае распаўсюджанне поўных конскіх даспехаў не знаходзіць падцверджання ў іншых крыніцах, у тым ліку пісьмовых. Больш праўдападобнай падаецца гравюра з брашуры Андрэя Крыцкага, дзе адлюстравана тая ж самая бітва, але апроч поўных засцерагальных камплектаў каня тут прадстаўлены і аблегчаныя варыянты. Так, конь даводцы ліцвінскага атраду, размешчанага пад сцягом з падвойным крыжам, мае толькі металічны налобнік і ахову шыі, у той час як грудзі і круп прыкрываюць шырокая, магчыма прасцяганая паперсь і такі самы чапрак.

     Звесткі аб выкарыстанні ў Вялікім княстве Літоўскім аблегчанай аховы каня ў выглядзе металічнага нагалоўя, фіксуемага пад тэрмінам "рашкоф" ці "рашкоп" (ад ням. Rosskopf - "конская галава"), прыносяць таксама пісьмовыя крыніцы. Узгадваюцца такія нагалоўі ў складзе багатых гусарскіх "радаў", зрабаваных у 1577 г. у Верхавіцкім двары Берасцейскага павету. Сярод іх значыліся: "рад серебраный, позолотистый, з шмальцом на чырвоном аксамите; до того раду: гельжбан, поперстины, рошкоф, похвы, поводы, -- коштует дей сем десять коп Литовских; другий рад на чорном аксамите, сребраный, позолотистый, з шмальцом, з гельжбаном, поперстинами, рошкофом, похвами и поводами, -- коштует дей шестьдесят пять коп Литовских; третий рад на ременю серебраным, позолотистый, отливаный, з шмальцем, то есть, гельжбан, поперстины, рошкоф, похвы, поводы, -- который дей коштует шестьдесят коп Литовских; четвертый рад, также гусарский, серебраный, через цатку позолотистый, на чорном аксамите, гельжбан, поперстины, рошкоф, похвы, поводы, -- который дей коштует пятьдесят коп Литовских; пятый рад на чирвоным шарлате, отливаный, позолотистый, увесь серебраный, то есть наголовок, поперстины, рошкоф, похвы, поводы, - который дей коштует пятьдесят коп Литовских". Акрамя таго, тут мелася "сёдел гусарских, сукном чирвоным, файлундышовым крытых, осьм, с метюками тимцовыми и з радами бляховыми". Па аналогіі са "зброямі бляхавымі" можна меркаваць, што "рады бляхавыя" ўяўлялі сабой поўны металічны конскі даспех.

     Значная колькасць конскіх даспехаў мелася ва ўладанні Радзівілаў. Падобныя даспехі першай чвэрці ХVІ ст., выкананыя ў максімільянаўскім стылі, захоўваліся ў збраёўні Нясвіжскага замку яшчэ на пачатку ХХ ст. На "рашкофах" можна было ўбачыць шчыткі з радзівілаўскімі гербамі. Асаблівую ўвагу прыцягвае нагалоўе і пласціна з аховы конскай шыі, якія ўваходзілі ў склад гарнітура Мікалая Радзівіла Чорнага, вырабленага Кунцам Лохнерам каля 1555 г. (захоўваюцца ў Метрапалітэнскім музеі Мастацтва ў Нью Йорку). Паводле рэканструкцыі О.Гамбера, гарнітур прадугледжваў конскі даспех, якў ўключаў не толькі пакрыццё галавы і шыі, але таксама нагруднік, ахову крупа і бакоў, маючы падабенства з конскім даспехам, вырабленым тым самым майстрам для караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста.

     Пэўнае ўяўленне аб засцерагальным рыштунку каня, сканцэнтраваным ва ўладанні Радзівілаў, даюць і пісьмовыя крыніцы. У рэестры рэчаў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц, сярод іншых элементаў засцерагальнага ўзбраення фіксуецца 11 "roszkopow". Асобна ўзгадваюцца ў рэестры "rzedow bljachowych barwejanych 10". "Kirys hecowany zlocisty z szmalcem zupelny na chlopa y na kon, ktorych blachowych sztuk 22" захоўвалася ў Нясвіжскім замку ў 1637 г. Праўда, апошняя згадка тычыцца часоў, якія выходзяць за рамкі разглядаемага перыяду, аднак нельга выключыць, што прынамсі частка аднатаванага тут рыштунку была выраблена яшчэ ў ХVІ ст.
Мапа сайту...
Уверх...
Усе правы абаронены © 2004, 2005, Княжы гуф
Вашы заўвагi i прапановы: knight.by@mail.ru
Дызайн i праграмiраванiе Dionisiy, хостынг Extmedia