Княжы гуф
Княжы гуф

Галоўная/Збраёўня/Артыкулы

Ахоўная зброя сярэднявечнай Беларусі

Генадзь Сагановiч, Сяргей Харэўскi

Ахоўнае ўзбраенне з'явілася ў адказ на развіццё халоднай зброі і прызначалася засцерагаць, ахоўваць цела воя ад непасрэдных удараў праціўніка. На Беларусі, дзе перакрыжоўваліся ваенныя традыцыі Захаду і Усходу, яно дасягнула росквіту ў эпоху позняга сярэднявечча, стала адметнай старонкай нашае культуры, увасабленнем высокага майстэрства рамеснікаў. Рыштунак беларускага жаўнера таго часу меў агульнаеўрапейскія формы і склад.
Кальчуга   Нарманскі шчыт
Кальчуга - мяккі панцыр у форме доўгай кашулі (часам з каптуром), зроблены са сталёвых кольцаў такім чынам, што кожнае з іх перапляталася з чатырма суседнімі. На Беларусі выкарыстоўвалася з IX стагоддзя, у XV—XVI яе замянілі пласцінкавыя панцыры, аднак у XVII — пачатку XVIII стагоддзя ізноў набыла вялікую папулярнасць. Нарманскі шчыт - найбольш старажытны від шчыта для пяхоты і конніцы, які меў міндалепадобныя абрысы і больш за метровую вышыню. Вырабляўся з дрэва і абцягваўся скураю. На Беларусі вядомы ў XI—XIV стагоддзях.
Павеза вершніка Павеза пяхотніка
Павеза вершніка — від лёгкага шчыта падоўжаных абрысаў з адным або некалькімі вертыкальнымі латочкамі. Вынайдзены ў XIII стагоддзі на землях Заходняй Беларусі і цяперашняй Літвы. Актыўна выкарыстоўваўся ва ўсёй Еўропе да XVI стагоддзя. Павеза пяхотніка — від вялікага шчыта з латочкам пасярэдзіне. На Беларусі выкарыстоўваўся ў XIV—XVI стагоддзях, вызначаўся высокай эфектыўнасцю. 3 павезаў стралкі рабілі "штурмавыя сценкі".
Тарча Карацэна
Тарча — трохкутны драўляны шчыт, абцягнуты скурай і акаваны па краях металам. У XIV—XVI стагоддзях быў найбольш папулярным сярод шчытоў, якімі карысталася конніца. Кожны рыцар змяшчаў на тарчы ўласны герб, па якім яго можна было пазнаць пад час бою. Карацэна — панцыр у выглядзе каптана з тоўстай скуры ці тканіны, на які мацаваліся металічныя лускападобныя пласцінкі. Карацэну насілі звычайна старэйшыя чыны гусарскіх войскаў ды гетманы. На Беларусі выкарыстоўвалася ў XV—XVIII стагоддзях.
Бехцер Кіраса
Бехцер — панцыр з прамакутных сталёвых пласцінак, якія накладаліся адна на другую і мацаваліся ў шырокія вертыкальныя стужкі, што злучаліся паміж сабою кольцамі. Меў форму безрукаўнага каптана з каўняром і важыў кала 12 кг. Выкарыстоўваўся на Беларусі да XVII стагоддзя. Кіраса — частка пласцінкавага ўзбраення, якая закрывала грудзі і спіну воя. Складалася з металічных нагрудніка і наплечніка, злучаных пры дапамозе раменьчыкаў. У Еўропе вядома са старажытных часоў. На тэрыторыі Беларусі актыўна выкарыстоўвалася да канца XVIII стагоддзя.
Прылбіца Гусарскі шышак
Прылбіца — цяжкі шлем закрытага тыпу, які закрываў усю галаву рыцара. 3 боку твару на завесах мацавалася заслонка (забрала) з адтулінамі для дыхання, а глядзеў рыцар праз спецыяльныя шчыліны. Прылбіца з'явілася ў XIV стагоддзі ў Заходняй Еўропе. На Беларусі выкарыстоўвалася ў XV—XVI стагоддзях. Гусарскі шышак — лёгкі адкрыты шлем са спецыяльнымі прыстасаваннямі, якія закрывалі нос, вушы і карак жаўнера. Звычайна меў невялічкую шпілю наверсе. На тэрыторыі Беларусі актыўна выкарыстоўваўся гусарамі і лёгкай конніцаю ў XVII—XVIII стагоддзях.
Крылаты шышак Штурмак
Крылаты шышак - звычайны гусарскі шышак з прымацаванымі да яго па абодвух баках пёравымі ці металічнымі крыльцамі. Апошнія прызначаліся дзеля запалохвання коней праціўніка. Выкарыстоўваўся конніцай у XVII— першай палове XVIII стагоддзя. Штурмак — цяжкі шлем адкрытага тыпу з падоўжаным грэбенем наверсе, што ўзмацняў яго ахоўныя якасці. Вынайдзены ў Заходняй Еўропе. На тэрыторыі Беларусі выкарыстоўваўся конніцай і пяхотай у XVI—XVII стагоддзях.
Узбраенне стралка Узбраенне каня
Узбраенне стралка — камплект з асноўных элементаў панцыра, якія не заміналі страляць. Звычайна складалася са шлема, кірасы, нарукаўнікаў, набедранікаў ды налытачнікаў. Выкарыстоўвалася лучнікамі ды арбалетнікамі. Узбраенне каня — маска на галаву і сталёвыя латы, што закрывалі ад удараў халоднай зброі шыю, грудзі і крыж каня. Выкарыстоўвалася цяжкаўзброеннымі рыцарамі ў XV—XVI стагоддзях. Звычайна пакрывалася ярка расфарбаванымі ўпрыгажэннямі.
Поўная зброя рыцара
Поўная зброя рыцара - камплект ахоўнага ўзбраення з каваных пласцінак, які закрывае усё цела, нават пальцы рук і ног. Адзяваўся на ватныя падкладкі. Важыў каля 25 кг. Выкарыстоўваўся ў XV—XVI стагоддзях.
- Энцыклапедыя часопіса "Бярозка", Мiнск, 1990
Мапа сайту...
Уверх...
Усе правы абаронены © 2004, 2005, Княжы гуф
Вашы заўвагi i прапановы: knight.by@mail.ru
Дызайн i праграмiраванiе Dionisiy, хостынг Extmedia